Не блытайце Беларусь, якую носіце ў сабе, з Беларуссю ў “Возеры Радасці”!

Рознае

Не блытайце Беларусь, якую носіце ў сабе, з Беларуссю ў “Возеры Радасці”!

21 красавіка 2020 а 18:42

Васіль Герасімчык

Кніга, якая разглядаецца ў аглядзе:

Марціновіч В. Возера Радасці / Віктар Марціновіч; пер. В. Рыжкова. – Мінск: Кнігазбор, 2016. – 320 с.

Ёсць кнігі, падчас знаёмства з якімі ты становішся падобны да Сізіфа: перагарнуўшы дзясятак-другі старонак, здаецца, вось-вось трапіш у высь. І неспадзявана, пасля чарговага радка, абрынаешся долу, каб зноў пачаць чарговае ўзыходжанне.

Але ў адрозненне ад сумнавядомага цара Карынфа, ты ўсё ж маеш шанец завяршыць пачатае.

Толькі ці заўсёды тое варта ўкладзеных высілкаў і выдаткаванага часу?

“Бачыш, на Месяцы пляма, падобная да шчарбінкі? Яе лёгка заўважыць, яна цямнейшая за астатнія. Гэта – Мора Яснасці. На яго нізкім беразе, вышэй і лявей за Мора Спакою, ляжыць Возера Радасці…”

Не блытайце Беларусь, якую носіце ў сабе, з Беларуссю ў “Возеры Радасці”!

Гэта найважнейшая парада, калі збіраецеся сесці ў адзін човен з Алісай Ясяй, каб разам паспрабаваць выбрацца з Залюстроўя або быць пахаваным пад яго аскепкамі на дне Возера Смутку.

Там, дзе жывуць “паталагічныя няўдачнікі”, “хранічныя самотнікі” і “спадчынныя песімісты”, якія “змірыліся з думкай, што дапамогі чакаць няма адкуль”. Там, дзе “чыстай радасці, якая мусіць быць у дзяцінстве, не стае нават у дзяцей”. Там, дзе пануе “абсалютная статычнасць” з яе вечным “Артэкам” і “зомбі мінулага” і адкуль цягне нафталінам. Там, дзе ёсць “ідыёцкая борхесаўская латарэя”.

Там, дзе пісьменнікі пішуць “пра мову ці страчаны рай”, хаваючыся ва ўласным “адабраным харастве” ад таго, што “напраўду балюча”…

Для асабліва далікатных можна было абмежавацца “краінай Б.”, альбо скарыстацца класічным “горадам N.”. Ці, каб пахаваць чытача пад крушняй філасофскіх камянёў, шэраг з узгаданых у кнізе гарадоў-лакацый на адну і тую ж літару пазначыць “горадам М.” (або М., ММ., МММ.).

Але, насамрэч, навошта такі самападман, калі ўсё роўна праз асацыяцыі чытач будзе імкнуцца адгадаць і адчуць з’явы, якія творца схаваў ва ўласным тэксце-люстэрку.

Ян Парандоўскі пісаў у “Алхіміі слова”:

“Пісьменнік заўсёды ў сваіх марах і развагах павінен быць напагатове для прыняцця самых незвычайных магчымасцяў і сітуацый, і дрэнным мастаком-творцам выявіцца той, хто збянтэжыцца, калі яму раптам прапануюць у падарунак месяц. Большасць ужо даўно захапілі яго, уладкавалася на ім і дабрадзейнічаюць”.

Пісьменнік Марціновіч здабыты Месяц намагаецца перадаць кожнаму, хто знойдзе ў сабе моц выправіцца ў падарожжа з яго гераіняй, якая з Дзюймовачкі паступова ператвараецца ў птушку каўку.

Дабрацца да Возера Радасці вельмі проста – трэба сесці ў човен ля Возера Сненняў і веславаць па дыяганалі праз Мора Яснасці”.

Анатацыя сведчыць, што “Возера Радасці” –

“гэта кніга пра непазбежнасць сталення, а таксама пра тое, якія нечалавечыя намаганні трэба прыкласці, каб застацца чалавекам падчас шпацыру праз зачараваны лес, дзе гісторыі пра каханне і сяброўства – усяго толькі партытура для сірэн”.

Але асабіста для мяне гэта кніга – падарожжа па тых закуточках уласнае душы, на якія сам ты, нават пры ўсім жаданні, не змог бы сам зазірнуць.

Як на тыя Малмыгі, якія не знайсці на карце.

Але вёска з аднайменнай назвай насамрэч існавала, знікнуўшы ў 1970-я гады на дне Вялейскага вадасховішча. Прачытайце пра іх рэпартаж Змітра Бартосіка, і вы дакраняцеся да аднаго з тых велькаў, альбо, як кажуць ангельцы, “Easter egg”, нізку якіх пісьменнік прыхаваў у тэксце-люстэрку. На дапамогу прыходзяць і адсылкі да тэкстаў Германа Гесэ, Хорхэ Луіса Борхеса і Уладзіміра Сарокіна ды шэрагу іншых, якія паглыбляюць разуменне твора Марціновіча.

Адчуванне таго, як Яся намагаецца свядома вырвацца з наканаванага ёй Вавілона і пазбегнуць лёсу сарокінскай Марыны, тройчы перарадзіўшыся, прайсці праз Вішнёвы сад і трапіць у зімовы, знайсці ды згубіць, каб зноў павярнуцца. І ўвесь гэты колазварот абцяжараны цытатамі, асобныя з якіх смакуеш і заглыбляешся значна больш, чым сюжэт пра прыгоды нелюбімай дачкі, якая вымушаная пакінуць утульны флігель са старымі фіранкамі ў вёсцы Тарасава пад Мінскам.

Ілюзія – не самая лепшая пажыва для надзеі. Мара жыве абяцаннем перастаць быць марай”.

Пісьменнік падкупляе ўважлівасцю да дробязяў, ад якой пыхкае пяшчотай. Як сапраўдны творца, ён перастварае знаёмыя рэчы, надаючы ім новае вымярэнне.

Так папулярны аўтобусны маршрут становіцца рок-зоркай, клюшкападобны знак “Лексуса” робіцца ўпрыгожваннем, якое “разраслося і ўсмактала ў сябе тых, каго мелася ўпрыгожыць”, а “цэлафанавыя пакеты, падобныя да брудных анёлкаў мегаполіса”.

Што тут казаць, калі нават дождж мае свае непаўторныя формы і ўласныя рытмы.

Мацнейшая ва ўсёй кнізе, асабіста для мяне, – другая яе частка, прыпраўленая містычнасцю, увасобленай у дрэве жаданняў як адпаведніку “сапраўднай літаратуры”, і “Царыцай Нябеснай і Зямной”. Тая ці то “Плачка”, ці то “Спячая Князёўна”, ці то Агна, ці то Маці-Абярэжніца, якая імкнецца “несці дабро і радасць дзесяці мільёнам абыякавых паўдуркаў, нават не прачынаючыся пры гэтым”.

“Бо яна адначасна і ў небе, і на зямлі, і ва ўчора, і ў сёння. У небе – у адной з Богам сядзіць і просіць яго людзей не бэсціць. Сэрца яго літасцю напаўняе, катлеты яму смажыць, бараду раўняе і пазногці стрыжэ. А на Зямлі яна Плачкай па свеце блукае, на скрыжаваннях трасцу ад нас адводзіць, і тых, каго пакрыўдзілі, пра каго больш няма каму паклапаціцца, да Бога ў хату за руку вядзе. У кожнага народа такая заступніца ёсць, без яе народ як пракляты, Бог жа вельмі заняты, забывае пра кожнага клопат мець. Вось і пра нас быў забыўся: то ляхі нас дралі на кавалкі, то маскалі, то саветы”.

Менавіта другая частка рамана падалася мне найбольш выпакутаванай пісьменнікам, найлепш прапрацаванай як сюжэтна, так і за кошт уведзеных у яе вобразаў. Ключавыя сярод іх – “Студыёзус уваходнай брамы” (археолаг, Вецер), які адкрыў Ясі “Возера Радасці” і старшыня Малмыжскага райвыканкама Чачуха Віктар Паўлавіч, уся глыбіня мелкаводнай асобы якога абмежаваная марамі пра дэпутацтва і ўзначальванне якога-небудзь камітэта, напрыклад, па навуцы і інавацыях.

Як выяўляецца, дасягнуць дэпутацтва нашмат прасцей, чым дабрацца да “Возера Радасці”.

Нішто далей не кранула мяне, чытача, так моцна, як тое, што здарылася ў неіснуючых Малмыгах. Узгаданыя ж у рамане падзеі ў люстэрках сапраўдных гарадоў ператварыліся ў “катастрафічна непраходны агламерат” і падаліся сном. Адным у шэрагу тых, якіх бачыць “Спячая Князёўна”.

Пісьменнік зазначае, што

“сапраўднае мастацтва мусіць быць менавіта такім – прабіваць заслону рацыянальнасці і трывожыць тыя бакі чалавека, пра існаванне якіх ён сам не падазраваў”.

Таму іншаму чытачу можа спадабацца створаны пісьменнікам "фантастычна чысты і бяспечны горад", “Мінск, якім вы яго не бачылі”. Ці Масква з яе агеньчыкамі, якія даюць надзею на чалавечую цеплыню. Альбо Вільня, “дзе галасы званоў адскокваюць ад каменнага бруку і павісаюць у паветры, чакаючы, пакуль чыесьці вушы іх не падхопяць, чыесьці сэрца не ўпусціць у сябе”.

Для мяне ж усё тое не больш як назапашванне рэчыва, якое павінна выбухнуць у фінале. І так сапраўды сталася.

Фінал па-сапраўднаму аптымістычны, і дзякуючы якому увесь тэкст заззяў разнакаляровай гірляндай. Яе святло не адпускае пасля апошняга радка, калі ты яшчэ нейкі час застаешся сам-насам у чоўне і пагойдваешся на фіялетавых хвалях.

Колазварот завяршае свой бег, каб пачаць новае кола.

“Калі вас і трэба чамусьці вучыць – гэта падзяцы. Падзяка! Атрымалі нешта? Ідзіце і дзякуйце! Падарылі вам – вярніцеся да таго, хто падарыў! І скажыце дзякуй! Дзякуй!”

.

Сачыце за дзейнасцю выдавецтва і газэты ARCHE ў TELEGRAM
ДАЛУЧАЙЦЕСЯ!


Больш беларускіх навінаў на нашым канале на ЯНДЭКС ДЗЭН
ПАДПІСВАЙЦЕСЯ!

Вам можа спадабацца