Пасля “шелудивого“ і “хряка” паявіўся “педофил”, або Як Ганна Канапацкая шукае сваё месца ў палітыцы

Палітыка

Пасля “шелудивого“ і “хряка” паявіўся “педофил”, або Як Ганна Канапацкая шукае сваё месца ў палітыцы

Хоць прэзідэнцкая кампанія яшчэ не ў самым разгары, некаторыя палітыкі ўжо не выбіраюць выразаў. Пасля «шелудивого» і «хряка» (такія «кампліменты» былі адрасаваныя адпаведна блогеру Сяргею Ціханоўскаму і Валерыю Цапкалу) на яву выйшаў «педофил». Выраз гэты прагучаў у дачыненні да Віктара Бабарыкі з вуснаў яшчэ аднаго патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты – Ганны Канапацкай. У нядаўняй праграме «Белсата» «Выбары. ProContra»  былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў агаломшыла сваіх гледачоў наступнай заявай:

«Менеджер “Газпрома” не может быть президентом нашей страны. Это равнозначно тому, что педофил не может быть воспитателем в детском саду».

Праўда, Ганна Анатолеўна і раней не надта высока ставіла Віктара Дзмітрыевіча: пасля ўступлення апошняга ў прэзідэнцкую гонку яна заявіла, што Бабарыка максімум цягне на кіраўніка Нацыянальнага банка. Аднак у праграме «Белсата» яна перасягнула саму сябе.

Гэта  — добрая нагода, каб бліжэй прыгледзецца да феномену Ганны Канапацкай.

Шэраг назіральнікаў мяркуе, што кааптацыя Канапацкай у Палату прадстаўнікоў засведчыла яе “падвязкі” з Адміністрацыяй прэзідэнта. Згодна з гэтай логікай, цяпер, падчас выбарчай кампаніі, «Ганцы-кулямётчыцы з прэзідэнцкага экскорту» (выраз Анатоля Лябедзькі) даводзіцца расплачвацца за гэта. За гэтую, а таксама за іншыя аказаныя паслугі (рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў і пад.) яна павінна «мачыць» Бабарыку ўсімі даступнымі сродкамі. А там, пасля выбараў, глядзіш, яна атрымае і новае прызначэнне з ласкі ўладаў.

У якасці магчымага доказу памянёных «падвязак» Канапацкай можна разглядаць і выказванне Лукашэнкі падчас наведвання Трактарнага заводу 29 мая:

«Недавно поинтересовался — эти женщины (не выключана, што на ўвазе мелася Ганна Анатолеўна — Аўт.) собрали больше подписей, чем все мужики, которые в интернете пиарятся».

Падобныя «прагаворкі» зусім не выпадковыя. Не трэба здзіўляцца, калі Канапацкая будзе зарэгістраваная кандыдатам у прэзідэнты (пры тым, што назіральнікі адзначаюць малалікасць яе пікетаў па зборы подпісаў, а таксама пасіўнасць у сацыяльных сетках), а яўны фаварыт пратэстнага электарата Бабарыка — не. (Праўда, абяцанне апошняга сабраць 1 млн. подпісаў або няясныя разважанні пра дзяржаўнае трохмоўе ў Казахстане яму яўна ачкоў не дадаюць.)

Не да канца ясным быў і нашумелы ў свой час законапраект Канапацкай, які б прадугледжваў не толькі недатыкальнасць прэзідэнта, паўнамоцтвы якога скончыліся, але і істотныя матэрыяльныя гарантыі для яго і ягонай сям’і. І хаця Канапацкая ўсяляк адмаўляла, што законапраект рыхтаваўся пад Лукашэнку, гэта было ўсім відавочна.

Не супярэчыць версія «падвязак» і палітычнаму стылю самога Лукашэнкі. Так, мы ўсе ведаем яго здольнасць сутыкаць ілбамі сваіх апанентаў, прэвентыўна  наносіць ім удары, імгненна прымаць самыя жорсткія рашэнні. Але Лукашэнка заўсёды ўмеў і прыцягваць саюзнікаў, фармаваць альянсы – іначай бы ён проста не ўтрымаўся пры ўладзе так доўга.

Аднак апрача здагадак і меркаванняў такую версію пацвердзіць няма чым. (Сцвярджэнне памочніка Канапацкай Дзяніса Ціханенкі, што тая адмовілася ад пасады віцэ-прэм’ера ва ўрадзе Сяргея Румаса, таксама нічым пацвердзіць немагчыма.)

Пры гэтым  відавочна, што Ганна Анатольеўна дапусціла гэткі рэзкі выпад на адрас Бабарыкі і чыста па асабістых прычынах. Абранне (чытай — прызначэнне) у Палату прадстаўнікоў абудзіла ў ёй палітычныя амбіцыі. Магчыма, яна разлічвала, што дэпутацтва стане для яе мастком на палітычны Алімп.

Канапацкая ўсяляк імкнецца падкрэсліць уласныя дасягненні: напрыклад, у размове з Калінкінай і Цыганковым яна заявіла, што нібыта дзякуючы менавіта яе папраўкам да законаў, маладыя маткі, якія выхоўваюць дзяцей да трох год, штоквартал дадаткова атрымліваюць на 12 руб. 

А тут з’яўляюцца нейкі экс-банкір і нейкі блогер, якія на працягу літаральна некалькі дзён фармуюць вялічэзныя ініцыятыўныя групы, і ля пікетаў па зборы подпісаў на карысць каторых утвараюцца чэргі. Гэтыя людзі прымушаюць Лукашэнку ўключаць механізмы іх нейтралізацыі, пабочным эфектам чаго з’яўляецца выштурхоўванне яе, Ганны Канапацкай, на перыферыю грамадскай увагі. Іншай рэакцыі ад амбітнай, яшчэ маладой і проста прыгожай жанчыны, напэўна, чакаць і не выпадае.

Што ж сапраўды перашкаджала Ганне Канапацкай стаць беларускай Маргарэт Тэтчар? Па-першае, дэпутацкі мандат Канапацкай у палітычным плане ёй мала што даў. І справа не толькі ў тым, што т.зв. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу— гэта закрыты орган, чые каналы зносінаў з грамадствам вельмі амбежаваныя (адсутнічаюць, напрыклад, жывыя паседжанні сесіяў па радыё і тэлебачанні), таму дэпутату трапіць у цэнтр публічнай увагі немагчыма.

Не менш істотна і тое, што ў грамадскай думцы Палата прадстаўнікоў (а ўскосна і яе былы дэпутат Канапацкая) непарыўна звязана з рэжымам Лукашэнкі.

Пад канец трэба адзначыць і асабістыя якасці характару спадарыні Ганны: пад асляпляльнай усмешкай хаваецца востры язык і запальчывы тэмперамент. Канапацкая пасварылася і з кіраўніцтвам сваёй роднай партыі (яна не пабаялася  назваць Мікалая Казлова і Анатоля Лябедзькі «политическими нищими»), і з іншымі апазіцыйнымі лідарамі (абвінаваціла Паўла Севярынца ў тым, што ён жыве на падачкі).

Пры гэтым Ганна зімой сама бравіравала новым дарагім аўто (што само па сабе наўрад ці палітычна мэтазгодна напярэдадні выбараў у краіне з невысокім узроўнем жыцця).

Але ўсё-такі і для Канапацкай ёсць “святое”: гэта беларускай незалежнасць.

«Независимость Беларуси не продается, ни за какие деньги. Я не буду, и вы не будете торговать независимостью нашей страны», —

такую мантру яна прамаўляе ў тэлеэфіры.

Ці стане яна індульгенцыяй ад дапушчаных і будучых палітычных памылак?

Асабіста я моцна сумняюся.

Вам можа спадабацца