Прэзыдэнцкі экстрым: фанабэрыі або палітычны прагматызм?

Палітыка

Прэзыдэнцкі экстрым: фанабэрыі або палітычны прагматызм?

22 ліпеня 2013 а 11:48

Першае пакаленьне постсавецкіх прэзыдэнтаў мела простыя ўпадабаньні. Па сёньняшні дзень не забытае свавольства Ельцына на падпітку або здымкі пацалункаў Кебіча. Сёньняшнія кіраўнікі дэманструюць іншы стыль. Спартовыя спаборніцтвы ды экстрэмальныя вычыны. Несумненным лідэрам тут зьяўляецца расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. Ён сядзеў за штурвалам баявога зьнішчальніка, кіраваў падводным чаўном, гоначным балідам ды рабіў шмат чаго іншага. Напрыклад, быў археолягам ды ратавальнікам птушак, зазначае аглядальніца Польскага радыё Агата Каспшэлевіч. Агата Каспшэлевіч: Чорная куртка, блакітныя джынсы ды белыя спартовыя боты. Так выглядаў Уладзімір Пуцін за стырном малога падводнага чаўна. Ён апусьціўся на глыбіню 60 мэтраў, каб убачыць рэшткі расейскага фрэгату з 1869-га году. Зацікаўленасьць Пуціна марской археалёгіяй пацьвярджаюць дзьве старажытныя грэцкія амфары, якія Пуцін асабіста знайшоў ды вылавіў са дна Чорнага мора. Таксама добра Пуцін пачуваецца і ў паветры. Ён прадэманстраваў гэта на самалёце, паказваючы дарогу сыбірскім жоравам, выхаваным ў няволі. “Жураўліную” акцыю журналісты ацанілі скептычна. Маўляў, больш шкоды нарабіў Пуцін, чым карысьці: дзьве птушкі загінулі, некалькі атрымалі раненьні, а яшчэ іншыя не змаглі злучыцца зь дзікім статкам. Затое расейцам гэткая актыўнасьць іхняга кіраўніка прыйшлася даспадобы. Экстрэмальныя подзьвігі прэзыдэнта падабаюцца большасьці, кажа маскоўскі карэспандэнт Польскага радыё Мацей Ястжэмбскі. Мацей Ястжэмбскі: Расейцы часта ўсьміхаюцца, чуючы пра чарговыя подзьвігі свайго прэзыдэнта. Часьцей яны ставяцца да гэтага з гумарам, радзей з пагардай. Расейцы кажуць, што такім чынам Пуцін рэклямуе іх на ўвесь сьвет. Іншыя кажуць, што хай робіць, што хоча, пакуль ён клапоціцца пра людзей. Ёсьць і такія, хто кажа, што са шматлікіх вычынаў прэзыдэнта менш сьмяяліся б на Захадзе, калі б іх не псавалі ягоныя супрацоўнікі. Жадаючы любым коштам спадабацца прэзыдэнту, яны імкнуцца “фарбаваць траву”, каб была больш зялёная, чым сапраўдная. Як можна патлумачыць гэткае захапленьне расейскага прэзыдэнта? Гэта ягоныя фанабэрыі, абсалютызм або палітычны прагматызм? Тут ёсьць усяго па-троху, кажа шматгадовы карэспандэнт польскі СМІ ў Маскве Павал Рэшка. Павал Рэшка: Я думаю, што гэта робіцца спэцыяльна, каб утрымацца на хвалі папулярнасьці, але разам з тым, мне здаецца, што яму гэта падабаецца. Людміла Аляксеева сказала мне аднойчы, што гэта хлопчык з даволі незаможнай сям'і, які прарваўся на самы верх. Ён кажа, што я хацеў бы палётаць на самалёце, напрыклад, на зьнішчальніку. Калі ласка. Я хацеў бы пайсьці на паляваньне на тыгра – няма праблемы. Спаўненьне ўсіх гэтых жаданьняў дае яму задавальненьне. Беларускі аглядальнік кажа, што гэтыя экстрэмальныя подзьвігі Пуціна – гэта спалучэньне ўнутраных комплексаў і палітэхналёгіі. Аляксандар Класкоўскі: Гэта ўсё паліттэхналёгіі. Тут няма ніякіх экспромтаў. Пуцін ухваляе гэтыя рэчы. Відавочна, яму самому гэта падабаецца. Тут яшчэ можа быць комплекс маленькага чалавека, ва ўсіх сэнсах, каб паказаць сябе вялікім ды магутным, нібы Напалеон. Да таго ж расейскаму народу падабаюцца такія прыкметы правадыра. У Расеі ніколі не было дэмакратычнай культуры, калі ўслаўлялі розум кіраўніка. Там дзейнічае іншае – здаровы мужык, малайчына! Іншым вычыноўцам на постсавецкай прасторы зьяўляецца беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка. Дарэчы, ён таксама выхаваўся ў незаможнай, калі не сказаць беднай сям’і бяз бацькі. Але ягоныя ўпадабаньні не такія экстрэмальныя, як пуцінскія. Са словаў і вычынаў Лукашэнкі можа зрабіць выснову, што яму дае задавальненьне спорт – хакей на лёдзе, лыжы ды вясковыя заняткі, як гадаваньне жывёлы. Ці гэтыя ўпадабаньні Лукашэнкі – нерэалізаваныя дзіцячыя мары ці таксама палітычны прагматызм? Аляксандар Класкоўскі: Хаця беларусы і бліжэй да Эўропы, тут таксама моцная патрыярхальная культура правадырызму. Абавязкова гэта мусіць быць магутны фізычна чалавек. Лукашэнка інтуіцыйна адчувае, што простаму электарату падабаецца, калі ён з клюшкай ды касой бегае, дэманструючы сваю фізычную моц. Маўляў, глядзіце, які я дужы, і нікуды вы, браткі-беларусы, ад мяне не падзенецеся. А вось кіраўнік Казахстану гуляе ў іншыя гульні. Гэтая цэнтральнаазіяцкая краіна адна зь першых заснавала Фонд разьвіцьця дзяржавы і доўгія гады фундуе стыпэндыі для студэнтаў і маладых спэцыялістаў на вучобу і практыку ў Заходняй Эўропе. Казахскі лідар менш спартовы, затое больш дальнабачны, кажа экспэрт. Аляксандар Класкоўскі: Ёсьць такі стэрэатып, што Азія, прынамсі постсавецкая, больш занядбаная і далейшая ад Эўропы. Але насамрэч мы бачым, што хітры Назарбаеў вельмі дальнабачны. Пры сваім жыцьці ён вырашыў трымаць да апошняга аўтарытарызм. Разам з гэтым, ён рыхтуе зьмену, разумеючы, што палітычная сыстэма трансфармуецца й спатрэбіцца адукаваная па-заходняму эліта. Спартовыя вычыны не папулярныя й сярод украінскіх лідэраў. Магчыма, кажа экспэрт, тут справа ў іншай палітычнай культуры. Аляксандар Класкоўскі: Украіна, у параўнаньні зь Беларусьсю ды Расеяй, далей прасунулася ў пляне разьвіцьця палітычнай сыстэмы. Таму там няма патрэбы ў такіх танных і патрыярхальных прыёмах. Там працуюць больш тонкія палітычныя тэхналёгіі, ідзе рэальная барацьба. Адным з элемэнтаў палітычнага іміджу цяперашніх постсавецкіх кіраўнікоў зьяўляецца прыхільнасьць да спорту ды нават розныя экстрэмальныя вычыны. Гэта робіцца з палітычнага разьліку, але разам з тым, паказвае характар канкрэтнага кіраўніка.

Вам можа спадабацца