Кааліцыйнае будаўніцтва напярэдадні мясцовай палітычнай кампаніі 2014

Палітыка

Кааліцыйнае будаўніцтва напярэдадні мясцовай палітычнай кампаніі 2014

25 ліпеня 2013 а 16:08

Шэраг апазіцыйных сіл ужо распачалі падрыхтоўку да новага палітычнага сезону, які пачынаецца мясцовымі выбарамі. Разам з гэтым вострае пытанне набывае фармат удзелу апазіцыйных сіл у мясцовай кампаніі, якая стартуе напрыканцы гэтага года. Як зазначалася ў папярэдніх аглядах, беларускія дэмакратычныя суб’екты падзяліліся на дзве ўмоўныя плыні. З аднаго боку, структуры “канструктыйнага” блоку ўжо заявілі аб супольнай стратэгіі на будучую мясцовую, прэзідэнцкую і парламенцкую кампанію. З іншага боку, сярод суб’ектаў канфрантацыйнай плыні апазіцыі, якія абіралі байкотны фармат удзелу ў папярэдніх парламенцкіх выбарах, дагэтуль няма адзінай агульнай стратэгічнай ініцыятывы хаця б на бліжэйшую палітычную кампанію. Пры гэтым мясцовыя выбары не будуць спрыяць збліжэнню структур канфрантацыйнай плыні. Гэта выклікана абраннем іншага фармату ўдзелу мясцовай кампаніі асобнымі суб’ектамі, якія прытрымліваліся байкотнай стратэгіі падчас папярэдніх парламенцкіх выбараў. Адной з першых аб падрыхтоўцы да мясцовай кампаніі заявіла грамадзянская кампанія “Гавары праўду”, кіраўніцтва якой паставіла перад сваімі структурамі амбітную задачу па вылучэнню 1000 кандыдатаў. Аднак вылучэнне такой колькасці кандыдатаў для ўдзелу ў мясцовых выбарах магчымае толькі за кошт актывістаў іншых палітычных сіл. Пры гэтым рэсурсаў малодшага партыйнага партнёра “Гавары праўду”, якім з’яўляецца Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), відавочна недастаткова. Грамада, якая мела ў 2006 годзе свайго кандыдата на пасаду прэзідэнта, пасля шэрагу скандалаў і расколаў расцярушыла свой патэнцыял і многія з яе актывістаў зараз больш заўважныя ў дзейнасці “Гавары Праўду”. У рэгіёнах таксама існуюць магчымасці для рэкрутацыі на выбары ад “Гавары Праўду” іншых партыйных актывістаў, галоўным чынам ад АГП і БНФ. Аднак людскія рэсурсы большасці партый ужо і так вычарпаныя ў папярэдніх кампаніях за кошт двайной лаяльнасці ў адносінах да “Руха “За свабоду” і “Гавары праўду”. Пры гэтым стварэнне супольнага праекта “Народны рэферэндум” на мясцовыя, прэзідэнцкія і парламенцкія выбары паміж палітызаванымі грамадскімі структурамі “Гавары праўду”, Рух “За свабоду” і палітычнымі партыямі БНФ і БСДП (Грамада) ўзмацняе агульныя пазіцыі гэтых арганізацый. Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” заўсёды мела моцныя пазіцыі і сувязі ў мясцовых органах улады. “Справядлівы свет” мае разгалінаваныя рэгіянальныя структуры і сетку лідараў, якія маюць досвед дэпутацкай дзейнасці як ніякая іншая апазіцыйная структура. Нават пасля пераходу ў адкрытую апазіцыю і жорсткую крытыку дзеючага кіраўніка дзяржавы партыі атрымлівалася напрыканцы 1990-х вылучаць болей за 750 партыйцаў, якія занялі ў саветах 1999-2003 г.г. каля 250 месцаў. Нягледзячы на спробу рэанімацыі левага блоку апазіцыйных сіл ў складзе “Справядлівага свету”, БСДП (Грамада), Беларускай партыі зялёных, Беларускай партыі працы, незалежных прафсаюзаў, праекта “Прасвет” і федэрацыі анархістаў, на пачатку гэтага года, ініцыятыва далей за дэкларацыі не пайшла. Сур’ёзныя супярэчнасці паміж кіраўніцтвам правацэнтрысцкага “За свабоду” і левага “Справядлівага света” таксама не дазваляюць былым камуністам далучыцца да супольнай ініцыятывы “Народны рэферэндум”. Тым не менш, партыйны праект па назіранню “За свабодныя выбары!”, які кантралюецца кіраўніцтвам левых, аб’ядноўвае падчас выбарчых кампаній у рэгіёнах не толькі чальцоў “Справядлівага Света”, аднак і іншых апазіцыйных груповак, часцей за ўсё левага кірунку. Падчас мясцовай кампаніі 2013-2014 года чакаецца выхад на палітычны ўзровень яшчэ аднаго праекта, які вырас з грамадзянскай кампаніі. Для “Нашага дома” мясцовая выбарчая кампанія павінна стаць сур’ёзным выпрабаваннем перад прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года. Для лідара гэтай ініцыятывы Вольгі Карач паспяховы ўдзел у кампаніі будзе азначаць пачатак прэзідэнцкай кампаніі 2015. Мясцовая палітычная кампанія 2014 года з’яўляецца важнай для Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД) для ўтрымання сваіх пазіцый сярод іншых апазіцыйных сіл. Мясцовыя выбары 2010 года былі першай агульнанацыянальнай кампаніяй БХД, падчас якой гэтая партыя заявіла пра сябе як пра сур’ёзнага гульца на апазіцыйным поле. БХД паслядоўна рэалізуе доўгатэрміновую стратэгію ўзмацнення сваіх рэгіянальных і мясцовых структур праз альтэрнатыўную пляцоўку “Рада народных дэпутатаў”. Аднак у адрозненне ад структур канструктыўнага блоку БХД не стварыла ўстойлівай стратэгічнай ініцыятывы з іншымі арганізацыямі канфрантацыйнай плыні. Гэтыя структуры перыядычна праводзяць кансультацыі па супольнай пазіцыі па пэўных пытаннях без стварэння фармальнай кааліцыі. Аднак мясцовая кампанія 2014 года толькі паглыбіць разыходжанні паміж БХД і іншымі групоўкамі “канфрантацыйнай” плыні, акрамя АГП. Кіраўніцтва БХД патрымлівае ідэю Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) па правядзенню праймерыз для вылучэння лідара дэмакратычных сіл. У сваю чаргу ў палітычным календары АГП мясцовыя выбары ніколі не мелі крытычны прыярытэт. Гэтая партыя працягвае рэалізацыю шэрагу сваіх праектаў без прывязкі да мясцовай кампаніі 2014 года. Удалая тактыка АГП па вылучэнню спікераў падчас парламенцкіх выбараў хутчэй за ўсё будзе выкарыстоўвацца і ў 2014 г. Для іншых структур канфрантацыйнай плыні (Беларускі Рух, Хартыя-97 і КХП БНФ) мясцовая палітычная кампанія таксама не стаіць на парадку дня. Іх бачанне дэмакратычнай трансфармацыі палітычнай сістэмы прадугледжвае ў першую чаргу змену аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы, а потым прыход на іншыя ўзроўні ўлады. Акрамя таго, іх структуры здольныя ў той ці іншай ступені праводзіць прэзідэнцкую кампаніі дзякуючы мабілізацыі пратэстных груп грамадства. Аднак яны абмежаваны ў чалавечых рэсурсах для правядзення агульнанацыянальнай кампаніі па выбарах мясцовых органаў самакіравання, якія патрабуюць разгалінаваных рэгіянальных структур. Падрыхтоўка да мясцовых выбараў станоўча ўплывае на цэнтраімклівыя тэндэнцыі сярод структур канструктыўнай плыні апазіцыі. Блок палітызаваных грамадскіх арганізацый і палітычных партый, які складаецца з “За свабоду”, “Гавары праўду” і партый БНФ, БСДП (Грамада), аб’ядналася вакол доўгатэрміновай ініцыятывы “Народны рэферэндум”, якая не абмяжоўваецца выключна прэзідэнцкай кампаніяй. Падчас мясцовых выбараў гэтае супрацоўніцтва можа замацавацца ў выпадку адсутнасці жорсткай канкурэнцыі і перацягвання кандыдатаў рухам “За свабоду” і грамадзянскай кампаніяй “Гавары праўду”. Як заўважалася ў папярэднім аглядзе асобныя палітычныя партыі могуць змяніць фармат удзелу ў выбарчай кампаніі, як у выпадку з партыяй БХД. Гэта можа выклікаць сур’ёзны канфлікт з групоўкамі канфрантацыйнай плыні. Аднак паміж партыямі БХД і АГП захаваецца партнёрства, у першую чаргу ў супрацьвагу ўзмацнення пазіцый арганізацый канструкцыйнага блока. Байкотная стратэгія груповак канфрантацыйнай плыні толькі павялічыць абсэнтэізм сярод грамадства, якое і так ужо падрыхтавана да ліквідацыі органаў мясцовага самакіравання. Аднак гэты падыход яшчэ ў меншай ступені здольны выклікаць палітызацыю грамадства падчас мясцовых выбараў і свядомы пераход грамадзян да актыўных дзеянняў па дэмантажу аўтарытарнага рэжыма, ці хаця б да далучэння да ініцыятыў груповак канфрантацыйнай плыні. Тым болей, што гэтыя структуры не маюць агульнай стратэгіі і планаў па дэмакратызацыі палітычнай сістэмы ў Беларусі, а паміж лідарамі арганізацый існуе сур’езнае напружанне.