"План Курэйчыка": самае важнае ў 2020 годзе адбудзецца да 9 жніўня?

Палітыка

"План Курэйчыка": самае важнае ў 2020 годзе адбудзецца да 9 жніўня?

Уваход у перадвыбарчаю гонку буйных гульцоў Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы імгненна актывізаваў беларускую грамадскасць і мабілізаваў у ініцыятыўныя групы тысячы людзей, якія яшчэ пару месяцаў таму і думаць не думалі пра выбары.

Прычынай такога пазітыўнага настрою часта называюць маштабнасць новых кандыдатаў, а таксама палітычныя памылкі самога Лукашэнкі, звязаныя з каронавіруснай сітуацыяй.

Але ёсць яшчэ адзін важны фактар. За апошнія некалькі год усе беларусы ў рэжыме онлайн назіралі разгортванне двух вельмі сімпатычных і натхняльных палітычных сюжэтаў. Першы сюжэт называецца “Навальны” і адбываецца ў Расіі, другі, пад назвай “Зяленскі”, у мінулым годзе быў адыграны ва Украіне.

Расійскі палітык Аляксей Навальны сваім прыкладам ужо доўгі час паказвае, як у абсалютна аўтарытарнай дзяржаве можна на пустым месцы стварыць буйны, эфектыўны і доўгатэрміновы палітычны рух, які, не будучы прызнаны ўладамі, моцна ўплывае на актуальную павестку ў краіне (толькі з апошняга можна назваць саступкі дзярж. апарата па выплатах насельніцтву “каронавірусных грошай”).

Уладзімір Зяленскі ва Украіне ў мінулым годзе паказаў натхняльную гісторыю, як асоба з абсалютна непалітычным (можна нават сказаць - антыпалітычным) бэкграўндам, выбраўшы правільную павестку і стварыўшы пазітыўны імідж, змагла літаральна за некалькі месяцаў працы перамагчы ўсіх апанентаў.

Да дзейнасці гэтых палітыкаў можна ставіцца па-рознаму, але несумненна, што разгортванне такіх захапляльных “сюжэтаў” проста ў прамым эфіры нараджала ў беларусах натуральнае жаданне, каб нешта такое адбылося і ў нас. 

Вядзецца нават не пра змену ўлады, а пра саму палітычную гульную і працэсы, якія ёй выклікаюцца: барацьба ідэй, дэбаты, гуртаванне вакол зразумелых планаў, ціск на ўладу сфармаванай павесткай, назіранне за тым, як улады мусяць саступаць малымі крокамі і рабіць выгляд, што ўсё гэта - частка іх “мудрага” плана.

Цэлае пакаленне беларусаў сышло з палітыкі ў пачатку 2000-ых. Таленавітыя актывісты і харызматы дасягалі сваіх вяршыняў у бізнэсе, культуры ці НДА. Але цяпер, сочачы за яскравымі расследаваннямі Навальнага ў расійскай прасторы і ўбачыўшы цудоўнае пераўтварэнне коміка ў прэзідэнта ў паўднёвай суседкі, тысячы беларусаў захацелі нармальнага, цікавага палітычнага жыцця і ў сябе. 

І ў большасці гэтае жаданне было неўсвядомленым, бо палітычныя інстынкты даўно атрафіраваліся і ніякіх шанцаў на нешта цікавае ў Беларусі да 2025 года не было.

Менавіта таму з’яўленне Бабарыкі і Цапкалы - рускамоўных, патэнцыйна вельмі прарасійскіх,  абсалютна апалітычных - было ўспрынята з такой надзеяй. Тады, месяц таму, узнік спадзеў не на тое, што ў Беларусі будуць выбары, а на тое, што ў нас адраджаецца палітыка як з’ява.   

Тры тыдні таму рэжысёр Андрэй Курэйчык на сваім ютуб-канале прапанаваў ідэю, якую журналісты ўжо назвалі “Планам Курэйчыка”. Спадар Андрэй раскрытыкаваў надзеі на выбары 9 жніўня і абазначыў адзіны магчымы варыянт змены ўлады - актывізацыя палітычнага жыцця. Аргументы Курэйчыка досыць грунтоўныя і відавочныя: 

Па-пешае, такая схема працавала ва ўсе часы - і ў Англіі XVII ст., і ў Расіі пачатку ХХ. Ніякая аўтарытарная ўлада не можа доўга супраціўляцца доўгатэрміноваму ціску вялікіх аб’яднаных груп людзей.

Па-другое, ў Беларусі на дадзены момант ёсць каля 1 млн. актыўных грамадзян (гэтая лічба ўмоўная, але, адкінуўшы тысяч 200, з ёй можна пагадзіцца). Пасля разгону верагодных пратэстаў 9 жніўня ва ўсіх гэтых людзей пачнецца дэпрэсія, “паслявыбарнае пахмелле” і палітычнае жыццё ў грамадстве затухне яшчэ на 5 год, каб пасля паўтарылася тое ж самае. 

Але, як заўважае спадар Андрэй, калі гэтыя сотні тысяч чалавек увойдуць у існуючыя 5 “вялікіх” партый, прыбяруць адтуль неэфектыўных лідараў і наладзяць там нармальную работу, то ў Беларусі з’явіцца такая сіла (легальная), што з Лукашэнкам можна будзе на наступных выбарах змагацца на роўных. 

“План Курэйчыка” - гэта, канешне, ніякі не план. Для плана там зашмат умоўнасцяў і лагічных правалаў. Але гэта  яшчэ адно яскравае падцверджанне таго, што беларусы самых розных катэгорый пачынаюць думаюць пра палітыку ў Беларусі як пра пастаянны працэс, а не як пра кароткачасовую актыўнасць перад выбарамі. І гэта добра.

Але ёсць адна праблема: Курэйчык запісваў сваё відэа 3 тыдні таму, калі Бабарыка дэманстраваў незвычайную, як для беларускага палітыка, лаяльнасць у дачыненні да ўсёй дзяржаўнай сістэмы, гэтым інтрыгаваў і менавіта гэтым прыцягваў увагу тых, хто спадзяваўся на з’яўлення ў нас гульца на доўгую дыстанцыю.

І эфектыўнасць тактыкі новага кандыдата выявілася настолькі высокай, што Лукашэнка вымушаны быў пачаць “закручваць гайкі” яшчэ на подступах да выбарчай гонкі. І па выніку ўся сітуацыя зноўку звузілася да моманту Х, калі ўраз вырашыцца - ўсё альбо нічога. І не трэба быць вялікім экспертам, каб разумець, што па-іншаму і не магло быць.

Такім чынам, у Беларусі даўно ўжо склалася дзіўная логіка: палітык мусіць ці займацца палітыкай, ці ісці на выбары. І дзве гэтыя задачы нельга сумяшчаць. Менавіта спроба такога сумяшчэння робіць традыцыйныя палітычныя партыі ў нас слабымі. Бо праўдзівы выбар выглядае так: ты ці ідзеш умоўным  “шляхам Навальнага” - збіраеш вакол сябе электарат, праводзіш кампаніі, не заходзіш за чырвоную лінію (тут, канешне, можна паспрачацца, ці ёсць яны ў Навальнага) і чакаеш, покуль дыктатар аслабне; ці “шляхам Зяленскага” - у апошні момант выходзіш на сцэну проста з залі і гуляеш адзін раз без права на рэпетыцыю.

У Бабарыкі ёсць мінімальны шанец стаць беларускім Зяленскім, але з-за гэтага катастрафічна зніжаюцца шанцы стаць тутэйшым Навальным. А менавіта яго нам вельмі не хапае на доўгай дыстанцыі.

Сёння Андрэй Курэйчык апублікаваў зварот на Віктара Бабарыкі з просьбай арганізаваць сваіх прыхільнікаў у рух, ці партыю. Паглядзім, можа сапраўды паміж шляхам Навальнага і шляхам Зеленскага ёсць нейкая вузкая сцежка, якую пазней назавуць “сюжэтам Бабарыкі”?

Але з вялікай доляй верагоднасці можна сказаць, што самае важнае ў 2020 годзе здарыцца да 9 жніўня - мы ўбачым, ці народзіцца ў Беларусі палітыка. 

Вам можа спадабацца