Аляксандр Абрамовіч, забыты герой прэзідэнцкіх выбараў 1994

Гісторыя

Аляксандр Абрамовіч, забыты герой прэзідэнцкіх выбараў 1994

Калі сёння нехта пацікавіцца, як праходзіў збор подпісаў падчас першых прэзідэнцкіх выбараў у 1994 годзе, то ён са здзіўленнем даведаецца, што тады закон адводзіў на гэтую стадыю выбарчага працэсу ўсяго толькі 10 дзён.

Так-так, я не абмовіўся: усяго толькі 10 дзён.

У гэта цяжка паверыць, але гэта так, нават калі вы перачытаеце артыкул 24 закона «Аб выбарах прэзідэнта» некалькі разоў.

Аднак той, хто займаўся зборам подпісаў у далёкім 1994 годзе, памятае, што збор подпісаў доўжыўся тры тыдні.

Як такое магло быць, г.зн. што закон адводзіў на збор подпісаў 10 дзён, а на практыцы ён працягваўся амаль тры тыдні?

Паспрабуем у гэтым разабрацца.

Першым праектам закона, які быў разгледжаны пасля Канстытуцыі, прынятай 15 сакавіка 1994 года, стаў законапраект «Аб выбарах прэзідэнта». Аднак калі б Вярхоўны Савет прытрымліваўся зацверджанага раней парадку дня, то гэтым праектам павінен быў стаць праект Закона "Аб выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь», прычым дадзены праект Закона павінен быў разглядацца ўжо ў другім чытанні.

Ён быў вельмі важным для БНФ, і апазіцыя БНФ патрабавала яго прыняцця з канца 1991 года.

Аднак па прапанове прыхільнікаў Кебіча гэтае пытанне было знята з парадку дня, і замест яго дэпутаты прыступілі да разгляду праекта закона аб выбарах прэзідэнта.

Фактычна – замест праекта закона аб выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савета.

Як аказалася, такі праект закона быў загадзя падрыхтаваны Камісіяй па дзяржаўным будаўніцтве, ачоленай Уладзімірам Леўчыкам, і спецыяльнай Рабочай групай, якой кіраваў будучы суддзя Канстытуцыйнага суда Аляксандр Марыскін.

Прадстаўляючы законапраект у першым чытанні, Уладзімір Леўчык сказаў, што на збор подпісаў, «уключаючы і час на фармаванне ініцыятыўнай групы», адводзіцца 20 каляндарных дзён. У ходзе спрэчак па Закону дэпутаты прапаноўвалі і іншыя тэрміны для збору подпісаў: Валерый Ціхіня – 15, Алег Трусаў – 30 дзён. Ва ўступным слове да другога чытання праекта закона Леўчык з пафасам сказаў, што Камісія пайшла насустрач тым, хто меркаваў, што на збор подпісаў адводзіцца мала часу. Таму, маўляў, Камісія вырашыла павялічыць гэты тэрмін да 25 дзён.

Аднак яго словы аб павелічэнні часу на збор подпісаў на самай справе былі фейкам, бо Леўчык да часу, адведзенаму на збор подпісаў (10 дзён), неабгрунтавана прыплюсаваў час, адведзены на іншыя стадыі выбарчай кампаніі, такія як фармаванне ініцыятыўнай групы (10 дзён ) і рэгістрацыя ініцыятыўнай групы (5 дзён), да таго ж змаўчаўшы, што без пасведчанняў сябры ініцыятыўных груп не могуць весці збор подпісаў.

Маніпуляцыйны характар прапановы Леўчыка аб уяўным павелічэнні часу, адведзенага на збор подпісаў, дэпутаты Апазіцыі БНФ, вядома, разумелі, але зрабіць нічога не змаглі: у прынятым законе "Аб выбарах прэзідэнта» на збор подпісаў адводзілася ўсяго 10 каляндарных дзён, а сабраць неабходна было 100 000 сапраўдных подпісаў.

Фактычна за 10 каляндарных дзён такую колькасць подпісаў маглі сабраць толькі Кебіч, які абапіраўся на дзяржапарат, і БНФ.

Каб ускладніць збор подпісаў, парламенцкую большасць падтрымала прапанову дэпутата ад Беларускай рэспубліканскай арганізацыі ветэранаў вайны і працы Валянціна Сарокіна, у адпаведнасці з якой падпісны аркуш з усімі подпісамі лічыўся несапраўдным у выпадку выяўлення ў ім хаця б аднаго няправільна аформленага подпісу.

Але калі ў выпадку няўдачы са зборам неабходнай колькасці подпісаў выбаршчыкаў у Кебіча быў запасны варыянт – ён без праблем мог заручыцца пісьмовай падтрымкай сямідзесяці дэпутатаў Вярхоўнага Савета і стаць кандыдатам у прэзідэнты, то ў лідара БНФ такой магчымасці не было.

І ўсё ж: чаму ў 1994 годзе збор подпісаў працягваўся не 10, а 20 дзён?

Мы прывыклі бачыць у Цэнтральнай камісіі па выбарах орган, які абараняе ўладу. Але так было не заўсёды. Быў час, калі прэм'ер-міністр Вячаслаў Кебіч быў упэўнены, што на прэзідэнцкіх выбарах Цэнтральная камісія працавала на БНФ, але паўплываць на яе ён не мог, бо як і членаў Камісіі, і яе старшыні выбіраў Вярхоўны Савет. Перафарматаванне Цэнтральнай камісіі ў прыслугу дыктатуры пачалося пасля абрання прэзідэнтам Аляксандра Лукашэнкі.

Але гэта тэма для асобнай гутаркі.

Дык вось, Цэнтральная камісія па выбарах, якую тады ўзначальваў доктар юрыдычных навук Аляксандр Абрамовіч, скарысталася той акалічнасцю, што ў краіне дэ факта адсутнічаў інстытут прэзідэнцтва і не было прэзідэнта.

Аляксандр Абрамовіч.

Гэта дало ёй падставу заявіць, што ў адпаведнасці з артыкулам 8 закона "Аб выбарах прэзідэнта» ў нас пасада прэзідэнта вакантная. Падобная трактоўка заканадаўчай нормы надавала Цэнтральнай камісіі права самой вызначаць тэрміны правядзення пэўных перадвыбарных мерапрыемстваў. Таму яна, фактычна з маўклівай згоды парламенцкай большасці ў Вярхоўным Савеце, прапанавала прымяніць да першых прэзідэнцкіх выбарах скарочаныя тэрміны правядзення выбарчай кампаніі.

Баючыся, што Цэнтральная камісія па выбарах пагоршыць і без таго недэмакратычны характар закона аб выбарах прэзідэнта, апазіцыя БНФ – праўда, беспаспяхова – паспрабавала аспрэчыць падобную трактоўку артыкула 8. Але асцярогі апазіцыі БНФ выявіліся марнымі.

6 красавіка 1994 года Цэнтральная камісія па выбарах прыняла пастанову «Аб скарочаных тэрмінах правядзення некаторых перадвыбарных мерапрыемстваў пры выбарах першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», якая ішла ўразрэз з чаканнямі Вячаслава Кебіча. За кошт памяншэння часу, адведзенага на фармаванне ўчастковых выбарчых камісій, Цэнтральная камісія па выбарах павялічыла тэрмін збору подпісаў выбаршчыкаў на 10 дзён.

Цяпер на збор адводзілася 20 дзён.

І гэта, насуперак разліках саўмінаўскіх стратэгаў, зрабіла выбарчую кампанію канкурэнтнай і непрадказальнай.

Вам можа спадабацца