Час расправіцца са старымі мітамі ўсходняй палітыкі

Палітыка

Час расправіцца са старымі мітамі ўсходняй палітыкі

30 верасьня 2013 а 17:06

Неўзабаве мы будзем адзначаць дзьве гадавіны: 20 гадоў улады Аляксандра Лукашэнкі і 10 гадоў аранжавай рэвалюцыі на Ўкраіне. Прэзыдэнт Беларусі застаецца той самы, а ад рэвалюцыі ў Кіеве застаўся толькі ўспамін. Такім чынам, настаў час прааналізаваць балянс ўсходняй палітыкі Польшчы. У дачыненьні да Менску момант, калі мы даведваемся, што ў 120 кілямэтрах ад польскай мяжы зьявіцца расейская авіябаза, гэта час, калі нельга ўцякаць ад цяжкіх пытаньняў. Калі рэжым Лукашэнкі пагаджаецца разьмясьціць побач з польскай мяжой полк расейскіх зьнішчальнікаў, то гэта натуральны працэс ці таксама цана, якую Менск вымушаны плаціць Маскве за падтрымку ў канфлікце Беларусі з Захадам? Становішча Ўкраіны, вядома ж, прынцыпова адрознае ад беларускага. Магчымае падпісаньне дамовы аб асацыяцыі з Эўрапейскім Зьвязам будзе несумненным посьпехам польскай дыпляматыі. Украіна, аднак, ня стане сябрам Эўразьвязу ні праз 10, ні праз 20 гадоў. Гэта разумее ўлада ў Кіеве, для якой гэтая дамова, бадай, усяго толькі інструмэнт для дужаньня з Масквой. Ідэя Ежы Гедройця, паводле якой незалежнасьць Беларусі і Ўкраіны — найлепшая гарантыя бясьпекі Польшчы, слушна была закладзеная ў аснову польскай замежнай палітыкі пасьля 1989 г. Меркавалася, што гэтая незалежнасьць будзе больш трывай, чым больш дэмакратычнымі будуць Кіеў і Менск. Настаў час задаць пытаньне: у змаганьні за дэмакратыю мы не пераблыталі мэтаў і мэтадаў? Можа замест барацьбы за дэмакратыю варта цьвёрда кіравацца нашым нацыянальным інтарэсам? Будзе ім не дэмакратыя на Беларусі і Ўкраіне, а існаваньне за польскай усходняй мяжой дзяржаваў у як мага большай ступені незалежных ад Расеі. У імя гэтага інтарэсу можа варта пагадзіцца на мяккі аўтарытарызм (без палітычных вязьняў), што, безумоўна, было б маральным кампрамісам, але ж дакладна так выглядае польская палітыка ў дачыненьні да Расеі. Больш за тое, перасунуўшы націск з дэмакратыі на правы чалавека мы рэальна можам больш зрабіць для апошніх. Узьвядзеньне пытаньня дэмакратыі да рангу абсалюту прывяло да таго, што нашая прапанова для кіроўных эліт за польскай усходняй мяжой стала менш прывабнай за тую, якой маніць Масква. Калі нават дапусьціць, што калісьці мы станем сьведкамі сумленных выбараў, то і так не яны, а эканоміка будзе вызначаць будучыню польскіх суседзяў. Можна сабе ўявіць, якімі будуць Беларусь і Ўкраіна праз 20 гадоў з дамінацыяй расейскага капіталу (у тым ліку ў СМІ), агромністым уплывам расейскай культуры і элітамі, якія як арабскія прынцы з краін Пэрсідзкага заліву, хоць на Захадзе вучаць дзяцей, будуюць дамы і трымаюць банкаўскія рахункі, то аднак не пераймаюць заходніх мадэляў. Гэта будуць краіны, у якіх выйграе прарасейская партыя нават калі не фальсыфікаваць выбараў. Усходнюю палітыку трэба адрасаваць да эліт, а не грамадзтваў, бо менавіта эліты вырашаюць, у якім напрамку разьвіваецца краіна. Народы за ўсходняй мяжой Польшчы, не ўлічваючы жменькі ідэалістаў, не асабліва турбуюцца адсутнасьцю дэмакратыі. Між тым, у адносінах з элітамі не каштоўнасьці, а гарантыі для капіталаўкладаньняў могуць быць нашай перавагай у спадужаньні з Масквой. Дэмакратыя не апраўдала сябе ў якасьці інструмэнту ўсходняй палітыкі. І няпраўда, што адмова ад барацьбы за яе аслабіць польскую пазыцыю ў дачыненьнях з Масквой. І нашыя саюзьнікі, і мы самі згадваем пра дэмакратыю так, каб не раздражняць лішні раз Крамля. Вяртаньне да асноўных, зыходных, акрэсьленых на пачатку незалежнага існаваньня Польшчы ідэй магло б стаць нагодай для выпрацоўкі згоды адносна замежнай палітыкі. Спаборніцтва, у каго больш цьвёрды падыход да Лукашэнкі, такою згодаю не назавеш. Яе выпрацоўка павінна суправаджацца разуменьнем, што ў любых дзеяньнях ва ўходняй палітыцы трэба абапірацца на рэаліях, а не на мітах. Нашая адсутнасьць рэалізму найбольш выразна бачная ў дачыненьнях зь Беларусьсю, дзе большасьць насельніцтва размаўляе па-расейску, з-за чаго мы ставімся да яго з пагардай. А гісторыя паказвае, што нацыянальнае адараджэньне і моўнае пытаньне зусім не абавязкова ідуць у пары. Калі ёсьць нешта недапушчальнае ў замежнай палітыцы, то гэта дэманстрацыя сваёй перавагі. Пра тое, наколькі слаба мы разумеем сытуацыю, сьведчыць факт, што сярод чатырох тэарэтычна магчымых сцэнароў эвалюцыі Беларусі (улада Лукашэнкі, перастаноўка ва ўладах, частковае дапушчэньне апазыцыі да ўлады, перамога цьвёрдай апазыцыі) Польшча ў апошнія 20 гадоў пасьлядоўна выбірае два найменш верагодныя. І забывае пры гэтым, што любыя перамены на постсавецкай прасторы заўсёды адбываліся не насуперак, а за згодаю або нават па ініцыятыве ўладаў. Патэнцыйны сцэнар круглага стала азначаў бы ўдзел ва ўладзе прадстаўнікоў рэжыму, зь якімі мы сёньня прынцыпова не падтрымліваем ніякіх кантактаў. Гэта, зрэшты, беспрэцэдэнтная сытуацыя ў гісторыі дыпляматыі дзьвюх сумежных дзяржаў. У выпадку Ўкраіны Польшча была непрыемна зьдзіўленая маштабам палітычнай дурноты, катастрафічнай няздольнасьцю кіраваць краінай і звычайнай карупцыяй сярод аранжавых. На жаль, большасьць польскіх экспэртаў па ўсходніх пытаньнях эмацыйна падыходзіць да ўсходніх суседзяў Польшчы і засяроджваецца, як падаецца, на сваіх уяўленьнях пра тое, як павінны выглядаць Украіна і Беларусь, а не на халодным аналізе бягучай сытуацыі. Праблемаю ў дачыненьнях зь Менскам зьяўляецца не пытаньне польскай нацыянальнай меншасьці, зрэшты ў канфлікце вакол Саюзу палякаў Беларусі рэй вядуць чыста палітычныя справы. У выніку ўжо цяпер усё менш дзяцей з польскіх сем’яў вучыцца польскай мове. Што горш, польская меншасьць дэпалянізуецца і адначасова паддаецца русіфікацыі, а не беларусізацыі. Гэта не абяцае нічога добрага для будучыні, а хацелася б пазьбегнуць летувіскага сцэнару. Польскаму па паходжаньню насельніцтву нармалізацыя адносін на лініі Варшава—Менск будзе толькі спрыяць. Трэба, аднак, аддзяліць дзейнасьць на карысьць нацменшасьці (навучаньне мовы, папулярызацыя культуры, падтрыманьне і інтэнсіфікацыя сувязяў з бацькаўшчынай) ад чыста апазыцыйнай актыўнасьці. Калі фармуляваліся асновы польскай замежнай палітыкі, палякі імкнуліся да таго, каб стварыць буфэрную зону паміж Польшчай і Расеяй. Беларусь са сваімі слабейшымі эканомікай і пачуцьцём адасобненасьці будзе больш падатная на паўторную заваёву Расеяй, чым Украіна. Таму барацьба за яе будучыню падаецца больш пільнай задачай. Украіна, дзякуючы сіле свайго нацыяналізму, магутнасьці алігархічных клянаў (частку якіх цягне на Захад), паводле нават самага найгоршага сцэнару захавае хаця б частковую незалежнасьць. Такім чынам, калі мы хочам адарваць Беларусь і Ўкраіну ад Расеі, то ў першую чаргу трэба змагацца за Кіеў. Калі ж прызнаем, што нам не стае сілы, волі і патэнцыялу выйграць, і мы можам імкнуцца толькі да таго, каб Расея не паглынула Беларусі і не падпарадкавала сабе Ўкраіны, то змагацца трэба найза Менск. Варта спрабаваць? А можа лепш "прадаць" і Беларусь, і Ўкраіну? Гэтага нам рабіць нельга. Па-першае, гэта супярэчыць інтарэсам Польшчы. Па-другое, гэта супярэчыць нашай гісторыі. І ўрэшце рэшт нам няма чым гандляваць. І няхай нас не ўсыпляе да канца ўсё яшчэ ня вызначанае падпісаньне дамовы аб асацыяцыі паміж Украінай і Эўрапейскім Зьвязам, таму што паралельна, хоць значна цішэй, вядзецца расейская бітва за эканоміку, прыхільнасьць эліт і дамінацыю ў галіне культуры.

Вам можа спадабацца