Бабарыка і пустата. Пара слоў аб драматургіі будучых выбараў

Палітыка

Бабарыка і пустата. Пара слоў аб драматургіі будучых выбараў

23 траўня 2020 а 21:26

Валер Булгакаў

Як паказваюць вынікі рэгістрацыі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў, сёлетнія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не будуць паўтарэннем выбараў папярэдніх, і ўжо гэтым выклікаюць жывы інтарэс.

Што ж змяніліся ў параўнанні з 2015 г.?

Геапалітычная прэмія Захаду

Па-першае, існуе высокая імавернасць таго, што сёлета ў выбарчых бюлетэнях упершыню не будзе прозвішча кандыдата ад празаходняй апазіцыі.

Такога не было ніколі пасля прыходу Лукашэнкі да ўлады.

Пяць гадоў назад Тацяна Караткевіч, пры ўсіх агаворках, прэзентавала мяккі варыянт апазіцыйнага кандыдата, і цешылася прынамсі маральнай падтрымкай Захаду.

Рызыкну дапусціць, што ініцыятыўныя групы Ганны Канапацкай, Вольгі Кавальковай, Мікалая Казлова, Юрася Губарэвіча і Андрэя Дзмітрыева не здолеюць сабраць патрэбнай для рэгістрацыі колькасці подпісаў.

Адсутнасць празаходняга кандыдата будзе выглядаць свайго роду геапалітычнай прэміяй Лукашэнку з боку Захаду. Тым самым Захад прасігналізуе, што цалкам задаволены геапалітычнай эвалюцыяй рэжыму за апошнія пяць гадоў.

Сапраўды, з пункту гледжання Захаду быў дасягнуты відавочны прагрэс: адносіны Беларусі з Расіяй планамерна пагаршаліся, а сёлета і наагул апынуліся ў глыбокім крызісе. На гэтым фоне працягваўся геапалітычны дрэйф афіцыйнага Мінску ў заходнім кірунку, кульмінацыяй чаго быў візіт дзяржсакратара ЗША Майка Пампеа ў Мінск 1 лютага бягучага года і запэўніванні знешнепалітычнага ведамства ЗША ў няўхільнай падтрымцы незалежнасці і суверэнітэту Беларусі.

Але гэтай акалічнасцю спіс навацый не вычэрпваецца.

Прарасійскі спойлер

Пасля кааптацыі ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Сяргея Гайдукевіча, які быў спойлерам Лукашэнкі чатыры выбарчыя кампаніі запар (2001, 2006, 2010 і 2015), адпаведнае месца стала вакантным.

Спойлер (на постсавецкай прасторы) — кандыдат на выбарах, які не мае шанцаў перамагчы, а ўдзельнічае для таго, каб праўладны кандыдат дасягнуў найлепшага выніку.

Гайдукевіч-старэйшы, магчыма, сапраўды верыць, што сын Алег, які стаў яго пераемнікам на пасадзе старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі, зможа пераняць і “ганаровы” статус спойлера.

Але такі сцэнарый выглядае надзвычай малаверагодным.

Лукашэнку не патрэбны малады спарынг-партнёр з афіцэрскай выпраўкай, на фоне якога сам ён можа стушавацца.

Хоць ініцыятыўная група Алега Гайдукевіча была зарэгістравана Цэнтравыбаркамам, прысутнасць гэтага прозвішча ў выбарчым бюлетэні пад вялікім пытаннем.

Гэта не азначае, што ўлады сёлета адмовяцца ад увядзення ў выбарчую драматургію фігуры спойлера.

Здаецца, пакуль гэтай функцыі болей адпавядае Валеры Цапкала, чые эксцэнтрычныя заявы спарадзілі значны грамадскі розгалас.

Рыторыка Цапкалы, нягледзячы на сваю вонкавую каструбаватасць, робіць уражанне прафесійнага піяру. Апрача гэтага, яна цікавая тым, што адрасавана розным аўдыторыям і пераследуе розныя палітычныя мэты.

З аднаго боку, былы дырэктар Парка высокіх тэхналогій Цапкала прэзентуе сябе як вопытнага мэнэджэра, які чэрпае натхненне ў найлепшых арганізацыйных мадэлях глабальнага капіталізму. Але гэта празаходняе пасланне балансуецца рыторыкай з элементамі лексікону “рускага свету”, на фоне якой сам Лукашэнка выглядае больш лаяльным да беларускай мовы і культуры палітыкам.

У адным з сваіх нядаўніх тэкстаў я прадставіў новы імідж Лукашэнкі як “абаронцы айчыны“ і выказаў меркаванне, што яго паліттэхалогі паспрабуюць перацягнуць стары незалежніцкі электарат на свой бок.

Адсутнасць у выбарчым бюлетэні ўласна незалежніцкага кандыдата пераводзіць гэтую задачу з тэарэтычнай у практычную сферу.

Калі ў выбарчым бюлетэні будуць прозвішчы кандыдатаў з прарасійскімі поглядамі, галасаванне за Лукашэнку як за меншае зло будзе цалкам імаверным выбарам для нацыянальна арыентаванага электарату.

Калі Валеры Цапкала на гэтых выбарах сапраўды будзе выконваць функцыю спойлера, гэта высветліць новыя грані феномена самога Лукашэнкі – значна больш гнуткага і дынамічнага палітыка, чым гэта прынята лічыць у апазіцыйным асяроддзі.

Падзёргаць ката за вусы

Чарговай сенсацыяй сёлетняй кампаніі стала заява (былога) старшыні праўлення “Белгазпрамбанку” Віктара Бабарыкі пра свае прэзідэнцкія амбіцыі.

Стварэнне 10-цітысячнай ініцыятыўнай групы, як і яе рэгістрацыя ў Цэнтравыбаркаме спарадзіла не толькі хвалю энтузіяму ў пэўных сегментах беларускага грамадства, але і нездаўменне ў шэрагу назіральнікаў:

навошта гэта яму? Няўжо ён не разумее, што яго чакае ў лепшым выпадку паказальны разгром?

Вылучэнне Бабарыкі, безумоўна, тлумачыцца яго індывідуальнымі асаблівасцямі.

Бабарыка вядомы як  шматгадовы любіцель экстрэмальнага віду спорту – падводнага плавання.

Па-другое, трагічная смерць жонкі (падчас заняткаў тым самым падводным плаваннем) і наяўнасць дарослых дзяцей робіць яго свабодным да звычайных сямейных клопатаў і абавязкаў.

Магчыма, ён успрымае выбары як свайго роду экстрэмальнае выпрабаванне, якое здольнае добра паказытаць нервы.

Пры гэтым пошукі за Бабарыкам расійскага следу не пераконваюць.

На пачатку 2000-х мне давялося працаваць разам з выканаўчым дырэктарам “Белгазпрамбанку” Валерыем Дашкевічам над кнігай “Беларусь: сцэнарыі рэформ”.

Па словах Дашкевіча, банк быў створаны па ініцыятыве беларускага боку (групы беларускіх бізнэсоўцаў). Газпром наагул вельмі неахвотна ўваходзіў у падобны бізнэс, таму падобных банкаў на постсавецкай прасторы няма нідзе, апрача Беларусі і Расеі.

Гэта ўскосна пацвярджаецца тым, што пераемнікам Бабарыкі на пасадзе кіраўнікам “Белгазпрамбанку” стаў Кірыл Бадзей  – сын Георгія Бадзея, міністра па кіраванню дзяржаўнай маёмасцю ва ўрадзе Міхаіла Чыгіра.

Аднак я не схільны тлумачыць прэзідэнцкія амбіцыі Бабарыкі толькі яго персанальнымі якасцямі.

У гэтым, на маю думку, адлюстроўваецца перафарматаванне палітычнага поля цягам апошніх гадоў, а таксама рашучасць буйнога бізнэсу ўключыцца ў барацьбу за ўладу пасля сыходу Лукашэнкі

Высновы: Сёлетні палітычны расклад дазваляе зазірнуць у будучыню

Выглядае, што сёлетнія выбары будуць выбівацца з наезджанай каляіны прынамсі складам удзельнікаў, якія выйдуць на фінішную прамую.

У такім выпадку ў іх можна будзе ўбачыць праекцыю на будучыню: акрэсліцца кола палітычных гульцоў, якія будуць прэтэндаваць на кантроль над Беларуссю пасля сыходу Лукашэнкі.

У гэтым коле хутчэй за ўсё не будзе сілаў, звязаных з празаходняй апазіцыяй.

З аднаго боку, пустата, створаная яе выпаданнем з палітычнага поля, і мела вынікам з’яўленне феномена Бабарыкі. З другога, гэты феномен можа быць народжаны эканамічным і знешнепалітычным крызісам, а таксама перспектывай крызісу перадачы ўлады ў рамках кіруючага кола.

Каб перамагаць у выбарах, трэба ў іх удзельнічаць.

За ўладу ў Беларусі пасля Лукашэнкі будуць змагацца тыя сілы, якія будуць здольныя акумуляваць фінансавы капітал і кантраляваць эфектыўныя СМІ.

Няўдзел апазіцыі ў сёлетніх выбарах, пад які летась некаторыя каментатары падвялі нават тэарэтычны базіс, і які сёлета хутчэй за ўсё матэрыялізуецца, аслабляе яе.

Які сэнс цяпер апазіцыі ўдзельнічаць у лакальных выбарах, калі яна не здольная ўзяць удзел у галоўных?

P.S. Усё ідзе да таго, што сёлета ў выбарчых бюлетэнях упершыню не будзе ніводнага беларускамоўнага палітыка. Гэта не вынік хітрыкаў падступнага Захаду ці “шматхадовак” прагнай рэваншу беларускай наменклатуры. Гэта, найперш, наступства адсутнасці палітыкі ў Беларусі.

Вам можа спадабацца