Ці сумясціць Лукашэнка прэзідэнцкія выбары з галасаваннем па новай канстытуцыі?

Палітыка

Ці сумясціць Лукашэнка прэзідэнцкія выбары з галасаваннем па новай канстытуцыі?

25 красавіка на агульнарэспубліканскім суботніку Аляксандр Лукашэнка напомніў пра тое, пра што грамадскасць пачала забывацца ва ўмовах пандэміі, — пра новы Асноўны Закон.

Па словах кіраўніка дзяржавы, у наступнай пяцігодцы мы, хутчэй за ўсё, будзем мець новую Канстытуцыю.

Такім чынам, Лукашэнка развеяў апошнія сумневы: гаворка ідзе пра цэласную Канстытуцыю, а не проста пра змяненні і дапаўненні.

Значыць, Канстытуцыя 15 сакавіка 1994 года, зацверджаная яшчэ Вярхоўным Саветам Беларусі 12 склікання, сыйдзе ў нябыт.

У гэтым ёсць сімвалічны сэнс: кіраванне Лукашэнкі — цэлая эпоха, а таму нашчадкам разам з лядовымі палацамі "дастанецца" і новая Канстытуцыя. І хаця тэрмін галасавання Лукашэнка не вызначыў, «так как есть много вопросов, на которые нет ответов», можна не сумнявацца, што рана ці позна гэты канстытуцыйны праект будзе абнародаваны.

Алею ў агонь падліла і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, якая ў нядаўнім вялікім інтэрв’ю агенцтву БелаПАН заявіла аб магчымасці з’яўлення новай Канстытуцыі ў сувязі з заканчэннем паўнамоцтваў ЦВК і мясцовымі выбарамі ў наступным годзе.

У гэтай сувязі ўзнікае пытанне: калі і якім чынам будзе прынята новая Канстытуцыя.

У сусветнай практыцы спосабы зацвярджэння Асноўнага Закона вядомыя, і адзін з іх — рэферэндум.

Разгледзім як відавочныя плюсы, так і яўныя мінусы гэтага спосабу прыняцця Канстытуцыі.

Найперш трэба канстатаваць, што Лукашэнка мае сімпатыю да гэтага спосабу галасавання. Рэферэндумы 1995, 1996 і 2004 гадоў, безумоўна, стварылі цяперашнюю мадэль дзяржавы, таму ў дзяржаўнай ідэалогіі падаюцца як выключная падзея, якая нібыта кансалідавала грамадства, «подняла нацию с колен».

Рызыкнём дапусціць, што ўладамі абмяркоўваецца сумяшчэнне галасавання па новай разам з прэзідэнцкімі выбарамі 9 жніўня.

Гэта адразу б вырашыла некалькі важных задачаў. Па-першае, гэта ў пэўнай ступені адцягнула б увагу ад уласна прэзідэнцкіх выбараў. Па-другое, істотна б зэканоміла сродкі. Па-трэцяе, заспела б палітычных праціўнікаў знянацку.

Можна запярэчыць, маўляў, для гэтага застаецца катастрафічна мала часу. Гэта, безумоўна так. Але, як казалі ў старажытнасці, што дазволена Юпіцеру, то не дазволена быку. А для нашых уладаў няма амаль нічога немагчымага.

Нагадаем, што канстытуцыйны праект Лукашэнкі, зацверджаны рэферэндумам 24 лістапада 1996 года, быў апублікаваны ў пачатку жніўня таго ж года, а пытанне па змяненні артыкула 81 аб скасаванні абмежаванняў знаходжання адной той жа асобы на пасадзе прэзідэнта не больш двух тэрмінаў было прапанавана за паўтара месяцы да рэферэндуму 2004 года.

Сёлета ж справу можна было б зладзіць так: канстытуцыйны праект публікуецца не пазней, чым у першай палове чэрвеня, а тады напоўніцу ўключаецца дзяржаўная прапагандысцкая машына.

Такі сцэнар выглядае фантастычна, але яго цалкам выключаць нельга.

Калі ж сёлета галасавання па новай Канстытуцыі не адбудзецца, то, паводле ўзніклай палітычнай традыцыі, яно можа быць сумешчана з мясцовымі (2021), парламенцкімі (2023) або прэзідэнцкімі выбараў (2025). Як вядома з найноўшай палітычнай гісторыі, абодва (1995 і 2004 гады) рэферэндумы праводзіліся разам з парламенцкімі выбарамі. Выключэннем быў рэферэндум 1996 года.

Але тады востра стаяла пытанне аб палітычным лёсе Лукашэнкі, які ўступіў у супрацьстаянне з Вярхоўным Саветам 13 склікання.

Апошні варыянт (2025), праўда, выглядае зусім малаверагодным: улады вядуць размову пра новую Канстытуцыю з 2014 года, і наўрад ці будуць цягнуць з ёй так доўга. А вось прывязка рэферэндуму па новай Канстытуцыі да мясцовай ці парламенцкай кампаніі больш верагодная, і можа істотна падвысіць яўку на гэтых выбараў, якія выбаршчыкі наведваюць, па сцвярджэнні недзяржаўных СМІ, не надта ахвотна.

Аднак пры любым раскладзе — ці будзе рэферэндум па новай Канстытуцыі праведзены асобна, ці будзе сумешчаны з іншай кампаніяй — уладам зноў давядзецца сутыкнуцца з палітызацыяй грамадства. Праект новай канстытуцыі павінен быць апублікаваны ў дзяржаўных СМІ, у тым ліку ў Інтэрнэце, то-бок улады павінны выканаць абавязковую ўмову: арганізаваць (хай і фармальнае для іх) грамадскае абмеркаванне праекта. Можна не сумнявацца, што абмеркаванне праекту новай канстытуцыі ўскалыхне грамадства. Калі дзяржаўная прапагандысцкая машына будзе апрацоўваць грамадскую думку на карысць новай Канстытуцыі, то апазіцыйны лагер — супраць. Не выключана, што будуць арганізаваныя пікеты і зборы подпісаў супраць канстытуцыйнага праекта, у дзяржаўныя органы, у тым ліку ў той жа Канстытуцыйны Суд пасыплюцца адпаведныя петыцыі. Пры любым раскладзе праект новай Канстытуцыі разварушыць грамадства. А ва ўмовах крызісу для ўладаў гэта непажадана. Тым больш невядома, як павернецца сітуацыя з пандэміяй, і ці ўдасца разруліць асноўныя пытанні з Расіяй.

А калі ўлады адмовяцца ад рэферэндуму? Тады гаворка ідзе пра зацвярджэнне Канстытуцыі парламентам. І тут ёсць нюанс. Нягледзячы на тое, што парламент — прадстаўнічы і заканадаўчы орган, ступень легітымнасці яго рашэнняў значна ніжэйшая за рашэнні рэферэндуму. У сваю чаргу, Лукашэнка заўсёды стараўся сваім захадам па ўзурпацыі ўлады надаваць легітымны выгляд.

Зацвярджэнне канстытуцыі парламентам было б праявай слабасці. Да таго ж, канстытуцыю, прынятую парламентам, змяніць нашмат прасцей.

Можна ўспомніць яшчэ і пра Усебеларускі народны сход, статус, паўнамоцтвы і парадак дзейнасці якога рэгулююцца законам «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах» ад 12 ліпеня 2000 года.

Нагадаем, што на першым такім сходзе 20-21 кастрычніка 1996 года быў адобраны прапанаваны Лукашэнкам варыянт канстытуцыі. Некаторыя гарачыя галовы з абкружэння Лукашэнкі на старонках дзяржаўных СМІ нават прапаноўвалі прыняць гэты праект на першым Усебеларускім сходзе, параўноўваючы яго з паўночнаамерыканскім Кантынентальным кангрэсам.

Можна не сумнявацца, што чарговы Усебеларускі сход, скліканне якога пакуль што адкладаецца праз каранавірус, абавязкова адбудзецца пасля прэзідэнцкіх выбараў, калі больш-менш палепшыцца эпідэмалагічная сітуацыя. І нічога не будзе дзіўнага, што на парадку дня будзе пытанне новай Канстытуцыі. Чаму не?

Падсумоўваючы, трэба сказаць, што ўлады маюць некалькі варыянтаў зацвярджэння новай канстытуцыі, пытанне аб якой мусіруецца не адзін год. Амаль дакладна гэта будзе не парламент. Бо для Лукашэнкі важна не толькі сама канстытуцыя, але і ўрачыстая ды пампезная атмасфера яе прыняцця, якая павінна ўзмацняць яго ўладу.

Вам можа спадабацца