“Как А. Лукашенко развалил профсоюз в отдельно взятом совхозе”. Невядомыя штрыхі да біяграфіі беларускага лідара

Гісторыя

“Как А. Лукашенко развалил профсоюз в отдельно взятом совхозе”. Невядомыя штрыхі да біяграфіі беларускага лідара

5 сакавіка 2020 а 18:21

Аляксандр Кур’яновіч

У канцы лютага Аляксандр Лукашэнка выступіў на VIII з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У прыватнасці, ён адзначыў, што

«у нашай навейшай гісторыі прафсаюзны рух з’яўляецца паўнапраўным удзельнікам будаўніцтва краіны. Мы стварылі дзяржаву, галоўнымі каштоўнасцямі якой з’яўляюцца людзі і справядлівае стаўленне да іх. Гэты выбар прадвызначыў далейшае развіццё партнёрскага ўзаемадзеяння паміж уладай і грамадскімі арганізацыямі».

Гэтую мантру беларускі прэзідэнт прамаўляе ўжо звыш за пятнаццаць гадоў — з таго моманту, калі з’явілася ідэалогія беларускай дзяржаўнасці.

Аднак у яго палітычнай біяграфіі ёсць момант, калі яго, у бытнасць дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання, абвінавацілі…у развале прафсаюза ў шклоўскім саўгасе «Гарадзец», які ён узначальваў.

Пачатак гісторыі паклала прафсаюзнае выданне «Беларускі час». На яго старонках  (№48, 30 лістапада — 7 снежня 1992 года) з’явілася занатоўка пад назвай «Как народный депутат А. Лукашенко развалил профсоюз в отдельно взятом совхозе». А на газетнай паласе, дзе размешчаны допіс, зрабілі ўрэзку: 

«С трибуны парламента легче защищать всех аграриев, чем создать нормальную жизнь крестьянину».

Аўтарам матэрыяла быў Аляксандр Шчарбак, які назваў сябе былым старшынёй прафсаюзнага камітэта саўгаса «Гарадзец».

Матэрыял Шчарбака можна падзяліць на дзве часткі.

У першай апісваецца трагічнае становішча тагачаснага беларускага селяніна: пасля сыходу камуністаў на вёсцы ўладу перанялі т.зв. «чырвоныя памешчыкі» — дырэктары саўгасаў і калгасаў. Селянін, які не мае ўласнасці, абсалютна безабаронны перад іхнай сваволяй. І саўгас «Гарадзец» Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці, на жаль, не стаў тут выключэннем.

Далей аўтар скрупулёзна пералічыў тыя грубыя парушэнні працоўнага заканадаўства, які нібыта мелі месца ў саўгасе. Па-першае, запэўніваў Шчарбак, працоўныя саўгаса не ведалі тарыфных ставак і расцэнак, якія былі зацверджаныя ўрадам (і гэта з улікам таго, што тарыфныя стаўкі на момант друку артыкула змяняліся некалькі разоў). Па-другое, адсутнасць падвойнай аплаты працы ў выходныя і святочныя дні. Па-трэцяе, адсутнасць у саўгасе графіка працоўных адпачынкаў. Па-чацвёртае, Шчарбака абурала тое, што ўсе парушальнікі працоўнай дысцыпліны ў саўгасе не караліся паводле адпаведнага кодэксу, а выключна штрафаваліся: у іх спаганялі 25% заробку.

Шчарбак сцвярджаў, што гэтыя і іншыя парушэнні ён спрабаваў абмеркаваць з дырэктарам саўгаса Аляксандрам Лукашэнкам, аднак безвынікова.

Калі ж гэтыя парушэнні былі вынесеныя на абмеркаванне прафсаюзнай канферэнцыі ў студзені 1992 года, то Шчарбака, паводле ягоных уласных словаў, проста выжылі з саўгасу.

Нібыта Аляксандр Лукашэнка ўласным загадам забараніў збіраць прафсаюзныя ўнёскі праз бухгалтэрыю.

У выніку Шчарбак вымушаны быў напісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні.

Як запэўніваў у сваім матэрыяле Шчарбак, Аляксандр Лукашэнка паспяхова пахаваў і праект калектыўнага дагавора паміж адміністрацыяй саўгасу і яго работнікамі. Дырэктар саўгаса ўвайшоў у склад прэзідыуму канферэнцыі і дабіўся таго, што праект калектыўнага дагавора быў адпраўлены на дапрацоўку, а потым пра яго проста забыліся.

Па словах Шчарбака, вялікую ролю ў гэтым адыгралі маніпуляцыйныя здольнасці Лукашэнкі, які спрактыкаваўся ў іх у Вярхоўным Савеце.

У канцы свайго допісу Шчарбак канстатаваў, што прафсаюз у саўгасе канчаткова развалены, а «у великого демагога от демократии» Лукашэнкі цяпер развязаныя рукі. Шчарбак абвінаваціў Лукашэнку ў тым, што той уступіў у канфрантацыю з прафсаюзамі і патрабуе стварэння «какого-то надправительственного комитета» (у сакавіку 1992 года на дзевятай сесіі Вярхоўнага Савета Лукашэнка прапанаваў заснаваць надзвычайную камісію па сельскай гаспадарцы, на што Шушкевіч жартоўна заўважыў: маўляў, размова ідзе пра ГКЧП з сельскагаспадарчым ухілам — Аўт.)

Разам з матэрыялам Аляксандра Шчарбака «Беларускі час» надрукаваў афіцыйны каментар за подпісам Уладзіміра Снегава — старшыні Шклоўскага райкома прафсаюза працоўных аграпрамысловага комплексу.

Снегаў канстатаваў, што ў саўгасе «Гарадзец» маюць месца парушэнні шэрагу артыкулаў Кодэкса законаў аб працы і пастаноў Савета Міністраў. Да таго ж дырэктар саўгаса, пісаў Снегаў, забараніў выдаваць прафсаюзным работнікам усю дакументацыю, а таксама ігнараваў прапановы прафсаюза, напрыклад, аб адмене незаконных загадаў аб спагнанні 25% заробку саўгасных кіроўцаў Васільева і Грэцкага.

Па словах Снегава, у саўгасе так і не былі перагледжаны аклады спецыялістаў, у выніку чаго мае месца вялікая розніца ў заробках у яго гасразліковых падраздзяленнях. Акрамя таго, у саўгасе, як пісаў Снегаў, адсутнічае загад аб прызначэнні спецыяліста, адказнага за ўлік грамадзянаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, па месцы працы.

Снегаў сцвярджаў, што патрабаванне прэзідыуму райкома прафсаюза аб зацвярджэнні калектыўнага дагавора ў саўгасе да 1 чэрвеня 1992 года Лукашэнка ігнараваў.

Публікацыі накшталт гэтай у «Беларускім часе» былі даволі рэдкай з’явай, бо канфлікты з удзелам дэпутатаў Вярхоўнага Савета адразу станавіліся здабыткам грамадскасці.

Напрыклад, у 1991 годзе ў адным з нумароў «Вечернего Минска» ў рубрыцы «Партыйны тэлетайп» была змешчана ананімная інфрамацыя пра тое, што дэпутат Вярхоўнага Савета Алег Трусаў быццам бы не праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі. Трусаў патрабаваў публічна абвергнуць гэтую інфармацыю.

А ў 1993 годзе Алег Анатолевіч звярнуўся ў рэдакцыю газеты «Рэспубліка». Трусаў палічыў, што ў на карыкатуры ў адным з нумароў (напаўголы прызыўнік стаіць перад медыцынскай камісіяй) ёсць і яго выява. У сваім адказе газета заявіла, што Трусаў заблукаў у трох соснах, а на карыкатуры намаляваны не ён, а расійскі цар Мікалай II.

Што да Лукашэнкі, то такая публікацыя магла быць яму непрыемная ўдвая. Справа ў тым, што Шчарбак і Снегаў уваходзілі ў ініцыятыўную групу Лукашэнкі падчас выбараў у Вярхоўны Савета Беларусі 12 склікання. У тым ліку дзякуючы ім Лукашэнка атрымаў дэпутацкі мандат. Больш таго, пры абмеркаванні сваёй кандыдатуры на пасаду старшыні пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета 12 склікання па аграрных пытаннях, прадуктах харчавання і сацыяльным развіцці сяла 9 чэрвеня 1990 года Лукашэнка публічна выказаў падзяку Снегаву, Шчарбаку, а таксама Уладзіміру Канаплёву.

Да таго ж публікацыя разбурала імідж Лукашэнкі як папулярнага і прагрэсіўнага аграрніка.

Нагадаем, што такі імідж пачаў выбудоўвацца з канца кастрычніка 1988 года, калі буйныя рэспубліканскія выданні («Советская Белоруссия», «Вечерний Минск») растырыжавалі артыкул «Пена на волне перестройки», накіраваны найперш супраць БНФ. Сярод «сотни молодых людей, которые не только говорят о перестройке, но и творят ее созидательным трудом и научно-техническим способом», фигураваў і 34-гадовы Аляксандр Лукашэнка. Ён узначаліў «самое убыточное в Могилёвской области хозяйство», якое дзякуючы новым метадам арэнды і гасразліку пачало атрымоўваць добры прыбытак. А таму Лукашэнка меў вялікі гонар: яго запрасілі ў ЦК КПСС, дзе ён сустракаўся з Гарбачовым.

Лукашэнка ўсяляк імкнуўся захаваць такі імідж. У чэрвені 1990 года пры вышэйадзначаным абмеркаванні сваёй кандыдатуры на пасаду старшыні пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета 12 склікання Лукашэнка заявіў, што прыняў саўгас «Гарадзец» банкрутам, а зараз «на его счету два миллиона свободных денег».

Пасля выхаду ў жніўні ў выдавецтве «Ураджай» “производственного издания” «Городецкие уроки» (хаця Лукашэнка лічыўся фармальным аўтарам, аднак на самой справе гэта быў літаратурна-журналісцкі запіс) яго намінальны аўтар стаў пазіцыянаваць сябе ініцыятарам прагрэсіўных формаў вядзення сельскай гаспадаркі.

18 кастрычніка 1990 года на другой нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета 12 склікання Лукашэнка сцвярджаў, што саўгас «Гарадзец» быў галоўным рухавіком арэнды ў рэспубліцы, і «мы много достигли в этой области».

Калі задацца пытаннем, каму і навошта было атакаваць народнага дэпутата, то трэба заўважыць, што Лукашэнка на той час нажыў сябе шмат нядобразычліўцаў, у тым ліку і з боку прафсаюзаў. Напрыклад, у яго не склаліся адносіны з тагачасным прафсаюзным босам Уладзімірам Ганчарыкам. Так, калі 21 красавіка 1992 года пры абмеркаванні ў Вярхоўным Савеце праекта закона аб прафсаюзах Ганчарык назваў гэты дакумент «общипанным» (з праекта знікла права прафсаюзаў на заканадаўчую ініцыятыву — Аўт.), Лукашэнка заявіў наступнае: «Попахивает политиканством, многие хотят понравиться профсоюзам».

Хапала ў Лукашэнкі нядобразычліўцаў і на мясцовым узроўні (Лукашэнка быў дэпутатам не толькі Вярхоўнага Савета, але і Шклоўскага райсавета і нават старшынёй раённай бюджэтна-планавай камісіі). Тлеў канфлікт Лукашэнкі і начальніка шклоўскай міліцыі Анатоля Якімцова. Апошняга народны дэпутат абвінавачваў у шматлікіх службовых злоўжываннях. Якімцова некалькі разоў публічна вымушаны быў абараняць кіраўнік магілёўскай міліцыі Барыс Алданаў.

Так што падобная публікацыя магла быць адным са сродкаў стрымання залішне актыўнага і імпэтнага дэпутата.

Ну а што сам Лукашэнка? Газета з артыкулам Шчарбака-Снегава з’явілася ў продажы 8 снежня 1992 года, а ўжо на наступны дзень той выступаў з парламенцкай трыбуны. Дырэктар саўгаса сапраўды прызнаў, што забараніў выдаваць без асабістага дазволу любую дакументацыю. Па словах Лукашэнкі, Шчарбак, «этот бэнээфовец, в течение года предоставил спадару Наумчику (дэпутат ад пазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі 12 склікання — Аўт.) ряд моих приказов, якобы незаконных, и после этого они очень долго и упорно мусолились на радио “Свобода” за три или за пять долларов».

Лукашэнка даў тлумачэнне і наконт таго, чаму забараніў збіраць прафсаюзныя ўнёскі праз бухгалтэрыю. Па словах Лукашэнкі, Шчарбак «вместо того, чтобы доить коров, начал на фермах агитировать за референдум» (гаворка ішла пра рэферэндум, ініцыяваны апазіцыяй БНФ аб датэрміновым роспуску Вярхоўнага Савета 12 склікання і правядзенні новых выбараў; ініцыятарам рэферэндуму са студзеня па май 1992 года ўдалося сабраць звыш 450 тыс. подпісаў, аднак Вярхоўны Савет сасалаўся на шматлікія парушэнні пры зборы подпісаў, якія нібыта мелі месца, і спецыяльнай пастановай 29 кастрычніка 1992 года забараніў правядзенне рэферэндуму — Аўт.). Таму Шчарбаку было прапанавана збіраць унёскі уласнымі сіламі. Як сцвярджаў Лукашэнка, Шчарбак «на старых запасах продержался два месяца», а народ «не дал ни копейки на содержание этих профсоюзов».

Лукашэнка дадаў, што не забараняў прафсаюз і нікога не выганяў. Ён ва ўльтыматыўнай форме патрабаваў ад галоўнага рэдактара Алега Мікалайчыка «во всем разобраться».

«Беларускі час» паведаміў чытачам, што яго карэспандэнт выехаў у саўгас «Гарадзец».

Але працяг гэтай гісторыі адшукаць не ўдалося.

«Беларускі час» так і не звярнуўся да гэтай тэмы.

Яе сляды адсутнічаюць і ва «Ударным фронце» — органе Шклоўскага раённага Савета народных дэпутатаў.

У апошнія гады кіраўнік дзяржавы ўсё часцей звяртаецца да свайго — у тым ліку і дэпутацкага — мінулага. Быць можа, ён калісьці раскажа, чым скончылася гэтая прафсаюзная гісторыя.

Вам можа спадабацца