Глабальная імперыя і Беларусь

Міжнародныя дачыненьні

Глабальная імперыя і Беларусь

29 ліпеня 2013 а 16:55

Аляксей Дзермант

Не трэба ілюзій. Існы сусветны парадак ёсць сутнасна імперскім. З імперыямі змагаюцца рамантыкі. Рэалісты будуюць іншыя імперыі. Дэмакратыя, правы чалавека, вольны рынак - гэта сучасныя інструменты дзеля падтрымання гегемоніі. Яны не лепшыя і не горшыя за любыя іншыя ідэалагічныя канструкцыі. Хаця не, пакуль лепшыя, бо перамагаюць. Але так будзе не заўсёды. У іх ёсць тое, што знішчыць сістэму знутры. Не трэба ілюзій. Сёння і ў бліжэйшы аглядны час рэальна процістаяць глабальнай імперыі не можа ніхто. Кітай існуе з яе эканамічнай ласкі. Расія не мае ніякай фундаментальнай альтэрнатывы і сама паспяхова становіцца імперскай перыферыяй. Індыя, Афрыка, Лацінская Амерыка? Не смяшыце. Не трэба ілюзій. Еўропа - частка глабальнай імперыі. ЗША і ЕС - верныя саюзнікі і кіраўнікі свету. Еўропа не хоча і не можа быць "незалежнай", наадварот - трансатлантычная зона вольнага гандлю яшчэ больш звяжа іх. Не трэба ілюзій. Беларусь - глыбокая перыферыя глабальнай імперыі. "Шэрая зона", не дужа цікавая сусветным гегемонам. Напаўбарбарскі лімес кшталту франкаў. Мы не надта муляем вока, як Сербія ды Ірак, каб несці нам свабоду праз бамбардаванні, за спінаю ў нас Расія, якую ўсё ж не варта дражніць, таму і існуем адносна спакойна. Дый ціснуць праз прадстаўнікоў глобаэліты ў Расіі нашмат зручней. Не трэба ілюзій. Для нашай часткі Усходняй Еўропы ёсць толькі адзін рэальны сцэнар - дэіндустрыялізацыя, дэпапуляцыя, грамадская дэпрэсія. Мы чамусці гэтаму неяк супраціўляемся. Супраціўляемся як умеем, лавіруем паміж васаламі глабальнай імперыі, намагаемся засяродзіць тут хоць які рэсурс для развіцця і росту. Дазволім сабе адну ілюзію. Калі ператрываем час змены гештальтаў ды прапануем свой адказ на пытанне НАВОШТА, які пахавае існую глабальную імперыю, то маем шанец стаць адным з пачаткаў новай, лепшай і дасканалай. Гэтая ілюзія жывіла паўстанне многіх велічных імперый.

Вам можа спадабацца