Расія: уніфікацыя ці распад?

Міжнародныя дачыненьні

Расія: уніфікацыя ці распад?

28 лютага 2020 а 17:27

Зміцер Віцько

Адносна будучыні Расіі сёння можна сустрэць самыя палярныя меркаванні. Хтосьці ставіцца крайне скептычна да магчымасці яе дэзінтэграцыі, іншыя, наадварот, лічаць, што гэта адбудзецца ледзьве не заўтра (з адпаведнымі картамі падзелу).

У адным з апошніх артыкулаў яго аўтар, Максім Маханькоў, сцярджае, што моўная асіміляцыя народаў Расіі зайшла вельмі далёка і што гэтая дзяржава непазбежна ператвараецца ў монаэтнічную («рускую»), таму ніякага распаду чакаць не даводзіцца. У прыклад прыведзены тры народы. Аднак, па-першае, паказчыкі моўнай асіміляцыі трэба выкарыстоўваць асцярожна, бо размова ідзе ў значнай ступені пра дыяспару, рассеяную па розных рэгіёнах. Яна сапраўды хутка асімілюецца. У астатнім сітуацыя на Каўказе і ў шэрагу іншых рэгіёнаў не настолькі катастрафічная. Рэкардсмены тут чачэнцы ў Чачні, узровень валодання мовай сярод якіх набліжаецца да 100 %. У іншых каўказскіх рэспубліках сярод мясцовых народаў ён складае ад 70 да 96 %, ва ўсіх астатніх моцна адрозніваецца ад рэгіёна да рэгіёна – ад 10 % у Ненецкай аўтаномнай акрузе да 98 % у Туве.

Па-другое, ідэнтычнасць не зводзіцца да мовы. Не меншую, а то і большую ролю адыгрывае рэлігія, уплываюць расавыя адрозненні, нацыянальныя міфы, уклад жыцця. Уявіць сабе ператварэнне каўказскіх народаў у «рускіх» сёння немагчыма. Наадварот, калі не чапаць дыяспару, адбываецца павелічэнне долі тытульных народаў у большасці нацыянальных рэспублік і акругаў, прычым на Каўказе і ў Сібіры – вельмі значнае.

Монаэтнічная большасць сёння існуе ў васьмі рэспубліках: Чачні, Інгушэціі, Паўночнай Асеціі, Кабардзіна-Балкарыі (кабардзінцы – 57 %), Калмыкіі, Татарстане, Чувашыі і Туве. Акрамя таго, у Дагестане і Карачаева-Чаркесіі большасць утвараюць разам некалькі тытульных народаў. Разам з іншымі (нятытульнымі) народамі «няруская» большасць існуе таксама ў Марый Эл, Башкірыі і Якуціі.

У гэтым годзе, як чакаецца, у Якуціі перапіс засведчыць ужо абсалютную перавагу якутаў. Аднак у далейшым новых прынцыповых змен у расійскіх рэгіёнах на працягу бліжэйшых дзесяцігоддзяў не прадбачыцца.

Пасля падзення савецкай улады ў многіх расійскіх народаў узніклі ці адрадзіліся нацыянальныя рухі. Але далёка не кожны з іх меў сепаратысцкі ўхіл. Некаторыя нават тэарэтычна не маглі б стварыць дзяржаву – па прычыне іх малалікасці ці дысперснага пражывання. Тым не менш, у шэрагу народаў склаліся рухі, якія ставілі на мэце незалежнасць. Асобныя з іх існуюць дагэтуль, іншыя заняпалі ці сталі больш асцярожнымі і змякчылі рыторыку.

У 90-я гады такія рухі існавалі ў наступных рэспубліках:

1. Чачня – абвяшчэнне незалежнасці ў 1991 г.; дэ-факта незалежная да 2000 г.

2. Татарстан – курс кіраўніцтва на незалежнасць да 1994 г.; партыя «Згода» і інш.

3. Чувашыя – Партыя чувашскага нацыянальнага адраджэння.

4. Марый Эл – арганізацыя «Зямля продкаў».

5. Башкірыя – Башкірская народная партыя, Саюз башкірскай моладзі і інш.

6. Комі – Партыя самастойнасці комі, партыя «Абаронім сябе».

7. Дагестан – Партыя незалежнасці і адраджэння Дагестана.

8. Тува – Народны фронт «Свабодная Тува», Народная партыя суверэннай Тувы.

9. Бурація – Бурат-Мангольская народная партыя і інш.

10. Карэлія – арганізацыя «Карэльскі рух» і інш.

Калі казаць пра мірнае самавызначэнне, то яго прыхільнікі мусілі б спачатку выйграць выбары ў рэгіёне. Зразумела, у цяперашніх умовах такі сцэнар нерэалістычны.

Наколькі гэта магчыма пры змене рэжыму?

Тэарэтычна, шансы ёсць толькі ў тых рэгіёнах, дзе большасць маюць прадстаўнікі тытульных народаў. Другой умовай з’яўляецца наяўнасць незалежніцкіх традыцый. Сёння пад гэтыя ўмовы падпадаюць толькі чатыры рэгіёны: Чачня, Татарстан, Чувашыя і Тува. І сітуацыя, як было сказана, у бліжэйшай будучыні наўрад ці зменіцца. Характэрна, што менавіта ў іх прыхільнікі незалежнасці ў 90-я знаходзіліся ва ўладзе або ледзьве да яе не прыйшлі. Нядаўняя гісторыя Чачні і Татарстана добра вядомая. Менш вядома пра Чувашыю і Туву.

У 1991 г. узнік Народны фронт «Свабодная Тува», які ставіў на мэце аднаўленне незалежнасці, страчанай у 1944 г. Створаная на яго аснове Народная партыя суверэннай Тувы ў 1993 г. выйграла выбары па партыйных спісах, набраўшы 60 % галасоў. Потым гэтыя настроі пайшлі на спад, але, па сведчаннях, у рэспубліцы захоўваецца напружанасць у міжэтнічных адносінах.

У Чувашыі ў 1991 г. лідар мясцовых нацыяналістаў Атнер Хузангай фактычна перамог у другім туры прэзідэнцкіх выбараў, набраўшы 46,4 %. Але каб стаць прэзідэнтам, яму не хапіла 0,7 % – менавіта на столькі аказалася больш галасоў «супраць». Пасля гэтага на правядзенне выбараў на некалькі гадоў быў уведзены мараторый. У наступным нацыянальны рух тут маргіналізаваўся.

Падаецца, менавіта гэтыя чатыры рэспублікі захоўваюць найбольшы патэнцыял для аднаўлення такога кшталту настрояў. Хаця самым жывым на сёння выглядае башкірскі нацыянальны рух. У Башкірыі працягваюць актыўна дзейнічаць некалькі арганізацый, прычым здольных збіраць масавыя акцыі. Тым не менш, башкірам у перспектыве мала што свеціць, бо іх доля ў насельніцтве рэспублікі меншая за 30 %, і дасягнуць поспеху названыя арганізацыі маглі б толькі пры блакаванні з татарскімі, з якімі ў 90-я гг. у іх былі вялікія рознагалосіі (зрэшты, адна з татарскіх партый іх падтрымлівала). Акрамя пералічаных, ідэі незалежнасці выказвалі асобныя актывісты нацыянальных рухаў на Паўночным Каўказе, але за выключэннем Дагестана нідзе больш гэта не было афіцыйнай мэтай існаваўшых там у 90-я гг. партый і арганізацый. У Дагестане ж была спроба блакавання прыхільнікаў нацыянальных рухаў розных народаў, але потым усё патанула ў рознагалоссях і канфліктах за зямлю і на сёння наўрад ці выглядае магчымым.

Азначаныя «праблемныя» рэгіёны складаюць менш за 3 % тэрыторыі Расіі, жыве там каля 10 % насельніцтва. Магчымая іх страта, відавочна, не азначала б яе «распаду». Але, як паказвае нядаўняя гісторыя, нават адзін сур’ёзны канфлікт на гэтай глебе можа стварыць вялікія праблемы. Каб гэтага пазбегнуць, ужо сёння прадпрымаюцца спробы асіміляцыі іншых народаў (абмежаванні ў атрыманні адукацыі на іншых мовах, згортванне іх выкладання). Але ў дачыненні да большасці народаў, асабліва да «іншаверцаў», такая палітыка наўрад ці будзе паспяховай і, хутчэй, можа зрабіць толькі больш адчувальнымі нацыянальныя пытанні.

Вам можа спадабацца