“Легендарны камень Міцкевіча” – фейк. Але павяліся на яго многія

Меркаваньні

“Легендарны камень Міцкевіча” – фейк. Але павяліся на яго многія

20 траўня 2020 а 17:16

Інэса Кур'ян

Не буду крывіць душой – мяне не пакінула абыякавай нядаўняя навіна: аказваецца, пад Нясвіжам у занядбаным склепе знайшлі “легендарны камень Міцкевіча”.

Адам Міцкевіч – гістарычны персанаж, які дасягнуў, так бы мовіць, “экспертнага ўзроўню”.

Вызначым для яснасці, што такое “экспертны ўзровень” пэўнай гістарычнай асобы.

Гэта калі пэўная выбітная асоба не проста вядомая, а пра яе ўжо назбіраная цэлая скарбніца навукова апрацаваных і правераных фактаў. Больш за тое, існуе шэраг высокаадукаваных людзей, якія з’яўляюцца класнымі спецыялістамі – экспертамі. Такія веды ў сукупнасці набываюць статус “экспертызы”. З імі немагчыма не лічыцца. Таму кожны новы факт пра вядомую гістарычную асобу не можа быць сенсацыяй сам па сабе, а толькі пры суаднясенні з гэтымі ведамі і пасля ацэнкі экспертаў.

Народжаная сама па сабе сенсацыя абляцела вядомыя беларускія медыі: Белсат, Свабода, Тут бай. Нават на сайце Нацыянальнай бібліятэкі не паленаваліся пераставіць такую навіну.

Глыбей не варта высвятляць. Бо нідзе і ніяк не ўлічаны “ўзровень экспертнасці”.

Калі ты мяркуеш, што знайшоўся “камень Міцкевіча” ці “гузік Міцкевіча”, ці “легендарны выбіты ў дзяцінстве зуб Міцкевіча” – прыкладзі заключэнне экспертаў, якіх, дзякуй богу, нямала.

Мала напісаць, што камень, гузік ці зуб Міцкевіча “легендарны” – трэба давесці, што гэта рэчы легендарныя.

На дадзены ж момант праблема прыкладання да Міцкевіча нейкага выпадкова знойдзенага каменя невырашальная, бо:

  1. Ніхто не звярнуўся да экспертаў;
  2. Самі эксперты паціскаюць плячыма і кажуць, што ніколі пра такую “легенду” не чулі, ніхто ў коле экспертаў ніколі не шукаў пацвярджэння гэтай легенды;
  3. Не выкананыя папярэднія ўмовы для праведзення экспертызы (варта было б высветліць, калі будаваўся склеп, хто гаспадар, калі ён замяшаў цэмент, якога году выпуску свердзел для нанясення надпісу і пад.).

Каб давесці, што гэты камень мае дачыненне да Міцкевіча, трэба выканаць працэдуру экспертызы. Іначай варта пакласці гэты камень у сваім агародзе і расказваць пра яго сваёй сям’і байкі.

Бо ніякі дамарослы краязнаўца не мае права проста так, уласным одумам, прыпісваць сваім знаходкам якую-колечы сувязь з Адамам Міцкевічам, тым больш з размахам заяўляць гэта ўсяму беларускаму народу.

Гэта не эўрыка. Гэта правілы цывілізаванага грамадства. І іх ніхто не адмяняў. Добрым прыкладам маглі б быць астанкі Каліноўскага.

Паўтаруся, сыходзячы з агульнавядомых навуковых пастулатаў: фактам могуць быць толькі звесткі, правераныя на верагоднасць. На гэта спецыяльна існуюць эксперты.

Нехта ў гэтым убачыць і вынік стратэгіі нашых уладаў на ігнараванне важкасці гуманітарных навукова-даследчых устаноў, скарачэнне акадэмічных тэм разам з супрацоўнікамі.

Не накормяць, маўляў, яны краіну.

Вынікі гэтыя цяжкія – адсутнасць павагі да гуманітарных каштоўнасцяў, засмечванне гуманітарнай прасторы сумнеўнай, ненавуковай факталогіяй. Той самы базар-вакзал пад адкрытым небам без магутных апорных калон Акадэміі Навук.

Хто цяпер абавязаны правяраць гэтыя факты?

Ва ўзгаданым матэрыяле мы маем дачыненне з усімі знакамі вельмі сумнеўнай верагоднасці: ніхто ніколі дагэтуль не даследаваў тэму і не лічыў канкрэтны гэты камень легендарным.

Надпісы на камені маглі быць цытатай з альбому, аўтарства якога не пацверджана, тэкставая версія прысвячэння мае некалькі варыянтаў і нават невядома, каму гэтыя надпісы прысвячаліся. Затое прозвішча Міцкевіча бачна “чотка” і нават нагадвае “аўтограф вялікага паэта”. Перадрук звестак змяшчае суцэльную блытаніну імёнаў, прозвішчаў, месцаў, а нават спараджае новую “легенду” пра сувязі Міцкевіча з вёскай Студзёнка і неабходнасцю стварэння там музея.

Заўважу, што ад моманту знаходкі (01.05.2020) да сёння прайшло толькі тры тыдні! А здавалася б яшчэ ўчора сам дамарослы краязнаўца, наша “аўтарытэтная крыніца ведаў”, сціпла звярнуўся да спецыялістаў па польскай мове – расчытаць надпіс на знойдзеным “легендарным камені” .

Сёння размяшчаць свае меркаванні ў сусветным інфармацыйным павуцінні можа кожны, бо выкладзеная інфармацыя не правяраецца на верагоднасць. На гэта і робіцца разлік: інфармацыя хутка і безацэнкава атрымае распаўсюд, “пойдзе ў народ”.

Але трэба прытрымлівацца простага правіла – любая крыніца і звесткі павінны мець рэпутацыю. Яе распаўсюд таксама мае рэпутацыю. Працуеце за “лайкі” – можаце страціць чытачоў за распаўсюд сумнеўных звестак з нізкай рэпутацыяй. Перадрукавалі – страцілі рэпутацыю.

Няпраўда заўсёды цягне за сабой сур’ёзныя наступствы.

Вам можа спадабацца