Чым выбарчая кампанія 2020 года падобная да кампаніі 2001 года

Гісторыя

Чым выбарчая кампанія 2020 года падобная да кампаніі 2001 года

Калі і можна пагадзіцца з Лідзіяй Ярмошынай, дык гэта ў тым, што выбарчая кампанія 2020 года падобная да кампаніі 2001-га. Вядома, лепш бы яна была падобная да ВЫБАРАЎ 1994 года, але што ёсць, то ёсць. Нямногія ведаюць, што Лідзія Ярмошына была членам Цэнтральнай выбарчай камісіі і ў 1994 годзе. На шчасце для тагачасных прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла, яна тады нічым не запомнілася.

Членам Камісіі яна стала 22 красавіка 1992 года. У народзе ёсць такая прымаўка: як сядзеш, так і паедзеш. Дык вось, перад зацвярджэннем у Вярхоўным Савеце кандыдатуры Ярмошынай і яшчэ чатырох спаборнікаў (сярод якіх быў і небезвядомы Валянцін Сукала) у апазіцыі БНФ да ўсіх пецярым паўсталі законныя прэтэнзіі, а менавіта: дэпутатам не былі прадстаўлены пратаколы, якія б сведчылі пра абмеркаванне прапанаваных кандыдатур рэспубліканскімі грамадскімі арганізацыямі, як таго патрабаваў арт. 20 Закона аб выбарах народных дэпутатаў 1989 года.

Гэта да пытання аб легітымнасці.

Як ужо гаварылася, падчас першых прэзідэнцкіх выбараў 1994 года Ярмошына нічым асабліва сябе не праявіла – набіралася вопыту. «Выпрастаць крылы» цяперашняя вяршыцелька лёсаў прэтэндэнтаў і кандыдатаў у прэзідэнты змагла толькі з лістапада 1996 года – пасля незаконнага адхілення ад пасады старшыні Камісіі Віктара Ганчара: 6 снежня 1996 года сваім указам Лукашэнка прызначыў Лідзію Ярмошыну старшынёй згаданай Камісіі.

Што ж, cарока сароку бачыць здалёку.

І гэта таксама да пытання аб легітымнасці.

А цяпер вернемся да выбарчай кампаніі 2001 года і паглядзім, чым жа яна падобная на кампаніі 2020 года.

У 2001 годзе з 23 зарэгістраваных Цэнтрвыбаркамам ініцыятыўных груп сабраць 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў змаглі толькі 11. Але так меркавалі патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты. У Ярмошынай – а значыць, і ў Камісіі – была свая арыфметыка. Калі прыйшла пара адкрыць карты, Цэнтрвыбаркам заявіў, што Юрый Данькоў здаў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі не сто з лішнім тысяч подпісаў, а толькі 80 940, Сяргей Калякін – 96 871, Павел Казлоўскі – 80 684 Міхаіл Марыніч – 96 295, Леанід Сініцын – 86 034, Віктар Цярэшчанка – 68 307 і Міхаіл Чыгір – 87 306. Такое было магчыма таму, што закон не абавязваў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі наўзамен прынятых подпісаў выдаваць членам ініцыятыўных груп дакументы, якія б пацвярджалі колькасць прынятых падпісных лістоў і подпісаў – досыць «словы джэнтльмена». Галоўнае – зрабіць потым сумленны выгляд і сказаць, гледзячы проста ў вочы, што ім здалі менавіта столькі подпісаў – і ні на адзін больш. Натуральна, «згубленыя» подпісы так і не знайшліся.

Некаторыя наіўныя прэтэндэнты спрабавалі пратэставаць, але давесці што-небудзь «сумленным» камісіям так і не змаглі.

Мабыць, самым арыгінальным спосабам бараніў сваё права стаць кандыдатам у прэзідэнты Леанід Сініцын. Напэўна, досвед працы ва ўладных структурах яго нечаму навучыў.

Леанід Сініцын і Аляксандр  Лукашэнка.

Калі на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына заявіла, што да запаветных ста тысяч подпісаў яму не хапае нейкіх 13 996, Сініцын дастаў «з шырокай штаніны» патрэбную колькасць: аказалася, што ў тэрытарыяльныя камісіі ён здаў не ўсе сабраныя подпісы. Але гэта яму не дапамагло, ён не змог даказаць, што адсутныя подпісы былі сабраныя ва ўстаноўленыя законам тэрміны, а не пазней. Не дапамог Сініцыну і адкрыты ліст, з якім ён звярнуўся да Лукашэнкі і сяброў Цэнтральнай камісіі.

Але вернемся да кампаніі 2020 года. Па звестках тэрытарыяльных выбарчых камісій, у Валерыя Цапкалы з прыкладна 165 тысяч здадзеных подпісаў пасля праверкі несапраўднымі былі прызнаныя 90 тысяч, а ў Віктара Бабарыка з 365 тысяч подпісаў – каля 200 тысяч. І гэта нягледзячы на пільную праверку падпісных лістоў юрыстамі абодвух выбарчых штабоў! (Праўда, у Бабарыка, у адрозненне ад Цапкалы, колькасць пакінутых пасля секвестра подпісаў значна перавысіла патрабаваныя для рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты 100 тысяч.)

Дапаўняе карціну прыпіска дадатковых подпісаў выбаршчыкаў ініцыятыўным групам Канапацкай і Чэрачня. Чым скончыцца гэтая эпапея, пакуль не ясна, але беспардоннае жангляванне лічбамі сведчыць аб поўнай упэўненасці Камісіі ў сваёй беспакаранасці.

Як бачым, мэта выбарчых кампаній 2001 і 2020 гадоў адна – адхіліць ад удзелу ў выбарах як мага большую колькасць прэтэндэнтаў, якія могуць скласці сур'ёзную канкурэнцыю дзейнаму прэзідэнту. Спосабы ж дасягненні розныя: ад крадзяжу подпісаў да іх прыпісвання, што, у прынцыпе, з адной і той жа оперы.

Вам можа спадабацца