Плач па Каліноўскім, плач

Меркаваньні

Плач па Каліноўскім, плач

27 лістапада 2019 а 18:39

Інэса Кур'ян

Калі апошнімі днямі ўвесь інтэрнэт запаланілі бел-чырвона-белыя сцягі ў Вільні – надыйшоў і мой час напісаць пра пахаванне Кастуся Каліноўскага.

Мне было да душы. Ані грама не іранізую. Проста ўзрушыла і пераканала, што Рэч Паспалітая Энных Народаў жывая. Як ідэя жыла ў 1863 г., так яна і не памерла ў 2019 г.

І трансляцыя, і ракурсы, і арганізацыя цырымоніі былі бездакорныя. Простыя, але годныя, з прызнаннем роўнасці ўсіх бакоў.

Рэфлексія 1. Беларусам, палякам, літоўцам, украінцам, трэба часцей сустракацца, хай бы і на такіх урачыста-жалобных цырымоніях. Гэта той фармат, калі мы душой адно за аднаго.

Хоць госці ўжо раз’ехаліся ў свае нацыянальныя дзяржавы, але павезлі з сабой пазітыўныя пачуцці.

Рэфлексія 2.  Суайчыннікі, што вярнуліся з Вільні, фактычна правакавалі ўва мне комплекс непаўнавартасці – чаму мяне там не было? Яны распавядалі пра свой гонар і цярпенні так, быццам самі ўдзельнічалі ў паўстанні.

Не паехала я, бо не магла. Не маю ані жалю, ані сораму. Ды проста не люблю ўдзельнічаць у афіцыйных мерапрыемствах.

Не заахвоціў мяне і кліч вядомага інтэлектуала Беларусі Уладзіміра Мацкевіча: “Косткі Каліноўскага грукаюць мне ў сэрца”.

Каліноўскі мне не чужы, але мае пачуцці не павінны быць прымусовыя.

Некалькі гадоў таму я дапамагала калегам з Беласточчыны ў расшыфроўцы архіўных дакументаў, што тычыліся менавіта паўстання Каліноўскага, і стала зразумела, наколькі цяжка было яго арганізаваць. Ведаю на падставе гістарычных звестак, як часта беларускія сяляне не падтрымлівалі паўстанцаў, як здраджвалі іх у следствах пасля 1864 г., як з ахвотай купляліся на танную гарэлку, якую ім ў карчмах па вёсках  налівалі расейскія ўлады.

Каму ў 1863 г. былі верныя ды ўдзячныя тыя сяляне – цяжкае пытанне. Ясна, што ішла жорсткая канкурэнцыя за сэрцы спячага беларускага народу.

Сам Каліноўскі прыкладаў вялікія намаганні, каб абудзіць беларускіх сялянаў, бо ён не мог скарыстацца ў паўстанні наяўнай падтрымкай з іх боку.

Адсюль і “Мужыцкая праўда”, і “браты-беларусы”, і прызнанні з-пад шыбеніцы.

Каліноўскі – яшчэ адзін “будзіцель” нашай нацыянальнай гісторыі.

… 22 лістапада 2019 г., у Вільні, праз паўтара стагоддзя, нашчадкі адной часткі беларускага сялянства пайшлі правесці ў апошні шлях тых, каго ўлада ў свой час лічыла мяцежнікамі, і хто, рызыкуючы жыццём, гераічна абуджаў гэтых сялян.

Другая ж частка сялянства так яшчэ і не прачнулася…

Масавы ўдзел беларусаў у гэтай акцыі паказвае, як у нашыя часы беларусам патрэбная нацыянальная атрыбутыка з нацыянальнымі героямі.

Але для мяне гэта болей нагадвала не годнае пахаванне, а – годнае пакаянне.

Маўляў,

“Прабач, Кастусь, за пятлю, што на цябе накінулі. Не ўсцераглі мы цябе. Не падняўся ўвесь народ. І дагэтуль шмат нашых спіць у шапку і гатовы прадацца ўладам за танную дзяржаўную гарэлку”.

Рэфлексія 3. Большая частка беларусаў да сёння, гэтаксама, як у 1863 г., скупіцца на паклон і пашану будзіцелям іх нацыянальнай свядомасці.

Для літоўцаў, напрыклад, гэта не было пакаяннем. Ім няма чаго каяцца перад паўстанцамі. Палякі з поклічам “Bóg, honor i ojczyzna!” склалі свой паклон і кветкі тым “літоўскім шляхцюкам”, якія біліся і за свабодную Польшчу.

Скажу шаноўнаму спадарству шчыра:

паколькі і літоўскі, і беларускі бел-чырвона-белы сцяг з’яўляюцца мастацкай распрацоўкай пачатку ХХ стагоддзя, я не пэўная, што менавіта гэтыя сцягі мелі лунаць над магіламі паўстанцаў.

Лічу таксама грубым скажэннем гістарычнай праўды замазванне ніжняй белай палоскі бчб-сцяга ў польскіх рэпартажах з мерапрыемства.

І тут выяўляецца галоўная неспадзяванка імпрэзы: чаму галоўным сцягам пахавання не стаў сапраўдны сцяг Студзеньскага Паўстання 1863 г.?

Сцяг паўстання напэўна быў, але якраз яго не было на цырымоніі.

Рэфлексія 4. Сцягі былі галоўнымі ўдзельнікамі цырымоніі. Маўклівыя і шматмоўныя. Нават Лявон Вольскі склаў да падзеі новую песню пра сцяг. Вядома, што сцяг паўстанцаў 1863 г. быў бела-чырвона-сіні, але ж ён не быў ускладзены на труны. Удзельнікам мерапрыемства было важна не адлюстраваць дух паўстання, а выявіць свае сучасныя сантыменты.

Але ж каліноўцы паміралі “За нашу і вашу свабоду!”, а не за правы нейкіх асобных народаў.

Вам можа спадабацца