Эпоха позьняга Лукашэнкі і расейска-ўкраінская вайна ў мове віцебскіх беларусаў

Грамадзтва

Эпоха позьняга Лукашэнкі і расейска-ўкраінская вайна ў мове віцебскіх беларусаў

4 студзеня 2020 а 11:37

Уладзіслаў Гарбацкі

Наша мова жыве ў XXI стагодзьдзі, а трапнасьць яе вобразаў і параўнаньняў працягвае зьдзіўляць.

Так, нядаўна ў Віцебску, ехаўшы у трамваі, пачуў ад аднаго дзядка незадаволенасьць вагонаважатай, якая, сапраўды, ехала вельмі-вельмі марудна і акуратна:

Едзе як Лукашэнку вязе! З намі можна і ня трэсьціся так! Чаго баяцца, Лукашэнкі тут няма!

То бок, ехаць вельмі акуратна, баючыся = як Лукашэнку везьці.

Цікава, што з гэтым прозьвішчам зьвязаныя й яшчэ некалькі наватвораў, пачутыя падчас экспэдыцыяў па Віцебшчыне (Віцебск, Полацак, Лёзна): лукашаняты, лукашанёнак.

Так віцебскія беларусы называюць і мясцовыя ўлады, і сваё начальства, а часам і простых прыхільнікаў дзейнага прэзыдэнта:

У канторы сабраліся адныя лукашаняты: старшыня, бугальтар і бацюшка.

З гэтае нагоды варта ўзгадаць словатворчасьць беларусаў Падляшша, апісаную мовазнаўкай Ніна Баршчэўскай: у тамтэйшай мове фіксуецца дзеяслоў «лукашэнкаць», які азначае «абражаць, зьвязваць з Лукашэнкам, Беларусьсю, параўноўваюць з Лукашэнкам» (напрыклад, «Нас і так усе лукашэнкаюць»).

I яшчэ адно моўнае адкрыцьцё – выраз «боршч Ярмошынай» ці «ярмошынскі боршч». Нібыта зразумела, нібыта проста, але пачутае зьдзівіла мяне: гэта азначала нясмачны, прагорклы боршч, як патлумачыла мне віцебская кабета.

І скажы потым, што беларусы апалітычныя, нічога не заўважаюць, ніяк не рэагуюць!

Вядома, носьбіты мовы рэагуюць ня толькі на тое, што робіцца ня толькі ўнутры краіны, але і на падзеі ў сьвеце.

Уварваньне Расеі ва Ўкраіну пакінула сьлед і ў мове.

Пасьля гэтай вайны ў беларускую мову ўвайшлі новыя словы. Усім вядомыя і апісаныя ўжо мовазнаўцамі каларады, ватнікі, пуцінкі, а нядаўна давялося чуць яшчэ і міні-данбас вось у якім кантэксьце: "У нас на працы начальнік –  сапраўдны міні-данбас! Жыве у Беларусі, а мары ўсе пра Расію".

Іншага разу выраз міні-данбас тычыўся казацтва і праваслаўя ў Беларусі.

Ёсьць таксама словы данбас, данбасьня: гэта і тое, што міні-данбас, а таксама нешта вельмі кансэрватыўнае, рэтраграднае наагул.

Процілегласьць данбасу, данбасьні – выразы бандэра, бандэрня, якія азначаюць скрайнія нацыяналістычныя сілы.

Каларады – яшчэ адно слова, узьніклае ў зьвязку з расейска-ўкраінскай вайной. Яно азначае нядаўна ўведзеныя ў моду гэтак званыя "георгіеўскія стужкі". На Заходняй Віцебшчыне (Мёршчына, Браслаўшчына, Пастаўшчына) чуў побач з словам каларады жоржыкі.

Гэтыя словы могуць таксама азначаць ня самі стужкі, але і людзей, якія іх палюбляюць.

Саму Расею з нядаўняга часу называюць Рашкай. Фіксуецца як у гутарковай мове беларусаў, а таксама бытуе ў самой Расеі, сустракаецца ва ўкраінскай мове.

Радзей у вуснай мове сустракаецца Беларашка для пазначэньня сучаснай Беларусі.

Таксама ў гутарковай мове фіксуецца слова дранікі ў значэньні млявых, безініцыятыўных, на ўсё згодных людзей.

Як бачна, наша мова жыве жыве і разьвіваецца, рэагуючы на атмасфэрy эпохі позьняга Лукашэнкі, а таксама рэаліі расейска-ўкраінскай вайны.

Вам можа спадабацца