Не так даўно ў продажы з’явілася кніжка з крыклівай назвай «Нацистский путч 2020 года в Беларуси: Батька, держись!». У анатацыі сказана, што ў 2020 годзе Беларусь перажыла адно з найбуйнейшых узрушэнняў у сваёй найноўшай гісторыі — маюцца на ўвазе падзеі, звязаныя з леташняй прэзідэнцкай кампаніяй. Каб даведацца, да якой катастрофы вялі краіны «змагары» пад бел-чырвона-белым сцягам, трэба выкласці ажно 35 рублёў. Прынамсі, опус Андрэя Мукавозчыка «Революция мокрых штанов» каштуе значна менш: усяго каля 15. Праўда, у адрозненне ад Мукавозчыка аўтар «Нацистского путча» не надта вядомы, і таму, калі толькі вы не аматар кніжных навінак, яго варта прадставіць.
Гэта Іван Турлай.

Пяць гадоў таму ён дэбютаваў кнігай «Минск: малоизвестные страницы». Мяркуючы па рэакцыі чытачоў, гэта кніжка асаблівай увагі не прыцягнула: хтосьці, можа, знайшоў у ёй нешта новае, хтосьці лічыў звычайнай перапеўкай ужо ўсім вядомых фактаў. Аўтар, праўда, ужо тады не хаваў сімпатыі да Сталіна: адзін з раздзелаў у кнізе, напрыклад, называецца: «Напоминания о вожде». На думку Турлая, «трэці Мінск» адрадзіўся з попелу дзякуючы клопату «бацькі народаў», які наведаў разбураную беларускую сталіцу на шляху ў Патсдам (1945). Дарэчы, у спісе тых аўтарытэтаў, якія калісьці «говорили, писали или вспоминали» пра Мінск, у кнізе згадваецца і эпатажны расійскі пісьменнік Аляксандр Праханаў. Праханаў назваў Сталіна «помазанником Божьим», і публічна заклікаў увесці ў Польшчу і Фінляндыю па танкавай дывізіі.
З цягам часу захапленне аўтара Сталінам толькі расло. Яго кніга, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, так і называлася: «Минск — город Сталина». Летась выйшла чарговая кніжка Турлая «Сталин — символ Беларуси».
Турлай захапляецца не толькі Сталіным, але і Лукашэнкам. Апошняму прысвечаны дзве кніжкі «Александр Лукашенко. К столетию белорусской государственности» і «Урок отца народов Сталина и батьки Лукашенко, или Как преодолеть экономическое отставание».

Трэба сказаць, што да пэўнага часу (дакладней, да 2016 года) Турлай не чапаў персанальна ні Лукашэнку, ні Сталіна, ні падобныя тэмы, пішучы выключна пра эканоміку.
І гэта нядзіўна, бо гэты аўтар — кандыдат эканамічных навук, і да таго ж дацэнт аднаго з вядучых ВНУ краіны. У 2013 годзе Турлай абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Влияние региональной экономической интеграции на привлечение прямых иностранных инвестиций (теоретические, методологические, эмпирические аспекты)».
Пра шлях Турлая ў навуку варта расказаць больш падрабязна. На яго світанку Турлай выдаў тэзісы «Экстенсивный тип экономического роста: опыт Беларуси (1996–2006 гг.)» у зборніку па выніках VI навуковай канферэнцыі «Беларусь у сучасным свеце» (30 кастрычніка 2007 года), прысвечанай 86-годдзю БДУ. Яго суаўатарам значылася Ксенія Якушэнка, якая цяпер загадвае кафедрай маркетынгу Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.
Тыя ж самыя тэзісы слова ў слова Турлай перавыдаў у зборніку матэрыялаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Проблемы теории и практики формирования белорусской экономической модели», што адбылася 30 мая 2008 года. Але прозвішча Ксеніі Якушэнкі там ужо адсутнічала. У тым жа годзе годзе гэтыя ж тэзісы выйшлі яшчэ раз у дзясятым выпуску зборніка навуковых працаў («Экономическая наука: исторический опыт и современность»). І зноў без суаўтарства Якушэнкі. Незалежна ад таго, ці была Якушэнка рэальным ці ўяўным суаўтарам, факт застаецца фактам: адзін і той жа тэкст быў апублікаваны аж тры разы.
Але вернемся ў 2016 год. Тады ж у мінскай «Беларускай думцы» і ў часопісе «Современная наука: актуальные проблемы теории и практики» былі апублікаваны артыкулы нашага аўтара «Урок советского периода. Из опыта преодоления экономического отставания» і «Факторы послевоенного восстановления Минска». У іх пішацца аб т.зв. «советском экономическом чуде» ў апошнія гады сталінскага кіравання. На думку аўтара, тады на хвалі патрыятызму ўдалося згуртаваць народ і выкарыстаць увесь патэнцыял народнай гаспадаркі на планавай аснове. Такі вопыт, упэўнены Турлай, трэба выкарыстаць у Беларусі.
Вось такая эканамічная навука ад Турлая.
На гэтым аўтар не спыняецца: як ён сам прызнаецца у «Нацистском путче», ён працуе над доктарскай дысертацыяй па тэме «Социально-экономическая модель Республики Беларусь и вклад Президента А. Г. Лукашенко в ее формирование и развитие». Аб яе змесце сігналізуюць і адпаведныя публікацыі Турлая: «Задачи мобилизационного развития белорусской экономики», «Бренды “Президент” и ”Батька” как фактор конкурентоспособности белорусской продукции» і інш.
А вось што аўтар піша пра сам «путч»:
«И еще одно обстоятельство, которое характеризует путч как нацистский, — это призывы оппозиции к всеобщему бойкоту, к прекращению работы предприятий, к неуплате налогов, к заграничным санкциям, поддержка вандальных действий протестующих (разрисовывания стен, расклеивания листовок и наклеек, сооружения баррикад и т. п.).»
Тое, што байкот і путч — з’явы супрацьлегыя, кандыдат эканамічных навук, дацэнт Іван Турлай пакуль яшчэ не ведае.
Па прычыне адкрыта нізкай якасці і яўнага прымітывізму тэкстаў Турлая, датычных Лукашэнкі і Сталіна, цытаваць іх далей няма аніякага сэнсу. Адзначым, што ў яго пісаннях на іншыя тэмы ёсць фактычныя памылкі. Напрыклад, сцвярджаецца, што «после прихода к власти Никиты Хрущева…приусадебные хозяйства были запрещены». Сапраўды, пры Хрушчове па прысядзібных гаспадарках быў сапраўды нанесены ўдар (забарона карміць скаціну хлебам і крупамі, трымаць яе ў падсобных гаспадарках грамадзянаў, што пражываюць у гарадах і г.д.), аднак ні Хрушчоў, ні яго паслядоўнікі іх не забаранілі.
Пра няздольнасць аўтара стварыць арыгінальны тэкст сведчыць надзвычай высокая доля цытатаў (напрыклад, пра Мінск ці Лукашэнку), успамінаў (напрыклад, Панамарэнкі і Кісялёва пра будаўніцтва Камсамольскага возера) і дадаткаў. У кнізе «Александр Лукашенко», напрыклад, перадрукаваны ўрывак з брашуры «Городецкие уроки» (1990).
Ёсць і аўтарскія дадаткі. Так, у кнізе «Нацистский путч 2020 года в Беларуси» ёсць «Справочник основных терминов и понятий», дзе, напрыклад, значыцца тэрмін «БЧБ-эксбиционизм» — «внезапная демонстрация бело-красно-белого флага».
Насоўваецца пытанне: а дзе ж выдаюцца гэтыя опусы?
Так, «Минск: неизвестные страницы» выпусціла мінскае выдавецтва «Четыре четверти», а «Минск в планах и идеях» — маскоўскі навукова-выдавецкі цэнтр «Инфра-М».
Адкрыты трэш Турлая «Урок отца народов…» таксама выйшаў у Маскве, у выдавецтве «Алгоритм». Дзейнасць гэтага выдавецтва суправаджаецца скандаламі.
У далейшым Турлай адмовіўся ад паслугаў старонніх выдавецтваў, і стаў выдаваць сябе сам. Калі прыгледзецца да выходных дадзеных «Нацистского путча», «Сталина — символа Беларуси», «Минска — города Сталина», «Урока отца народов», «Белоруссии — Беларуси — евразийской республики»), то бачна, што замест месца выдання пазначана «Б.м.», г.зн. без месца. У якасці выдавецтва выступаюць «Издательские решения». Гэта не што іншае як «Ridero» — электронная выдавецкая сістэма для незалежных аўтараў. Праз яе нашмат прасцей выдаць як электронную, так і папяровую кнігу. Да таго ж на Ridero фактычна адсутнічае выдавецкі кантроль, які звычайна прысутнічае ў традыцыйных выдавецтвах. Як гаворыцца на афіцыйным сайце сервіса,
«Ridero не принимает решений за автора; публиковать или не публиковать книгу, продавать или раздавать друзьям, выпускать её в бумажном или электронном виде — только автор решает, что делать со своей книгой; если содержание книги не нарушает закон, мы её печатаем и распространяем».
Адным словам, шлях для рознага роду лухты і глупства адчынены. Можна публікаваць і пра вершы Быкава, і пра Скарыну ў Піцеры, і пра акупацыю Ленінграда, і пра тое, што Мінск — старажытны азербайджанскі горад.

Цікава адзначаць, што пры ўсім пры гэтым Іван Турлай, у адрозненне ад Рыгора Азаронка ці Аляксандра Шпакоўскага, так і не стаў “шрубікам” у сістэме. Больш таго, ён скардзіцца, што «в дни нацистского путча» яму не працягнулі кантракт і адмовіліся залічыць у дактарантуру. І сапраўды: інфармацыя пра Турлая на сайце апошняга месца яго працы — кафедры кіравання і эканомікі вышэйшай школы Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы адсутнічае. Цікава, што кафедрай загадвае Алена Сямак — навуковы кіраўнік кандыдацкай дысертацыі Турлая. Чамусьці ёй давялося расстацца са сваім выхаванцам.
P.S. Турлай абвінавачвае «Акадэмічную кнігу» у тым, што ў пасля пачатку «нацысцкага путчу» кнігарня часова зняла з продажу яго кнігі і ў тым, што яна ўвогуле супрацоўнічае са «змагарамі», якія «продают и продвигают свои оппозиционные книги». Аднак для «Акадэмкнігі» Турлай — усё ж паўбяды: на яе абрынуўся сам Мукавозчык, які ў сваёй калонцы «Скоро конец» пацікавіўся, як доўга там будзе «попыхивать бчб-произвол».