“Архітэктар адлігі” ірвецца ў Эўропу праз Каўказ

Палітыка

“Архітэктар адлігі” ірвецца ў Эўропу праз Каўказ

13 лютага 2013 а 14:01

На перамовы з эўрапейскімі палітыкамі ў Тбілісі адбыў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей. У 2008 годзе яго называлі “архітэктарам адлігі” ў адносінах з Захадам. Гэтым разам адлігі не будзе, перакананыя экспэрты, але дробныя саступкі магчымыя. Прэсавая служба МЗС Беларусі пацьвердзіла, што ў Тбілілі знаходзіцца беларуская афіцыйная дэлегацыя на чале з Уладзімерам Макеем. Беларускія дэлегаты бяруць удзел у другім раўндзе нефармальных дыялёгаў краін-удзельніц праграмы ЭЗ «Усходняе партнэрства». Падчас дыялёгу будуць абмяркоўвацца прамежкавыя вынікі рэалізацыі дадзенай праграмы, пэрспэктывы на бягучы год. МЗС яшчэ сьціпла інфармуе, што падчас знаходжаньня беларускай дэлегацыі ў Грузіі заплянаваны шэраг двухбаковых сустрэч. На думку аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, адна з магчымых сустрэч - з эўракамісарам Штэфанам Фюле. Беларускі бок, мяркуе экспэрт, захоча дабіцца выключэньня Уладзімера Макея са сьпісу неўязных ЭЗ. Аляксандар Класкоўскі: Нюанс у тым, што Макей пакуль знаходзіцца ў “чорным сьпісе” ЭЗ. Ён ня можа выяжджаць у заходнія сталіцы. Якраз у Грузіі, на нэйтральнай тэрыторыі, зручны момант, каб перамовіцца тэт-а-тэт з эўракамісарам. Магчыма, у Макея зьявіцца шанец, каб яго з гэтага сьпісу вывелі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі з брусэльскіх кулюараў, ЭЗ амаль сасьпеў да гэтага. Яшчэ адзін магчымы момант размоваў – гэта падрыхтоўка да саміту Ўсходняга Партнэрства ў Вільні. Летува вельмі хацела б падабраць ключык да беларускай дыктатуры. Аляксандар Класкоўскі: Пачалася гульня вакол восеньскага саміту Ўсходняга партнэрства ў Вільні. Да гэтага саміту могуць адбыцца значныя зрухі ў дачыненьнях паміж Менскам ды Брусэлем, калі знойдуць нейкую формулу пакетнага пагадненьня. Напярэдадні восеньскага саміту ЭЗ хоча актывізаваць адносіны з усходнімі суседзямі. Перакананы палітоляг Аляксандар Лагвінец, адсюль наладжваньне кантактаў. Аляксандар Лагвінец: Канал камунікацыі з рэжымам не закрыты. ЭЗ спрабуе прыдаць новую дынаміку ў працэс Усходняга партнэрства. Таму ўдзел Макея ў ужо другім спатканьні мае важнае значэньне. Гэта магчымасьць абмеркаваць стан сёньняшніх адносін і паглядзець, што можа зрушыцца з мёртвай кропкі. У першую чаргу Эўропа чакае вызваленьня палітвязьняў ад беларускіх уладаў, кажа экспэрт. Аляксандар Лагвінец: Тэма нумар адзін – гэта вызваленьне палітвязьняў. ЭЗ даўно пра гэта заявіў. Беларускі бок будзе імкнуцца ўзнавіць дыялёг, паколькі доўгая ізаляцыя ад ЭЗ азначае слабасьць рэжыму ў перамовах з Масквой. Расейскі чыньнік заўсёды прысутнічае ў размовах краінаў Усходняга партнэрства. Сапраўды гэтым разам візыт Макея на сустрэчу Ўсходняга партнэрства супаў з незаплянаваным “працоўным візытам” Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы. Яго выклікаў туды расейскі прэзыдэнт. Няўжо Масква занепакоена кантактамі Менску з Захадам? Аляксандар Класкоўскі: Маскве пакуль рана пераймацца. Размарожваньня на заходнім накірунку не адбылося. Эўропа трымае фасон і дамагаецца палітычных саступак. Аднак такія дэманстратыўныя жэсты, калі Лукашэнка выклікаў Макея й ставіў задачу перад тэлекамэрамі актывізаваць працу на заходнім напрамку – гэта ўплывае на Маскву. Гульні на імпэрскіх комплексах Масквы - гэта даўно вядомая, няхітрая мэтодыка Лукашэнкі. Гэтым разам, перакананы экспэрт, Лукашэнка прыехаў зандаваць, што дасьць яму Крэмль. Ад расейскага адказу будуць залежыць адносіны з Эўропай. Аляксандар Класкоўскі: Беларускаму кіраўніку больш патрэбная гэтая сустрэча, бо Масква можа трымаць паўзу. Дарэчы, якраз гата яна цяпер і робіць. Крэмль пачаў ужываць новаўвядзеньне: на кожны квартал падвешвае беларускага партнэра, каб ён стаў больш згаворлівы. У адносінах з Эўропай Беларусі многае залежыць ад таго, як пагавораць Лукашэнка з Пуціным у Сочы. Калі Лукашэнка атрымае дастаткова пернікаў (нафту й грошы на мадэрнізацыю), то ніякага прарыву ня будзе. Беларускія ўлады шукаюць шляхі выхаду на Захад. Блізкі кантакт адбудзецца ў Тбілісі, падчас раўнду дыялёгу ў рамках “Усходняга партнэрства”. Разам з тым, Масква нагадвае свайму хаўрусьніку пра прынятыя ім абавязкі на Ўсходзе.