Расія не пагражае незалежнасці Беларусі, а абмяжоўвае яе выбар

Міжнародныя дачыненьні

Расія не пагражае незалежнасці Беларусі, а абмяжоўвае яе выбар

21 чэрвеня 2013 а 14:51

Дэвід Марплз

7 чэрвеня 2013 г. ў Мінску адбылася прэс-канферэнцыя амбасадара Расіі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава, падчас якой ён закрануў шэраг важных пытанняў адносінаў паміж дзвюма краінамі. Сурыкаў пацвердзіў, што афіцыйны Мінск звярнуўся да Крамля з просьбай аказаць фінансавую падтрымку ў мадэрнізацыі прамысловага комплексу Беларусі. Паводле словаў Сурыкава, Расея гатовая аказаць такую падтрымку, але толькі ў выпадку, калі гэтыя прамысловыя аб’екты стануць асновай для стварэння сумеснага бізнесу. “Мы лічым, што павінны падтрымаць мадэрнізацыю тых праектаў, якія будуць развівацца як сумесны бізнес, якія прынясуць паляпшэнні і для беларускага, і для расійскага чалавека. А такое вось, проста, дайце нам на мадэрнізацыю, каб ўмоўна беларуская фабрыка была больш канкурэнтная, чым расійская – хто ж калі даваў грошы на вырошчванне канкурэнтаў?”, - заявіў Сурыкаў. Прафесар Дэвід Марплз дзеліцца сваім бачаннем перспектываў супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў эканамічнай сферы. Дэвід Марплз: "Заява Сурыкава выглядае даволі дакладным адлюстраваннем  афіцыйнай пазіцыі Расіі, што знітоўвае дапамогу Беларусі з далейшай інтэграцыяй дзвюх эканомік. Яна нагадвае ранейшую заяву былога міністра фінансаў Расіі Аляксея Кудрына, зробленую ім у 2011 годзе, калі ён настаяў на тым, што ў абмен на $3 млрд крэдыту па лініі ЕўрАзЭСу на працягу трох гадоў Беларусь павінна прыватызаваць дзяржаўнай маёмасці на суму ў $7,5 млрд. Першым у шэрагу такіх угодаў стала набыццё Расіяй “Белтрансгазу”, кампаніі, 50% акцыяў якой на той момант ужо належалі Расіі. Продаж “Белтрансгазу” быў таксама звязаны з зніжэннем коштаў на расійскі газ і выдзяленнем расійскага крэдыту для будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Тут маюць значэнне два фактары. Першы – гэта пытанне аб прыватызацыі дзяржаўных кампаній у Беларусі, а менавіта буйных вытворцаў трактараў, грузавых аўтамабіляў, калію, аміячнай салетры і іншых прадуктаў. Другі – гэта характар прыватызацыі, калі замест тыповай для звычайнай праграмы прыватызацыі адчыненасці для міжнароднага тэндэру, увесь продаж сфакусаваны на адну канкрэтную краіну – Расію. Такім чынам, продаж кампаніяў цесна звязаны з інтэнсіфікацыяй інтэграцыі. Беларусь – краіна, што цягам апошніх гадоў мае больш-менш сталую патрэбу ў крэдытах і дзеля іх атрымання павінна прадаць свае галоўныя актывы свайму суседу. Гэтая сітуацыя відавочна расчароўвае беларускія улады, пра што сведчыць маштабнае развіццё кітайскага індустрыяльнага парку коштам у $5 млрд. паміж Мінскам і аэрапортам “Мінск-2”. Хоць гэты праект ёсць відавочнай спробай пабудаваць альтэрнатыўную вытворчую базу, ён таксама залежыць ад кітайскіх крэдытаў, рабочых, а 60% удзелу ва ўладанні кампаніяй вызначаюць яе развіццё. Але, як і ў выпадку АЭС, не варта чакаць неадкладнага вяртання ўкладзеных грошай, бо першы этап развіцця гэтага праекту мае завяршыцца толькі да 2020 году. У міжчассі ж Расія можа аказаць дадатковы ціск на Беларусь з мэтай продажу ёй буйных беларускіх кампаніяў. Першай у гэтым шэрагу, верагодна, будзе “холдынгавая кампанія”, што ўвосень злучыць МАЗ з расійскім КамАЗам. Сурыкаў таксама выказаў зацікаўленасць Расіі ў набыцці часткі актываў ААТ “Гродна Азот”. Спіс іншых планаваных расійцамі да набыцця аб’ектаў складаюць прадпрыемствы абароннай прамысловасці і “Беларуськалій”, які стаўся аб’ектам працяглых перамоваў на працягу апошніх некалькіх гадоў. Для Беларусі ёсць ключавым пытаннем, ці продаж гэтых аб’ектаў у замен на крэдыты станецца сапраўднай прыватызацыяй, ці ўсталяванне расійскім капіталам, што мае цесныя сувязі з урадам Расіі, кантролю над важнымі беларускімі прадпрыемствамі ёсць палітычна арыентаваным працэсам. У цяперашняй сітуацыі халодныя адносіны Беларусі з ЕС істотна абмяжоўваюць магчымы выбар кіраўніцтва краіны. Акрамя таго, перспектывы атрымання значнага другога крэдыту па лініі МВФ у бліжэйшай будучыні ёсць даволі змрочнымі. І, шчыра кажучы, ні кітайскі праект, ні АЭС не ўяўляюць сабой рэальны план выхаду для Беларусі. У першым варыянце патрабуецца палепшыць адносіны з ЕС, які ўяўляецца відавочным рынкам для прадукцыі прамысловага парку. Другі варыянт вымагае расійскіх фінансаў, тэхналогіяў і паліва. У той жа час беларускія даўгі працягваюць расці. З заяваў Сурыкава вынікае, што Расія не пагражае незалежнасьці Беларусі, а, хутчэй, абмяжоўвае магчымасці для выбару і манеўраў, паступова ўсталёўваючы кантроль над яе асноўнымі актывамі. Гэты працэс можа быць павольным, але такі сцэнар развіцця падзеяў здаецца няўхільным." Гэты артыкул з'явіўся па-ангельску ў Belarusian Review, Vol. 25, No. 2. © 2013 The_Point Journal/Belarusian Review