Пакуты і прызнанні 35-гадовай гераіні

Рознае

Пакуты і прызнанні 35-гадовай гераіні

14 лістапада 2019 а 13:03

Васіль Герасімчык

Выданне, якое аглядаецца: 

Упала, Анка. На заснежаны востраў. – Мінск: А.М. Янушкевіч, 2018. – 220 с.

Я сяджу ў вялізным, цёплым, светлым пакоі, сцены якога ўпрыгожваюць шпалеры з ружамі і карціны тутэйшага мастака-самавука. Назіраю, як з даху прыбудовы падаюць кроплі восеньскага дажджу. Разглядаю вадзяністыя каралі, што звісаюць з дрэва – як сліўкі, якімі яно так багата было адорана гэтым летам.

З кухні адчуваецца духмяны водар. З патрэскваннем ежы перагукаецца лёгкі подых маленькай радасці, што ляжыць на адлегласці выцягнутай рукі. Па іншы бок – толькі што дачытаная кніга “На заснежаны востраў”, з вокладкі якой паглядаюць два конікі. Я разглядаю іх, а яны ўзіраюцца ў мяне, тапыраць вушы, прыслухоўваюцца да думак, што віруюць у галаве, да тых пачуццяў, якія застаюцца пасля аўтарскіх апошніх словаў з іх імкненнем да падсумавання: “Ёсць людзі ў часе, па якіх я заўжды буду сумаваць”. Тое ж і з кнігамі. Але ці гэта адна з іх?

***

Я не магла дазволіць сабе бавіцца выдумкай, бо знаходжу гэтую гісторыю занадта важнай, большай за мяне, большай за нас. Няхай тыя, хто пажадае, пражывуць яе разам са мной”, – адна з лепшых заманілавак, якія я сустракаў у анатацыі да кнігі. Ды і псеўданім аўтаркі адразу прывабіў гульнёй літар. Відавочнай толькі на першы погляд,

бо “анка” – гэта шведская белая свойская качка: “Анка – гэта я, хатняя качка, якая ўсё-ткі падарожнічае”.

Пасля такога тлумачэння шэраг рэчаў сталі на свае месцы ў апісанні ваганняў, засмучэння, самоты і нуды, якую перажывае 35-гадовая галоўная гераіня. Яна распавядае пра час навучання ў Швецыі, пра вывучэнне чарговай замежнай мовы,

пра жыццё ў інтэрнаце, дзе з лядоўні знікае ежа і ўзнікаюць праблемы з прыбіраннем бруду на кухні, пра стасункі з людзьмі, пераважная большасць якіх больш маладыя эмігранты.

***

Аўтабіяграфічная кніга з дзвюх звязаных паміж сабой частак – “Электрычка да Стакгольма” і “На заснежаны востраў” – падобная на дзённікавыя нататкі, праз якія, быццам сляды на снезе, праступае супрацьпастаўленне Швецыі і Беларусі. То ледзь заўважнае, то раптоўна, быццам гром сярод яснага неба, адназначна негатыўнае, як у завяршэнні першай часткі твора:

“На сёння Беларусь – адна з самых ксенафобных краін Еўропы. У непрыязнасці да тых, хто нечым адрозніваецца ад большасці, і ў алкагалізме мы спаборнічаем за першынства з Літвой, з якой колісь, яшчэ да савецкай імперыі, былі адной краінай”.

Швецыя ж выступае краінай, прыязнай да эмігрантаў, краінай, у якой мясцовыя жыхары шануюць уласную свабоду, ды настолькі, што ты проста так не мусіш папытацца ў якой-небудзь пакупніцы ў краме падказкі, дзе ляжыць цукар.

Краінай, дзе ты хочаш хадзіць па бібліятэках, музеях і літаратурных сустрэчах.

Дзе не заганяюць на першамай, а падчас свята палітычныя дэбаты ладзяцца з народнымі гуляннямі. Дзе, урэшце, ёсць мора і горы, дзе нават падсвечнікі ствараюць “самае ўтульнае святло ў свеце”. І гэтаму не перашкаджае існаванне своеасаблівых эмігранцкіх кварталаў-гета, ні апісанне таго, як у адной з крамаў самалійскую сяброўку галоўнай гераіні на імя Фартун (што значыць “шчасце”) пабіў датчанін. Аўтарка пасля зазначыла: “Я ніколі не бачыла фізічнага гвалту раней”.

Гэта надта рэжа вока, бо раней Анка Упала ўзгадвала пра Беларусь і Плошчу-2010:

“Вось мы разам са знаёмай перакладчыцай уцякаем з пратэстнага мітынгу на плошчы Незалежнасці пасля выбараў дзясятага года, бо я ўбачыла першыя ў кроў разбітыя амапаўцамі галовы”.

Увогуле, Беларусь – гэта вельмі-вельмі няШвецыя.

Гэта краіна, пра якую замежнікі думаюць не інакш як пра “Белую-Расію”. Адна з сябровак галоўнай гераіні нават прапаноўвае яе перайменаваць напрыклад, у Крывію.

Гэта краіна, у якой аўтарка ў 11-гадовым узросце перажыла псіхалагічную траўму праз сваю першую пракладку, якую зрабіла мама “з кавалка старой прасціны”, а тая ў выніку выпала на падлогу і была заўважаная цёткай: “Давялося прысаромлена пайсці і падабраць анучку са сваім дзіцячым мазком. Яна ляжала па цэнтры дывана”.

У Швецыі ж ёсць менструальныя чашы: “У водгуках пішуць, што гэта новы ўзровень свабоды, хочацца паспытаць, што за ён. На радзіме са свабодамі нягуста”.

Распавядаючы пра Беларусь іншым навучэнцам “народнай школы”, галоўная гераіня расказвае пра яе як пра месца, дзе людзей збіваюць за іх погляды, не шкадуючы нават кандыдатаў у прэзідэнты. Дзе могуць забраць толькі за тое, што ты збіраешся з іншымі і пляскаеш у далоні. Дзе людзей, у адрозненні ад той жа Швецыі, не турбуе расізм і правы экстрэмізм:

  • А ў Беларусі ёсць падобныя адукацыйныя штукі? – спыталася ў мяне Ніна.
  • Нічога ў нас няма. Цемрашальства рознае ходзіць-калабродзіць, ніхто не думае, што з гэтым трэба нешта рабіць.

Беларусь – гэта краіна, дзе не здымуць “любоўную гісторыю пра дзяўчыну, якую кінула іншая дзяўчына”, а яе сталіца – “горад як цэлае хворы на эстэтычную глухату”.

Урэшце, аўтарка выходзіць за межы параскіданых па старонках параўнанняў і звальвае іх крушняю думак:

“Швецыя не ідэальная краіна, але ў людзей тут ёсць перспектыва навучыцца жыць разам. На прыватным узроўні народ трымае дыстанцыю, але ёсць дыялог на ўзроўні грамадства, на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі і адукацыі, ёсць якасныя і цікаўныя да важных праблем медыя. У нас жа ўсё з дакладнасцю наадварот. Людзі гатовыя балакаць ні пра што ў транспарце, але публічнае абмеркаванне сістэмных праблем – хатніх, працоўных, грамадскіх, палітычных – не прынятае, адпаведна, няма як шукаць рашэнняў гэтых праблем. Публічнай дыскусіі больш за ўсё баяцца ў нашай краіне. Да таго ж гэтую дыскусію мала дзе можна весці. Медыя бракуе не толькі рэсурсаў, але і свабоды, і адукаванасці. Маўклівыя пакуты і гвалт у сям’і, ціхая карупцыя і інертнасць на працы, усёдазволенасць і прыстасавальніцтва на ўзроўні дзяржавы – той цвік, да якога мы прыцярпеліся і не ведаем як з яго злезці”.

***

Кнізе патрэбны адпаведны настрой чытача, каб думкі загучалі ва ўнісон са словамі, што точаць па кропельцы змесціва душы.

У мяне ж па прачытанні застаўся толькі жаль да галоўнай гераіні, якая перажывала, як яна сама тое назвала, “пробнік эміграцыі”. Можа, ад таго яна намагалася стварыць больш светлы вобраз прасторы, у якую трапіла, чым ён паўстае з самых апісанняў.

І на завяршэнне тры рэчы, якія таксама зачапілі:

Узгадваючы адно з апытанняў сярод шведскіх пісьменнікаў і пісьменніц, Анка Упала фактычна прадказвае імя Нобелеўскай лаўрэаткі Вольгі Такарчук.

“Для сябе асабіста я знаходжу рэлігіі рэпрэсіўнымі, аніводная мяне не вабіць. Спадзяюся, калі-небудзь яны застануцца толькі ў музеях, а не ў галовах”.

– Дык што, калі б ты сустрэла жанчыну, якая табе падыходзіць, то магла б і з жанчынай мець адносіны? – Ніна хоча даціснуць мяне і вывесці на чыстую ваду.

– Магла б.

Вам можа спадабацца