Каб аднойчы перамагчы ў гульні, апазіцыя павінна гуляць

Палітыка

Каб аднойчы перамагчы ў гульні, апазіцыя павінна гуляць

22 ліпеня 2013 а 13:49

Кірыл Рогаў

Адна з важных прыкмет вяртання палітыкі ў несвабоднай краіне — гэта калі падзеі і целазрухі уладаў перастаюць раптам ўкладвацца ў простую, якая яшчэ нядаўна здавалася жалезабетоннай, логіку. Яны раптам становяцца супярэчлівыя, хаатычныя і цяжка вытлумачальныя (ва ўсякім разе, на першы погляд). Падзеі абрастаюць версіямі і супярэчлівымі інтэрпрэтацыямі. Гэта і азначае, што лёд вялікай палітыкі крануўся. Гэта і ёсць палітыка — калі ўсё не цалкам ясна або зусім не ясна. Здзіўленні і пытанні сыплюцца на нашы галовы. Навошта Навальны пагадзіўся ўдзельнічаць у выбарах, якія праводзяцца ў загадзя невыйгрышны момант і па хлуслівых правілах? Чаму яго ўзялі пад варту і на наступны дзень адпусцілі, хоць нікога ніколі не адпускаюць? Як ён зможа ўдзельнічаць у кампаніі, калі прысуд падвёў яго пад неканстытуцыйную норму, якая забараняе яму абірацца? Чаму мэрыя на працягу ўсяго дня 18 ліпеня заяўляла, што разгоніць народны сход, але не пайшла на гэта? Перш за ўсё часовае вызваленне Навальнага з-пад варты не павінна падманваць і засланяць галоўнага факту: Навальнаму ўляпілі палітычны прысуд з рэальным турэмным тэрмінам, і апеляцыйная інстанцыя гэты прысуд не адменіць. Яму закрываюць шлях у палітыку па ўсталяваных Крамлём правілах. А вось далей пачынаецца інтрыга. Асабіста я не ведаю, хто і навошта падкінуў Сабяніну і Пуціну думку, што выбары маскоўскага мэра павінны адбыцца ў гэтым годзе і выглядаць пры гэтым адносна праўдападобна. Можа быць, хто-небудзь хоча ўмацаваць пазіцыі Сабяніна ва ўладнай іерархіі і нават прасунуць яго ў будучыя дублёры-пераемнікі. Можа быць, проста ўсвядомілі, што трэба неяк нармалізаваць сітуацыю ў Маскве і вярнуць да спакою абураных гараджан, якія, мякка кажучы, недалюбліваюць Уладзіміра Пуціна. І для гэтага патрэбны нейкі пасярэднік. Так ці інакш, факт у наяўнасці: стварыўшы ўсе ўмовы для тупога прапіхвання Сабяніна ў мэры, Крэмль адчуў неабходнасць у больш тонкім сцэнары. Адчуў слабасць сваёй сілы. (І вось гэта ўжо зрабілі масквічы: не тым нават, што выйшлі на Балотную, а тым, што выходзілі потым яшчэ больш за 10 разоў.) Агульныя рысы пякельнага плана між тым цалкам ясныя. Ён палягае ў тым, каб паказаць маскоўскім бузацёрам, што яны меншасць і што справядлівыя выбары, нават калі б яны праводзіліся, і нават у Маскве, — нічога ім не даюць, акрамя ганебнай паразы. Наглядная і яркая дэманстрацыя гэтага няўхільнага, як лічаць у Крамлі, факта скіне па меншай меры маладзёжную частку «балотнай» кааліцыі ў палітычную апатыю. Якую ёй, як мяркуецца, некалькі палепшаць гарадскія ровары. Навальны ж у гэтым выпадку сядзе ў турму не як узыходзячая зорка расійскай палітыкі, а як яе адпрацаваны матэрыял. Увогуле, план складаецца ў тым, каб «даць ім усім шанец выцерціся ўласнымі соплямі». Умовы для рэалізацыі плана — амаль ідэальныя. Навальны ходзіць пад прысудам, уступленне прысуду ў сілу аўтаматычна не дазваляе яму стаць мэрам (абвінавачванне прад'яўлена да таго, як ён зарэгістраваўся). Правілы разгляду апеляцый такія, што — калі нешта пойдзе не так — можна ўвесці прысуд у дзеянне ў любы момант і неадкладна ўзяць Навальнага пад варту. Але гэта нават не спатрэбіцца, упэўненыя ў Крамлі, таму што рэйтынг яго ў Маскве нізкі. Кампанія праходзіць у рэжыме бліц — паўтара месяца, ды яшчэ ўлетку, у разгар адпачынкаў. Бо хіпстэры, хоць і палюбілі мітынгі, але ўсё ж такі не больш серфінгу і дайвінга. Ды і наогул масквічы, нават цалкам прасунутыя і крытычныя да ўладаў, успрымаюць мэра перш за ўсё як «гаспадарніка», арганізатара бесперабойнай працы гарадскіх службаў. Разумеюць то бок, што бесперабойная праца каналізацыі важней сумленных выбараў і ўсякіх там свабод. Хай, маўляў, і выкажуць балотнай саранчы гэтую пераканаўчую думку. Увогуле, котка мышку заўсёды з'есць. Можна з ёй і пагуляць. Навошта гэта Навальнаму? Першая рэакцыя маскоўскага апазіцыйна настроенага гараджаніна нервовая: Навальны не толькі сам лезе ў пастку, але і нас з сабой цягне. Бо абцірацца трэба ўсім разам. Лепш — байкот, ні нагою не ступаць у батлейку аўтакратаў. Сумленны няўдзел, ганарлівая пагарда, гнеўнае абвінавачаньне. Гэта тры кіта палітычнай маргінальнасці. На жаль. Для Навальнага выбар — прыкладна той жа. Можна проста сесці на 5 гадоў, адмовіўшыся ўдзельнічаць у шабашы бязбожных, і цярпліва чакаць усходу сваёй зоркі — ці рызыкнуць. І тут справа як раз у тым, што Навальны наогул прыўносіць у наша расійскае жыццё некалькі іншае разуменне публічнай палітыкі. У цэнтры яе ня эскалацыя слоўнага абурэння, а — дзеянне. Словы без дзеяння нічога не значаць або — амаль нічога. Словы без дзеяння — гэта публіцыстыка, а не палітыка. Словы без дзеяння — гэта бясконцая размова толькі з тымі, каго і так пераконваць не трэба. А тыя людзі, давер якіх неабходны палітыку, каб мець рэальную вагу, — яны публіцыстыку наогул не чытаюць. Так, вядома, правільны выбар для ліберальнага апазіцыянера — няўдзел. А хто такі Навальны? Блогер з бярлогі, мы з ім у універсітэце не вучыліся. Можа быць, яшчэ і нацыяналіст. Ды і выйграць ён не можа, калі ў суперніка мечаныя карты. Лепш захаваць пінжак і позу. Пачакаць, калі народ саспее, пачне чытаць добрую публіцыстыку. Усвядоміць — і сам выйдзе на вуліцы. План разумны, але ў роце ад яго робіцца так, быццам жаваў дэкларацыю аб даходах дэпутата-адзінароса. І ванітуе, і скулы зводзіць. Праблема ў агульным выглядзе заключаецца ў тым, што для таго, каб аднойчы выйграць, — апазіцыя павінна гуляць. Як у тым анекдоце пра габрэя, які прасіў Бога аб поспеху ў латарэі: «Ну ты для пачатку хаця б білецік купі!» Каб калі-небудзь выйграць — апазіцыя павінна гуляць. І няма ні адзінага шанцу, што з ёй будуць гуляць па-сумленнаму і не мечанымі картамі. І паразы непазбежныя. Але тут штука ў тым, што спачатку вы прайграеце 8:0, потым 5:1, а потым нечакана — 3:2. І ў гэты момант раптам усім — уключаючы амапаўцаў, суддзяў, работнікаў жэкаў, сантэхнікаў і супрацоўнікаў прэзідэнцкай адміністрацыі — становіцца ясна, што яны жывуць ужо ў зусім іншай краіне. Толькі так і бывае. А пакуль — так, машынка пякельнага плана запушчана. Часу амаль няма. Усе ў адпачынках. Прысуд — як навостраны нож за пазухай у тырана і заўсёды пад рукой. Масквічы прывыклі да гаспадарнікаў. А ў Крамлі паціраюць рукі, збіраючыся глядзець, як Навальны са сваім балотам аблажаліся. Усё так. І котка мышку заўсёды з'есць. Калі ... не задушыцца.