Мутная справа Піліпа Шаўрова

Палітыка

Мутная справа Піліпа Шаўрова

5 траўня 2020 а 18:40

Аляксандр Кур’яновіч

Напярэдадні  чарговых прэзідэнцкіх выбараў адной з гучных спраў, якое мае палітычнае гучанне, застаецца справа былога «маладафронтаўца» Піліпа Шаўрова.

Піліп Шаўроў. Фота: https://euroradio.fm/

Таго самага, які яшчэ ў студзені абліў чырвонай фарбай рукі помніку Аляксандру Пушкіну ў Мінску, пасля быццам бы сам прыйшоў з яўкай з павіннай у міліцыю, дзе быў затрыманы.

Так выглядаў "апаганены" помнік Пушкіну.

Неўзабаве пасля гэтага расійскі пасол публічна заявіў, што затрыманы заслугоўвае толькі грамадскага асуджэння: маўляў, сурова караць яго не трэба. Аднак беларускія праваахоўнікі не прыслухаліся да спадара Мезенцава і працягнулі арышт Шаўрова яшчэ на два месяцы (пасля тэрмін для прызначэння судовага разбіральніцтва быў працягнуты да 3 траўня). Да таго ж Шаўрову інкрымінуюць апаганьванне помніку загінулым пры выканнанні службовых абавязкаў супрацоўнікам МУС і іншыя грахі, у прыватнасці, палітычныя графіці ў грамадскіх месцах.

16 красавіка беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Шаўрова палітвязнем.

У адказ на гэта галоўная дзяржаўная газета «Беларусь сегодня» прысвяціла «молодому вандалу» Піліпу Шаўрову зубадрабільны артыкул, а 24 красавіка апублікавала на сваім сайце фрагменты відэа з допыту Шаўрова.

У іх Шаўроў не толькі выставіў сваіх аднадумцаў і паплечнікаў у непрыгожым святле, але і зрабіў гучную заяву наконт таго, што з радасцю пайшоў бы працаваць да беларускіх сілавікоў.

Аглядальнік «Нашай нівы» заявіў, што публікацыя відэа была санкцыявана непасрэдна КДБ. КДБ, у сваю чаргу, афіцыйна нічога не абвергнуў, што яшчэ больш закруціла інтрыгу ў гэтай мутнай справе.

Хто ведае, можа размаляваныя далоні Пушкіна мелі далёкасяжныя мэты, напрыклад, дыскрэдытацыю апазіцыі?

Калі адкінуць адну з канспіралагічных тэорыяў, што відэа з допытам Шаўрова — банальны мантаж, то ўзнікае лагічнае пытанне: чаму так кардынальна змяніліся паводзіны арыштанта, які яшчэ ў снежні маляваў графіці з патрабаваннем вызвалення Паўла Севярынца, а ў сакавіку ў сваіх лістах віншаваў з Днём Волі?

Першае і самае простае тлумачэнне: Піліпа чымсьці прыстрашылі (напрыклад, псіхушкай; як вядома, Шаўроў быў накіраваны на псіхіятрычную экспертызу).

У рамках следства і не такое рабілася: адзін з абаронцаў Курапатаў ды фігурант сумнавядомай «справы патрыётаў» Сяргей Пальчэўскі, а таксама журналіста партала tut.by Дзмітрый Бобрык («справа БЕЛТА») пасля сведчылі, што вымушаныя былі падпісаць паперы аб супрацоўніцтве.

Аднак на відэа перад намі паўстае не прыбіты абставінамі арыштант, а вясёлы малады чалавек.

У сувязі з гэтым нараджаецца новая канспіралагічная тэорыя: у Піліпа ёсць сур’ёзная “крыша”, таму і вядзе ён сябе дастаткова смела. Яшчэ ў студзені, адразу пасля затрымання Шаўрова канал «Белсат» паведаміў, што бацька Піліпа працуе ў адной з сілавых структураў, а таму катэгарычна не прымае дзейнасці свайго сына.

На карысць такой тэорыі можа сведчыць наступны факт. Як вядома, пасля атрымання ўмоўнага тэрміну за разбурэнне помніка Леніна Піліп без асаблівых праблемаў уладкаваўся на працу ... у сапраўдны банк.

Так па сілах далёка не кожнаму: напрыклад, Павел Севярынец праз сваю палітычную дзейнасць не можа знайсці сталую працу, і часам і вымушаны жыць на ахвяраванні аднадумцаў (у сувязі з чым Ганна Канапацкая выстаўляла яму прэтэнзіі).

Яшчэ адна тэорыя — што дальнабачны Піліп вырашыў навязаць сілавікам сваю гульню. Маўляў, падчас следства Шаўроў браў усё на сябе і дэманстраваў гатоўнасць да супрацоўніцтва, каб на судзе ўсё гэта эфектна адмовіць.

Але падчас следства Піліп нагаварыў многа лішняга — на сайце «Беларуси сегодня» быў апублікаваны аўдыёзапіс, у якім Шаўроў «в беседе с одним из белорусских блогеров» разважае пра тое, як добра пры дапамозе кактэйля Молатава спаліць расійскае пасольства ці Дом Масквы ў Мінску. На сайце, праўда, не тлумачыцца, адкуль узяўся аўдыёзапіс (як і відэа), а толькі сціпла дадаецца, што гэта зроблена з дапамогай тэхнічных сродкаў.

Апублікаваны аўдыёзапіс можа быць як сапраўдным, так і падробкай. Але звернем увагу на наступнае. Калі ў публікацыі «Беларуси сегодня» «Осквернение совести» замест аўтара значыўся  «отдел журналистских расследований» (ім кіруе, як сцвярджае дасведчаная публіка, Раман Рудзь, які зусім нядаўна праславіўся закідамі недзяржаўным журналістам і заклікамі выслаць іх з Беларусі на параходзе, як калісьці гэта зрабіў Уладзімір Ленін з віднымі прадстаўнікамі расійскай інтэлігенцыі), то пад занатоўкай з аўдыёзапісамі падпісаўся нейкі Ігар Палтарак.

На афіцыйным сайце выдавецкага дома «Беларусь сегодня» такое імя і прозвішча трапляецца толькі адзін раз і ў сувязі з гэтай занатоўкай (як і ў Інтэрнеце ў цэлым). Якая выснова? Альбо ў гэтага выдання з’явіўся новы аўтар, альбо, хутчэй за ўсё, гэта псеўданім.

Адным словам, справа Піліпа Шаўрова — задачка з многімі невядомымі. Незразумела, што за гульню задумаў гэты малады чалавек. Ды і ўвогуле, нялёгка часам даўмецца, што робіцца ў галовах маладых радыкальных палітыкаў.

Ясна адно: справа Шаўрова па-свойму ўнікальная, і калі суд над Шаўровым будзе адкрытым, нас могуць чакаць  чарговыя сенсацыі.

А на заканчэнне — дзве рэмаркі. Разлік уладаў на тое, што пасля заявы Шаўрова аб тым, што ён не лічыць сябе палітычным вязнем, праваабаронцы аддадуць яго анафеме, не спрацаваў.

Па-другое, ёсць пытанне: ці дасягнулі чаго гэтыя аўдыё-відэазлівы?

Тут варта нагадаць вядомае выслоўе: гара нарадзіла мыш. Словы Піліпа Шаўрова пры ўсёй сваёй эпатажнасці на рэвалюцыйную прапаганду яўна не цягнуць.

Таму абывацелю цяжка будзе зразумець, за што сядзіць гэты чалавек і чаму яго чакае суд.

.

Сачыце за дзейнасцю выдавецтва і газэты ARCHE ў TELEGRAM
ДАЛУЧАЙЦЕСЯ!


Больш беларускіх навінаў на нашым канале на ЯНДЭКС ДЗЭН
ПАДПІСВАЙЦЕСЯ!

Вам можа спадабацца