Моўныя таямніцы «Плачу перапёлкі»

Рознае

Моўныя таямніцы «Плачу перапёлкі»

28 красавіка 2020 а 10:19

Леў Глушыцкі

Выданне, якое аглядаецца:

Чыгрынаў І. Збор твораў. У 6 т. Т. 1. Плач перапёлкі. Апраўданне крыві: Раманы / Прадм. У. Юрэвіча. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1995. — 589 с.

Сёлета спаўняецца 50 гадоў з выхаду рамана Івана Чыгрынава «Плач перапёлкі» ў часопісным фармаце. Таму немалы аб’ём гэтага матэрыялу можна растлумачыць тым, што ён прысвечаны гэтаму юбілею.

Плакат Л. М.Кальмаевай "Плач перапёлкі", прымеркаваны да тэатральнай пастаноўкі гэтага твора.
 

Іван Чыгрынаў нарадзіўся ў вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Іван Гаўрылавіч — народны пісьменнік Беларусі.

Іван Чыгрынаў.

І я думаю, што з моўнага гледзішча яго творы пацвярджаюць гэта вельмі добра. Без перабольшання ледзь не на кожнай старонцы «Плачу перапёлкі» сустракаюцца народныя словы і выразы з усходу нашай краіны.

Аднак нягледзячы на сказанае вышэй, многае з моўных набыткаў такога, здавалася б, вядомага аўтара сёння вельмі слаба прадстаўлена ў інтэрнэт-прасторы (а менавіта ў ёй цяпер у першую чаргу шукаюць тое, што зацікавіла). На выпраўленне гэтай хібы найперш і накіраваны гэты матэрыял.

Акрамя лексікі і фразеалогіі, у «Плачы перапёлкі» трапляюцца і цікавыя формы (калі памятаць, што аўтар паходзіць з тэрыторыі паўночна-ўсходняга дыялекту): сядзімо ўжо колькі, а Мікіты няма (52), ты паслухай, што гаварыць маю (86). Сустракаюцца і сінтаксічныя канструкцыі, не падобныя да ўжываных сёння або якія рэдка ўжываюцца:

было не сядзець Раману доўга (52), дак было дужа не старацца (55) ‘не трэба было’;

Чубару як не бачыўся ўжо імклівы рух па гравійнай дарозе варожых танкаў (60) ‘як быццам бачыўся ўжо’, ‘амаль бачыўся’;

кідаліся воку (63) ‘кідаліся ў вочы’;

колькі моманту (65) ‘нейкі час, нейкі момант’.

Няможна пакінуць без увагі такі ёмкі зварот: Хоць Брава-Жыватоўскі і папярэджваў Зазыбу... але Зазыба надумаў сваё (224) ‘пастанавіў, вырашыў рабіць па-свойму’. Сярод канструкцый ёсць цікавы выпадак ужывання дзеяслова быць з творным склонам: што ні кажы, а цэнтр ёсць цэнтрам (185).

Прасочваецца ў творы і асаблівая роля аддзеяслоўных назоўнікаў на -нне, -ццё: самі хоп на пасядзенне, а баб на канюшню паслалі (58) ‘пасядзенкі’; каб жа знаццё… (100) ‘каб жа ведаў’; што гэта за маляванне такое? (150) ‘малюнак’.

 Заўважу, што некаторыя словы асабіста мне не ўдалося знайсці фактычна ні ў адным даведніку. А вось слова базно знайшлося (прытым якраз у такім самым значэнні, як у І. Чыгрынава!), як ні дзіўна, у «Ярославском областном словаре».

Такім чынам, у «Плачы перапёлкі», як на мяне, яшчэ застаюцца моўныя таямніцы. Прынамсі, для шараговага чытача іх там поўна. Спадзяюся, гэты матэрыял крыху выправіць гэту сітуацыю.

Крыніцы:

Бялькевіч — Бялькевiч, І. К. Краёвы слоўнiк усходняй Магiлёўшчыны / І. К. Бялькевiч. — Мінск: Навука i тэхнiка, 1970. — 602 с.

Дабравольскі — Добровольский, В. В. Смоленский областной словарь / В. В. Добровольский. — Смоленск, 1914. — 1026 с.

Каспяровiч — Каспяровiч, М. І. Вiцебскi краёвы слоўнiк / М. І. Каспяровіч; пад рэд. М. Я. Байкова і праф. Б. І. Эпімаха-Шыпілы. — Вiцебск, 1927. — 390 с.

Насовіч — Насовiч, I. I. Слоўнiк беларускай мовы / І. І. Насовіч. — Мінск: БелСЭ, 1983. — 792 с.

Растаргуеў — Расторгуев, П. А. Словарь народных говоров Западной Брянщины / П. А. Расторгуев. — Минск: Навука i тэхнiка, 1973. — 295 с.

Юрчанка — Юрчанка, Г. Ф. Народнае вытворнае слова: З гаворкі Мсціслаўшчыны. — Мінск: Навука і тэхніка, 1981. — А–Л. — 280 с.; 1983. — М–Р. — 304 с.; 1985. — Р–Я. — 336 с.

Юрчанка, 1966 — Юрчанка, Г. Ф. Дыялектны слоўнік: з гаворак Мсціслаўшчыны / Г. Ф. Юрчанка. — Мінск: Навука і тэхніка, 1966. — 227 с.

Пасля цытат-ілюстрацый у дужках прастаўлены нумары старонак кнігі. Крыніцы, якія згадваюцца толькі аднойчы, пазначаны ў адпаведным слоўнікавым артыкуле.

абе́глівы — дагодлівы? Чубар слухаў селяніна і зноў нібыта шэрхнуў сам... ён сядзеў з апушчанымі плячамі, талопіў позірк на растапыранае сядло, якое абеглівы селянін клапатліва паклаў зводдаль (286).

абначы́цца — заначаваць. Абначыўся ён у незнаёмым, затое спакойным месцы (169). Бялькевіч: 29, Растаргуеў: 28.

абротнік — нядбайнік. Але цешыўся дзед да таго часу, пакуль усё, што ляпіў з гліны Масей, было падобна на гаршкі, а як толькі на загавальні пад вокнамі ўбачыў чалавечую галаву.. то расчаравана махнуў рукой: і гэтага абротніка сатана адурыў! (121). Растаргуеў: 30.

абрэ́зень — бот без халявы. Парфён Вяршкоў сядзеў з апушчанай галавой, паціху варушыў наском пабялелага абрэзня — бот без халявы — пасохлую кару, што ляжала пад бёрнамі (48). Параўн.: абрэза́нцы ‘адрэзаныя ад ботаў галоўкі, якія выкарыстоўваюцца замест туфляў’ (Растаргуеў: 30).

абы́ — злучн. як толькі. Відаць, іх [свіней] павыганялі з хлявоў яшчэ на досвітку і трымалі цяпер на ўзлеску, каб пасля можна было найхутчэй схаваць у лесе, абы заспела небяспека (136).

аглаву́шчаны — апантаны. Тым часам паліцэйскі гопнуўся на ногі і неяк утрапёна, нібыта аглавушчаны ці з вялікае п’янкі, павадзіў галавой па хаце, затым патупаў да ўслона, дзе ляжала яго вінтоўка (276).

адбы́цца — адбыць, абысціся. Бог не прадасць, свіння не з’есць, а мы з капітанам адной куляй паранены. Толькі ён лёгка адбыўся, а я ўсё яшчэ не магу стаць на нагу (111).

ай — ці. Урэшце, я выконваў дырэктыву. Ай не чуў выступленне таварыша Сталіна? (19). Бялькевіч: 50.

аплы́лы — напоўнены вадой. За дажджы з дарогі пазмывала чалавечыя сляды. Але шырокія, аплылыя каляіны ўсё ж гаварылі аб тым, што нядаўна тут адбываўся вялікі рух (177).

аппяну́цца [абпяну́цца] — накрыцца (чым-н.), захутацца (у што-н.). Заставалася толькі аппянуцца шынялём ды сцішыцца, каб адразу заснуць (83). Параўн.: абапну́цца, абпену́цца ‘тс’ (Растаргуеў: 26).

ахоўнасць — ахова. Калгасы павінны выганяць жывёлу, а хлеб здаваць пад ахоўнасць дзяржаўных органаў (19).

ахля́лы — аслабелы, паніклы. Зазыба вярнуўся ў вёску ахлялы — напіўшыся па дарозе ў Верамейкі халоднай вады, ён падхапіў гарлянку (16). Растаргуеў: 44.

аце́слы — ацеслівы, недапечаны. Мікіта не даў сябе ўпрошваць — адно перакуліў у рот паперад усіх сваю шклянку і, кусаючы на хаду ацеслы хлеб, спехам падаўся да парога (270).

ачомаць — прывесці да прытомнасці. Гэта раптам ачомала ўсіх на дарозе — была страчана надзея на тое, што артылерысты паставяць перад танкамі заслон (217).

бабі́ны — радзіны. У вёсцы на бабіны ходзяць з ахвотаю — жанчыны пякуць уранні прысмакі, загортваюць у палатняную ці калянкоравую намётку, каб потым ісці з гэтым да парадзіхі (122). Параўн. у інш. знач.: Бялькевіч: 79, Растаргуеў: 45.

базно — дурны, нікчэмны чалавек. Аднаму Драніцу чамусьці зброі не далі. Але, можа, Мікіта праўду кажа, што сам не схацеў. Базно-базном, а галаву таксама нейкую мае (87). Такое слова ў значэнні ‘нікчэмны чалавек’ зафіксавана ў «Ярославском областном словаре» (Яраслаўль, 1981, 28). Параўн.: блазно ‘малакасос, блазан, непаўналетні, дурны’ (Растаргуеў: 53).

бала́бка — мянтуз. У гэтага [Сілкі Хрупчыка] была вялікая сям’я, і яму хацелася неяк ускаламуціць ваду, каб паспрабаваць злавіць у ёй калі не цэлага шчупака, то ўжо хоць балабку тады (257).

бастола — той, хто адвільвае ад працы, цягаецца без справы, валацуга. Адным словам, Хомка Берасцень у Верамейках быў не толькі хітры бастола! (176). Параўн. прозвішча Бастун, якое звязваюць з літ. bastýtis ‘бадзяцца’ (пра гэта гл. у кнізе «Беларуская антрапанімія» М. В. Бірылы, 1969, 44), а таксама басты́сь ‘хлопец, які бадзяецца, здаровы, але ні да чога не здатны’ (Каспяровіч: 35).

бацяновы ножкі — шабельнік балотны (Comarum palustre). Паміж лесам, што перакуліўся дагары ў ваду, і тым берагам, які парос сушаніцай, балотнікам і бацяновымі ножкамі, скублі траву выпушчаныя са стайні коні (48).

браць раху́нак (да каго) — мець прэтэнзіі. Ці то сумысна, ці ў яго выходзіла так, аднак перамаўляўся Брава-Жыватоўскі пакуль з адным Драніцам, і гэта выклікала ў зайздрослівай душы Рамана Сёмачкіна непрыемнае, нават нейкае помслівае пачуццё, нібыта гаспадар ганьбіў яго перад Рахімам. Але рахунак Раман усё ж браў, здаецца, не столькі да Брава-Жыватоўскага, колькі да Мікіты Драніцы (263).

брыж — востры край, руб чаго-небудзь. Зазыба акінуў вокам жылую палавіну — усё тут было як і раней: ад печы да знадворнай сцяны ішла дашчаная перагародка, што датыкалася брыжом да паклеенай шпалерамі столі (184). Бялькевіч: 92.

бука́ты — круглы. Позірк нечага доўга затрымаўся на высокай вітцы.. пасля скочыў на адкрыты з двух бакоў ганак, дашчаная стрэшка якога абапіралася на букатыя слупкі-балясіны. Растаргуеў: 57.

була́ўніца — грыбная локшына (Ramaria flava). Па моху расла так званая грыбная лапша — булаўніца, але чамусьці не жоўтая, як звычайна, а чырванаватая, нават аранжавая: здаецца, ступіш на яе нагой, і мох навокал адразу акрывяніцца (96).

ве́дам не ве́даць — пра поўнае няведанне чаго-н. Жыве чалавек і ведам не ведае, дзе яму наканавана галаву палажыць (85).

ветравічок — пазашлюбнае дзіця. Кладаўшчыцай у калгасе была Ганна Карпілава, саламяная ўдава: у свае маладыя гады — не набрала яшчэ і дваццаці пяці — яна мела двух дзяцей, так званых ветравічкоў-бязбацькавічаў (32–33).

вушакоміцца — задавацца. Але гэты раз Мікіта чамусьці зусім не вушакоміўся — ёсць у Верамейках такое слова, значыць, не задаваўся, як то ўмеюць рабіць недалужлівыя людзі (231).

ву́шкі: як чорту салодкіх ву́шакніколі і ні пры якіх абставінах (не бачыць каго-, што-н.). Не дай Бог, каб ён на тым баку Бесядзі быў, не бачыць бы нам сена з Зінкевічавага лугу, як чорту салодкіх вушак (225). Параўн.: ву́шкі ‘варэнікі з сечаным вараным мясам’ (Растаргуеў: 69).

выпе́трываць — перан. высушваць. Яна заўсёды мяне во так, гэта гарлянка, бытта ліхаманка, выпетрывае ўсяго (17).

галава́: не тваёй галавы́ спра́ва — не з тваім розумам (рабіць што-н., разважаць пра што-н.), не твая справа. — Гэта ўжо не тваёй галавы справа. Мы з табой людзі маленькія (20).

галузаваты — дурнаваты. — Дак няма ў мяне ордэна ўжо! — зрабіў галузаваты твар Зазыба (159). Насовіч: 108.

га́лы — голы (пра мясцовасць). На гародзе была пакапана бульба, а на галым месцы, з якога пазносілі бульбоўнік на плот, ляжаў вялікі гарбуз (251–252). Дабравольскі: 120.

гаспада́р: гаспада́р — ба́цька — ужываецца, каб даць суразмоўніку зразумець, што ён сам нясе адказнасць за прынятае рашэнне. — Ета добра, што грошы.. але што яны цяпер будуць вартыя, грошы? — На першым часе хапаць будзе таго, што дала Марфа.. а тама неўзабаве яшчэ падкінем. — Гаспадар — бацька (189). Параўн. руск. хозяин — барин.

глушы́на — густыя зарасці. Праўда, урочышча тое, пакуль людзі раскашавалі пасля рэвалюцыі з зямлёй, пабралася глушынай, але акалічнасць гэтая не стала прычынай для двухжыльных братоў (21).

дава́цца — удавацца, атрымлівацца. Мікіта быў трохі выпіўшы і напускаў на сябе важны выгляд, але гэта яму не давалася (154).

дарога: у адну́ дарогу — па дарозе. Дзяніс Зазыба ішоў разам з Парфёнам Вяршковым — ім было ў адну дарогу (57). «Не выключана магчымасць.. што гэтыя чырвонаармейцы таксама трымаюць шлях за Бесядзь, тады нам будзе ў адну дарогу» (65).

дзе́бра — старое рэчышча, у якім яшчэ часткова застаецца вада і якое зарастае травой, хмызняком і дрэвамі. Паспакайнеў Чубар тады, як выйшаў за Белую Гліну і апынуўся каля дзебры — старога рэчышча, па якім некалі цякла Бесядзь і якое цяпер парасло вольхай і вербалозам (61). Дзебра шмат дзе перасохла за лета, дно там — глеістае і парэпанае — паспела пакрыцца пячоначным мохам і яшчэ нейкай мяккай, паклычанай травой, а па азярынах, між пагрызенага лісця белых і жоўтых гарлачыкаў, плавалі качкі (62). Параўн.: дзе́бра ‘даліна паміж гор’, ‘ручаёк паміж гор’ (Насовіч: 129), дзе́бра ‘забалочаная мясцовасць, зараснікі’ («Матэрыялы да абласнога слоўніка Магілёўшчыны», Мінск, 1981, 28).

дзі́ва: дзі́ва што — 1. так, безумоўна, няўжо ж не. — Слабееш, Кузьма!.. — Дзіва што (42). 2. інакш быць не можа. Выказванне захаплення, радасці, згоды і пад. — Ты, Раман, як відаць, прадумаў ужо ўсё. — Дзіва што, — засмяяўся Іван Падзерын. — Часу ж хапала, пакуль недзе на столі хаваўся! (51). Параўн. руск. ещё бы.

дзіч — камень. Даволі было падысці да вады, як жабы спалохана саскоквалі з плыткага лісця, са звонам бултыхаліся ў ваду, быццам хто кідаў з берага невялікія дзічы (167). Параўн.: дзіка́р, дзіча́к 'тс' («Матэрыялы для дыялектнага слоўнiка Гомельшчыны», 1975, 248).

дзогаць — стукаць (нагамі пры хадзе, танцы). Вёска паступова абуджалася: узнімалі і апускалі драўляныя вёдры на доўгіх почапах жураўлі.. і вясковыя бабы, дзогаючы парэпанымі пяткамі па сцежках, ужо ўгіналіся пад каромысламі, насілі ваду (41). Танец цяпер падобны стаў на звычайную вясковую «трасянку», калі ўжо ідуць у скокі ўсе, хто на пагулянцы — танцоры ці не танцоры, затое зацята дзогаюць па гнуткіх, спаласаваных шавецкімі цвікамі масніцах (133). Насовіч: 131.

дру́жна: дру́жна быва́е да пе́ршага паваротку (у каго) — нехта вельмі ненадзейны сябар. — У Ягора звычайна дружна бывае да першага паваротку, — кпіў Карней (144).

дуду́рыцца — адтапырвацца. Селянін вылез з ямы, атрос запэцканыя ў гліну картовыя штаны, якія дудурыліся ў яго, быццам у малога, на каленях (287). Параўн.: дудырыцца ‘тс’ (Юрчанка: 1981, 139).

душа́: чарне́ць душой — моцна перажываць? Ну, няхай бы крычаў у прысутнасці аднаго Брава-Жыватоўскага, гэта б яшчэ так сабе, бо Жыватоўшчык, урэшце, свой чалавек, зразумее, а вось навошта было плявузгаць пры гэтым недарэку-татарыну?.. Ды дарэмна Драніца чарнеў цяпер душой — гаворкі пра злашчасную торбу паміж ім і Брава-Жыватоўскім не адбылося (269).

ей-пра́ўды — сапраўды, праўда. — От і Гітлер таксама... Спярша з дружбаю лез, а цяпера і дружбе канец і любошчам. — Гуляла кошка з мышкай. — Ну-да, ей-праўды! Я і сам... Але дагаварыць Прыбыткову не дала нявестка (43). Параўн.: е́й пра́ва ‘тс’ (Каспяровіч: 102), яй-права ‘далібог’ (Юрчанка: 1985, 334).

забале́лы — які забалеў. Але і Сілка даволі хутка адчуў, як можа абярнуцца справа на сходзе... і адразу панікнуў, зніякавеў, ажно змяніўся ў твары, быццам пачаў прыслухоўвацца да нечага забалелага ўсярэдзіне (257).

загавальня — прызба. Пакуль лейтэнант з адным танкістам хадзілі па вёсцы, другі танкіст, седзячы на загавальні, распытваў пра дарогу ў Парфёна Вяршкова (36). Юрчанка, 1966: 87. Параўн.: загува́льня ‘тс’ (Бялькевіч: 174).

загурчэ́ць — пачаць гусці, тарахцець. Але скончыць напышлівую прамову яму не далі. На бальшаку пачуліся паспешлівыя каманды. Загурчэлі маторы (182). Параўн.: гурчэ́ць ‘грымець’ (Каспяровіч: 88).

закутаць — зачыніць. Зазыбава Марфа закутала юшку... але пастаяла ў хаце, слухаючы, ці запахне чадам (116–117). Растаргуеў: 107–108. Параўн.: заку́тыць ‘тс’ (Бялькевіч: 177).

заплы́лы — які распаўнеў (пра твар). Аксюта, наадварот, была мажная, з заплылым тварам, на якім вызначаліся савіныя вочы (118).

запя́так — абцас. Тады Марфа паставіла збоч сцежкі бяроставы кошык і... пачала выціраць мокрай травой скураныя мысы і запяткі (124).

захалонуць — перан., у безасаб. ужыв. пахаладзець. Чакаючы выбуху, Чубар уцяў галаву — справа гэта для яго была незвычайная, і таму ажно захалонула нутро. Параўн.: сэрца захалонула ‘пахаладзела’ (Растаргуеў: 115).

заці́нка — нораў (як у каня)? Яму толькі не зразумела было, навошта Сыркін гэтак надрываецца, няўжо брудныя бэбахі сапраўды вартыя таго, каб нагнаць праз іх і сабе, і дзецям конскую зацінку? (290). Параўн.: заці́нка ‘ўпартасць, загана ў каня’ (Бялькевіч: 185), заці́н ‘упартасць’ (Насовіч: 192).

зачаўраны — чэзлы, змарнелы, хваравіты. І калі ў хату да яго прыйшоў старшыня калгаса, гаспадар ляжаў на шырокім драўляным ложку. Выгляд у яго быў як зачаўраны (17).

зачэ́піста — задзірліва. Шарэйка зачэпіста паглядзеў на Зазыбу, нібыта хацеў пераканацца, якое ўражанне зрабілі на таго ягоныя словы (188).

зашпокаць — пачаць стукаць. Недзе мякка зашпокаў па кары дзяцел (251).

змяёўнік — цмен пясчаны, бяссмертнік (Helichrysum arenarium). Паміж маладога ельніку блішчаў пасярэбраны дажджавымі кроплямі шаўкавісты змяёўнік (96).

зну́сціць — спакусіць. У яго ні Бога за душой, ні чорта... Як Гірша некалі знусціў маладога, дак бязбожнікам і жыве цяпера (191). Параўн.: зну́ста ‘звадыяш’ (Бялькевіч: 196).

імжэ́ль — імжа. Звычайна нават у пахмурны дзень можна адшукаць на небе сонца... але цяпер хмары рухаліся над зямлёй ці не ў тры накаты, як у сырую восень, і ў настылым наваколлі плавала задымленая густая імжэль (77–78). Растаргуеў: 125.

канёк — галоўка (у балалайкі)? Вяроўка адскочыла, як высушаная ды напятая на канёк балалайкі жыла (290).

камлюкава́ты — які ляжыць камякамі (пра зямлю). Крокаў праз дваццаць Чубар убачыў на камлюкаватай зямлі чалавечыя сляды (256).

каўбу́х — мех? Але Сыркін на гэтым не спыніўся, а замахнуўся зноў сякерай і шыбануў яе ў вялікі каўбух, напіханы пярынамі, падушкамі і яшчэ ўсякай усячынай (290). Параўн.: каўбу́х ‘страўнік’ (Растаргуеў: 135).

коўраты — вароты ў канцы вёскі. Нарэшце статак апынуўся за коўратамі, і Баханёк, ляскаючы пугай, пагнаў яго па дарозе на Гутку (16). Параўн: коўрыты ‘тс’ (Бялькевіч: 230–231).

куплёнік — куплёны конь. Была сярэдзіна лета, і вараны жарабок — куплёнік, якога набылі на Гомельскім конезаводзе, да паўдня паспеў павазіць седакоў ледзь не па ўсёй тэрыторыі калгаса (95).

кура́па — жаба. — Мож б, і мы закапалі што ў зямлю. Леташняя ж ямка, што бульбу хавалі, не абвалілася, дак не трэба новай, адно пачысціць ад курап (42). Бялькевіч: 238.

кустоўка — самагонка. — Што гэта, кустоўка? — спытаў ён назнарок Мікіту, беручы ў абедзве рукі пузатую бутлю (266).

куцобісты — нізкарослы. Па левы бок вясковую вуліцу пераходзіла гравійная дарога... і на ёй цяпер не было на чым воку зачапіцца, адны нізкарослыя, як велізарныя шары, куцобістыя вербы стаялі паабапал (60). Параўн.: куцобка ‘куцы, нізкарослы’ (Бялькевіч: 240), куцобка ‘кукса’ (Юрчанка, 1966: 118).

кучомісты — касматы (пра траву). Чубар ад нечаканасці ледзь не ўсхапіўся, аднак стрымаў сябе і ў той жа момант кінуўся, бы малпа, на чатырох, да сваёй вінтоўкі, якую паклаў на кучомістую траву яшчэ да таго, як брацца за рыдлёўку (287).

кучоміцца — касмаціцца. Заўважыў ён чалавека не адразу: давялося нямала паўглядацца, да таго ж ляжаў той у зялёнай і кволай траве, якая кучомілася па самым нізе ў жыце, і адзенне яго колерам амаль зусім не адрознівалася ад гэтай травы (256).

ласкотны — 1. далікатны, няёмкі. — Ты ж паліцэйскі, а мне ён не аддасць вордзена, як тэй таго, — прабаваў выкруціцца з ласкотнага становішча Драніца (158). 2. які прыводзіць у стан прыемнага ўзрушэння. «А як гэты?» — адвёў ад Рахіма Брава-Жыватоўскі вочы і стаіў у сабе ласкотную думку — маўляў, зараз паглядзім! (264). Параўн. ласката́ть ‘казытаць’ (Растаргуеў: 148).

ле́жава — логава, ляжанка. Хоць дождж і ў лесе вымачыў зямлю, але пад шатамі вялікіх дрэў было не мокра, прынамсі, шыгалле, якое ляжала тут скрозь, заставалася амаль сухое, яго можна было згрэбці ў яміну паміж карэнняў, каб зрабіць сабе лежава (83). Параўн.: лэ́жыво, лэ́жа ‘месца, на якім вылежваецца разасланы лён’ («Народная лексіка», 1977, 110), ле́жыво 'сцелішча' («Народная словатворчасць», 1979, 35).

ле́тны — цёплы (пра ваду). Чубар папрасіў напіцца, і нейкая маладзіца заспяшалася ў хату. Неўзабаве яна выйшла адтуль з вядром у руцэ, выліла каля варот на мураву ваду, мусіць, ужо летную, і праворна накіравалася праз вуліцу да калодзежа (59). Юрчанка, 1966: 121.

ломкі — які падгінаецца (пра ногі). Але вось яна [перапёлка] паляжала на зямлі, нібыта ажывала, абапіраючыся на крылы, стала на ломкія ногі і, выдыхаючы з вялікім болем «хва-ва, хва-ва», як стрыножаная, паклыпала ў авёс (96).

лучы́ць — шукаць спосабу, магчымасці. Патрывожаны пясок на адкрытым і выветраным схіле пасыпаўся ўніз, але Чубар шоргату не чуў: лучыў, як далей адбегчыся ад таго месца, дзе адбылося забойства (245). Параўн. луча́ць ‘шукаць выпадку’ (Насовіч: 273).

ля́пнуць: ля́пнуць, бы з пастала́ — сказаць недарэчы. — Ета ён ляпнуў, бы з пастала, — палічыў патрэбным азвацца і Сілка Хрупчык (258).

марцовы — любоўны, амурны. — Ты нам ліні каліва ў якую пляшку, — папрасіў ён Брава-Жыватоўскага, — а то ў нас яшчэ сянні марцовыя справы з Рахімам (271).

масол — костка. — Не кажы глупства... Чырвонаармейцы красці [кароў] не стануць. Я паказаць магу іхнія буданы. Галаву аддаю — ні аднаго масла не знойдзеш! (138). Бялькевіч: 260, Растаргуеў: 157.

махотка — невялікі гліняны гаршчок. — Адно цяпера, — гаварыў ён Дзянісу, — трэба пачакаць, пакуль хлапец трохі падрасце, а тады купім ганчарны круг, бо гліна вон за хатаю, толькі і растраты пасля што на свінец, каб гарлачы да махоткі былі паліваныя (121). Бялькевіч: 261, Растаргуеў: 159.

мука́: і з мукою, і не пы́льна — выгадна, без праблем, якія звычайна спадарожнічаюць дасягненню пэўных мэт. Разумее, што свавол можа плачам скончыцца. Таму нейкага татарына хоча падставіць, а сам пры ім — як кажуць, і з мукою, і не пыльна (58).

мыс — пярэдняя частка абутку, мысок. Тады Марфа паставіла збоч сцежкі бяроставы кошык і.. пачала выціраць мокрай травой скураныя мысы і запяткі (124).

незатуха́ны — перан. які не затухае. Адказвала яна на пытанні проста і талкова, але голасам чалавека, які багата і патаемна пакутаваў: у цёмных вачах яе быў незатуханы агонь надзвычай чуллівай душы (151).

неперашчука́ны — які не спыняўся, не сціхаў (пра дождж). Пасля доўгага і амаль неперашчуканага дажджу гатка, мусіць, і сама распоўзлая стала (124).

непрычы́ннасць (да чаго) — няўдзел (у чым). Пры выглядзе падрыхтаванняў, якія рабіліся ў лагеры перад паходам, яму стала ажно не па сабе. Было нават сорамна неяк за сваю непрычыннасць да ўсяго (114).

ны́кнуць — апусціць (галаву)? — Мы? — ныкнуў галавой Драніца (232). Насовіч: 343.

няпра́ўдашні — несапраўдны. Было ўжо ранне, і ён колькі часу няўцям азіраўся, прывучаючы вочы да святла, якое здавалася чамусьці няпраўдашнім пасля ночы (94–95). Параўн.: праўдашный ‘сапраўдны’ (Юрчанка: 1983, 275).

няшу́плівы — някемлівы. Уласна, толькі сустрэчамі гэтым часам і даводзілася жыць, бо пасля гаворкі нават з самым няшуплівым чалавекам прыходзіла ў галаву новая яснасць (207).

одум: на свой одум — самавольна, сваім одумам. Але Чубар ажно злаваў, кажучы, што ёсць указанне з раёна і што ён не мае права на свой одум пакідаць ворагу калгаснае дабро (16).

паваротак — паваротка. За павароткам, адкуль выступалі стрэхі кулігаеўскіх хат, яго перастрэў Сідар Раўнягін (21).

пагіпацца — пахістацца. Але Брава-Жыватоўскі не падаў здаволенага выгляду — падкусіўшы, быццам у развазе, ніжнюю губу, ён пагіпаўся на падэшвах (265).

пада́цца (на што) — узяцца (на што), пачацца. Здаецца, даўно ўжо прыходзілі да яго сны, можа, нават таму, што на старасць падалося (29).

падэ́сць — падман. Усе ведалі, што Пшэкін часам бегаў са стрэльбай вакол Шыраеўкі, здаралася, прыносіў дзічыну, таму асаблівай падэсці з гэтага боку ад яго не чакалі (146).

пакрысе́-церусе́ — нармальна, без асаблівых змен (жартаўлівы адказ на пытанне пра тое, як нехта маецца). — Як тама Давыдаўна твая? — спытала яна зусім пра іншае праз нейкі час. — Жыве пакрысе-церусе, — адказаў з усмешкай Зазыба (189–190).

паму́ліцца — памуляцца, памяцца (у час гутаркі). — Дак яно ж... — памуліўся Парфён Вяршкоў (58).

памя́кнуць — памокнуць. Ужо нават тым, што многа памяклі сёння на дажджы (108). Параўн.: мя́кнуць ‘мокнуць на дажджы’ (Растаргуеў: 163), мя́кнуць ‘намакаць, мокнуць’ (Бялькевіч: 270), мя́кнуць ‘мякнуць; мокнуць’ (Юрчанка, 1966: 134).

па́ніўка — палонка. Мы тама сядзім як у прыдусе — ці то ўжо высоўваць з паніўкі галаву, ці яшчэ пачакаць (186). Бялькевіч: 314.

папры́шчыцца — здацца, падацца. — Ніякіх немцаў няма, — лагодна ўшчуваючы жонку, кінуў ён у цёмную хату і задыхаў на ўсе грудзі. — Табе і праўда нешта папрышчылася (30).

паса́д: паса́д бульбы —  бульба, выбраная за раз.  Гадзіны праз дзве пад яловым карчом нагарэла вуголле, і Чубар высыпаў на яго першы вялікі пасад бульбы. Гэтага пасаду магло хапіць яму на колькі разоў (97).

паскяпа́ць — пашчапаць (на дошкі). — Я таму пра работу, — сказаў Сілка Хрупчык, — што ўспомніў: засталіся ў лесе клёпкі мае. — Сілка трохі рабіў па бандарнай справе і дзён колькі назад паскяпаў асіну, а прывезці не паспеў (53). Параўн.: скепа́ць ‘шчапаць, калоць’ (Насовіч: 582).

пачува́ць — пачувацца. — Як жа ты пачуваеш? — А-а-а, справа прывычная! Малое ў начоўкі, а сама была за рагач ужо да к печы. Але бабы во не падпускаюць (125).

перабіва́цца: перабіва́цца з мякі́ны на лебяду́ — не мець нічога, цярпець нястачы. Але напаткала няўдача — у вёсцы калгаснікі ўжо таксама ледзь перабіваліся з мякіны на лебяду (278).

перастрава́ць — перахапляць, спыняць. Праўда, верамейкаўцам прыйшлося рабіць ажно колькі спроб, каб выехаць у Сібір, — усё перастравалі вазы іхнія на бялынкавіцкім шляху, які вёў адсюль ужо на Рослаў, стражнікі (123). Параўн.: перастрэ́ціць ‘сустрэць спецыяльна з нядобрымі намерамі’ (Юрчанка: 1983, 256).

перашчука́ць — спыняцца, сціхаць (пра дождж). — Для нас, можа, і лепей было б, каб ён [дождж] заўтра не перашчукаў. Маскіроўка. У вялікі дождж можна незаўважанымі прайсці праз любыя пасты (110). Параўн.: перэшчука́ть ‘тс’ (Растаргуеў: 209).

пле́шык — пралысіна на месцы шнара. Чырвонаармеец ссунуў выгаралыя бровы — адно, над правым вокам, было рассечана некалі, і маленькі плешык не даваў валасам зрасціся, — пастаяў колькі моманту ў задуменні (65).

плёхкаць — пляскаць. Конь тупаў паціху, плёхкаючы капытамі па калдобінах, у якіх стаяла вада (103).

помніць: зло не помніць (на каго) — выражаць гатоўнасць дараваць правіну. — Я ведаю, што ета не вы, — гаварыла яна праз слёзы. — Ета той, верамейкаўскі.. Не, я на вас зло не помню (75). Параўн. руск. не держать зла.

похапам — надта спяшаючыся. Снедаў ён похапам, адно выпіў з акрайцам пазычанага ў Прыбытковых хлеба карэц халоднага, з сенцаў, малака (237). Гэтая прыкрасць не пакідала Чубара ажно доўга: і тады, як зноў аціхла на бальшаку, і яны ўдвух.. амаль похапам апускалі на руках у магілу чырвонаармейца.. і тады, калі Чубар вырушыў з жыта і папраставаў да бакавой дарогі (288).

прычы́на — перашкода. Праўда, урочышча тое.. пабралася глушынай, але акалічнасць гэтая не стала прычынай для двухжыльных братоў, і ўжо недзе пад восень на беразе Кулігаеўкі задымілі коміны хат (21).

прышы́ць: ані́ прышы́ць, ані́ залата́ць, ані́ па́лец абгарну́ць (з кім) — нехта зусім бесталковы, стварае праблемы. Бачачы, як упарта цяпер стаяў на сваім Зазыба, мужыкі з сарамлівай вінаватасцю заплюскалі вачамі — маўляў, з гэтым Раманам заўсёды ані прышыць, ані залатаць, ані палец абгарнуць (257). Параўн.: а ні прышыць, а ні залатаць, а ні паліц абярнуць («Материалы для изучения творчества и быта белорусов. Вып. I. Пословицы, поговорки, загадки» Я. Ляцкага, Масква, 1898, 2).

пэ́тлахі: ажно пэ́тлахі паляце́лі — некаму моцна дасталося. Ну, а немцы, яны таксама не дурні — убачылі нашы машыны і пачалі лупіць па іх, ажно пэтлахі паляцелі (48). Параўн.: пэтлухі ‘непрыбраныя валасы’ (Юрчанка: 1983, 297).

пяру́н: хоць і пяру́н, абы́ мі́ма (па кім) — нехта вельмі моцна спіць. Калі Зазыба прывёў на яе двор чырвонаармейцаў, жанчына спала: па ёй хоць і пярун, абы міма (33).

рага́ль — лось. Магутныя, яны [ласі] блукалі ў сваёй зацятай маўклівасці па звыклых, адным ім належачых сцежках.. а калі наставаў час восеньскага гону, шалелі ад любоўнага непакою; рагалі тады выходзілі з чашчобы і падаваліся бліжэй да расцяробаў на пошукі пакорлівых ласіх (165).

радзі́мец: радзі́мец яго ве́дае — чорт яго ведае. — Яго ж прызвалі, здаецца? — А радзімец яго ведае, — паціснула яна плячамі (45). Параўн.: А радзіміц цябе ведаець, дзе ты цэлый дзень бегыіш (Бялькевіч: 380).

разбабе́лы — набрынялы. Гарод.. увесь панікаў пад цяжарам дажджу: .. ля самай лескі, што аддзяляла Зазыбаў гарод ад сядзібы Аўхіма Касперука, плакаў ад дажджу, як свінцовымі слязамі, разбабелы свойскі мак (117–118).

разбабе́ць — раздзьмуцца, распухнуць. Той ляжаў у густым ельніку, у адных сподніках, а жывот яго з пасінелай скурай, якая пачала распаўзацца, непамерна разбабеў, ажно жахліва было глядзець (83). Параўн.: разбу́біць ‘растаўсцець’ (Дабравольскі: 768), разбубоніць ‘разбухнуць’ (Каспяровіч: 262).

разбуя́лы — які бурна расце, разросся. Насупраць... стаяў лес; наперадзе яго, на самым узлеску, кідаліся воку два магутныя дубы: адзін вілаваты.. а другі некрануты, таму разбуялы і велічны (63).

расці́: не на адны́м гаросе раслі́ — не горшыя за іншых. Зазыба гаварыў з падробленым шкадаваннем у голасе, а па Мікітавым твары тым часам блукала паблажлівая ўсмешка — маўляў, ты, канечне, гавары сабе, а мы таксама не на адным гаросе раслі (159).

свавол — сваволя. — А Раман, аказваецца, хітры, — выціраючы рукавом твар ад дажджу, разважаў Парфён Вяршкоў. — Разумее, што свавол можа плачам скончыцца (58).

слепава́ць — перан. рабіць усляпую. Спярша яму зноў рупіла сённяшняя справа, праз якую давялося выбрацца, амаль сляпуючы, у мястэчка (177). Параўн.: слепава́ць ‘рабіць усляпую’ (у прам. знач.) (Насовіч: 593).

смаляны́ — настырлівы, бессаромны. — А таго вашага [чырвонаармейца] з Ганнай можаце і не дачакацца, — быццам пакпіў Парфён Вяршкоў. — Яна баба смаляная. Ды і час якраз такі. Сама ў прымы прыставаць. І галава цалей будзе, і целу раскоша. Параўн.: сма́льня ‘настырлівая, гарэзлівая дзяўчынка’ («Народнае слова», Мінск, 1976, 73), смалі́тарка (смалітырка) ‘бессаромніца’ («Маці казала так…» Р. Яўсеева, Мінск, 1978, 94), у каханкі смаляныя лаўкі ‘ў любімага чалавека непрыкметна доўга заседжваешся’ («Сборник белорусских пословиц» І. Насовіча, Санкт-Пецярбург, 1874, 167).

сморкаўка — малая вузкая рэчка, пераплюйка. Верамейкаўскім мужыкам.. таксама захацелася «культурна пагаспадарыць», і яны нагледзелі сабе пад сялібу Кулігаеўку — урочышча, дзе пры панах на беразе звычайнай рачулкі-сморкаўкі была паказная стайня (21).

спароць: спароць, як вераб’я́ кілава́тага — пра лёгкую расправу над некім. — Нічога ты не ведаеш! Да і які ты салдат! Можа, уцёк яшчэ з ваенкамата да схаваўся пад страху. Ета малі бога, што не здагадаліся, а то б спаролі, як вераб’я кілаватага. Быў бы харош! (47).

судобіць — собіць. — Дак я таму і не выпускаю, як ты кажаш, іголкі з рук. Былі старыя заказы, а тута і новы падаспеў, ажно з германскага сукна. — Некаму ж судобіла разжыцца! (185).

судолець — здолець. — Яна ў нас баба такая, што і перад немцам з віламі пастаяць судолее (74). Параўн.: судолець ‘адолець, перамагчы’ (Юрчанка,1966: 192).

суножка — перакладзіна паміж ножкамі стала. — Не ведаю, — адказаў Зазыба, — яшчэ ж на полі ўвесь, у каласках. — І чамусьці апусціў вочы на бліскучыя халявы маўклівага вайскоўца, якія ляжалі пад сталом на суножцы (23).

талопіць — таропіць. Сяляне таксама з дакорам талопілі вочы на тое, што адбывалася на вуліцы (137).

тарава́ты — шчодры. — Частуйся, частуйся, — не шкадаваў дармаўшчыны Брава-Жыватоўскі, а Сілку неяк нязвыкла было чуць таго гэтакім тараватым (271). Параўн.: тырыва́тый ‘добры, шчодры’ (Бялькевіч: 449), тарава́ціцца ‘паказваць выгляд шчодрасці’ (Насовіч: 637).

трася́нка — трасуха, полька (від танца). Танец цяпер падобны стаў на звычайную вясковую «трасянку», калі ўжо ідуць у скокі ўсе, хто на пагулянцы — танцоры ці не танцоры, затое зацята дзогаюць па гнуткіх, спаласаваных шавецкімі цвікамі масніцах — называецца, прыбіваць абцасамі (133).

уважа́ць (каму) — рабіць так, як нехта хоча, дагаджаць. І Чубар свядома рабіў выгляд, што не спяшаецца страляць толькі таму, што ўважае селяніну, хоць самому было прыкра і сорамна (288). Параўн.: ува́жыть ‘саступіць’ (Растаргуеў: 266).

уварзэ́пацца — вымазацца, запэцкацца. На двары стаяла цэлае багно — прайсці да ганка можна было толькі паўз загавальню.. і Чубар, пільнуючыся, каб не ўварзэпацца ботамі ў гразь, адразу патупаў, дакранаючыся да сцяны вольнай рукой (148). Параўн.: уварзёпацца ‘тс’ (Юрчанка: 1985, 140), варзе́каць ‘размазваць што-небудзь густое’ (Бялькевіч: 104), варзопа, варзэ́па ‘пэцкаль’, варзопать ‘пэцкаць’, ‘хадзіць, цягацца па гразі’, варзопаться ‘пэцкацца’, ‘выконваць брудную і няўдзячную работу’ (Дабравольскі: 51–52).

удзядзе́лы: удзядзе́лы халасця́к — стары халасцяк. Чубар, як і кожны так званы ўдзядзелы халасцяк, вядома, таксама не абыходзіўся без жанчын (247). Параўн.: удзядзе́лый жарт. ‘пастарэлы, пасталелы’ (Юрчанка, 1966: 203), а таксама руск. закоренелый холостяк.

ужале́лы — звараны ў печы. Страва яшчэ дымілася — сыходзіла парай, нягледзячы на тое, што печ палілася ўранні; у хаце пахла ўжалелым (92). Параўн.: ужале́ць ‘зварыцца ў духу без вады, утушыцца, усмажыцца’ (Бялькевіч: 455).

узвару́шлівасць — узрушанасць. Брава-Жыватоўскі яшчэ ад варот адчуў Мікітаву ўзварушлівасць (262).

улонне — калені (у становішчы седзячы). Зазыба прыняў іх [паперы] на ўлонне, пачаў распрамляць, каб пачытаць збольшага (55). Параўн.: улоння ‘тс’ (Бялькевіч: 459).

упі́ра — упарты. Конь не паддаваўся ні штаўхалям, ні крыку. — От упіра, — сказаў у злосці Чубар і саскочыў на мурог (98). Растаргуеў: 270.

употарч, употырч — кулём. Раўнавага была ўжо страчана, і ён употарч паляцеў паміж разорын, хапаючыся рукамі за слізкі бульбоўнік (81). Але паступова замест гарачай тлумнасці, што засціла вочы, і гэтага звону, які ажно распіраў вушы, усярэдзіне, зусім як жывая, пачала варушыцца млосная прытарнасць, і Чубар.. раптам паляцеў употырч у высахлую копанку (245).

філёнкавы — на дзве паловы (пра дзверы). Марыля начавала на другой палавіне хаты, за філёнкавымі дзвярамі (28). Параўн.: філёнчыстый ‘тс’ (Бялькевіч: 469).

хамане́я —  свістапляска? завядзёнка? Неўзабаве добрая палова спірту ад Хвядосавага браценіка была перанесена ў Дзяржынне. А далей ужо свая хаманея — раз нешта апынулася ў Дзяржынні ў Хвядоса Стражэвіча, значыць, будзе яно і ў Верамейках, у Мікіты Драніцы, бо яны, апрача ўсяго, па якойс[ь]ці далёкай лініі лічыліся сваякамі таксама (262). Параўн.: хамане́я ‘недарэчнасць, лухта’ (Дабравольскі: 953), а таксама: хаманея ‘хлусня’ («Собрание слов литовско-русского (белорусского) наречия» Ф. Шымкевіча ў кнізе «Ф. С. Шимкевич як лексикограф і українське словникарство. Кінець XVIII — початок XX ст.», Ужгарад, 1995, 173).

хаты́ль — клунак. Але вось у руках у яго апынуўся ці не апошні хатыль з усяго скарбу — важкі і нібыта з якімі рэбрамі (291). Бялькевіч: 470.

хлабыззё — сухое галлё. Сонца яшчэ стаяла высока, і кусты, што раслі навокал бярэзніку, не заміналі яму высвечваць крамяныя шапкі бардовых падасінавікаў, якія багата дзе выпіналіся з папараці, закіданай, быццам ад маразоў, леташнім хлабыззём (246). Параўн.: хлабаззё ‘тс’ (Насовіч: 679).

хота — ахвота. — Ты, Ганна, не дуры, — строга сказаў Зазыба. — Я тама не ведаю, што і як шукаць у цябе. — Знойдзеш, калі хота будзе (34). Дабравольскі: 966.

церабі́ць: церабі́ць пра́ўду ў вочы — гаварыць адкрыта праўду. Той дак і праўда быў і Цукрам Мядовічам. Здаецца, і праўду цярэбіць у вочы, а от жа неяк... далікатна ўсё, бытта пад цябе што сцеліць пры етым (231).

цурбоніць — сікаць. Меншы хлопчык, часам яшчэ здаралася, цурбоніў пад сябе, таму Ганна памацала пад ім рукой (275). Параўн.: цурбоніць ‘ліць, наліваць з шумам’ (Бялькевіч: 482), цурбоніць ‘наліваць з лішкам’ (Насовіч: 691).

цурбы́лле — сцёблы, цурубалкі травы. Было на лузе трохі і непагрэбенага сена… на пракосах ужо адскочыла атава, якая неяк незвычайна, нібыта пафарбаваная, зелянела паміж пажоўклага цурбылля (61). Параўн.: цурба́лка ‘тоўстае сцябло травы’ (Бялькевіч: 482).

цы́ўкаць — плюскаць. Драніца недаверліва цыўкнуў вачамі (233). А той нядобра пажартаваў, цыўкаючы вачамі (285). Юрчанка, 1966: 217.

цы́цце — замаўчыце. — Цыцце, бабы! — пачаў памагаць Зазыбу Парфён Вяршкоў (259). Насовіч: 692.

цясло — цясла. Дупло мела незвычайны выгляд — быццам хто выбраў цяслом у дубе сяродак ад поля, і цяпер там мог вольна стаяць чалавек (254).

час: адны́м ча́сам — адначасна. Мне во давялося гаварыць з ім і за цябе, і за сябе адным часам (58); не за гэ́тым ча́сам — вельмі даўно. На Халахонавым хацішчы — некалі, ужо не за гэтым часам, жыў там адасоблена ад Верамеек багаты, але дужа нелюдзімы мужык Халахон — Зазыба прапанаваў даць каню адпачыць, бо не было ратунку ад сляпнёў (95).

чма́ры — чырвона-буры, чарнаваты. — Ці не бачыў ты цёлкі чмарай? (100). Насовіч: 699. Параўн.: чма́рый ‘карычневы з чорным (колер пер’я курэй)’ (Юрчанка, 1966: 220).

чорт: чорт сабе́ нагу́ пакале́чыць — пра непраходнае месца, дарогу. Адтуль калгаснікі звычайна вярталіся ў Верамейкі праз тыдзень.. і бабы хваліліся, што калі на Сажы нашы і не затрымаюць немца, то ўжо далёка за Іпуць.. ён, няйначай, не пройдзе: там столькі наварочана аднае зямлі ды бярвення ў пясок пакладзена, што нават чорт сабе нагу пакалечыць (15).

чортава серабро (Chelidonium majus) — падтыннік. Рэдкія, але буйныя кроплі дажджу падалі на чорную сцежку.. збівалі прыдарожны пыл з падтынніку — чортавага серабра, што не паспела адцвісці і да гэтага часу (57).

чы́сліннік — каляндар. — А-а-а, — усміхнулася жанчына, — гэта... як вам сказаць... чысліннік такі, ці, як цяпер называюць, каляндар (150). Параўн.: чы́сленнік ‘тс’ (Каспяровіч: 347).

штаўха́ль — штуршок, удар. Конь не паддаваўся ні штаўхалям, ні крыку (98).

штаўхану́ць — ударыць. Чубар штаўхануў лыткамі па канёвых рэбрах, пацягнуў на сябе ледзь не каля самае галавы за грыву, спрабуючы прымусіць каня выпрастаць шыю (98). Параўн.: штаўхану́ць ‘штурхнуць’ (Растаргуеў: 290).

шу́піць — кеміць, цяміць. — П’яны, п’яны, а шупіш трохі, — засмяялася Ганна (274). Бялькевіч: 501.

шчоглавы — мачтавы. Тады мясцовыя паны.. заманьвалі да сябе замежных купцоў і прадавалі ім.. шчоглавыя сосны і таўшчэзныя дубы (166).

я́лаваць — не даваць пладоў. Але на дрэвах пладоў не было — сёлета сад ялаваў (252).

я́свы — перан. кругі, промні. Чалавек пасядзеў колькі часу, быццам дзеля прыліку ці ўспамінаючы што, тады зняў фуражку, і Чубар убачыў, што галава ў таго была сівая, але не спрэс, а пасмамі — здавалася, па чорных валасах блукалі сярэбраныя ясвы (209). Параўн.: я́саўка грому ‘маланка’ («Краёвы слоўнік Дзісеншчыны» Я. Драздовіча ў кнізе «Беларуская дыялекталогія», вып. 3, Мінск, 2014, 80).

 

Сачыце за дзейнасцю выдавецтва і газэты ARCHE ў TELEGRAM
ДАЛУЧАЙЦЕСЯ!


Больш беларускіх навінаў на нашым канале на ЯНДЭКС ДЗЭН
ПАДПІСВАЙЦЕСЯ!

Вам можа спадабацца