Беларусь пасля 9 жніўня: хто адкажа за зрыў "элегантнай" перамогі

Палітыка

Беларусь пасля 9 жніўня: хто адкажа за зрыў "элегантнай" перамогі

Беларускае грамадства паміж "гета" ўлады і "гета" апазіцыі

Адразу прызнаюся, што я лічу неверагодным палітычны сцэнарый, згодна з якім сёлетнія прэзідэнцкія выбары прывядуць да краху рэжыму.
Вылучу некалькі аргументаў у падтрымку такой пазіцыі:
1. Нягледзячы на рост крызісных праяў, рэжым у цэлым кантралюе сітуацыю ў краіне. Таксама нічога не паказвае, што дзеянні асноўных геапалітычных гульцоў – Захаду і Расіі – наўпрост скіраваныя на сілавую змену ўлады ў краіне летам 2020 г.

Пэўнае браджэнне ў асяроддзі эліт, што ўвасобілася найперш у прэзідэнцкіх амбіцыях Віктара Бабарыкі, было падаўлена ў зародку з небывалай жорсткасцю.

Палітызаваная вулічная актыўнасць эфектыўна пераследуецца, і ступень жорсткасці гэтага пераследу будзе ўзрастаць па меры набліжэння дня выбараў.

2. Будзе ці не будзе Плошча 2020, пытанне адкрытае. Спецыфіка моманту палягае ў тым, што асобы лідара, здольнага ачоліць пратэсты, не праглядаецца. Дыстанцыйна кіраваць Плошчай, са Следчага ізалятара КДБ, немагчыма. Лідары "старой школы", здольныя павесці людзей за сабой (Павел Севярынец, Мікола Статкевіч) прэвентыўна ізаляваныя ад грамадства па надуманых прычынах. Ужо дакладна можна сказаць, што яны не будуць вызваленыя да дня галасавання.

3. Кідаецца таксама на вочы адсутнасць выразнага ідэалагічнага паслання для аўдыторыі, якая мае выйсці на Плошчу, суаднесенага з сёлетнімі рэаліямі. Стандартныя апазіцыйныя лозунгі валодаюць нізкай мабілізацыйнай прыцягальнасцю. Ідэя Віктара Бабарыкі з рэферэндумам, высока ацэненая на старонках газэты ARCHE (маўляў, яе аўтар мысліў стратэгічна, на некалькі крокаў наперад), не мае ніякай каштоўнасці для вулічнай барацьбы. Гэта доўгатэрміновая мірная ініцыятыва (з нулявымі шанцамі на рэалізацыю ў цяперашніх палітычных варунках, дадам ад сябе). Слоган жа кампаніі Сяргея Ціханоўскага "Стоп таракан" адрасаваны досыць вузкай групе – найперш гарадской палітызаванай публіцы, а калі больш дакладна, карыстальнікам сацыяльных сетак і youtube маладога і сярэдняга веку.

Улётка гродзенскай сустрэчы з выбаршчыкамі Сяргея Ціханоўскага.

Такім чынам, пакуль нічога не паказвае на тое, што масы салідарна выйдуць на галоўную Плошчу сталіцы (або іншых гарадоў), каб адстаяць сваю скрадзеную перамогу.

Пагатоў, што з самой выбарчай перамогай над Лукашэнкам усё вельмі няясна.

І, не варта сумнявацца ні на хвіліну, усё будзе зроблена так, каб у пратэстнага электарата не было адчування выйграных выбараў. Найпрасцей – праз нерэгістрацыю Віктара Бабарыкі і Святланы Ціханоўскай у якасці кандыдатаў у прэзідэнты.

Ёсць і іншыя спосабы.

Тым не менш, 10 жніўня 2020 у Аляксандра Лукашэнкі наўрад ці будзе святочны настрой.

Сёлетняя выбарчая кампанія, бадай, самая непрадказальная і брутальная за ўсю гісторыю створанага ім рэжыму.

У тым ліку таму, што яна агаліла прорву ўзаемнага адчужэння паміж грамадствам і ўладай.

Праўладныя прапагандысты здаўна здзекліва пішуць аб "свядомым коле" і "апазіцыйным гета".

Сёлета канчаткова аформілася і процілеглае ўяўленне: "гета ўлады".

Паводле трапнага назірання журналісткі Ульяны Бабаед, дыстанцыя паміж "гета ўлады" і грамадствам нарастае: "ці зафіксуе ўлада з свайго гета момант, калі людзі навучацца зусім абыходзіцца без яе".

Ці будзе змяняцца нязменная ўлада

Пасля 9 жніўня адным з асноўных пытанняў для Лукашэнкі будзе, як рэагаваць на ўзрушэнні і выклікі, з якімі сутыкнулася створаная ім сістэма падчас выбарчай кампаніі.

Існуюць два асноўныя спосабы пераадолення такога крызісу: стварэнне эфектыўных каналаў зваротнай сувязі з грамадствам, або яго запалохванне, павышэнне цаны на індывідуальны пратэст і асабліва на адкрытую канкурэнцыю за ўладу.

Першы спосаб прадугледжвае рэальнае ўвядзенне дэмакратычных механізмаў і тым самым абмежаванне прэзідэнцкага самаўладдзя.

Гэты варыянт відавочна неймаверны.

Улада будзе і надалей практыкаваць "перакуленыя", "вертыкальныя", "іерархічныя" адносіны з грамадствам па прынцыпе "я начальнік, ты дурак". Замест свабоднага волевыяўлення грамадзянам і надалей будзе прапаноўвацца падаваць на месцах скаргі і звароты "ва ўстаноўленым законам парадку".

У чэрвені некаторыя мае калегі недаўмявалі: навошта старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Наталля Качанава сустракаецца ў рэгіёнах з мясцовымі актывістамі апазіцыі?

Акурат для таго, каб імітаваць зваротную сувязь з грамадствам у сітуацыі, калі іншыя каналы не працуюць!

Значыць, застаецца чакаць павышэння цаны на пратэсты?

Наогул так, але тут ёсць важныя нюансы.

Рэжым Лукашэнкі стараецца ўжываць столькі гвалту, сколькі і сярэднестатыстычная дэмакратычная краіна. Да таго ж, па палітычных прычынах ён не можа дазволіць сабе пасля выбараў адключыць інтэрнэт або прынамсі заблакаваць сацыяльныя сеткі. Таму любыя захады ў галіне медыйнай палітыкі, якія б рэзка вылучылі Беларусь на фоне іншых краін рэгіёну, варта ў прынцыпе выключаць.

Іначай ілюзія беларусаў, што яны жывуць у нармальнай краіне, будзе разбурана.

Больш верагодным сцэнарыем выглядаюць кропкавыя ўдары па аб'ектах, якія выклікалі павышаную ўвагу і заклапочанасць з боку ўладаў падчас кампаніі. А менавіта, па элітах, медыях і іншых крыніцах непажаданай актыўнасці (блогеры, стрымеры і г.д.). Асобнай размовы заслугоўваюць адносіны з Расіяй, але мы вынесем гэтую тэму за рамкі гэтага артыкула.

Выпрацоўка балявога рэфлексу ў тых, у каго ён не быў выпрацаваны раней

Уласна кажучы, гэтыя кропкавыя ўдары ўжо пачаліся.  Іх адметнасцю ёсць "расшырэнне зоны паражэння": калі раней крымінальны пераслед наступаў у адносінах да самога палітыка, які наважыўся адкрыта канкураваць з Лукашэнкам за ўладу (Міхаіл Чыгір, Міхаіл Марыніч, Леанід Калугін і г.д.), то сёлета ўлады практыкуюць калектыўную адказнасць за такое бязглуздае на іх думку рашэнне.

Усё ідзе да таго, што па эканамічных артыкулах Крымінальнага кодэксу будзе асуджаны не толькі сам Віктар Бабарыка, але яго сын і тузін былых супрацоўнікаў "Белгазпромбанку".

Тое ж самае справядліва і ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага, толькі з той папраўкай, што артыкулы будуць "хуліганскія" і, трэба спадзявацца, не будуць тычыцца яго найбліжэйшых сваякоў.

Не выключана, што пасля выбараў "у зоне паражэння" апынуцца ўжо не толькі іх непасрэдныя "бязглуздыя" ўдзельнікі, але і сацыяльныя асяроддзі, з якіх зыходзіла фронда/апазіцыя, а таксама медыі, якія даносілі альтэрнатыўныя пасланні да грамадства.

Гэтая магчымасць далёка не гіпатэтычная: вядома, што ўлады абмяркоўвалі пазбаўленне акрэдытацыі мінскага бюро "Радыё Свабода".

Аднак удар можа быць нанесены не толькі па "цэнтральных" незалежных СМІ.

Гісторык Павел Церашковіч нядаўна зазначыў, што маштаб пратэстнай актыўнасці ў рэгіёнах небывалы, і параўнальны толькі з часамі рэвалюцыі 1905-07 гадоў.

Выглядае, што гэта не толькі эфект самаарганізацыі мясцовых супольнасцяў пра сацыяльныя сеткі і пад., але і вынік эфектыўнай дзейнасці мясцовых СМІ.

І сапраўды, тых гарадах, у якіх у чэрвені адбывалася акцыі "ланцугі салідарнасці" (Маладзечна, Ганцавічы, Гродна, Ліда і г.д.), дзейнічаюць уплывовыя незалежныя СМІ.

Таму яны таксама будуць у чырвонай зоне рызыкі ў паслявыбарны перыяд.

Асобна трэба сказаць пра феномен "новай альтэрнатывы", якую ўвасабляў Віктар Бабарыка. Яго сёлетняе з'яўленне на палітычнай сцэне – бадай, адна з галоўных падзеяў у палітычным жыцці Беларусі.

Не выпадкова, ён стаў фаварытам пратэстнага электарату.

Таму вастрыё ўдару можа быць накіраваны супраць асяроддзя, з якога выйшаў гэты палітык.

Згодна з новай тактыкай "калектыўнай адказнасці", пад ударам можа апынуцца ўвесь недзяржаўны банкаўскі сектар або, яшчэ шырэй, прыватны бізнэс.

Феномен Сяргея Ціханоўскага адметны тым, што гэты палітык адкрыта зрабіў стаўку на канвертацыю мэдыйнага ўплыву ў палітычны, выкарыстоўваючы пры гэтым тыя медыйныя каналы, які рэжым не можа эфектыўна кантраляваць.

Таму блогеры-стрымеры-"мільённікі" таксама могуць апынуцца пад ударам, і павінны быць пастаянна гатовы да "актыўных мерапрыемстваў" у дачыненні да саміх сябе.

Дурны Захад і хітры Лукашэнка, ці такі наадварот?

На сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах пакуль перамагае ні Лукашэнка (чыя фармальная перамога мае шанцы стаць піравай),  ні новая альтэрнатыва (якая будзе хутчэй за ўсё раструшчана ў жорнах сілавога апарату), ні Расія (генерал КДБ Іван Церцель адкрыта назваў топ-менеджэраў "Газпрому" закуліснымі ляльководамі Бабарыкі), а ... новая заходняя стратэгія ўзаемаадносін з Беларуссю.

Акурат не наяўнасць, а адсутнасць традыцыйнага празаходняга кандыдата ў канчатковым рахунку сарвала звычайны сцэнарый выбарчага спектаклю і пагоршыла адносіны афіцыйнага Мінску з Расіяй.

Але адмовіўшыся ад адкрытага палітычнага процістаяння, Захад застаецца ўплывовым гульцом ва ўнутраным медыйным/інфармацыйным полі Беларусі і ўспрымаецца такім беларускімі ўладамі.

Свежае сведчанне гэтаму –  заява міністра Юрыя Караева, што "незаконнымі вулічнымі акцыямі кіруюць праз Telegram-каналы і стрым Радыё Свабода".

У апазіцыйным асяроддзі часта бытуе ўражанне, што рэжым – гэта група старых вядомых кадраў, якія рэгулярна паяўляюцца на афіцыйных цырымоніях.

Насамрэч, рэжым – гэта каласальнае павучынне сетак кантролю, гэта карпатлівы збор інфармацыі, яе аналіз і экспертыза.

Турэмнае зняволенне Бабарыкі ці Ціханоўскага само па сабе можа не пацягнуць за сабой рэзкае пагаршэнне адносін Беларусі і Захаду. А вось пагром празаходніх медыйных платформ/інфармацыйных каналаў, якія дзейнічаюць у краіне –  дакладна пацягне.

Рэжыму давядзецца скрупулёзна пралічваць, ці не пацягне за сабой такі крок яго аслабленне ў доўгатэрміновай перспектыве. А калі адназначнага адказу не будзе, гэта будзе хутчэй аргументам "супраць".

Натуральна, многія з выкладзеных тут меркаванняў носяць гіпатэтычны характар і могуць не пацвердзіцца напярэдадні ці пасля выбараў.

Пэўнае адно: ад дзеянняў улады ў паслявыбарны перыяд будзе залежаць яе даўгатэрміновая стабільнасць, а таксама акно магчымасці для тых сіл, якія  бачаць у ёй перашкоду ў руху да свабоднай незалежнай Беларусі.

Вам можа спадабацца