Кароткая гісторыя яблыневай бутаньеркі ў Беларусі

Рознае

Кароткая гісторыя яблыневай бутаньеркі ў Беларусі

Удзел Лукашэнкі ў парадах у шэрагу назіральнікаў выклікае шмат негатыўных эмоцый.

Але парады ўсё роўна рэгулярна адбываюцца. Лукашэнка ўсё роўна звяртае на сябе ўвагу. Хтосьці прабуе дачапіцца да гарнітураў і пагонаў світы, апошнім жа часам больш глядзяць на сына Мікалая.

Пры гэтым мала хто памятае, што на парадзе ў траўні 2015 г. адбылася падзея, якую наўпрост можна назваць пераломнай.

28 красавіка 2015 “Naviny.by” з прыхаваным здзіўленнем пісалі : “Беларусь адмовілася ад георгіеўскіх стужак. На ўсіх збіраюцца начапіць чырвона-зялёныя бутаньеркі”.

Так у наш актыўны ўжытак увайшло французскае слова “бутаньерка”, а сама бутаньерка стала абавязковым аксесуарам да Дня 9 мая!

Чырвона-зялёная стужка з традыцыйнай беларускай кветкай яблыні мела заступіць георгіеўскую, якая, як напісалі тады, “яшчэ нядаўна стракацела на лацканах пінжакоў” беларусаў.

Беларуская “бутаньерка” 2015 году – сімвал у духу незалежнасці. Ветэран на першым плане правільна ўпрыгожыў лацкан свайго пінжака кветкай яблыні. Яна павінна насіцца з левага боку ў месцы пятліцы.
https://www.belarus.by/ru/press-center/photo/den-pobedy-prazdnuet-belarus_i_0000009068.html

Як сцвярджалася, “святой справай” было бясплатна раздаць ветэранам бутаньеркі і абавязкова ўпрыгожыць імі прадавачак у крамах.

Бутаньерка на жанчынах-прадавачках – гэта, канешне, новаяўлены беларускі “дэндзім”, бо яна бадай пасуе менавіта да мужчынскага гардэробу, дэманструючы мужчынскую сілу і адвагу.

Афіцыйная прэзентацыя яблыневай бутаньеркі адбылася ўжо ў студзені 2015 г., калі з ёй публічна выступіў сам Лукашэнка. Значыцца, думкі пра яе ўзніклі ўжо ў 2014 г.

Прэзентацыя яблыневай бутаньеркі на лацкане А.Лукашэнкі ў студзені 2015 г. Здымак: БелТА.

У тым самым 2015 пачаўся пераходны перыяд: у тым самым годзе на парад у Маскву Лукашэнка прыбыў з міксам яблыневай бутаньеркі і георгіеўскай стужкі. Ад такога “незвычайнага” аксесуара ў Крамля “адпала ніжняя сківіца”.

А. Лукашэнка з “незвычайнай” бутаньеркай у пятліцы у маскоўскім аэрапорце.

Ці хтосьці з прэсы звярнуў увагу, якія бутаньеркі былі на лацкане пінжака Лукашэнкі і ягоных сыноў на парадзе ў Маскве 24 чэрвеня 2020 г.? Здаецца, нікому да таго не было справы. Больш пралічваліся адлегласці паміж Лукашэнкам і Пуціным. Тым не менш, Лукашэнка, як і яго сыны, ізноў вылучаўся незалежным іміджам у плане пафасных аксесуараў.

Лукашэнка на парадзе ў Маскве 24.06.2020 г. са сваёй бутаньеркай.

У 2017 чырвона-зялёная стужка была ізноў заўважана на прэзідэнцкім пінжаку. Але ў той год Лукашэнка зрабіў іншы акцэнт, замяніўшы белае квецце мініятурным савецкім ордэнам Перамогі.

Лукашэнка ў пінжаку з “пераможнай” бутаньеркай. Здымак https://nn.by/.

Гэта не засталося без увагі прэсы, якая адзначыла той факт ужо ў 2019 г., хоць фота Лукашэнкі без яблыневай кветкі размяшчалася ў медыях раней.

На жаль, аксэсуар, што мы бачым на фотаздымку з Аляксандрам Рыгоравічам, немагчыма ўжо назваць бутаньеркай ці брошкай, у лепшым выпадку – нагрудным знакам, бо ў бутаньерцы галоўную ролю адграе менавіта кветка. Але тое, што адбылося пяць гадоў таму на Беларусі, было, як не круці, важнай вехай і, магчыма, нават збянтэжыла нашага ўсходняга суседа. У 2017 г. з’явіліся “канкурэнтныя” расейскія бутаньеркі з гваздзічкамі, ружачкамі, калоссем і нават галінкай бэзу на фоне паласатай аранжава-чорнай стужкі.

У Беларусі ж яблыневы квет застаецца сімвалам “Вялікай Перамогі”.

Cвяточная картка са славутай беларускай бутаньеркай.

Вярнуўшыся з Масквы, Лукашэнка быў заўважаны ў Берасці 26 чэрвеня з тым самым маленькім ордэнам Перамогі ў атачэнні чырвона-зялёнай стужкі.

У такім самым выглядзе Лукашэнка з’явіўся на публіцы на Дзень Незалежнасці 3 ліпеня.

Крыніца: http://euroradio.fm/

Не змяніў у клопатах пінжак? Ці гэта застанецца цяпер надоўга?

Наўрад ці нагрудны знак з ордэнам Перамогі не мае нейкага сэнсу ў гэтыя гарачыя перадвыбарныя дзянькі.