Падводныя камяні рэферэндуму Віктара Бабарыкі

Палітыка

Падводныя камяні рэферэндуму Віктара Бабарыкі

У чым нельга адмовіць Віктару Бабарыку і яго камандзе, дык гэта ў здольнасці пралічваць дзеянні на некалькі крокаў наперад і прыцягваць людзей. Варта было няўрымсліваму экс-банкіру ў сваім запісаным напярэдадні арышту звароце агучыць ініцыятыву правесці рэферэндум па вяртанні першапачатковай рэдакцыі Канстытуцыі, як за першыя суткі праз яго сайт у адпаведную ініцыятыўную групу запісалася ажно 7508 чалавек. Па звестках на 26 чэрвеня, колькасць яе членаў узрасла да 14 тыс., то-бок у ініцыятыўную групу па рэферэндуме ўвайшло нашмат больш людзей, чым у ініцыятыўную групу па зборы подпісаў для вылучэння Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты.

Рэзананс гэтай ініцыятывы тлумачыцца даволі проста. Па-першае, Віктар Бабарыка, нягледзячы на арышт, стаўся фаварытам пратэстнага электарату. Тыя выбаршчыкі, якія гатовыя аказаць давер Бабарыку, як правіла аўтаматычна падтрымліваюць і гэтую яго ініцыятыву. Да таго ж, знаходжанне Бабарыкі за кратамі толькі надае яму палітычных дывідэндаў. Па-другое, ідэя добра адпавядае бягучай каньюнктуры. Пра новую Канстытуцыю ўжо працяглы час гавораць і ўлады, і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці (т.зв. Грамадская канстытуцыйная камісія на чале з Мечыславам Грыбам). Аднак дагэтуль ні першыя, ні другія так і не прадставілі не тое каб цэласны праект, але нават больш-менш уцямную канцэпцыю, як мае выглядаць новы Асноўны Закон. Да таго ж, усё ідзе да таго, што пасля прэзідэнцкіх выбараў адным з пытанняў нумар адзін на палітычным парадку дня будзе акурат новая Канстытуцыя.

Віктар Бабарыка абраў сам просты і эфектыўны шлях: заклікаў да вяртання да «залатых часоў» рэдакцыі Канстытуцыі 1994 года. У гэтай рэдакцыі, як і ў дзейнай Канстытуцыі, хапае юрыдычных калізіяў, але яна ўстанаўлівае пэўныя стрымкі і процівагі ад узурпацыі ўлады. Нагадаем хаця б, што згодна з ёй прэзідэнцкія паўнамоцтвы адной і той жа асобы абмежаваныя двума тэрмінамі.

Ініцыятыву Бабарыкі, праўда, некалькі азмрочылі некаторыя нюансы. Адзін з іх — яго пазіцыя па моўным пытанні. На сайце патэнцыйнага кандыдата можна прачытаць наступнае:

«Так как языковой вопрос очень важен, он может быть вынесен на обсуждение инициативной группы и отдельно учтен при формулировании вопроса референдума».

Гэта, безумоўна, не задаволіла тых, для каго адзіная дзяржаўная беларуская мова — справа прынцыпу. Апагеем у гэтым сэнсе стала пазіцыя Зянона Пазьняка, які назваў ужо арыштаванага экс-банкіра патэнцыйна больш небяспечным за Лукашэнку ворагам Беларусі, якога Масква хоча паставіць у стырна ўлады, каб давяршыць чорную справу знішчэння беларускай нацыі і дзяржавы.

Характэрна, што гэтае меркаванне Пазьняка высока ацаніў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Акрамя таго, ёсць думка, што прапанова аб правядзенні рэферэндуму фактычна легалізуе рэферэндумы 1995, 1996 і 2004 гадоў, якія прайшлі са шматлікімі парушэннямі, а таму іх вынікі павінны быць прызнаныя юрыдычна неабгрунтаванымі. Такой пазіцыі прытрымліваецца член Грамадскай Канстытуцыйнай камісіі, былы суддзя Канстытуцыйнага Суда Міхаіл Пастухоў.

Аднак, нягледзячы на гэтыя нюансы, гэтая ініцыятыва тэарэтычна магла стаць драйверам палітычнага жыцця, якое традыцыйна замірае пасля прэзідэнцкіх выбараў, а пры гіпатэтычнай перамозе — зыходным пунктам для трансфармацыі ўсяго дзяржаўнага ладу.

Натуральна, гэта цудоўна адчуў Аляксандр Лукашэнка, які падчас наведвання Салігоршчыны заявіў, што вяртанне да Канстытуцыі 1994 г. — крок назад. Адначасова ён даў зразумець, што пры ім гэтая ініцыятыва ніколі не будзе рэалізаваная. Што не дзіўна: наіўна было б меркаваць, што ўлада, з цяжкасцю выйграўшы выбары (а сёлетняя прэзідэнцкая кампанія літаральна з першых дзён пачала дастаўляць уладам непрыемныя сюрпрызы), дазволіць сваім апанентам на працягу як мінімум двух месяцаў (менавіта такі тэрмін вызначаны для збору подпісаў па пытанні рэферэндуму) легальна весці шырокамаштабную палітычную дзейнасць. Тым больш, што Аляксандр Лукашэнка паабяцаў праз два гады правесці рэферэндум па сваёй Канстытуцыі, г.зн., спраўдзіліся нашы прагнозы наконт таго, што новы Асноўны Закон будзе прыняты шляхам усенароднага галасавання.

Якія ж юрыдычныя магчымасці маюць улады, каб задушыць гэтую ініцыятыву?

Ініцыятыўную групу могуць не зарэгістраваць праз фармулёўку пытання альбо недастатковую колькасць сабраных подпісаў. Да таго ж, у Выбарчым кодэксе гаворыцца, што члены ініцыятыўнай групы павінны быць прадстаўленыя ў роўнай ступені ад кожнай вобласці і горада Мінска (артыкул 114). І тут паўстае пытанне: ці ў стане каманда Бабарыкі забяспечыць такі склад? Гэта значыць, што калі ў ініцыятыўнай групе будзе 14 тыс. чалавек, дык ад кожнага рэгіёна і сталіцы павінны быць не менш як па 2 тыс.

Калі ж такі баланс не будзе вытрыманы, у спадарыні Ярмошынай з’явіцца фармальная падстава на зарэгістраваць ініцыятыўную групу.

Але нават у выпадку рэгістрацыі ініцыятыўнай групы перад яе членамі будзе стаяць задача сабраць не проста 450 тыс. подпісаў, але забяспечыць, каб не менш 30 тыс. подпісаў было ад кожнай вобласці і г. Мінска. У гэтым сэнсе ўмовы збору подпісаў па вылучэнні кандыдата ў прэзідэнты больш спрыяльныя, бо падобнага патрабавання ў іх няма.

Той жа артыкул 114 Выбарчага кодэксу прадугледжвае, што пытанне, якое выносіцца на ўсенароднае галасаванне, павінна быць зацверджана на паседжанні ініцыятыўнай групы. І тут галоўная праблема не ў фармулёўцы. Наадварот, пытанне аб вяртанні Канстытуцыі рэдакцыі 1994 года можна сфармуляваць дакладна.

Праблема ў тым, што, паводле артыкула 114, сход ініцыятыўнай групы з’яўляецца правамоцным, калі ў ім прынялі ўдзел больш за палову складу.

І калі зноў улічыць, што гэты склад — 14 тыс.чалавек, то як чыста тэхнічна правесці паседжанне з удзелам 7 тыс. членаў?

І калі колькасць членаў ініцытыўнай групы панізіць (напрыклад, да 8-10 тыс. чалавек), то правесці паседжане з удзелам паловы членаў даволі складана. Пры гэтым памяншэнне колькасці членаў ініцыятыўнай групы адпаведна зніжае магчымасць сабраць патрэбную колькасць подпісаў.


 

Тое, што ў ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі па рэферэндуме запісалася такая велізарная колькасць людзей, трэба толькі вітаць. Гэта сведчыць пра папулярнасць экс-банкіра сярод пэўнай часткі грамадства і жаданне перамена. Аднак каб матэрыялізаваць гэтую ініцыятыву, камандзе Бабарыкі давядзецца аптымізаваць склад і размеркаванне членаў ініцыятыўнай групы па рэгіёнах і Мінску, а таксама правесці паседжанне ініцыятыўнай групы з удзелам не менш паловы яе членаў.

А гэта будзе нялёгка.

Вам можа спадабацца