Нябачная канкурэнцыя: чаму Мір прайграе Нясвіжу

Рознае

Нябачная канкурэнцыя: чаму Мір прайграе Нясвіжу

2 траўня 2020 а 09:46

Цімафей Акудовіч

У беларускай турыстычнай прасторы ідзе незаўважная барацьба паміж двума найбуйнейшымі гістарычнымі аб’ектамі - Мірскім і Нясвіжскім замкамі. Ці існуе такая канкурэнцыя на ўзроўні кіраўніцтва комплексаў, я ня ведаю, але на ўзроўні звычайнага турыста яна прысутнічае дакладна. 

Раней, да адкрыцця музеяў, абодва комплексы працавалі ў раўназначным  тандэме. Класічны маршрут Мір-Нясвіж стаўся галоўным сімвалам беларускага турбізнэса на пачатку ХХІ стагоддзя.  Але інфраструктура абодвух аб’ектаў прырастае з кожным годам, у наваколлі з’яўляюцца новыя і новыя прыватныя музейчыкі і забаўляльныя пляцоўкі. У выніку гэта прывяло да таго, што класічны маршрут перастаў змяшчацца ў адзін светлавы дзень.  

У такой сітуацыі даводзіцца выбіраць галоўнае. І вось тут высвятляецца, што Мірскі замак прайграе па ўсіх франтах. Відавочна, турысты туды едуць, бо гэта важны і прыгожы помнік, але часта просяць ці скарочаную экскурсію, ці нават абыходзяцца без яе, самастойна аглядаючы экспазіцыю і падымаючыся на старадаўнія вежы. Шмат якія турфірмы выбудоўваюць маршрут так, каб Мір стаў месцам прыемнага “незагрузнага” шпацыра пасля насычанага на інфармацыю Нясвіжа.

Як жа сталася так, што адзін з важнейшых помнікаў Беларусі пачаў губляць сэнсавую нагрузку?

Пачаць варта здаля. 

Фота Ігара Чарняўскага з фэйсбука Алеся Бяляцкага

Нядаўна праваабаронца Алесь Бяляцкі падзяліўся ў сваім фэйсбуку фотаздымкамі з раскопак Мірскага замка ў пачатку 1980-ых (менавіта тады вяліся першыя навуковыя даследаванні гэтага аб’екта):

“18 сакавіка. 1982-гі год. Раскопкі ў Мірскім замку. Капаў Ігар Чарняўскі, які набіраў за сезонных працаўнікоў сьвядомую беларускую моладзь. І для нас, студэнтаў, гэта была магчымасьць ... літаральна дакрануцца рукамі да беларускай гісторыі, якая тады афіцыйна не існавала ...

З раскопам зьвязана яшчэ адная гісторыя. Перад тым, як яго засыпаць, Вінцук Вячорка, Ігар Чарняўскі і я, цёплым летнім вечарам пры вагеньчыку выпілі пляшку віна і засунулі ў пляшку прапарафінены ліст, у якім напісалі, што будзем змагацца за Беларусь да апошняга ўздыху, і падпісалі яго. Корак залілі парафінам. Затым прыкапалі пляшку ў кутку раскопа і пастараліся запомніць месца. Ад уваходнай брамы наколькі я памятаю, 16 крокаў на правы кут замкавага двара”.

Гэтая бутэлька, калі яе цяпер знайсці, можа стаць важным экспанатам музея. Але галоўнае тут іншае: для свядомай моладзі пакалення перабудовы Мірскі замак быў сімвалам старажытнай Беларусі, а ягонае аднаўленне -  прадвеснікам аднаўлення Беларусі.

Падаецца, што у гэты перыяд (калі не маю рацыі, хай старэйшыя калегі паправяць) Мірскі замак ідэалагічна моцна апераджаў Нясвіжскі: велічныя руіны на беразе прыгожага става, замак пабудаваны старадаўнім беларускім, не паланізаваным, родам Ільінічаў.

Менавіта Мір быў адлюстраваннем скрадзенай у нас гісторыі ВКЛ, у ягоных руінах хаваўся ключ ад нашай цывілізацыйнай таямніцы.

Фота Сяргея Дубаўца

Што мог адказаць на гэта Нясвіж? Ведамственны санаторый, зусім непадобны на замак, пабудаваны Радзівіламі, у чыёй “анкеце” быў шэраг падазроных пунктаў (польскамоўнасць, літоўскасць, павесілі Вашчылу). Зразумела, што Нясвіжскі палац таксама моцна прыцягваў аматараў гісторыі, але, падаецца, ягонае сімвалічнае значэнне моцна саступала Міру.

І вось прайшло 40 год і ўспрыняцце Мірскага замка ў сучасным грамадстве змянілася: ён з сімвала старажытнай Беларусі стаўся хутчэй прыгожай карцінкай і актуальным турыстычным аб’ектам, які шмат у чым згубіў сваю сімвалічнасць. І тут можна запярэчыць, што  любы аб’ект пасля рэстаўрацыі губляе вобраз рамантычных руінаў, але давайце параўнаем з Нясвіжам.

Нясвіжскі комплекс (таксама буйны турыстычны аб’екта), які проста ззяе сваёй яшчэ новай, “непацёртай” рэстаўрацыяй, у той жа час не толькі не страціў, але і ўмацаваў свою сімвалічную значнасць.

Нясвіж - гэта месца, дзе можна ўбачыць, зразумець, і нават адчуць, кім былі Радзівілы. А Радзівілы - гэта сімвал той сістэмы каштоўнасцяў і формы ўлады, якая панавала на нашых землях 500 год. Зразумела, што далёка не ўсе ловяць і выбудоўваюць у Нясвіжы ланцужок кшталту: Радзівілы - магнаты - алігархічная манархія - ВКЛ, але гэты ланцужок там ёсць дакладна. Таму менавіта ў Нясвіжы лёгка распавядаць турыстам пра гісторыю Беларусі ва ўсіх яе аспектах (што не заўсёды падабаецца самім турыстам).

І яшчэ Нясвіжскі замак, маючы 400-гадовую гісторыю, выбраў для трансляцыі свайго вобраза цэнтральную гістарычную прывязку - XVIII стагоддзе. І такім чынам, стаўся “парталам” у эпоху барока, эпоху раскошы і гуллівасці, ва ўсіх яе прыгожых і непрыгожых праявах.

Радзівілаўскі комплекс, відавочна, ёсць за што крытыкаваць, але тут важна адзначыць галоўнае - асноўныя стрыжнявыя кірункі свайго вобраза ён абазначыў дакладна.

А што ў Міры? Ці ёсць нейкая цэнтральная тэма, для раскрыцця якой трэба ехаць менавіта туды і больш нікуды? Ці сфармаваны там “партал” у нейкую эпоху? У якую? На жаль, не. Мір так і не знайшоў сваёй “фішкі”, якая выдзяляла б яго на фоне галоўнага канкурэнта.

Сёння Мірскі замак - месца прыгожых сэлфі, прыкольных пакручастых лесвіц у вежах і сумнаватай экспазіцыі.  

Фота з Вікіпедыі

Чаму так здарылася? Мне падаецца, ёсць 2 глабальныя прычыны.


 

Навука перамагла народ

Аднаўленне Мірскага замка было першай значнай рэстаўрацыйнай падзеяй незалежнай Беларусі. Гэта быў перыяд пошуку нацыянальнай ідэнтычнасці і падсвядома ад Міра чакалі ўдзелу ў гэтым працэсе. 

Над замкам вісеў грамадскі запыт на вяртанне нам беларускага сярэднявечча.

І такая важная справа ў сваю чаргу патрабавала строгага навуковага падыходу. У 1990-ыя гады лічылася (а некаторыя лічаць так і цяпер), што існуе нейкая дакладная паслядоўнасць навуковых дзеянняў, прапісаных у Венецыянскай Хартыі (галоўнае пагадненне сусветных рэстаўратараў 1964 года), выконваючы якія можна вярнуць сучаснасць у мінулае, а гэта значыцца, вярнуць нам з сярэднявечча сапраўдны рыцарскі замак. І парушэнне навуковага цыкла парушыць алхімічны працэс вяртання.

Але на самой справе, на жаль, рэстаўратары (абагулю пад гэтым словам усіх адказных) не зразумелі, што грамадскі запыт на сярэднявечны замак і “рэстаўрацыйная тэорыя” не толькі не з’яўляюцца звёнамі аднаго ланцуга, а наадварот супярэчаць адно адному.

І стоячы на раздарожжы, рэстаўратары выбралі навуку: 

  • Венецыянская хартыя кажа пра тое, што пры адбудове аўтэнтычныя руіны мусяць адрознівацца ад дабудаваных частак, і рэстаўратары працягнулі па сценах замка шлейф з сучасных цаглінак; 

  • хартыя кажа пра тое, што рэстаўрацыя сканчваецца там, дзе пачынаецца фантазія. І таму,  аднаўлячы залы і іншыя памяшканні ў асноўным музейным корпусе замка, іх напалову зрэзалі зверху данізу і сфармавалі вялізную выставачную залю. Бо мы ня ведаем дакладнага размяшчэння пакояў і не можам падманваць людзей. З гледзішча навукі - бліскучае рашэнне;

  • ліфт пры ўваходзе ў музей не з’яўляецца парушэнне рэстаўрацыйных нормаў, бо пры яго будаўніцтве не парушылі нічога старога (унутры замкавых сценаў усё было пабурана). Але затое ліфт дадаткова нагадвае наведвальнікам, што ўсё, што яны бачаць, мае вялікі адбітак умяшальніцтва сучаснага чалавека. І гэта адна з умоў Хартыі. Усё па навуцы.

Але для людзей, якія паехалі глядзець першы адноўлены беларускі замак, гэта сталася шокам. Грамадскі запыт быў на сярэднявечча - рыпучыя дзверы, камін з вогнішчам, рыцары, таямнічы паўзмрок, акрываўленая зброя, Калюмны і Пагоня. А замест гэтага яны атрымалі ліфт і прасторныя выставачныя залі. Калі паглядзець прэсу часу адкрыцця музея, то ўся гэтая незадаволенасць добрая бачная, хаця людзі самі не да канца маглі патлумачыць, што ім не падабаецца, таму часта апелявалі да парушэння нормаў рэстаўрацыі. Хаця ўсё было наадварот. Такая вось іронія.


Фота з афіцыйнага сайта Мірскага замка

З цягам часу шок прайшоў, людзі прызвычаіліся. Але Мірскі замак згубіў магчымасць стаць тым галоўным беларускім “парталам у сярэднявечча”, які быў ва ўяўленнях людзей. І заняў нішу візітнай карткі, прыгожага малюнка і маштабнага тураб’екта.


 

Нечаканая канкурэнцыя

Мірскі замак пачыналі даследаваць і рыхтаваць да рэстаўрацыі значна раней за Нясвіж, у 1970-ых, яшчэ тады, калі не было вядома, ці аддадуць высокія чыны зручны і блізкі ад Мінска санаторый (а менавіта ён быў у Нясвіжы) пад музей.

Адпаведна, ніхто і ня думаў  разглядаць Нясвіж патэнцыйным канкурэнтам Міра. Дый хто ў ХХ стагоддзі мог думаць пра спаборніцтва паміж замкамі.

Але калі музеі адкрыліся, то стала відавочная базавая праблема: у абодвух замкаў адна галоўная тэма - Радзівілы. І Нясвіж па аб’ектыўных прычынах цалкам перацягвае гэту тэму на сябе. Турыст, які ў Нясвіжы бачыў сапраўдныя труны Радзівілаў у крыпце пад касцёлам, іх асабістыя рэчы ў замку, гуляў па дакладна адноўленых інэр’ерах палаца, адкрыта пазяхае, гледзячы на сучасныя партрэты тых жа Радзівілаў у мірскай экспазіцыі, дзе яму яшчэ пастаянна нагадваюць, што навокал - навадзел (гл. вышэй).

Гэтая сітуацыя была непазбежная і тут няма нічыёй віны: Нясвіж заўсёды быў галоўнай рэзідэнцыяй магнатаў, ён лепш захаваўся. Адпаведна, ідэалагічна там не трэба было нічога выдумляць, трэба было проста добра ўсё аднавіць і сувязь з мінулым вярнулася ў замак сама па сабе. Гэта накладала вялікую адказнасць на саму працу рэстаўрацыйнай каманды, але агульная канэпэпцыя ўспрыняцця замка і пабудовы турыстычнага брэнда была, я думаю, відавочная. Напаўразбураны Мір, дзе Радзівілы рэдка рашалі важныя справы і адкуль з’ехалі 200 год назад, патрабаваў больш удумлівага, тонкага падыходу ў сэнсе агульнай ідэалогіі комплекса.

Але вось тут было зроблена, на маю думку, некалькі канкрэтных памылак. 

Першае. Самую аўтэнтычную, самую сапраўдную частку замка - дзве гатычныя вежы - пакінулі пустымі, зрабіўшы іх фітнэс-трэнажорам для дарослых і забаўкай для дзяцей (хто ўздымаўся па тых вежах, той ведае). А ўсю сэнсавую нагрузку і экспазіцыю перанеслі ў корпус, адбудаваны ў фармаце “абрэзанай” выставачнай залі - туды, дзе гісторыя не адчуваецца. 

Другое. Экспазіцыю замка выбудавалі ў класічнай храналагічна/рэчавай форме. Палова экскурсіі прысвечана паслядоўнаму аповеду пра тое, ад каго каму пераходзіў замак на працягу 500 год. І адпаведна, наведвальнік шмат чуе пра Радзівілаў, пра якіх толькі што праслухаў цэлую экскурсію ў Нясвіжы. Але ў той жа час Ільінічы і Святаполк-Мірскія, фантастычна цікавыя ўласнікі гэтага замка ў XVI і ХІХ-ХХ ст., моцна губляюць у фактуры і проста становяцца часткай сухаватай храналогіі аб’екта.

Другая частка экспазіцыі - гэта шмат рэчаў, купленых на аўкцыёнах, якія не маюць ніякага дачынення да замка, і якія, пакладзеныя ў вітрыны пад шкло, не да канца зразумела, што павінныя сабой сімвалізаваць.  


Фота з афіцыйнага сайта Мірскага замка

У існуючай экспазіцыі несумненна ёсць свая логіка і свае эмацыйныя кропкі (танцавальны зал, падзямелле). Але агульнае адчуванне, што ты ідзеш па энцыклапедычнаму артыкулу, застаецца.


 

Падсумоўваючы

Абазначаная вышэй праблема, напэўна, пакуль што не выглядае крытычна. Турысты едуць у Мір і шмат каму гатычная аўтэнтыка мірскіх вежаў бліжэй за барочнае багацце Нясвіжа.

Але праблема існуе. На сёння ідэйна Мірскі замак выглядае не самым удалым дублёрам Нясвіжа, бо расказвае пра тых жа Радзівілаў, але не так цікава. Гэта асабліва крыўдна, бо замак на Міранцы - гэта сапраўды самы захаваны і відовішчы аб’ект беларускага сярэднявечча. Таго часу, калі ВКЛ было ад мора да мора, калі на гэтых землях еўрапейскія інавацыі прыжываліся раней чым у суседзяў, праваслаўныя магнаты межавалі з каталіцкімі, а старабеларуская мова гучала паўсюль. Гэта ўсё тое, што Нясвіжскі замак ужо не заспеў і ніяк не можа ў сабе прэзентаваць.

Галоўная каштоўнасць Мірскага замка ў агульным полі беларускіх гістарычных сімвалаў - гэта магчымасць рэканструкцыі побыту нашых продкаў на XVI-XVII ст., “залатога часу” нашых земляў. На маю сціплую думку, гэта патрабуе пераносу акцэнту з эпохі  Радзівілаў на Ільнічаў і з дарагіх аукцыённых табакерак/веераў XVIII ст. на недарагую, але шчырую навуковую гульнявую рэканструкцыю паўсядзённасці жыцця людзей той эпохі. Хаця, канешне, могуць быць і іншыя падыходы. Проста пра гэта трэба пачаць гаварыць.  

Вось жа, калі Нясвіжскі замак ужо застыў у сваёй сучаснай інтэрпрэтацыі надоўга, а можа і назаўсёды, то Мірскаму замку, відавочна, трэба рухацца далей, каб знайсці сваё месца на сімвалічнай карце Беларусі.

Сачыце за дзейнасцю выдавецтва і газэты ARCHE ў TELEGRAM
ДАЛУЧАЙЦЕСЯ!


Больш беларускіх навінаў на нашым канале на ЯНДЭКС ДЗЭН
ПАДПІСВАЙЦЕСЯ!

Вам можа спадабацца