Пандэмія гістэрыі

Меркаваньні

Пандэмія гістэрыі

24 сакавіка 2020 а 10:38

Зміцер Вайцэховіч

Меркаваў, што не буду пісаць пра эпідэмію. А вось жа не, не сцярпеў.

Не магу сказаць, што рэакцыя грамадства мяне здзіўляе. Яна якраз такая, якую я чакаў. Але адно – тэорыя, а другое –практыка.

Самае галоўнае, на што ўжо некаторыя (на жаль, вельмі нешматлікія людзі) звярнулі ўвагу, гэта пандэмія гістэрыі.

Ужываю гэтае рэзкае слова таму, што эмацыянальная ацэнка рэальнасці, амаль поўнае падаўленне ў сабе спробаў да аналізу, чарговы раз прымушае задумацца пра тое грамадства, у якім мы жывём. Зразумела, што не толькі пра беларускае грамадства ідзе гаворка. Мы зараз усе знаходзімся практычна ў глабальнай інфармацыйнай прасторы.

І вось некалькі характэрных праяваў гэтага псіхозу з аднаго боку, і адначасова яго бессаромнай эксплуатацыі, з другога.

  1. Ад самага пачатку на нас абрынулася хваля жахлівай статыстыкі, дзе лічбы ўзроўню смяротнасці ад краіны да краіны спаборнічаюць у сваёй апакаліптычнасці. Пры гэтым мы, насамрэч, дагэтуль не маем рэальных дадзеных. Нават абсалютныя паказчыкі смяротнасці, выкліканай эпідэміяй, як выглядае, далёкія ад сапраўднасці.
  2. Яшчэ горш, проста безнадзейна, выглядае інфармацыі па хворых і тым больш па носьбітах вірусу. Некаторыя спецыялісты нясмела кажуць, што тыя дадзеныя, якія мы ведаем, могуць быць заніжаны ў шмат дзясяткаў разоў. Вы разумееце, што гэта азначае? Толькі тое, што нават калі ўзяць усіх залічаных да ахвяраў эпідэміі, то доля летальных выпадкаў ад агульнай колькасці заражаных можа ўпасці да доляў аднаго адсотку і быць параўнальнай да смяротнасці ад сезоннага грыпу. Я не сцвярджаю, што будзе менавіта так. Я толькі адзначаю, што высновы і ацэнкі рабіць рана. Мы проста абапіраемся на недакладную інфармацыю, але ўжо робім з яе далёкасяжныя, катастрафічныя высновы.
  3. Вялікае засмучэнне ў мяне таксама выклікае схільнасць некаторых журналістаў і тым больш блогераў рабіць паспешлівыя высновы. Вось характэрны прыклад. Ад самага пачатку пачалі параўноўваць маштаб распаўсюду хваробы ў нас і ў суседзяў. Пры гэтым нярэдка давалася нібыта аб’ектыўная лічба, якая ўлічвала колькасць інфікаваных на адзінку насельніцтва. І вось у нас больш чым у Польшчы, Украіны і нават Расіі, пра што яны нават афіцыйна нам заявілі. Толькі колькі ў гэтых дадзеных аб’ектыўнасці? Памятаю, здаецца, 12 сакавіка, у нас было нашмат больш хворых, чым у паўднёвых суседзяў. Толькі тады ж у нас было зроблена больш за 10000 тэстаў, а там каля 500. Не ведаю, як зараз, але па колькасці тэстаў на адзінку насельніцтва мы доўгі час апярэджвалі і Англію, і Францыю, і верагодна, многія іншыя краіны. Адпаведна наша статыстыка была нашмат больш дакладнай. Адным словам, такія параўнанні пакуль што таксама ні пра што не сведчаць, тым больш, што ў вельмі кароткі час нават без уліку колькасці тэстаў, суадносіны па захварэўшым у нас і нашых суседзяў пачалі мяняцца на нашу карысць. Але і гэта не істотна. У Італіі статыстыка ўсё роўна даўно і нашмат горшая чым у Кітаі. Цікава, ці гэта дае італьянцам права казаць, што іх нялюдскі рэжым хоча напіцца італьянскай крыві, не тое што чалавекалюбны кітайскі? Але вось гэта ўсё нашых блогераў ні разу не засмучае. Кідаецца чарговае абвінавачванне ўладам, ставіцца чарговае таўро і нават калі назаўтра новыя факты ўсё абвяргаюць, ніхто не думае рэфлексаваць ці неяк інакш адэкватна рэагаваць. Проста знаходзіцца чарговы повад тузануць ненавісную ўладу. Тут я хачу падкрэсліць. Я ніколі не быў прыхільнікам існага рэжыму. Але апазіцыя да яго, на мой погляд, не дае права самому паступаць безадказна, апускацца да фактычнай дэзінфармацыі і маніпулявання.
  4. Дзеля справядлівасці скажу, што некаторыя ўсё ж знайшлі выйсце з апісанай вышэй сітуацыі пра статыстыку. Яны проста аб’яўляюць, што рэжым, які хлусіў доўгімі гадамі, хлусіць і зараз. І, шчыра кажучы, я прызнаю, што рэпутацыя ў нашых уладаў незайздросная. Але калі мы адкінем усё, што яны нам кажуць адносна распаўсюду хваробы, то мы непазбежна апынемся ў свеце ўласных фантазій, фобій і чаканняў. А таксама інтарэсаў. Гэта тупіковы і небяспечны шлях.
  5. Я ўказаў на некалькі нездаровых рэакцый нашага грамадства. У якасці яшчэ аднаго пацвярджэння гэтаму вельмі дарэчы падаспела апытанка чытачоў “Нашай Нівы”. На той момант, калі я зрабіў скрыншот адказаў, ці патрэбны агульнанацыянальны карантын, толькі 15% апытаных, гатовыя былі абапірацца на меркаванне спецыялістаў. А 85% больш давярае сваім пачуццям. Вядома, тут можна вярнуцца да пытання недаверу да ўладаў, але гэта тыя ж эмоцыі. Пакуль няма асаблівых падставаў больш давяраць, напрыклад, спецыялістам з Італіі, Францыі ці Гішпаніі. Ці ж яны неяк асабліва сябе праявілі і можна прывесьці нейкія аб’ектыўныя паказчыкі іх больш паспяховай дзейнасці ў параўнанні з нашымі? А пакуль мы ня маем, што ацэньваць, то і не павінны паспешліва кіравацца эмоцыямі.

І вось які галоўны дыягназ я хацеў бы паставіць. На жаль, не толькі нашаму, але і многім іншым грамадствам.

У нас няма імунітэту да маніпулявання.

Практычна любыя сацыяльныя слаі, незалежна ад палітычных поглядаў, паказваюць сваю няздольнасьць саўладаць з масавай гістэрыяй. Больш таго, тыя людзі, які такі спрабуюць гэта рабіць, нярэдка становяцца аб’ектам цкавання. Апанаваны страхам натоўп пазбягае дыскусіі. З неверагоднай плыні інфармацыі, у якой змяшаліся і дакладныя дадзеныя, і фейкі, і свядомая дэзінфармацыя, людзі выхопліваюць тое, што найлепей адпавядае іх эмоцыям.

Гэтае грамадства лёгка кіруемае. У такой сітуацыі кожны абвінавачаны (не трэба нават асаблівых доказаў) у тым, што ягоная пазіцыя небяспечная для іншых і тым больш нясе пагрозу (нават самую гіпатэтычную) іх жыццям, лёгка ператвараецца ў ворага.

А пазбаўленае даверу да сваіх уладаў і не маючае ўласных аўтарытэтаў грамадства становіцца вельмі ўразлівым на знешнія ўплывы.

І ад гэтага амаль у роўнай ступені не застрахаваныя як аўтарытарныя, гэтак і дэмакратычныя рэжымы. Паглядзіце, колькі даверу да ўрадаў было ў тых заходніх краінах, дзе грамадзяне спусташалі крамы.

І я вельмі баюся, што нашыя грамадствы выйдуць з апошняй эпідэміі не столькі з імунітэтам да вірусу, колькі з адсутнасцю імунітэту да магчымых у будучым спробаў маніпулявання праз масавы псіхоз. І вось гэтае будучае, заўтра пасля эпідэміі і павінна нас сёння хваляваць найперш.

Рэакцыя масавага абываталя, рэакцыя ўладаў і ўсё, што звязанае з абмежаваннямі і кантролем, выкліканымі эпідэміяй, прымушаюць паставіць пытанне вельмі важнае для будучага ўладкавання свету.

Дзе пралягае тая мяжа кантролю над намі, якую мы, грамадзяне, не згадзімся перайсці нават у імя рэальнай (альбо ўяўнай) бяспекі?

Дзе пралягае кардон, перакрочыўшы які мы страцім кантроль над нашай свабодай, над правам мець іншую думку і публічна яе агучваць?

Наколькі і як надоўга мы гатовы адмовіцца ад адказнасці за сябе (са звязанай з ёй непазбежнай рызыкай) і перадаць яе дзяржаве?

Гэта не рытарычныя і не алярмісцкія пытанні. На нашых вачах сотні міліёнаў людзей у свабодных грамадствах лёгка пагадзіліся на самыя жорсткія абмежаванні. Выкліканыя найперш страхам. І гэтыя людзі, і я спадзяемся, што абмежаванні часовыя. Але ўражвае, як лёгка іх прынялі. Дык ці ёсць тая мяжа? Хто зможа адмовіць простай і відавочнай думцы, што жыццё ў стойле на ферме, з індывідуальным рацыёнам і рэгулярным аглядам ветырынара нашмат больш бяспечнае і бясстрэсавае, чым знаходжанне на поўнай рызыкі і пагрозаў волі?

І вось зараз мы ўсё апынуліся калі яшчэ не ў стойлах, дык прынамсі ў загонах. Куды павернем заўтра?

Вам можа спадабацца