Онлайн - прастора для бедных?

Грамадзтва

Онлайн - прастора для бедных?

У сакавіку мінулага года ў газеце The New York Times з’явіўся невялікі артыкул пад назвай “Human Contact Is Now a Luxury Good”. Ідэя артыкула палягае на тым, што калі раней дасяг да онлайн-рэсурсаў і магчымасцяў быў прэрагатывай багатых, то цяпер усё перакульваецца з ног на галаву і онлайн становіцца прасторай для бедных, а заможныя людзі наадварот сыходзяць у офлайн.


Гэты артыкул нарабіў розгаласу. Шматлікія журналісты і культуролагі ў розных частках свету накінуліся на аўтара, папякаючы яго ў неаргуменатванасці (а яна там сапраўды ёсць). Летам 2019 года нарадзіўся цэлы трэнд дыскусій пад агульнай назвай “Онлайн для бедных”. Але тэма гэта заўсёды абазначалася як футурыстычная, накіраваная ў далёкую будучыню.

Фота з сайта www.nytimes.com 

Год 2020 гэту будучыню раптам рэзка наблізіў. У сувязі з пандэміяй каронавіруса онлайн - рэсурсы пачалі развівацца з неймавернай хуткасцю. Напэўна найбольш маштабныя зрухі адбыліся ў сферы адукацыі. Мільёны вучняў і настаўнікаў вымушаныя былі засвойваць ZOOM і іншыя інтэрактыўныя пляцоўкі, а самае галоўнае - новыя метады работы для працягу/заканчэння навучальнага года. Газэта ARCHE ўжо пісала пра асаблівасці гэтага працэса ў Беларусі - Вірусны выклік сістэме адукацыі: хто лепш спраўляецца?

І вось тое, што год таму выглядала навуковай фантастыкай, цяпер аказваецца ў крокавай дасягальнасці. Бо каронавірус сыдзе, а вопыт працы на аддаленасці застанецца. І большасць аналітыкаў прагназуюць, што людзі не захочуць ад гэтага вопыту адмаўляцца.

Прычыны зразумелыя - онлайн таннейшы, зручнейшы і ён дае больш магчымасцяў. Цяпер можна пракансультавацца ў добрага ўрача, не выстойваючы чаргі да яго на прыём (гэта пакуль што не пра Беларусь); паслухаць лекцыю выбітнага спецыяліста ў любой галіне бясплатна, не выходзячы з дому; атрымаць замову на працу,  выканаць яе і атрымаць грошы, не ўставаючы з канапы.

Вось жа такая карціна ва ўяўленні людзей мінулага выглядала ідэалістычнай: інтэрнэт мусіў выраўняць шанцы ўсіх на адукацыю, работу і забавы. Аднак рэальнасць, як заўсёды, выявілася больш складанай.


Фота з сайта www.financialexpress.com


Аўтар артыкула ў The New York Times звярнуў увагу, што чым больш бедных прыходзіць у онлайн, тым больш багатых з яго сыходзіць. У артыкуле гэта ідэя даводзіцца да максімума і дэкларуецца, што багатыя спецыяльна адмаўляюцца ад смартфонаў і “карыстаюцца” людзьмі толькі ўжывую, каб захаваць сваю статуснасць. Але нават калі не даходзіць да такой мяжы, лёгка зразумець, што цяпер лекцыю вядомага навукоўца ў інтэрнэце можа паслухаць любы жадаючы бясплатна ці за невялікую плату, а вось пачуць тую ж лекцыю ўжывую могуць толькі людзі з дастаткам.

Тое ж можна сказаць і пра доктара, настаўніка ці спевака.

Чым больш у свеце будуць уводзіцца ва ўжытак новыя онлайн-пляцоўкі, тым больш будзе нарастаць гэты разрыў. Па выніку сёлетнага карантыну шмат у якіх еўрапейскіх краінах пісалі, што галоўнай праблемай перахода школ на онлайн-навучанне стаўся недахоп тэхнічных магчымасцяў (кампутара, інтэрнэта) у бедных сем’ях і адпаведна адрэзанасць іх ад навучальнага працэса. Але зразумела, што гэта праблема будзе хутка вырашаная. І калі трэнд працягнецца, то  дзеці з бедных сем’яў будуць вымушаныя, калі маюць амбіцыі да навучання, усё больш і больш карыстацца якасным бясплатным кантэнтам з інтэрнэта, а паслугі добрых педагогаў у добрых школах будуць каштаваць усё больш.

Фота з сайта https://www.rappler.com


Толькі максімальна наблізіўшыся да пагрозы поўнага сыходу ў онайлн-прастору, становіцца зразумела, наколькі каштоўным ёсць жывы кантакт паміж людзьмі. Прычым не толькі ў сэнсе эмоцый і “абмену энэргетыкай”, але і ў банальнай якасці абслугоўвання і эфектыўнасці супрацы.

І школы - гэта самы складаны прыклад. Зразумела, што ў медыцыне, вышэйшай адукацыі і мастацтве такія змены адбудуцца значна хутчэй. А дакладней ужо адбываюцца.

У сферы турызма, асабліва сярод экскурсаводаў, даўно прысутнчае страх, што з’яўленне новых тэхнічных магчымасцяў (аўдыёгіды, шматлікія онлайн-экскурсіі на youtube) знішчыць прафесію жывога гіда. Але ўжо зараз бачна, што адбываецца зусім іншы працэс - экскурсія становіцца элітнай паслугай. Тое ж можна казаць і пра шматлікія іншыя сферы. 

У Расіі некаторыя даследчыкі ўжо пралічваюць рызыкі вышэйшай адукацыі ад гэтых працэсаў. Бо зразумела, што спакуслівай выглядае ідэя запісу лекцый па ўсіх прадметах ад найлепшых маскоўскіх спецыялістаў і выкарыстанне іх замест лекцый жывых і не такіх яркіх/падкаваных выкладчыкаў на месцах. Але пры гэтым падыходзе, відавочна, адбудзецца хуткая дэградацыя рэгіянальнага выкладчыцкага корпуса, бо спецыялісты на месцы будуць зведзеныя да статуса абслугі сваіх больш паспяховых калегаў з цэнтра. 

І гэта складаная дылема, якая для Беларусі пакуль што выглядае не вельмі актуальнай, але ў сусветным маштабе становіцца сур’ёзнай праблемай.

Пашырэнне онлайн-магчымасцяў - гэта, несумненна, вялікі пазітыў, які значна павялічвае дасягальнасць усіх людзей да найважнейшых здабыткаў нашай цывілізацыі і спрашчае шматлікія працэсы. Але абысціся тут без праблемы сацыяльнай няроўнасці не атрымаецца. Жывы чалавек становіцца ўсё даражэйшым таварам і “набыць” яго змогуць далёка ня ўсе.

Вам можа спадабацца