“Бітва за Каліноўскага” працягваецца

Гісторыя

“Бітва за Каліноўскага” працягваецца

І так будзе да самога яго вяртання

27 лістапада 2019 а 21:41

Васіль Герасімчык

Урачыстасці, якія прайшлі ў Вільні 22 лістапада, пацвердзілі наяўнасць у беларусаў сімвала, здольнага яднаць і гуртаваць, выклікаць станоўчыя пачуцці і духоўны ўздым. Гэта  асоба Кастуся Каліноўскага, аднаго з лідараў паўстання 1863-1864 гадоў у Беларусі і Літве, які цяпер спачывае на віленскіх могілках Роса разам з паплечнікамі.


Пакаранне смерцю паўстанцаў 1863 г. у Вільні на Лукішскім пляцы. Літаграфія, 1863-1865. 
Літоўскі нацыянальны музей.

Чаму ж падзеі ў Вільні 22 лістапада, нягледзячы на пэўныя перашкоды і, да апошняга, ігнараванне з боку дзяржавы, атрымалі такі водгук, у тым ліку за мяжой, ды такі, што ўзгадваецца адзін з радкоў самога Каліноўскага з “Лістоў з-пад шыбеніцы”:

Калі народы загранічныя, з дзіва разінуўшы рот, скажуць: “шалёныя”, Ты, народзе вялікі і чэсны, праўдай ім адкажы, што яны таму прычынай, што гэта на іх сумленне цяжкім грэхам ляжа.

Што ж гэтаму пасадзейнічала?

Кастусь Каліноўскі:

“Нам адно сільна з шчырай верай за сваё стаяці трэба”

Па-першае, адкрытасць навуковых даследаванняў, якія праводзілі на Замкавай гары ў Вільні археолагі Гіціс Грыжас і Валдас Сцяпанайціс, антраполагі Рымантас Янкаўскас і Юстына Казакайце.

Гэта ўвасобілася ў цыкле лекцый у Нацыянальным музеі Літвы, прачытаных у 2018-2019 гадах, і публічную дыскусію з удзелам беларускіх навукоўцаў 23 сакавіка 2019 года, калі пацвердзілася знаходжанне парэштак Кастуся Каліноўскага. Праведзеная літоўскімі навукоўцамі праца абагульнена ў кнізе “Шлях паўстанцаў 1863-1864 гадоў ад смерці да адраджэння” (“1863–1864 metų sukilėlių kelias į mirtį ir atgimimą”), прэзентаванай 14 лістапада.

Вокладка кнігі “1863–1864 metų sukilėlių kelias į mirtį ir atgimimą".

Таксама літоўскія навукоўцы падрыхтавалі выстаўку “Абуджаныя: гісторыя паўстанцаў, якіх знайшлі на гары Гедыміна”, якая суправаджаецца матэрыяламі па-беларуску.

Постар выстаўкі выстаўку “Абуджаныя: гісторыя паўстанцаў, якіх знайшлі на гары Гедыміна”.
Крыніца: https://www.svaboda.org/
 

Па-другое, адсочванне вынікаў даследаванняў беларусамі ў Літве і іх камунікацыя з літоўскімі спецыялістамі.

Тут варта ўзгадаць Таварыства беларускай культуры ў Літве на чале з Алесем Адамковічам і тыя арганізацыі, праз якія ўдалося дамагчыся з’яўлення беларускамоўных надпісаў з прозвішчамі паўстанцаў 1863-1864 гадоў у капліцы на Роса. Таксама праз пасярэдніцтва беларускай супольнасці ў Літве быў атрыманы дазвол на ўрачыстыя шэсці 23 сакавіка і 23 лістапада ў Вільні.

Па-трэцяе, дзейнасць ключавых недзяржаўных СМІ, прадстаўленых у сеціве (“Наша ніва”, “Белсат”, “Радыё Свабода”, “Тут.бай”) і друку (“Народная воля”, “Камсамольская праўда”, “Наша гісторыя”). Вынікам узаемадзеяння журналістаў з літоўскімі археолагамі і беларускімі гісторыкамі стала стварэнне цэлага комплексу навукова-папулярных тэкстаў, які паўставаў за кошт з’яўлення новых інфанагодаў, што стваралі пачуццё далучанасці да падзеі, якая можа здарыцца раз на жыццё. Гэта і аўра містычнасці знаходжання парэштак, і залаты пярсцёнак Серакоўскага, і пошукі сваякоў паўстанцаў для іх ідэнтыфікацыі па ДНК, і рэпартажы з месцаў, звязаных з паўстаннем 1863-1864 гадоў, і праграмы, створаныя “Белсатам” (Інтэрмарыўм”, “Кожны з нас”), і адкрыты ліст беларускіх інтэлектуалаў, якія выступілі за перапахаванне Кастуся Каліноўскага ў сталіцы Рэспублікі Беларусь.

Залаты пярсцёнак Серакоўскага.

Па-чацвёртае, кампанія #Kalinouski2019 і дзейнасць Беларускага грамадскага камітэту памяці паўстанцаў 1863-1864 года на чале з Аляксандрам Смаленчуком і Анатолем Міхнаўцом, апошні з якіх непасрэдна каардынаваў ключавыя падзеі шырокай грамадскай актыўнасці.

Медальён Кастуся Каліноўскага. Крыніца: Siarhei Kuzniatsou/Facebook.

Па-пятае, самастойная дзейнасць разнастайных суполак, арганізацый, палітычных партый і прыватных асобаў, у тым ліку літаратараў і мастакоў. Тут варта вылучыць гродзенскіх і лідскіх актывістаў, якія займаліся мемарыялізацыяй месцаў памяці паўстання 1863-1864 гадоў.

Асобна варта вылучыць і адкрытасць уладаў Літвы, якія выдалі бясплатныя візы і правялі ўрачыстасці на найвышэйшым узроўні.

У цэлым урачыстасці 22 лістапада ў Вільні сталі прыкладам супольных дзеянняў беларускай грамадзянскай супольнасці, прадстаўленай як у Беларусі, так і па-за яе межамі. І ў той жа час ў Вільні сталі відавочнымі пралікі уладаў Рэспублікі Беларусь і нескарыстаная магчымасць па паляпшэнні ўласнага іміджу як унутры краіны, так і на заходнім накірунку, перш за ўсё, у асяродку беларусаў замежжа. А яшчэ ў верасні 2017 года ўсё разгортвалася па зусім іншым сцэнары.

Каліноўскі мог быць перапахаваны ў Беларусі.

У верасні 2017 года прадстаўнікі ўладаў абмяркоўвалі магчымасць перапахавання парэштак Кастуся Каліноўскага ў Беларусі. З такой ініцыятывай выступіў старшыня грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны” Алег Трусаў. 25 верасня 2017 года прапанова разглядалася ў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Адбылася сустрэча супрацоўнікаў Пасольства Беларусі ў Літве з прафесарам Вільнюскага ўніверсітэта Рымантасам Янкаўскасам, які ўжо тады (верасень 2017!) паведаміў пра знаходкі парэштак Кастуся Каліноўскага. Гэта пацвярджалася нападставе супадзення ўзроста, спосабу і даце пакарання, выніках мадэлявання і фотаідэнтыфікацыі асобы па параўнанні чэрапа з фотаздымкам.

Міністэрства замежных спраў і міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь былі гатовыя да супрацы з літоўскім бокам, што пацвярджаў намеснік міністра Аляксандр Яцко:

Улічваючы асаблівую гістарычную значнасць даследаванняў, якія праводзяцца зараз у Вільні, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь лічыць мэтазгодным наладжванне супрацоўніцтва паміж беларускімі і літоўскімі спецыялістамі. Гэта стане добрым падмуркам для ўдзелу беларускага боку ў абмеркаванні пытання аб перапахаванні парэшткаў і ўвекавечанні памяці К. Каліноўскага.

Былі падключаныя беларускія навукоўцы, пачыналася сапраўдная праца. 

Але надалей у справу, відавочна, умяшаліся іншыя сілы. Была ініцыявана кампанія па дыскрэдытацыі постаці Кастуся Каліноўскага, якая аднак, наадварот, пасадзейнічала толькі яго папулярызацыі. Толькі праз амаль два гады пасля запыту зялёнае святло было дадзена на эксгумацыю меркаванага пахавання Віктара Каліноўскага. Працы былі праведзены на высокім навуковым узроўні ў прысутнасці літоўскіх спецыялістаў і прадстаўнікоў грамадскасці. Але тут варта ўзгадаць, што яшчэ напрыканцы лістапада 2017 года Свіслацкі райвыканкам паведамляў у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пра пагрозу несупадзення генетычных матэрыялаў (прыводзім вытрымку з захаваннем арфаграфіі дакумента):

“Па інфармацыі, атрыманай ад старажылаў горада Свіслач, крыж на пахаванне Віктара Каліноўскага быў усталяваны ў канцы 90-х гадоў ХХ ст. Аднак, існуе меркаванне, што крыж мог быць усталяваны не на магіле Віктара Каліноўскага, а на іншым пахаванні прыкладна тых часоў.

У сувязі з тым, што адсутнічаюць пісьмовыя і іншыя гістарычныя крыніцы, якія могуць пацвердзіць канкрэтнае месцазнаходжанне пахавання Віктара Каліноўскага, ставіцца пытанне аб мэтазгоднасці правядзення экзгумацыі. Так, несупадзенне генетычнага матэрыяла можа прывесці да памылкавых гістарычных вынікаў”.

Калі падрыхтоўка да ўрачыстага перапахавання паўстанцаў 1863-1864 гадоў выходзіла на завяршальную стадыю, у ліпені 2019 года ў Свіслачы адбылася эксгумацыя парэштак з меркаванага пахавання Віктара Каліноўскага. Іх вынікі беларускі бок перадаў незадоўга да самога перапахавання. Літоўцы правялі даследаванні і 19 лістапада паведамілі: “атрыманыя храмасомы і ДНК не супадаюць з ДНК Кастуся Каліноўскага”. Было б дзіўна, каб яны супалі. 

Праігнараваць падзеі ў Вільні беларускі бок не мог. 17 лістапада Аляксандр Лукашэнка назваў Каліноўскага “нашым чалавекам, калі хочаце – грамадзянінам”. А 22 лістапада ў Вільні  віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка звязаў Каліноўскага з

“перарастаннем беларускага нацыянальна-культурнага руху ў барацьбу за беларускую дзяржаўнасць у форме народаўладдзя” і тым, што ўжо ў час паўстання “дэкларавалася ідэя аб палітычнай суб’ектнасці Беларусі ў адносінах з краінамі-суседзямі. Знакава, што паролем паўстанцаў Кастуся Каліноўскага з’яўляліся словы “Каго любіш? – Люблю Беларусь”.

Гэты кавалак выступу амаль слова ў слова супадае з “Гісторыяй беларускай дзяржаўнасці”, як тое і мае быць:

Ужо ў ходзе паўстання К. Каліноўскі дэклараваў ідэю пра палітычную суб’ектнасць Беларусі ў адносінах з Расіяй і Польшчай. Аб гэтым сведчыць і зварот-пароль паўстанцаў: «Каго любіш?, водгук — “люблю Беларусь!”, далей: “Дык узаемна”.

Ці б маглі сабе тое ўявіць ініцыятары кампаніі па дыскрэдытацыі постаці Кастуся Каліноўскага?

Але на гэтым справа няскончаная. “Бітва за Каліноўскага” працягваецца, і так будзе да самога яго вяртання.