Dobrodošla Hrvatska!

Міжнародныя дачыненьні

Dobrodošla Hrvatska!

5 ліпеня 2013 а 12:07

1 ліпеня чарговая славянская краіна – Харватыя – стала паўнапраўным членам ЕС. На флагштоках ў Брусэлі, Страсбуры і Люксембургу дадаюць 28-ы сцяг, а перакладчыцкая каманда еўрапейскіх інстытутаў ўключае ў сваю складаную матрыцу 24-ю афіцыйну мовe адзінай Еўропы. І хоць дэбаты пра будучыню ЕС цяпер вострыя як ніколі, для харватаў уступленне ў агульнаеўрапейскую сям'ю з'яўляецца больш значным крокам, чым для большасці астатніх краін – за права гэтага вольнага выбару яны ваявалі і выйгралі сваю вайну. Як бы там ні было, пашырэнне ЕС застаецца найбольш паспяховым праектам за ўсю гісторыю Еўрасаюза. Стаўшыя легендай брусэльскія бюракраты здолелі нарабіць шмат сумніўных справаў, але працэс пашырэння (не толькі на Усход, але і больш ранні перыяд – на Пірэнеі і ў Скандынавію) стаў паваротам цывілізацыйнага маштабу для ўсяго кантынента. Многія заслоны былі сцёртыя, аб'ядноўваючыя сувязі – створаныя, а новыя еўрапейцы сёння ўспрымаюць сябе ўжо ў зусім іншым кантэксце. У дадатак, тое, што раней успрымалася пераважна заходнееўрапейскім праектам, стала сёння ў тым ліку і галоўным носьбітам славянскай цывілізацыі ў свеце – як калісьці такім здаваліся Савецкі блок або неа-сармацкая Рэч Паспалітая. Калі сёння на Захадзе кажуць “славянскі горад”, ужо мала хто ўяўляе сабе раёны Масквы (у якой жыве новая супольнасць – мультыэтнічныя расейцы), а хутчэй за ўсё згадваюць невялікія вулачкі Браціславы, або польскай Торуні. Чэхі, палякі, славакі, балгары, славенцы, харваты і лужыцкія сербы – усе ўжо жывуць ўнутры ЕС. Сербы, македонцы, баснійцы – стаяць у чарзе. Украінцы – спрабуюць падысці бліжэй. Больш за тое, сам дух глабальнага ЕС шмат у чым сёння з'яўляецца працягам духу іншай мультынацыянальнай дзяржавы з каранямі і спадчынай з Усходняй Еўропы – Аўстра-Венгрыі. Дык чым з'яўляецца Еўрасаюз для ўсходнееўрапейцаў – злой пасткай або крыніцай багацця? Адказ – ні тым і ні іншым. Хутчэй – дарагім музычным інструментам, які мала купіць, на ім яшчэ трэба навучыцца граць, а партытуру прыдумаць самому. Аднак, пры ўсёй разнастайнасці наступстваў еўрапейскай інтэграцыі, ЕС, без сумневу, аказаў глыбокі пазітыўны эфект на ўсходнееўрапейскія краіны (для тых жа заходнееўрапейскіх пазітыву магло быць куды менш): - Па-першае, цяжкі і ў чымсьці зневажальны працэс праходу праз крытэры адбору прымусіў выбудаваць у краінах Інтэрмарыюма (Усходняй Еўропы) дзеючыя прававыя і адміністрацыйныя дэмакратычныя інстытуты. Усходнееўрапейцам давалі хатняе заданне, а потым строгі настаўнік шматкроць акуратна правяраў выкананне. Такому працэсу не падвяргаліся ні Іспанія, ні Грэцыя, ні Партугалія – і сёння плацяць за гэта куды больш высокі кошт. Усходнееўрапейцы бурчалі, пляваліся, скрыгаталі зубамі, але ішлі наперад – таму што ведалі за што плацяць і былі гатовыя плаціць. - Па-другое, хатнія заданні па эканамічнай дысцыпліне змаглі вышкаліць з былых сацыялістычных сатэлітаў вельмі адказных і самастойныя у эканамічным і фіскальным плане краіны. Усходнееўрапейцы сталі большымі немцамі, чым самі немцы – сведчаннем таму з'яўляюцца індыкатары фінансавай дысцыпліны ў адносінах дзярждоўгу да ВУП, па якіх Усходняя Еўропа і Скандынавія прыкметна пераўзыходзяць Заходнюю. А Польшча прайшла праз знакаміты крызіс 2008 года лепш за ўсе астатнія краіы ЕС. Нават рэдкія фінансавыя прамашкі – накшталт Латвіі і Венгрыі – змаглі паслужыць добрым стымулам астатнім, што дарма нікога карміць ня будуць. Гэта прымусіла і саміх адстаючых узяцца за галаву і рабіць рэформы, замест скатвання ў мітынгі і біццё шыбаў на вуліцах, як на Захадзе саюза. - Па-трэцяе, воляю выпадку, а таксама "дзякуючы" прыдзірлівым "настаўнікам", краіны Інтэрмарюума ў большасці сваёй не ўвайшлі ў зону еўра. У выніку іх мінула самая найбуйнейшая памылка Еўрасаюза, што падкасіла заходніх калегаў. - Па-чацвёртае, хоць ЕС і не раздорваў дармовыя крэдыты за пацалункі, як Расея плаціць Беларусі, Еўрасаюз ўсё ж укладваў вельмі буйныя гранты ў развіццё інфраструктуры – з праверкамі, кантралем і з пэўным зваротным эфектам. А гэта адна з найбольш важных і балючых тэм для рэфармуемых эканомік. Аўтабаны, масты, аэрапорты, вакзалы, школы, адміністрацыйныя будынкі фінансаваліся з глыбокіх брусэльскіх кішэняў. Самастойна і без дапамогі ЕС практычна ні адзін гэты праект не быў бы ажыццёўлены. А як вядома, укладанні ў інфраструктуру наўпрост адбіваюцца на памерах эканамічнага росту. - Ну і, нарэшце, па-пятае, ЕС змог стандартаваць велізарную колькасць рэчаў ва ўсіх гэтых раней разнамасных краінах: ад памеру курыных яек да памеру тэрытарыяльных адзінак. Як Рымская Імперыя стварыла агульную аснову будучай еўрапейскай цывілізацыі, так і ЕС упершыню за доўгую гісторыю ўсходнееўрапейцаў прывёў іх да адзінага паказьніка па вялікім коле пытанняў і тым самым шырока адчыніў дзверы для рэгіянальнай кааперацыі. Якія высновы з усяго гэтага для Беларусі? Роля Усходняй Еўропы ўнутры ЕС паступова, але няўхільна павышаецца. Германа-раманскі саюз ужо вырас у германа-славяна-раманскі. Краіны Інтэрмарыюма рана ці позна запатрабуюць сабе прызнанне іх узрослага значэння ў поўнай меры, як раней славяне Аўстра-Венгрыі стымулявалі рэформы Франца Фердынанда па ператварэнні імперыі ў трыадзіную дзяржаву (сканала з пачаткам сусветнай вайны). Беларусь і Украіна – з'яўляюцца тымі пакуль адсутнымі краінамі, якія патрэбныя Інтэрмариыюму для дасягнення сваёй крытычнай вагі на кантыненце. Гэтая роля – наш гістарычны шанец. Але скарыстацца ім мы зможам толькі тады, калі ўсвядомім ня толькі ўласную сувязь з усім ўсходнееўрапейскім рэгіёнам, але і нашу персанальную адказнасць за яго.