Геапалітыка трывожнага шматпалярнага свету

Меркаваньні

Геапалітыка трывожнага шматпалярнага свету

18 лістапада 2019 а 00:28

Андрэй Вашкевіч

Раней часта даводзілася чуць драматычныя галашэнні пра канец шматпалярнага свету. Універсітэцкія прафесары, палітолагі ды філосафы з шматгадовым партыйным стажам, скардзіліся – вось,

канец Савецкага Саюза давёў да таго, што ў свеце ўсталявалася гегемонія Захаду.

Злучаныя Штаты Амерыкі і прыхільная ім Еўропа робяць што хочуць – пашыраюць НАТО на ўсход, разбамбілі Югаславію, ладзяць рэвалюцыі на постсавецкай прасторы ды лютуюць на Блізкім Усходзе.

Свет 90-х гадоў ХХ ст. і праўда быў хаця і аднапалярным, але, паглядаючы з сёння, даволі светлым. Знікла, задавалася, назаўсёды, пагроза атамнай вайны, валіліся аўтарытарныя рэжымы ў Афрыцы і Паўднёвай Амерыцы, Еўропа патроху злучалася і, нягледзячы на жудасныя рэцыдывы генацыду ў Босніі ды Руанды, свет стаў падавацца нейкім больш бяспечным, больш надзейным.

Цяпер жа усё часцей разважаю – а свет сапраўды становіцца шматпалярным, толькі вось наўрад ці ад гэтага лепшым.

І справа тут не толькі ў Расіі,

дзе дзяржаўны мілітарызм, здаецца, стаў афіцыйнай дактрынай,

або ў

ЗША, якія з беспілотнікаў навучыліся забіваць грамадзян іншых краін па ўсім свеце “за падтрымку глабальнага тэрарызму”.

Свет цяжарны чарговай вялікай вайной. Проста зайдзіце ў Google Maps і паблукайце па прадгор’ях Тыбету, прыгожых Парасельскіх астравах ці астравах Спратлі, на якія прэтэндуюць адразу шэсць краін рэгіёна. Вялізарныя вайсковыя аэрадромы, баявыя фрэгаты ды цэлыя арсеналы вайсковай тэхнікі.

Цэлыя астравы ператвораныя ў авіяносцы пад выглядам стварэння, напрыклад, “Цэнтраў па ахове марскіх чарапах”.

Аналітыкі кажуць, што канфлікт у азіяцкім рэгіёне рызыкуе перайсці ў вялікую вайну з выкарыстаннем атамнай зброі. У выніку ж “атамнай перастрэлкі” паміж, напрыклад, Індыяй і Пакістанам толькі ад голаду ў гэтых краінах ды рэшце Паўнёва-Усходняй Азіі за год загіне больш за 100 мільёнаў чалавек.

Ды што казаць пра далёкія краіны.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, выступаючы перад французскімі дыпламатамі, гаворыць пра новы расклад сілаў, пра тое, што ў НАТО “памёр мозг”.

Францыя насамрэч гне сваю лінію ў Сахелі, традыцыйным рэгіёне французскіх уплываў, праўда адтуль, напрыклад з Цэнтральнаафрыканскай рэспублікі яе спрабуюць выціснуць… расійскія наёмнікі.

Але іншыя партнёры Францыі па НАТО гэтай “смерці мозгу”,  здаецца, не заўважаюць.

Не так даўно адбыліся вялікія вайсковыя вучэнні НАТО ў Нарвегіі, дзе патэнцыйным ворагам выглядае Расія, а ў наступным годзе з сакавіка па верасень будуць адбывацца самыя грандыёзныя манёўры НАТО ва Усходняй Еўропе за ўсю гісторыю існавання арганізацыі.

Пра чатыры батальёны натаўскіх войскаў у Прыбалтыцы выказвацца не будзем – гэта сапраўды збольшага дэманстрацыя палітычнай рашучасці бараніць сваіх прыбалтыйскіх саюзнікаў. Каб патэнцыйны агрэсар сутыкнуўся не з войскамі эстонскай тэрытарыяльнай абароны, але хаця і з невялікім вайсковым кантынгентам Вялікабрытаніі ці Германіі, лічы, адразу аб’явіў ім вайну. Але відавочна, што гэтыя некалькі батальёнаў могуць пераўтварыцца ў цэлую армію за лічаныя тыдні.

Расія ж пасля вайны з Грузіяй у 2008 годзе пачала пакрысе рэфармаваць сваё войска і рабіць стаўку на паўнавартасныя вайсковыя злучэнні, якія можна хутка прыводзіць у стан боегатоўнасці. Пачынаючы з 2014 г. у расійскай арміі створаны 3 арміі, у якія ўваходзіць 25 дывізій. Ад 4 да 6 боегатовых дывізій Расія трымае на мяжы з Украінай.

Беларусь насамрэч выглядае астраўком міру, але хвалі навокал бушуюць надзвычай неспакойныя.

Спецыялісты кажуць, што вялікай вайны ў Еўропе, хутчэй за усё, не будзе. Захад вайны не хоча, а Расія на вайну не рашыцца.

Маўляў, насельніцтва старэе, няма патэнцыялу ў вайсковай прамысловасці, няма надзейных саюзнікаў.

Але застаецца атамная зброя, і ў Расіі надта часта і палітыкі рознага рангу і тэлевізійныя вядучыя гавораць, што мы маем атамную зброю і адпаведную палітычную волю, каб яе прымяніць. Гэтым яны вельмі адрозніваюцца ад сапселых членаў савецкага Палітбюро, якія былі заядлымі мілітарыстамі, але добра ведалі, што такое вайна. Такія абмеркаванні былі выключна прэрагатывай генеральнага сакратара і, можа, міністра абароны.

Сёння ж абяцанні пасыпаць “атамным попелам” амерыканскія гарады раздаюць расійскія тэлевядучыя. Што ж, калі доўга ўглядацца ў прорву – яна абавязкова ўзорыцца ў цябе.

Вам можа спадабацца