Беларусь і Захад: што далей

Міжнародныя дачыненьні

Беларусь і Захад: што далей

29 сьнежня 2019 а 17:05

Валер Булгакаў

Лаві момант або пралятай міма касы

Доўгі час пазіцыя Захаду ў дачыненні Беларусі трымалася на непаразуменні.

На Захадзе меркавалі, што ў Беларусі магчымы сцэнар каляровай рэвалюцыі, калі народныя масы, натхнёныя палымянымі лідарамі, уздымаюцца і паспяхова зрынаюць прагнілы аўтарытарны рэжым.

Гэтай аблудзе спрыяла схільнасць заходніх паліттэхнолагаў мысліць па аналогіі (у гэтым выпадку – з Сербіяй, Украінай, Кіргізіяй, Грузіяй і г.д.) і, магчыма, бадзёрыя запэўніванні іх беларускіх партнёраў, што ў Беларусі настала рэвалюцыйная сітуацыя. (Такія запэўніванні дзе-нідзе чуваць і цяпер.)

Выбары 2001, 2006 і 2010 гадоў прайшлі пад знакам сцэнарыя каляровай рэвалюцыі. У паразе 2001 дэ факта быў абвінавачаны нерашучы прадстаўнік старой наменклатуры, таму на выбары 2006 дэмакратычныя сілы ўвасабляў новы лідар, які быў маладзейшым і больш дынамічным. Паколькі і яму не ўдалося спраўдзіць спадзяванняў, на выбары 2010 апазіцыя выйшла адразу некалькімі калонамі, дайшла да Дому ўраду, дзе была абезгалоўлена.

Замест перамогі над рэжымам атрымалася доўгая чарада турэмных прысудаў.

Чаму рэвалюцыйны сцэнарый быў немагчымы ў Беларусі пачатку XXI ст.?

Па-першае, рэжым Лукашэнкі не кланавы, а папулісцкі. У пэўнай фазе свайго станаўлення такія рэжымы дэманструюць большую ўстойлівасць, паколькі грунтуюцца на рэальна здабытай народнай падтрымцы.

Па-другое, Беларусь – унікальная краіна ва Ўсходняй Еўропе з пункту гледжання нацыянальнай ідэнтычнасці і нацыятварэння. Працэс русіфікацыі тут зайшоў вельмі далёка, і тычыўся не толькі мовы, але і карціны свету. Таму з пункту гледжання ідэнтычнасці ладная частка насельнікаў Беларусі мала чым рознілася ад жыхароў прымежных рэгіёнаў Расіі. Будучы цалкам у сферы дзяржаўных і расійскіх СМІ, шматлікія беларусы выявілася неўспрымальнымі на нацыяналістычныя, праеўрапейскія і антырасійскія лозунгі і заклікі.

Можа быць і па-трэцяе, і па-чацвёртае, але гаворка тут не пра гэта.

Як мы ведаем, класічнае вызначэнне вар’яцтва – рабіць адно і тое, і спадзявацца на якасна іншы вынік.

Гэтую формулу можна прыкласці і да Беларусі.

Калі цягамі 10 гадоў рэвалюцыя так і не сталася, яна хутчэй за ўсё і не станецца ў агляднай будучыні.

Імпульсы да перагляду стратэгіі лабавой канфрантацыі з афіцыйным Мінскам сталі відавочнымі пасля расійска-грузінскай вайны 2008 г. і асабліва пасля Плошчы (2010), калі заходнім назіральнікам стала ясна, што сілавы сцэнарый змены ўлады ў Беларусі нерэальны. А канчаткова яе пахавалі падзеі ўкраінска-расійскай вайны 2014 г.

Беларусь з эксцэнтрычным пажыццёвым прэзідэнтам адыйшла ў цень куды больш сур'ёзнай геапалітычнай канфрантацыі.

Палітыка – мастацтва магчымага. А таксама – гульня на вынік

Цяпер пару слоў пра аблуды мясцовых дэмакратычных актывістаў.

Насуперак папулярным уяўленням, Захад не зацікаўлены ў развіцці нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, незалежных СМІ ці нават грамадзянскай супольнасці саміх па сабе.

Заходніх паліттэхнолагаў можна зразумець: палітыка – мастацтва магчымага. А таксама – гульня на вынік.

Стратэгічна Захаду патрэбны кантроль над рэгіёнам, у прыватнасці, над усходняй мяжой Еўрапейскага Саюзу.

Ідэальна гэта забяспечваецца пры дапамозе пабудовы ў асобна ўзятай краіне ліберальнай дэмакратыі і адкрытай рынкавай эканомікі.

Там, дзе гэта немагчыма, выкарыстоўваецца метад бізуна і перніка: на змену канцэпту ўсенароднага паўстання супраць антынароднага рэжыму могуць прыходзіць практыкі кулуарнай дыпламатыі.

Кантраляваць ці прынамсі мець пачуццё падкантрольнасці можна і так.

Гэта, на маю думку, і задае характар дыялогу паміж афіцыйным Мінскам і Захадам пасля 2014 г. Каб стварыць уражанне, што Захад можа кантраляваць сітуацыю ў рэгіёне, афіцыйны Мінск пачаў "чуць" яго пазіцыю і ўлічваць яго інтарэсы.

На месца палітыкі канфрантацыі прыйшла палітыка дробных саступак.

У тактычных адносінах такі паварот падзей быў перамогай афіцыйнага Мінску. Захад адмовіўся ад, кажучы афіцыйным прапагандысцкім штампам, практыкі двайных стандартаў, калі Беларусь трактавалася асабліва на фоне падобных аўтакратый у Сярэдняй Азіі ці ў Паўднёвым Каўказе толькі з геапалітычных прычын, бо належала да Ўсходняй Еўропы.

Да таго ж, гэты паварот выклікаў доўгатэрміновы крызіс інфраструктуры, заточанай пад сцэнарый каляровай рэвалюцыі. У выніку шмат тых, хто раней звязваў свой лёс з апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю, вымушаны быў шукаць сабе працу ў іншай сферы.

Гэтыя людзі думалі, што яны дзеячы нацыянальнага маштабу, праваднікі дэмакратыі і г.д. Па факце ж выявілася – яны ўсяго толькі інструмент у глабальнай геапалітычнай гульні, а лёс структур, з якімі яны былі звязаны, падобны да лёсу стартапаў у IT-сферы: добра, калі з 100 выжыве 5-10.

Гэты паварот выявіў іншае аблічча Захаду – прагматычнага, рацыянальнага да мозгу касцей, гатовага прымаць жорсткія  рашэнні, якія могуць змяняць лёсы людзей, свядомага таго, што мае цяпер тэхнакратычную каштоўнасць, а што не, дзякуючы адмысловым методыкам ацэнкі эфектыўнасці.

Высновы: Захад як спонсар стабільнасці беларускага рэжыму?

У цяперашняй пазіцыі Захаду ў дачыненні да афіцыйнага Мінску, відаць, такі прысутнічае каньюнктурнасць. Але ў цэлым яна абумоўлена лепшым разуменнем Беларусі і феномена функцыянавання цяперашняй беларускай улады, чым 10 ці 20 гадоў назад.

Пазіцыя Захаду, накіраваная на ангажаванне з уладамі, вынікае з праверанага на практыцы ўсведамлення, што мінскі рэжым не можа быць зменены рэвалюцыйным шляхам.

Любыя спробы змены ўлады пры Лукашэнку будуць суправаджацца выбухам гвалту.

Новыя санкцыі будуць амартызаваныя пры дапамозе Расіі і прывядуць да яшчэ большага збліжэння з ёй.

Такая пазіцыя азначае, што асноўныя выклікі для рэжыму Лукашэнкі будуць вынікаць з яго ўнутранай нестабільнасці і неаімперыялісцкай палітыкі Крамля.

Радыкальна антыэлітарны, папулісцкі рэжым Лукашэнкі радыкалізуе апазіцыю і эліты. Прынята лічыць, што ён аслабляе беларускі нацыяналізм. Але як у выпадку франкісцкай Іспаніі ці позняга СССР аўтарытарныя рэжымы могуць мець і адваротны эфект: узмацняць нацыяналізм, які робіцца для мас рэлігіяй палітычнага вызвалення.

Я схільны меркаваць, што кансэнсус вакол нацыянальных каштоўнасцяў – адна з ключавых перадумоў пераходу Беларусі да дэмакратыі.

Да таго ж, перад рэжымам Лукашэнкі маячыць праблема транзіту ўлады.

Сам па сабе традыцыйны сцэнарый правядзення прэзідэнцкіх выбараў у  2020 г. не прывядзе да перагляду пазіцыі Захаду да Беларусі. Адсутнасць гвалту, дыстанцыяванне ад Расіі, далейшая лібералізацыя візавага рэжыму для грамадзян ЕС і Паўночнай Амерыкі, удзел супрацоўнікаў дзяржапарату ў міжнародных праграмах абмену досведам і г.д. будуць паказчыкам таго, што кулуарны дыялог будзе працягвацца.

Прынамсі датуль, пакуль у чарговы раз не зменіцца міжнародная кан'юнктура і Беларусь выйдзе з ценю расійска-ўкраінскай канфрантацыі.


 

Вам можа спадабацца