Ці патрэбны беларускай гісторыі "каланіяльны міф"?

Гісторыя

Ці патрэбны беларускай гісторыі "каланіяльны міф"?

21 траўня 2020 а 12:40

Кірыл Карлюк

Колькі дзён таму грамадская кампанія "Годна" запусціла на сваім youtube канале першае відэа "Як беларусы сталі народам" з пяцісерыйнага цыклу "лікбезаў" (вызначэнне аўтараў) "Годная Беларусь".

Праект робіцца кампаніяй "Годна" разам са студыяй "Enot TV" у партнёрстве з Міжнароднай некамерцыйнай арганізацыяй Pact пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).

Па праглядзе 3,5  хвіліннага роліка ў прафесійных гісторыкаў і проста адукаваных людзей узнікла безліч пытанняў што да прадстаўленага кантэнту.

І праблема не проста ў нейкіх памылках ці спрашчэннях.

Праблема ў самой канцэптуальным падыходзе, які наскрозь прасякнуты пыхай supremacy (па трапнаму вызначэнню аднаго з калегаў-гісторыкаў).

Візуальныя, эстэтычныя якасці таксама выклікаюць шмат пытанняў, асабліва ўлічваючы, што ролік – вынік калабарацыі прафесіяналаў з шматгадовым вопытам, а сярод удзельнікаў кампаніі багата вядомых імёнаў публічных асоб.

Але не хацелася б губляць каштоўны час на падрабязны разбор усяго роліка ў плане яго інфармацыйных ці стылістычных якасцей, ці, лепей сказаць, іх адсутнасці. Спынюся толькі на адным фрагменце, які, тым не менш, заяўлены ў відэа ледзь не як галоўны ў самым яго пачатку, – г.зв. "калоніі тваёй дзяржавы ў Афрыцы і на Карыбах".

Справа нават не ў дзіўнай форме гістарычнай аргументацыі з поўным неразуменнем складаных іерархій і сувязяў паміж тагачаснымі дзяржавамі.

Прывязка спробы Курляндскага герцагства (васала ВКЛ і Кароны) займець калоніі да гісторыі Вялікага Княства Літоўскага не вытрымлівае крытыкі. Канструкцыя выглядае прыкладна, як абсурднае сцвярджэнне пра наяўнасць аўстрыйскіх калоній у заходнеафрыканскім рэгіёне ў апошняй чвэрці XVII ст., бо, маўляў, курфюрст брандэнбургскі (які такія сапраўды меў) як і іншыя князі Святой Рымскай імперыі фармальна вызнаваў суверэнітэт імператара...

Як адзначае выдатны даследчык гісторыі каланіяльнай палітыкі Курляндскага герцагства Алег Еўстрацьеў, "па лініі Курляндскага герцагства нельга рабіць выснову аб тым, што ВКЛ ці Рэч Паспалітая мелі калоніі ў Паўднёвай Амерыцы і Афрыцы"[1].

Сам ролік прадстаўляе спецыфічную спробу тварэння сучаснай гістарычнай міфалогіі, задае, так бы мовіць, “каштоўнасныя арыенціры”. Як адзначыў у адным з абмеркаванняў у Facebook Франак Вячорка, "гэта мастацкі міфатворчы ролік, задача якога натхніць і зарадзіць Беларушчынай", а яго кантэнт узгадняўся з "гісторыкамі, і некалькімі" (праўда, іх імёны пакуль застаюцца невядомымі).

Калі глядзець на відэа так, то здзіўляе менавіта сам пасыл, што нібыта каланіялізм (тым больш, такі нейкі мізэрны, рудыментарны эпізод з шэрагу fun facts) рэпрэзентуе, ні больш ні менш, усё багатае на падзеі XVII ст. (!) у беларускай гісторыі.

Ні дынастыя Вазаў, ні барацьба за апанаванне Балтыйскім морам, ні military revolution з усімі крутымі тэхналагічнымі штукамі (і тым жа раскручаным Семяновічам), ні нават унёсак Вялікага Княства ў барока – першы сапраўды глабальны мастацкі стыль у гісторыі... Не, відаць, усё гэта для меркаванай аўдыторыі роліка не так цікава і ярка за кволыя курляндскія каланіяльныя эксперыменты.

Самае важнае пытанне да "мастацкага міфатворчага роліка": у чым уласна каштоўнасць гэтага эпізоду, нават калі закрыць вочы на абсурднасць усёй выбудаванай канструкцыі "калоній ВКЛ"? Для Беларусі. Для сучаснай Еўропы, свету.  Гэта хіба нешта, чым сапраўды "ганарацца"?..

Увесь каланіяльны праект герцага Якаба Кетлера сярэдзіны – другой паловы XVII ст. быў арыентаваны на ўдзел у звышпрыбытковым трохкутным атлантычным гандлі. Асноўная крыніца і рухавік гэтых прыбыткаў – гандаль рабамі і нявольніцкая праца на плантацыях. Усё проста: карабель з метраполіі плыве ў свае фарты ў Заходняй Афрыцы, дзе забірае "груз" набытых у мясцовых правіцеляў рабоў; перапраўляе іх у жахлівых умовах у Карыбскі рэгіён на свае (ці чужыя з іх дазволу) выспы, дзе тых прадаюць мясцовым плантатарам; адтуль у Еўропу дастаўляюць дарагія каланіяльныя тавары з плантацый (цукар, бавоўна, тытунь, пазней у XVIII ст. яшчэ кава і інш.).

Профіт.

За выняткам маральнага кошту соцень тысяч жыццяў (працаўнікі на плантацыях у сярэднім жылі 7-9 гадоў). Тое ж планавалася і для немалога (у адносінах да самой дзяржавы) курляндскага гандлёвага флоту з будаўніцтвам форту ў Гамбіі і заснаваннем калоніі на Табага, і патэнцыяльным завозам туды тысячы ці "нават больш" чорнаскурых нявольнікаў.

Але гісторыя заўжды прыносіць свае сюрпрызы. Рэсурсаў герцагству яўна не хапала[2]. Марам прыйшоў канец падчас Другой Паўночнай вайны (1655-1660), што прынесла Курляндыі шведскую акупацыю і спусташэнні. Ізаляваныя заморскія ўладанні хутка апынуліся ў руках буйных каланіяльных дзяржаў. Пасля рабілася нямала захадаў, каб павярнуць Табага ці наладзіць гандаль праз англійскія фарты ў Афрыцы (была нават заключана адпаведная дамова). Але яны не мелі поспеху, і адно марнавалі рэсурсы герцагства.

Не буду падрабязна спыняцца, чаму так сталася, але з запланавнай колькасці рабоў для працы на плантацыях цукровага трыснягу і тытуню на Табага на курляндскіх караблях паспела патрапіць только 100 афрыканцаў...

Цяжка сказаць, для аўтараў роліку – гэта "на жаль" ці "на шчасце".

Пытанне адкрытае.

Цікава было б таксама пачуць меркаванне супрацоўнікаў Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці ў Беларусі: наколькі такія экзатычныя для сучаснага свету "годныя факты" і каштоўнасці вартыя прапаганды ў Беларусі? Ці сапраўды яны хоць неяк паспрыялі станаўленню беларусаў як народа?

[1] Еўстрацьеў, А. “Ці былі ў Рэчы Паспалітай заморскія калоніі? Да пытання аб польска-літоўскім вектары каланіяльнай палітыкі Курляндскага герцагства ў XVII ст.” // Беларускі гістарычны часопіс. № 12 (233), 2018. С. 31.

[2] Ёсць нават версія, што ў гэтых праектах маглі неяк удзельнічаць некаторыя падданыя ВКЛ русінскага паходжання, але як прыватныя асобы. Аднак яна носіць толькі гіпатэтычны характар.

Вам можа спадабацца