Ці можа быць свята 9 мая без парада?

Меркаваньні

Ці можа быць свята 9 мая без парада?

7 траўня 2020 а 07:21

Цімафей Акудовіч

Неяк ідучы па вуліцы напярэдадні 9 мая пачуў ад старэнькай бабулі: “Вось на свята і сонца выглянула, Божанька на свята заўсёды цёпла робіць”.

Божай ласкі і добрага надвор’я зазвычай чакаюць на Вялікдзень. Але зразумела, што для савецкіх людзей 9 мая сталася заменай галоўнага хрысціянскага свята. Тая ж вясна, падобная смерць і радаснае ўваскрэсенне. І ў той дзень 9 мая 1945 года, радасць, якая напоўніла мільёны людзей па ўсім свеце несумненна была магутная. Можа не столькі ад перамогі, колькі ад разумення, што ўсё скончылася. І хаця пасля стала зразумела, што не скончылася, і наперадзе было яшчэ шмат бяды, але эмоцыя таго дня, як мне падаецца, мусіла глыбока засесці ў памяці людзей. Да таго ж савецкая ўлада ў час спахапілася і актыўна занялася культываваннем гэтага пачуцця. На ім пабудавалі вобраз свята: квітнеючыя яблыні, вясна, гармонік, гранёны стакан, вальс.

Менавіта таму, я ніколі не ўспрымаў гэту дату сваёй, бо той радасці 9 мая сам не перажываў, дзякуй Богу, і ніколі ня меў аргументаў, каб паспрабаваць перажыць гэту эмоцыю. У адрозненні ад свята Вялікадня.

У ваенных парадаў савецкага і постсавецкага часу было 2 зразумелыя функцыі: дзяржаўная (пакрасавацца сваёй магутнасцю) і чалавечая (ушанаваць ветэранаў). Для саміх жа ветэранаў парад на 9 мая - пра гэта можна часта сустрэць ва ўспамінах - гэта была ў першую чаргу зручная нагода сустрэцца з аднапалчанамі і ўзгадаць вайну.

Шэсце ж тэхнікі патрэбнае было найперш самой дзяржаве. І тут, канешне, можна спрачацца і прыводзіць розныя довады, што там, дзе перамога, там і зброя і што адно без другога не бывае...

Але ёсць адна простая ісціна - перамогу мусяць святкаваць пераможцы. Калі пераможцы сыходзяць, сутнасць свята мусіць трансфармавацца ў дзень памяці пра гэтых пераможцаў. Досыць простая логіка, якую не хочуць прыняць дзяржаўныя мужы.

Бо калі яе прызнаць, значыцца, давядзецца прыдумляць новы фармат свята, а гэта рабіць лянотна і страшна. Таксама пераход ад “перамогі” да “памяці” выглядае досыць небяспечным, бо “перамога” чыстая і светлая, а “памяць” можа аказацца калючай і нязручнай.

Але стандартны фармат святкавання ўсё больш губляе сэнс. Раней парад - гэта месца, дзе можна было ўбачыць ветэранаў, жывых удзельнікаў той вайны. Цяпер, калі амаль што ўсе яны ляжаць на могілках, лагічна было б перамясціць фокус святкавання туды ж. Але ваенная тэхніка працягвае ісці па цэнтральных вуліцах і ў выніку хутчэй адцягвае людзей ад праўдзівых месцаў памяці на карысць ужо бессэнсоўнага сімвалізму.

Агулам апраўдваць парад ветэранамі з кожным годам становіцца ўсё складаней, а дакладней ужо немагчыма, бо іх амаль што не засталося.

І тут дзяржаўная ідэалогія становіцца зусім перад іншай праблемай, на якую нядаўна звярнула ўвагу Ганна Севярынец: для дзяцей Вялікая Айчынная вайна - гэта сумна. Зразумела, што гэтая праблема не навіна, дзецям і 80-ых, і 90-ых, і 00-ых ад вайны таксама было ўжо сумна. Але тады, калі ў фокусе былі апошнія сведкі вайны, на дзяцей можна было не звяртаць увагу.

Цяпер жа, калі ветэраны сышлі, сум дзяцей ад ваеннай тэмы становіцца дзяржаўнай праблемай, бо калі не для дзяцей усё гэта робіцца, то для каго? Аднак тут колькасцю парадных танкаў не пераможаш і святочным канцэртам нічога не дакажаш. І самае страшнае: закрадаецца пытанне, а ці трэба даказваць? Ці трэба сучасным дзецям праз нягеглую сістэму дзяржаўнай ідэалогіі трансляваць эмоцыю радасці ад перамогі над нацысцкай Германіяй у далёкім 1945 годзе?

Мне падаецца, у 9 мая быў шанец стаць адзіным днём у годзе, калі можна было забыцца пра ўсе тыя беды, якія прынесла савецкая ўлада гэтай зямлі: пра рэпрэсіі, галадамор, знявагу людзей, падман камуністычнымі ідэаламі, а пасля дыскрэдытацыю гэтых ідэалаў. Бо радасць таго майскага дня 1945 года на адны суткі адсунула ўсе мінулыя і будучыя жахі. І, напэўна, можна было б дасягнуць нейкага кансэнсусу ў грамадстве, каб менавіта ў гэты дзень не гучала праклёнаў Жукаву, Сталіну, НКВД, заградатрадам і так далей. А мець такі дзень для нашай дзяржаўнай ідэалогіі, якая двума нагамі стаіць у спадчыне СССР было б вельмі дарэчы.
 

Выходзіць жа наадварот. Генеральскія лампасы, танкі, салюты і надзьмутыя міны сур’ёзных 60-гадовых дзядзькоў на 7..-годдзі чарговай Перамогі кожны год прымушаюць грамадскасць проста ўзрывацца кампраметуючымі матэрыяламі напярэдадні 9 мая. Калі яшчэ, як не ў гэты дзень, вы прачытаеце ў сваёй стужцы столькі тэкстаў пра згвалтаваных немак, спаленыя партызанамі вёскі, штрафбаты і іншыя жахі.

Але ў гэтым годзе дзяржава вырашыла, відаць, каб не зацягваць працэс трансфармацыі, давесці праблему адразу да абсурду. Сёлета ніхто не піша пра забітых бяззбройных салдатаў пад Кёнігсбергам, пра суадносіны нямецкіх і савецкіх стратаў, пра заградатрады, ці пра пакт Молатава-Рыбентропа. Бо ўсё гэта ў нейкім дзікунскім фарсе мусіць адбыцца проста на нашых вачах, у нашым 2020 годзе.

І вось, пакуль мы, седзячы ў ступары ад таго, што бачым, назіраем за падрыхтоўкай парада, варта падумаць пра тое, што гэта апошні парад. Якія планы мае на будучыню дзяржава, невядома, але для шараговых беларусаў вайсковыя парады 9 мая пасля 2020 года моцна дэсакралізуюцца. І гэта мусіла аднойчы адбыцца, аднак не так хутка і не такім шляхам.

Нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Вольга Такарчук нядаўна напісала тэкст пра тое, што каронавірус прымусіў гэты свет суцішыць свой вар’яцкі бег і ўвайсці ў нармальны рэжым існавання, дзе ёсць месца сузіранню і спакойным думкам.

Вось жа ў гэты год добрая нагода зрабіць тое ж са святам Перамогі. Замарудзіцца на хвіліну, сесці, падумаць і зразумець, як бы вы хацелі адзначаць 9 мая ў будучыні і ці хацелі б рабіць ўвогуле?

Гэтае пытанне асабліва актуальнае для тых, хто хацеў бы захаваць свята 9 мая. Што варта рабіць у гэты дзень, калі не парад?

Ці можна пакінуць вальс, вясну, квітнеючую яблыню, але зрабіць так, каб тое не выглядала кічам?

Куды ісці ў гэты дзень? На могілкі, на месцы бітваў, ці масавых рэпрэсій? Ці да сімвалічных манументаў?

Успамінаць толькі сваіх сямейнікаў ці агульнавядомых герояў? А можа шукаць новых? Вунь жа, колькі яшчэ недаследавана!

Падаецца непазбежным, што “Савецкая Пасха” мусіць трансфармавацца ў бок “постсавецкіх Дзядоў”, але ў якім выглядзе і якім шляхам застаецца пытаннем.

Трэба толькі зразумець, што ініцыятыву ў гэтай справе таксама мусць браць на сябе зацікаўленыя, а не дзяржава. Здаецца, год 75-годдзя Перамогі добра нас гэтаму навучыць.

.

Сачыце за дзейнасцю выдавецтва і газэты ARCHE ў TELEGRAM
ДАЛУЧАЙЦЕСЯ!


Больш беларускіх навінаў на нашым канале на ЯНДЭКС ДЗЭН
ПАДПІСВАЙЦЕСЯ!

Вам можа спадабацца