Ці займеў Адам Міцкевіч беларускую прапіску?

Грамадзтва

Ці займеў Адам Міцкевіч беларускую прапіску?

24 сьнежня 2019 а 14:48

Інэса Кур'ян

Ах, Міцкевіч, ён нарадзіўся пад Віфлеемскай Зоркай 24 снежня 1798 г. і ўвесь час робіць цуды. Прынамсі ўжо больш за 220 год у свеце не гасне Паэтычная Зорка нашага земляка.

Беларускі код Міцкевіча асаблівы. Прозвішча ведаюць усе. Але далей гэта можна выказаць словамі:

“Чуў, але ж не чытаў".

"Нешта чытаў, але ж не памятаю”.  

Перажываючы рамантычныя адносіны з уласнай нацыянальнай ідэяй, беларусы абыходзяцца без рамантычнай паэзіі Міцкевіча.

Хоць свядомыя беларусы і гатовыя заявіць “Міцкевіч – беларускі паэт!”, Беларусь пакуль не вызначылася, як будаваць дыялог з геніем, які не сказаў “Жыве Беларусь”, а на ўвесь свет абвесціў пра вернасць Літве.

Сумным прароцтвам сталі ягоныя радкі з санэту “Акерманскія стэпы”: “Пачуў бы кліч з Літвы. Але ж ніхто не кліча”.

Такі наратыў цяжка ўпісаць у беларускую нацыянальную ідэю.

Міцкевіч – не карысны выкапень ці лозунг меліярацыі балот, ён скарб іншага парадку. 

Пра яго можна гаварыць як пра культурны ўніверсум – яго творчасць прапануе безліч айчынных вобразаў і думак, непадлічальнасць метафар з бясконцай магчымасцю іх разбудавання і аднаўлення.

Геній  Міцкевіча сягае далей за тэксты.

Але ці асяліўся вялікі паэт на сваёй радзіме? Ці ён мае тут прапіску? Ці вярнуўся ён дадому?

На жаль, не.

Стаўленне беларусаў да Міцкевіча не змянілася з савецкіх часоў.

Яго, як прадстаўніка шляхецкага роду, прабавалі то аддаліць ад сялянскай праслойкі, то наблізіць да яе праз фальклорныя народныя матывы ў яго творчасці.

Міцкевіч застаецца ва ўяўленнях суайчыннікаў песняром беларускага краявіду, ідылічнага жыцця ў панскім маёнтку.

Аднак гэты аўтар зусім іншы.

Дастаткова сказаць, што

Міцкевіч – адзін з найбольш яскравых прыкладаў інтэлектуальнай свабоды на нашых землях.

Дый што казаць – мы ўжо забыліся, як гэтая інтэлектуальная свабода выглядае. Сталі лагоднымі і памяркоўнымі.

Адлегласць паміж намі і вялікім рамантыкам павялічвае і “бронзавая стадыя адаптацыі”, як называлі польскія даследчыкі Міцкевіча практыку камуністычных часоў, калі ўсталёваліся помнікі, але захоўвалася табу на рэвалюцыйны дух і інтэлектуальную свабоду паэта.

Гэта па-нашаму – маеце помнік – што вам яшчэ трэба?

Што трэба? Нават у часы ПНР Міцкевіч быў “каралём школьнай праграмы”. У тыя часы выйшаў поўны збор ягоных твораў, дзясяткі новых біяграфічных выданняў, стварыліся найлепшыя тэатральныя сцэнізацыі.  

У Беларусі ж элементарна адсутнічае канон твораў, на якіх бы пачала будавацца айчынная міцкевічаўская парадыгма.

Ніхто яго тут не цытуе.

Існуе такі мернік папулярнасці, як аўтаматызм цытавання. Няма ў нас газетных перадавіц з імём і тытуламі пра Міцкевіча, ніхто не называе яго імем узнагароды, а імёнамі герояў хоць бы кавярні.

У вялікай меры наша табу на Міцкевіча вызначаецца тым, што ніхто не трудзіцца яго прачытаць. Маўляў пісаў на панскай мове, у нас дасюль мала перакладзена ягоных твораў. Дый даўно пісаў  – у пачатку ХІХ ст. Пэўна будзе заважка, занудна. 

А распавядзі каму, што Язэп Семяжон у працэсе перакладу паэмы "Пан Тадэвуш" нарасціў яе на паўтары тысячы новых радкоў – нават не дакрануцца.

Між тым, пачула на хвалях польскага радыё ў Беластоку, што беларусы з Падляшша, якія ў 1981 г. трапілі на некалькі месяцаў за краты, вучылі ў вязніцах на памяць паэму “Пан Тадэвуш”, замяняючы ёю біблію. 

Калі ж у нас кожны паасобку не ведае Міцкевіча, то з чаго можа складацца наша супольная памяць пра яго? Памяць пра Міцкевіча трэба актуалізаваць? Якім чынам? Ці мы хоць называем імём Міцкевіча свае вуліцы? Зноў жа – не.

Я не паленавалася зрабіць мапу нашай краіны, пазначыўшы вялікія гарады і раённыя цэнтры, дзе сёння ёсць вуліца Міцкевіча.

Пра што кажа гэтая карцінка?

Правільна, пра сляды польскасці на беларускіх землях або вытрымліванне абавязкаў перад польскай меншасцю.

Вуліцы Міцкевіча былі галоўнымі ды доўгімі ў гарадах Заходняй Беларусі.

У Слоніме на ёй сёння стаіць ажно 190 дамоў, у Наваградку – 122 дамы, у Баранавічах – 108.

Няма вуліцы Міцкевіча ў Мінску, толькі ў прыгарадзе – у Прылуках.

Ад 2003 г. ёсць менскі помнік і сквер Міцкевіча, дзе на дзень народзінаў паэта 24.12. Чырвоны касцёл заўсёды ладзіць акцыю ўшанавання генія.

Няма ніводнай вуліцы Міцкевіча на Гомельшчыне і Магілёўшчыне.

Сумнай, калі не камічнай, з’явілася гісторыя пра перайменаванне вуліцы Адама Міцкевіча ў Рэчыцы на вуліцу Яўгена Міцкевіча – савецкага чэкіста.

Не менш дзіўна гучыць нядаўні каментар безыменнага белсатаўскага журналіста ад 22.03.2019 г. да перайменаванняў мінскага праспекту Незалежнасці, дзе ў шэрагу  з агрэсіўным  “наполеоновским вторжением”, “временами немецкой оккупации”  апынуліся часы “польского господства в 1919-1920 годы” – тады і быў наш галоўны сталічны праспект вуліцай Адама Міцкевіча. 

Вуліцы Адама Міцкевіча не толькі не з’яўляюцца на сучаснай мапе Беларусі, шмат дзе іх выкраслілі пасля вайны.

Паказальнай з’яўляецца знікненне такой вуліцы ў гарадку Дзісна, які раней быў адміністрацыйным цэнтрам. На прадмесцях Дзісны ў доме сям’і Кастравіцкіх хаваўся ад арэшту ў жніўні 1824 г. выпускнік Віленскага ўніверсітэту Адам Міцкевіч.

Сцёрта з памяці! 

Бываў Адам Міцкевіч і ў Відзах у свайго дзядзькі, матулінага брата з роду Маеўскіх – і тут няма ўжо вуліцы Міцкевіча.

Губляецца яна сярод растыражаваных вуліц Кірава, Свярдлова, Дзяржынскага, Савецкай, Камуністычнай, Камсамольскай, Кастрычніцкай, Піянерскай і г.д.

Адам Міцкевіч, атрымліваецца, не надае Беларусі гонару? Яго пазнавальнае па ўсім свеце імя не паслужыць умацаванню прэстыжу краіны на міжнароднай арэне?

Здаецца, сёлета нашыя ўлады вырашылі звярнуць на Міцкевіча ўвагу.

Галоўнае, каб яго не сталі выкарыстоўваць для легітымізацыі намераў, якія не маюць нічога супольнага з аўтарам. 

Будзем, аднак, верыць, што новыя згадкі пра Міцкевіча – прагрэсіўная тэндэнцыя, калі нават польская дыпламатыя ў Мінску загаварыла аб тым, што беларускі бок вядзе гутарку пра супольных герояў і супольную культурную спадчыну. 

Вам можа спадабацца