Субкультура хіпі ў беларускім жывапісе

Рознае

Субкультура хіпі ў беларускім жывапісе

Творчасць Лоры Варашкевіч

28 студзеня 2020 а 15:11

Паўліна Каржакова

Лора Варашкевіч – вельмі цікавы феномен у беларускім жывапісе.

Мне даводзіцца адмаўляцца ад шэрагу файных беларускіх слоў, бо не магу іх дапасаваць да творчасці Лоры Варашкевіч.

Проста патрэбныя толькі словы, у якіх ёсць літара –Р-.

ПРыгожая, чаРоўная, ачмуРэнная ЛоРа ВаРашкевіч.

ЛоРа ВаРашкевіч наРадзілася ў чыРвоных аРабінавых каРалях.

КаРціны ЛоРы ВаРашкевіч культуРна пРывязаныя:
- да прыРоды пРаз гоРад
- да Родных кРаявідаў 
- да дРэваў і Раслінных узоРаў
- да маРаў пРа моРа 
- да Рэчак і … да ф’ёРдаў.

Там, дзе ейная родная рака Каспля ўліваецца ў раку Дзвіну, усе рэчкі імкнуцца да паўночнага мора, адпаведна – да ф’ёрдаў. 
Мне вельмі імпануе гэты не ўсходне-еўрапейскі, а менавіта паўночна-еўрапейскі вектар Беларусі. Не паводле паралеляў, а паводле мерыдыянаў.

Вельмі паўночна-еўрапейскай з’яўляецца ЛоРына нявостРая, невыРвівокая, стРыманая палітРа.

У ЛоРавы твоРы зануРаешся, як у раку. 
РАКА – адна з галоўных яе ідыём.

ЛоРа бездакоРна шчыРая. 
ЛоРа пРызнаецца пРа інспіРаванасць ЧуРлёнісам
.
Уся паўночна-еўрапейская прастора інспіраваная Мікалоюсам Чурлёнісам – гэта праўда. Вакол Чурлёніса, як гэта праявілася ў ягоным жывапісе, не было злых пачуццяў, ён прамянее мяккім магічным святлом.
Вада, пагоркі, краявіды вяртаюць спакой. Але спакой Лоры Варашкевіч не толькі ад “Спакою” Чурлёніса. Яе туга не толькі ад ягонай “Тугі”. 
 

Карціны М.Чурлёніса “Спакой” (1904) і “Туга” (1907).

Не трэба адразу прыдумляць, што гэта ўсё наша, карэннае беларускае. Не.
Тое, што мы бачым у Лоры – гэта іншы псіхадэлічны жывапіс.

Здавалася б, любоў да прыроды і сум, арнаменты лістоты і кветак, супадаюць з падставамі беларускага светаўяўлення, з нечым вясковым, да чаго мы навыкліся. 
Але гэта не тое. Гэта бліжэй да прынтоў, а не вышыванак.
Павязкі на валасах нібы наміткі?
Ды не – гэта бліжэй да цюрбаноў або індзейскіх чольных стужак.  
 

Нібыта Лора Варашкевіч крыху язычніца, чараўніца з коткамі… Няпраўда. 
Лора ніякая не паганская. Ейныя каты і коткі ніяк з гэтым не звязаныя. 
Кот для Лоры – гэта шчасце. Так выглядае шчасце. Шчырыя пачуцці становяцца нечым накшталт хатніх жывёлін. Лора гэтак прабуе намаляваць шчасце, а не катоў. 
Кот як шчасце – яшчэ адна ідыёма Лоры.

Анімізм, але не паганскі. Пяшчоту ў Лоры ўвасабляюць нейлонавыя камбінашкі. Культавыя нейлонавыя камбінашкі простага крою. Гэта не этнічныя матывы. Гэта роздум пра цывілізацыйную і нецывілізацыйную прыгажосць
 

Усё, што намалявала Лора Варашкевіч, дзівосна хвалюе.  Мастачка быццам нечым параненая. Таму пяшчотная і сумная.
НаўпРост тРагічная ЛоРа ВаРашкевіч. ДэманстРатыўны кРызіс.

Але гэта не суб’ектыўны эзатэрычны досвед. 

Гэты сум і патрэба ў шчасці ляглі на стан душы людзей, якія стаміліся ад вайны і сацыяльных узрушэнняў. Гэта траўма, а не пафас перамогі. Выказаная ў культурнай прасторы індывідуальная патрэба нікому не заздросціць, усіх кахаць.

Гэта тыповы беларускі хіпізм.

Вострая патрэба ў дотыках, размовах, сяброўстве, сталенні без форм прымусу – у тым ліку без цеснай вопраткі на голым целе. 

Гэта пра Лору Варашкевіч.

У Беларусі заўсёды былі вольныя людзі. Яны крыху абарыгены з рачной прасторы, крыху паўночныя еўрапейцы паміж ф’ёрдаў. 
Беларускі хіпізм заўсёды быў элітарным, рамантычным, нешматасабовым, не этнавясковым. Субкультура хіпі мае адсюстраванне ў беларускім жывапісе. Калі вы бачыце лёгкую пашарпанасць у стылі “тай-дай” у разводах неба або зарасцях бэзу – гэта яно. 
Лора Варашкевіч выражае наш “олдскульны” хіпізм, які не мае адзнак дэградацыі. Ён прадстаўлены ў ідэальным стане – станам асалоды ад волі, кахання і гармоніі прыроды. 
Мастакі-хіпаны маюць глыбокія, як рэкі, перажыванні.
Яны звычайна моцна самотныя, яны жадаюць адчуць сум напоўніцу. 
Адсюль серыя Лоравых карцін “Сум №1”, “Сум №2”…  
У пакалення Лоры, яе выказваюць ейныя карціны, была іншая гендарная праграма. Яна не супадае з сучаснай мадэллю гендарных паводзінаў. Але яна ёсць.

Пры гэтай мадэлі не выяўляюць рэзкіх выпадаў адносна адно аднога. Не канкуруюць, не танчуць шлюбных танцаў у каляровым апярэнні, не заляцаюцца настойліва і патрабавальна. Няма рашучых мужчын і рашучых жанчын. Няма агрэсіўных палавых супярэчнасцяў. Няма гендарнага супраціву. Няма такой каштоўнасці, як палавая палкая энергічнасць, мужчынскі падман, падладжванне жанчыны пад мужчыну. Гэта не зніжае сэксуальнасці.
Ёсць вялікая Таямніца Абапольнага Кахання. Пры гэтым кожны партнёр – разумее і ведае, што ёсць шчасце. Яны вельмі блізкія і роўныя.

Гэта стан волі, даверу і адкрытасці.

Але пад традыцыйныя гендарныя стэрэатыпы нас пераапранулі ў фальклорныя строі. Прапанавалі скакаць праз вогнішчы і шукаць папараць-кветку, якой няма.

Таямніца Кахання спараджала культуру Таямніцы Сябровак або Сёстраў. У сучаснасці людзі паспрабавалі дадаць да яе сэксуальнае вымярэнне. Але гэта не тое. Тут недарэчныя лесбійскія цэтлікі.

Культуру Тайны Сябровак спалучае каханне да мужчыны, а не канкурэнцыя з ім, сэрца, а не сэкс. 

Настальгічныя сяброўска-сястрынскія адносіны – таксама адна з галоўных ідыём творчасці Лоры Варашкевіч. Сяброўкі-сёстры-хіпі разумеюць, ведаюць і шчаслівяць адна адную.
 

Гэта сумеснае перажыванне крызісаў праз узаемнае адлюстраванне, сум і нетаропкасць, адыход ад падманаў грамадства. Гэта фемінізацыя прыгажосці адносінаў, а не грамадства.
Не спяшайцеся нас занурыць у найноўшую цывілізацыю. Пакіньце нам нашыя рэчкі і ф’ёрды.

Выявы карцін выкарыстаныя з дазволу аўтаркі.

Вам можа спадабацца