Мясцовыя выбары 2014: удзел або байкот?

Палітыка

Мясцовыя выбары 2014: удзел або байкот?

25 ліпеня 2013 а 16:28

Зміцер Кухлей

Да пачатку мясцовай выбарчай кампаніі 2014 засталося менш за паўгады, аднак у апазіцыі зноў існуюць розныя погляды на фармат удзелу ў выбарчай кампаніі, як і напярэдадні парламенцкай 2012 г. Пераважная большасць апазіцыйных арганізацый, структуры якіх знаходзяцца ў Беларусі, плануе выкарыстоўваць гэтую кампанію для дасягнення другасных задач і/або ў рамках доўгатэрміновай стратэгіі сваіх партый і рухаў. Апазіцыйныя групы канфрантацыйнай плыні, якія выкарыстоўваюць жорсткую рыторыку ў адносінах да беларускіх улад, працягваюць рухацца ў рамках байкотнай стратэгіі. Пераважная большасць гэтых груповак падпалі пад рэпрэсіі беларускіх улад, іх лідары былі вымушаны эміграваць і ў сваёй большасці згубілі свой арганізацыйны патэнцыял унутры Беларусі. Аднак фармат байкоту мясцовай палітычнай кампаніі не прывядзе да паралічу дзейнасці ўладных інстытутаў на мясцовым узроўні і яшчэ ў меншай ступені паўплывае на ўстойлівасць беларускага рэжыма, а толькі будзе стрымліваць арганізацыйнае развіццё апазіцыйных структур унутры Беларусі. Беларускія ўлады ў 2009 годзе заканадаўча замацавалі свае намаганні па дэпалітызацыі грамадства. У выбарчае заканадаўства былі ўнесены змены, паводле якіх быў выключаны парог яўкі неабходны для прызнання мясцовых выбараў адбыўшыміся. Гэты крок забяспечвае фармальную легітымізацыю мясцовых саветаў пры любым узроўні яўкі. Акрамя таго, для дэманстрацыі “еўрапейскіх” паказнікаў па ўдзелу ў мясцовых выбарах кіраўніку дзяржавы дастаткова мабілізаваць сваіх устойлівых прыхільнікаў, колькасць якіх паводле незалежных апытанняў стабілізавалася на ўзроўні 30-35%. У сваю чаргу апаненты ўлады будуць і надалей будуць выключаны з палітычнага працэсу. Пры гэтым фармат байкоту паступова выводзіцца беларускімі ўладамі з прававога поля, што стварае ўмовы для пашырэння рэпрэсій супраць актыўных удзельнікаў падобных кампаній і стрымлівання арганізацыйнага развіцця палітычных партый. Дэлегітымізацыя мясцовых саветаў фактычна ўжо адбылася, аднак гэта ніякім чынам на агульную ўстойлівасць дзеючага рэжыма не ўплывае. Мясцовыя органы самакіравання маюць невысокі рэйтынг у беларускім грамадстве ўжо на працягу доўгага перыяду. Паводле апытання НІСЭПД 82,4% грамадзян мяркуюць, што мясцовыя саветы фактычна не ўплываюць на іх жыццё, прозвішчаў сваіх дэпутатаў не ведаюць 62.3% апытаных, а 58% не бачаць неабходнасці ў пашырэнні паўнамоцтваў органаў мясцовага самакіравання. Такое стаўленне грамадства да гэтага інстытута ўлады фактычна грае на руку дзеючаму кіраўніку дзяржавы, які захоўвае жорсткую вертыкаль улады ў краіне і імкнецца да захавання персаналізаванага рэжыма. Назіраецца нават адваротная тэндэнцыя скарачэння нават фармальных прыкмет мясцовага самакіравання. Кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына прапанавала скасаваць першасны ўзровень мясцовага самакіравання – сельсаветы, функцыі якіх найбольш абмежаваны. У апазіцыйных сіл адсутнічаюць рэсурсы для правядзення эфектыўнай кампаніі байкота. Нягледзячы на ігнараванне значнай колькасцю выбарцаў парламенцкай кампаніі 2012 дзеянні апазіцыі не прывялі да павелічэння палітычнай актыўнасці ў грамадстве ў паслявыбарчы перыяд або да кансалідацыі пратэстнага электарата і пазіцый партый, што абралі байкотную стратэгію. У сваю чаргу працягваецца тэндэнцыя збліжэння пазіцый суб’ектаў “канструктыўнага” блоку, якія прытрымліваюцца менш радыкальнай рыторыкі ў адносінах да беларускага кіраўніцтва. Расколатасць пазіцый дэмакратычных сіл наконт фармату правядзення палітычных кампаній. Апазіцыйныя сілы абралі некалькі форм байкота і ўдзелу падчас парламенцкіх выбараў 2012 года, што паводле меркавання У. Роўды з’яўляецца “прыкладам сістэмных памылак” беларускай апазіцыі. Грамадзяне не бачаць супольнага звароту апазіцыі, што значна паслабляе іх агульную пазіцыю. Дзеючы кіраўнік дзяржавы зацікаўлены ў адсутнасці іншага легітымнага інстытута ўлады ў Беларусі ў сітуацыі сумневаў наконт легітымнасці прэзідэнта. Варта зазначыць, што нягледзячы на дастаткова абмежаваныя паўнамоцтвы органаў мясцовага самакіравання, яго прадстаўнікі маюць статусны ўплыў у грамадстве. Цяжка ўявіць электаральную рэвалюцыю ў Беларусі пры адсутнасці сістэмнай апазіцыі на розных узроўнях улады, аб чым сведчыць досвед каляровых рэвалюцый посткамуністычных краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Гэта пазбаўляе альтэрнатыўныя палітычныя сілы камунікацыі не толькі з грамадствам, але ж і з чыноўнікамі, без узаемадзеяння з якімі адсутнічаюць перадумовы для паступовай трансфармацыі палітычнай сістэмы ў Беларусі. У дадатак у большасці выпадкаў стратэгія байкоту выбараў у Беларусі набывае форму ігнараванная, калі для апазіцыйных структур палітычныя кампаніі праходзяць без якіх-небудзь актыўных дзеянняў. Палітычныя лідары, часцей за ўсё тыя, хто эміграваў за межы краіны і/або не маюць дзеяздольных разгалінаваных рэгіянальных структур у Беларусі, абмяжоўваюцца заявамі ў Інтэрнеце і СМІ. Такім чынам байкотная стратэгія на ўзроўні мясцовых саветаў мае шэраг недахопаў, што выводзіць пытанне аб мэтазгоднасці правядзення падобнай кампаніі. Большасць апазіцыйных арганізацыі, не маючы іллюзій наконт сумленнасці і справядлівасці правядзення выбараў з боку афіцыйнага беларускага кіраўніцтва, маюць магчымасць скарыстаць гэтую кампанію для вырашэння сваіх задач у рамках доўгатэрміновых стратэгій па: а) арганізацыйнаму развіццю, б) пашырэнню вядомасці сваіх праграм і партый і в)падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў 2015 г.

Вам можа спадабацца