Што значыць слова чалец? З жыцця моўных фантомаў

Рознае

Што значыць слова чалец? З жыцця моўных фантомаў

19 траўня 2020 а 17:29

Юры Пацюпа

Мой апошні артыкул «Дзве стратэгіі кадыфікацыі мовы», як і даўнейшы «Пра шкоднасць царкоўнаславянізмаў для нашай мовы» – мае праграмнае значэнне. Ён разлічаны на тое, каб на яго спасылацца, не паўтараючыся. Цяпер жа я прапаную спраўдзіць на практыцы дакляраванае пазнанне законаў беларускае мовы. Спраўджвацца мусяць найперш інавацыі, тое, што з’яўляецца ў маўленні, ці тое, што прапануецца да ўжывання, але яшчэ не ўвайшло ў сталы ўжытак. Зрэшты, пранявервацца могуць і старыя з’явы, калі яны вельмі адыёзныя. Вось адну інавацыю апошніх дзесяцігоддзяў – слова чале́ц – я і хачу разгледзець. Што гэта за дзіва? Што яно значыць? Адкуль узялося? Каб адказаць на гэтыя пытанні, пачнем здалёку.

Ад самага пачатку ўзнікнення сучаснай беларускай літаратурнай мовы было і застаецца болем галавы шуканне адпаведніка да царкоўнаславянізму члѣнъ. Як ведама, усходнеславянская версія гэтага слова – *челон, прараўнайма: плен палон, шлем шолам, хлад холад. На жаль, яна не захавалася. У слоўніку Насовіча ў якасці адпаведнікаў да рускага слова член падаваліся словы члонак і шлунак – відавочна, паланізмы, але – традыцыйныя, добра асвоеныя. Першае знаходзім яшчэ ў «Сіноніме славенароскай» (XVII ст.): Члонки члены; Члонокъ встидливый срамный удъ, детородный удъ; Члонокъ удъ, составъ, степень. А апошняе – у кітабах: …розум ня ест у чалавека душа, ані шлунак, ані сустаў ніякі ест. Калі ўлічыць, што гэта не адзіныя паланізмы ў нашай мове, што яны даўно запазычаныя і адаптаваныя, што паланізмы ў нас выконвалі ролю падобную да ролі царкоўнаславянізмаў у рускай мове, то мо’ і няблага? Аднак гісторыя пайшла іншым шляхам.

У 20-я гады XX ст. удзельнікаў партыяў і суполак называлі сябар, сябра, прыметнік, адпаведна – сяброўскі ‘членскі’ А ў якасці тэрмінаў анатоміі, граматыкі і арыфметыкі ў слоўніках тае пары бачым царкоўнаславянізм член. У руска-беларускім слоўніку Некрашэвіча-Байкова было нямала і вытворных ад яго тэрмінаў: двохчлен ‘біном’, сучлен, членападзельны. Але былі і спробы ўнікнуць гэтага кораню: расчленять разрозніваць, членовредительство наўмыснае калецтва, членистоногий суставаногі. Непаслядоўнасць сведчыць пра тое, што тэрмінатворцы спыніліся на раздарожжы. Тым часам Вацлаў Ластоўскі пайшоў «сваім шляхам». Вось артыкул з ягонага слоўніка:

ЧЛЕН м. часьць цэлага; чэляс, чэлясы; чалец, чальцы. Чэлясы цела; рукі, ногі, пальцы, галава. Чалец рады, таварыства, клюбу. Сымвол веры падзяляецца на 12 чэлясаў.

У слоўніку Ластоўскага і з’явілася ўпершыню слова чалец. «За гэтакія словы, як гэта, сп. В.Л. будуць доўга ўспамінаць благім словам», – вынес прысуд Ян Станкевіч, праўда, з іншай нагоды, але сюды той вырак пасуе як найлепш.

Падобна, што сучаснікі не паставіліся ўсур’ёз да версіі Ластоўскага. Потым жа насталі жахлівыя 30-я, было не да таго, бо за словы здымалі галовы. А неўзабаве лексікаграфія 20-х гадоў і зусім апынулася пад забаронай. І толькі ў канцы 80-х – пачатку 90-х гадоў пачаўся перагляд савецкіх нормаў, узніклі копіі, а неўзабаве і перавыданні, старых слоўнікаў, удзельнікаў суполак зноў сталі называць сябрамі. Помніцца, Сяргей Новік-Пяюн наказваў, што сябра – гэта член, а сябар друг. Часам суіснаванне савецкіх і «адраджэнскіх» слоў выглядала камічна, калі адзін быў сябрам Таварыства вольных літаратараў, а другі членам Саюза пісьменнікаў.

Менавіта пісьменнікі поўнай жменяй чэрпалі з слоўніка Ластоўскага, яны і пусцілі ў якасці анатамічнага тэрміна наватвор чэлес. А потым у друку стала з’яўляцца і другое стварэнне Ластоўскага – чалец. Спачатку мне здавалася, што гэта выпадковыя казусы, што людзі разумныя і зразумеюць, чалец у якасці члена – не слова, а скандал. Урэшце, калі ўдзельнік суполкі – гэта сябра, то навошта яшчэ і нейкі чалец! Але мае спадзевы былі марныя. Дык чаму ж чалец ні ў якім разе, ні пры якім надвор’і, ні пры якой умове не можа быць заменаю слова член ці сябра?

Ёсць наіўнае меркаванне, быццам словы можна выдумляць з паветра, як абракадабру, метадам гласалаліі, і што ні здумаеш – усё пойдзе ў ход. Гэта наіўная, непісьменная і небяспечная ілюзія. Тыпы гукаў – фанемы нездарма называюцца знакамі. Я не раз пісаў пра тое, што не толькі ў слоў, але і ў фанем ёсць свой сінтаксіс. І спалучаюцца яны не толькі паводле законаў эўфаніі. Дзве выпадковыя фанемы, а для нефілолагаў нават скажам так – два гукі, узятыя і ўстаўленыя ў ланцужок іншых гукаў могуць нешта значыць, а могуць і нічога не значыць. Калі на пачатку слова мы сустракаем спалучэнні [ад], [аб], [за], [пра] і да т. п., то наша інтуіцыя ў іх бачыць прыстаўку і спрабуе аддзяліць корань. Калі ж у канцы ланцужка гукаў мы бачым спалучэнне [ік] ці [ец], то наша інтуіцыя пачынае ўспрымаць гэта як суфікс. І нават калі суфікса там няма, а [ік] – частка кораня, то можа адбыцца г. зв. перараскладанне асновы. Так у рускай мове ў непадзельным запазычаным слове зонтик вылучыўся суфікс -ік, і з’явілася новае слова – зонт, а зонтик – стаў яго памяншальнай формай.

Спроба сягнуць адразу ад гуку да значэння, мінаючы галоўнае – граматыку – гэта вульгарызаванае бачанне мовы, з-пад увагі выпускаецца галоўнае – тое, што робіць мову моваю. Схематычна розніца выглядае так:

гук → значэнне

гук → граматыка → значэнне

У слове чалец, хочам мы таго ці не хочам, фіналь становіць сабой суфікс -ец. Гэта вельмі старажытная, яшчэ праславянская марфема. Не буду тут чапаць спалучэнні -ец з іншымі суфіксамі і прыстаўкамі, бо чалец з’яўляе самую простую і архаічную камбінацыю: корань плюс суфікс – R + -ец. Суфікс -ец у гэтай камбінацыі выконвае тры асноўныя функцыі: 1) называе носьбітаў дзеяннякасец; 2) носьбітаў прыметыглушэц і 3) выказвае памяншальна-любосную ацэну – блінец. Першая дзве функцыі – словаўтваральная, а другая – формаўтваральная. Першая група – аддзеяслоўныя ўтварэнні, яны заўсёды маюць канцавы націск, а другая і трэцяя – адыменныя, зрэдку могуць мець націск і на аснове. Дзякуючы таму, што функцыі адрозніваюцца матывацыяй, значэнні амаль ніколі не перасякаюцца.

1. Аддзеяслоўныя ўтварэнні найчасцей называюць а) суб’ектаў дзеяння: ганец, грабец, гулец, жнец, знавец, касец, кравец, купец, курэц, лавец, нырэц, пісец, плывец, скапец, стралец, сявец, шавец; гэты спіс можна дапоўніць прыкладамі і з слоўніка Ластоўскага: ваец, вазец, глумец, давец, мраец, мярлец, насец, рыцец, умец, яздзец; радзей абазначаюцца б) неадушаўлёныя носьбіты дзеяння, снасці і іншыя з’явы: біец, віец, разец, ставец, турэц, чапец, у якіх таксама ёсць адценне суб’ектнасці – схаваная персаніфікацыя.

2. Адпрыметнікавыя ўтварэнні нешматлікія, у беларускай мове носьбіты прыметы – гэта а) неадушаўлёныя з’явы, ці біялагічныя аб’екты: галец, глушэц, гнілец, дурэц, макрэц, сівец, сырэц, шчырэц, з націскам на аснове – чысцец, і толькі зрэдку б) характарыстыкі людзей: глушэц, дурэц, маладзец, навец, сівец, з націскам на аснове – малец, немец, паганец, старац. І якраз у характарыстыках людзей часцей за ўсё мы пазнаем царкоўнаславянізмы, якім у народнай беларускай мове адпавядаюць апрадмечаныя прыметнікі:

рус. глупец = бел. дурны;

рус. мудрец = бел. мудры;

рус. подлец = бел. подлы;

рус. скупец = бел. скупы;

рус. слепец = бел. сляпы;

рус. старец = бел. стары;

рус. хитрец = бел. хітры;

рус. храбрец = бел. адважны.

Увага. У некаторых беларускіх гаворках старац ужываецца ў значэнні ‘жабрак’. Гэтае значэнне трэба адрозніваць ад выточнага ‘стары чалавек’.

Запраўды, кожны з пададзеных у слупку назоўнікаў на -ец мы калі і ўжываем у беларускай мове, то з адчуваннем іх чужасці нашай мове. Не варта старацца перадаць іх па-беларуску назоўнікамі, тут дакладныя адпаведнікі – толькі прыметнікі. Так, да іх можна знайсці і назоўнікі, але якраз недакладныя, з тым ці іншым адхіленнем значэння ці з экспрэсіўным адценнем: дурань, мудрагель, сляпняк, смяляк, падлюга, хітруга. У рускай мове таксама ёсць хитрюга і подлюга, але гэта не тое, што хитрец і подлец.

Увага. Аддзеяслоўныя ўтварэнні тварэц, баец – таксама русізмы і царкоўнаславянізмы, але да іх ёсць дакладныя адпаведнікі-назоўнікі: творца, ваяр, вой.

3. Памяншальна-любосныя беспрыстаўкавыя формы на -ец утвараюцца на базе назоўнікаў, тут таксама пераважае канцавы націск: балванец, блінец, вятрэц, грабянец, збанец, краец, плянец, рукавец, хлявец, але ёсць націскі і на аснове: брацец, кранец. Суфікс -ец, будучы досыць архаічным, часткова адступіў сваю формаўтваральную функцыю іншым суфіксам – -ок, -ік (браток, брацік), а сам стаў яе сумяшчаць з словаўтваральнай, але пры гэтым захоўвае і памяншальнае значэнне. З яго дапамогай утвараюцца новыя словы з новымі значэннямі, метафарычна злучаныя з выходнымі: галубец – і блюда, і маленькі галуб, дубец – і прут, і дубок, рукавец – і рукаўцо, і манжэт (а яшчэ муфта), хлябец – і хлеб, і маленькі хлебны выраб, званец – і маленькі звон, і назва расліны. Гэтаксама былі ўтвораныя словы арлец, ваўчэц, вянец, гусец, каганец, пясец, рубец, сталец, хлапец, чарвец з націскам на канцы, і палец, каберац – з націскам на аснове. Паводле гэтай самай мадэлі назвы маладых жывёл: жарабец, шчунец, ягнец.

Увага. Асобна трэба вылучыць слова карэц ад кара – яно не мае памяншальнага адцення, бо тут род мяняецца з жаночага на мужчынскі. Ад кара памяншальна-любосная форма – карыца, корка.

Некаторыя словы на -ец утвораныя гэтак даўно, што страцілі матывацыю, прынамсі, для большасці носьбітаў мовы яна непразрыстая: айцец, жрэц, канец, капец, палец, самец. Аднак гэта не значыць, што іх фіналі не ўспрымаюцца як суфіксы ці, прынамсі, суфіксоіды. Наадварот, ёсць цэлы шэраг слоў замежнага паходжання, у якіх адбылося перараскладанне асновы і вылучыўся суфікс -ец (як і ў рускім зонтик -ик): глянец (ням. Glanz), ранец (ням. Ranzen, Ranz), танец (ням. Tanz), шанец (ст.-франц. cheance, chaance), тарэц (італ. torso), перац (грэц. πέπερι), лямец (няпэўнае паходжанне).

Фіналь -ец узнікала рэгулярна, там дзе было хоць аддаленае падабенства да -ец, а такое выпадкова не бывае. Калі гэта і не суфікс, як у слове месяц, то – суфіксоід. Пра адлучэнне фіналі ад кораню сведчаць паралелі:

вянец – вянок;

танец – танок;

палец – палюх;

месяц – месік (часцей усё ж месячык).

Цікава, што ўва ўсіх вышэй пададзеных словах на -ец амаль няма выпадкаў падвоенай матывацыі – і дзеясловам, і назоўнікам. Але тэарэтычна яна можа быць. І гэта будуць зусім розныя словы. Прыкладам, возьмем назву расліны-смецюха званец, яна ўспамінаецца ў вершы Янкі Купалы «З песень аб сваёй старонцы»:

Родзе шнур несамавіта,

Колькі б працы ўнёс, –

Ячмень з сажай, з званцом жыта,

З свірэпкай авёс.

І ў апавяданні Якуба Коласа «На чужым грунце»:

– Шу-шу-шу, – зашапялявіў званец (гэта смех яго такі), – змый наўперад пясок са свайго рыла, тады пазірай на сонейка.

Тут расліна званец, як і іншая расліна – званок, званочак, матывуецца, хутчэй за ўсё, назоўнікам: званец – маленькі звон, але не факт, што гэта так. У старажытнанаўгародскай мове было слова звоне́ц ‘званар’, матываванае дзеясловам, як і жнец, як і касец, як і пялец (ад палоць). Я паспрабаваў адшукаць у сучаснай беларускай мове словы з абедзвюма матывацыямі, і яны знайшліся.

Памяншальная форма ад назоўніка звон: Князь пазваніў у званец, і ў два мігі на парозе вырас халоп з рукамыем заморскае работы. Уладзімер Арлоў «Дзень, калі ўпала страла».

Выканаўца дзеяння ад дзеяслова званіць: Мы спрабуем высветліць – ці гэта бяскрыўдны камар-званец, ці гэта крывасмок culex pipiens. Вінцэсь Мудроў «Албанскае танга».

Такім парадкам, адмовіцца ад суфікса -ец у слове чалец не выпадае, калі той імкнецца вылучыцца нават у словах замежнага паходжання. Застаецца высветліць прыроду кораня. У беларускай мове ёсць дзве версіі падобнага кораня: чол і чал.

Першы кораньчол адсылае нас да назоўніка чола / чало ‘лоб’. Часам можна сустрэць меркаванне, нібыта чола – царкоўнаславянізм, гэта не зусім так. Слова чола яшчэ праславянскае, яно ніколі не знікала з нашай мовы, а таму не магло і запазычвацца. Аднак здаўна адпаведны анатамічны панятак у беларускай мове перадаецца словам лоб, а чола / чало найчасцей тарнуецца ў пераносным значэнні. У слоўніку Любові Шаталавай «Беларускае дыялектнае слова» (1975) падаюцца аж чатыры аманімічныя значэнні слова чало: ‘буйное зерне’, ‘кужаль’, галоўны чалавек у бяседзе’ і ‘чалеснікі’. Большасць значэнняў чола / чало сягаюць яго асноўнага і першаснага значэння – ‘лоб, фасад’. Ад гэтага слова ў беларускай мове існуе шэраг вытворных: прычолак, ачольнік, чалавы, чольны, чольца, а таксама дзеясловы ачаляць і чоліць. Першы з іх – ачаляць – шырока вядомы, другі – чоліць, досыць рэдкі, аднак у літаратуры можна і яго сустрэць: Дазвольце мне, багацтва дайце, праваслаўя чоліць на маёй зямлі. Янка Юхнавец «Урачыстасьць у садзе». Вось ад назоўніка чало і дзеяслова чоліць і магло б узнікнуць слова чалец.

Другі кораньчал адсылае нас да прыметніка, які абазначае масць каня – чалы, што паводле Байкова і Некрашэвіча значыць ‘буры’, а паводле Ластоўскага – гэта рускае слова, якому адпавядае беларуская масць – палавы ‘светла-жоўты, колеру саломы’. Насамрэч чалы вызначаецца не колерам, а наяўнасцю белых шарсцінак, «сівізны», у асноўным колеры. Зрэшты, для нас гэта неістотна. Ёсць яшчэ з коранем чал назоўнік чал ‘канат’ і дзеяслоў чаліць (чалить) ‘прышвартоўваць’, запазычаны з рускай мовы. Ад назоўніка чал і дзеяслова чаліць таксама мог узнікнуць чалец.

Увага. Прыметнік чалы і дзеяслоў чаліць этымалагічна не звязаныя, іх карані аманімічныя.

Гэта бадай што ўсе імаверныя версіі. Паспрабуем з іх дэдукаваць значэнні слова чалец. Варта мець на ўвазе, дэдукаваныя значэнні – катэгарыяльныя, яны не могуць улічваць прыватных момантаў: класаў жывых істот, метафарычных значэнняў і г. д.

Версія I (*чалец ад назоўніка чола / чало ‘лоб, фасад’) – суб’ект ці аб’ект, які вылучаецца «лабатасцю» – «лабаты», «лабацік».

Версія II (*чалец ад дзеяслова чоліць ‘верхаводзіць’) – суб’ект дзеяння, які ўзначальвае – «ачольнік».

Версія III (*чалец ад прыметніка ча́лы) – назва каня чалай масці, а таксама іншых істот і з’яў з падобнай афарбоўкаю, накшталт сінец, бялец.

Версія IV (*чалец ад назоўніка чал ‘канат’) – памяншальна-любосная форма – «канацік».

Версія V (*чалец ад дзеяслова ча́ліць ‘швартаваць’) – суб’ект дзеяння, які прышвартоўвае вадаплавы.

Увага. Слова чалец не можа быць памяншальна-любоснаю формаю назоўніка чола / чало, бо мяняецца род – з ніякага на мужчынскі, як і ў слове карэц. Ад чола памяншальная форма – чолца (чольца), а ад чало чалцо (чальцо).

Як бачым, з каранёў чол ці чал і суфікса -ец можна вывесці пяць версіяў аманімічных слоў, але ніводная не набліжае нас да заяўленага Ластоўскім значэння. Інакш кажучы,

чалец – чым бы ён ні быў – гэта НЕ член.

Яшчэ ў 1999 годзе ў артыкуле «Беларуская мова ў часе» я прапанаваў ужываць слова чалец у значэнні ‘начальнік, гетман’ – «той, хто “на чале, ачольвае”» (рус. главнокомандующий): Вы галоўнакамандуючы арміяй [=галава, чалец войска]. Свабода, 98.10.16. Прапанаванае значэнне адсылае да другой дэдукаванай версіі – ад дзеяслова чоліць. На жаль, да той маёй сціплай прапановы ніхто не прыслухаўся, а пераспрэчыць слоўнік, нават калі той дае сумнеўную параду – няпроста.

Цяпер звернемся да фактаў, якіх небагата. Перагледзеўшы ўсе даступныя мне беларускія дыялектныя слоўнікі, я не знайшоў у іх ніводнага выпадку слова чалец. Затое знайшоў яго ў слоўніку Даля з пазнакаю «астраханскае»: «Чельцы, астрах. жердяные поплавки». Як бачым, значэнне ‘паплавок’ адпавядае першай дэдукаванай версіі – ад назоўніка чело. Ластоўскі, як ведама, актыўна карыстаўся Далем, і калі ён не наўмысна перакруціў астраханскі рыбацкі тэрмін, то мог падсведама чэрпаць з Даля ў момант творчага інсайту.

Апрача таго, у рускай мове ёсць прозвішча Челец, Чельцов, якое матывуецца мянушкаю Челец, папулярнае тлумачэнне такое: «Яно вядзе свой пачатак ад царкоўнаславянскага слова чело, г. зн. ‘лоб’. Мажліва, што Чельцом даўней называлі не толькі лабатага, але і буйнога, моцнага мужчыну. Часам такую мянушку давалі чалавеку кемліваму, здагадліваму». «Можна даўняць, што мянушка Челец можа адносіцца і да гэтак званых “прафесійных” найменняў, якія паказваюць на дзейнасць заснавальніка прозвішча: ён мог быць галавою горада, піваварам, шапавалам ці мулярам». Цікава, што канцэнтрацыя прозвішча Челец назіраецца ў г. Уладзівасток.

Адным словам, з чым змагаліся, на тым і папаліся!

Дык ці варта было так уцякаць ад рускай мовы, каб з рускай жа мовы і чэрпаць? І то чэрпаць, бяздумна, без жаднага моўнага пачуцця, збурыўшы ўсе законы беларускай мовы, напляваўшы на элементарны здаровы розум, не думаючы пра вынікі! Няўжо такое страшнае тое слова член, каб пазбывацца яго такою дарагою цаною: патаптаннем усіх моўных кодаў? А як жа ў іншых славянскіх мовах стаіць справа з гэтым словам?

Агляд славянскіх моў паказвае, што гэты праславянскі корань захаваўся па ўсім славянскім абшары, толькі з невялікімі адрозненнямі. Паводле таго, як мяняюцца адпаведнікі слова члѣнъ, славянскія мовы можна падзяліць на тры групы (гл. ніжэй у табліцы): на ўсходзе і паўднёвым усходзе – з галосным [е], на поўдні – з галосным [а] і на захадзе – з галосным [о].

балгарская, македонская, руская, славацкая, украінская, чэшская

сербская, славенская, харвацкая

польская

член / člen

члан / član

człon (członek)

Калі гэтае слова ёсць ува ўсіх славянскіх мовах, то чаму яно такое страшнае для беларускай? Пэўная рацыя ў такім непрыняцці ёсць. Рэч у тым, што ўва ўсіх славянскіх мовах, апрача беларускай, украінскай і рускай няма поўнагалосся оро / оло, таму člen, ці član, ці człon – абсалютна прымальная версія. Рускую мову можна далучыць да гэтага самага «клубу», бо ў ёй царкоўнаславянізмы – важны канструкцыйны элемент. Нават для ўкраінскай мовы можна знайсці апраўданне. Паводле гісторыка мовы Барыса Успенскага ўкраінская версія кніжнай мовы Вялікага Княства Літоўскага была больш славянізаваная, а беларуская – больш паланізаваная. Зрэшты, у наш час ці не наадварот.

Аднак, хоць у славянскіх мовах, гэтае слова і трывае, яно часта дзеліць сваю семантычную дзялянку з іншымі: у чэшскай – úd і končetina; у сербскай – уд; у польскай – uczestnik, poseł, kończyna. Што да дзеясловаў, то амаль ува ўсіх славянскіх мовах да рускіх членить і расчленять ёсць нямала адпаведнікаў з іншымі каранямі: польская – podzielić, rozczłonkować, kawałkować; чэшская – rozdělit, rozkouskovat, rozebrat; славенская – razdeliti, razdvojiti; харвацкая – podijeliti, raskomadati, raščlaniti; македонская – да се подели, раздели, а ў украінскай мове – два варыянты дзеяслова з коранем член: членувати, розчленувати і розчленити. Таму нічога дзіўнага, што і ў беларускай мове могуць быць розныя версіі для розных патрэб, для анатоміі – адно, сацыялогіі – другое, а для лінгвістыкі і матэматыкі трэцяе. Галоўнае, каб гэтыя версіі не парушалі законаў мовы, як той чалец у неадпаведным яму значэнні.

Ні Ян Станкевіч, ні Станіслаў Станкевіч не спакусіліся так лёгка, як нашы сучаснікі, версіяй чалец, бо разумелі, што гэта «ў беларускай мове ё чыстым скандалам». У слоўніку першага з іх у значэнні ўдзельніка суполак падаецца сябра, тое самае прапаноўваў і апошні ў брашуры «Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР…»:

член – член: У канцы вайны БССР прыняла ўдзел у стварэнні Арганізацыі Аб’еднаных Нацый і з 1945 г. з’яўляецца адным з яе членаў (ГБССР, 432). Паблр. сябра.

Дарэчы, слова сябар / сябра ад самага пачатку якраз і ўжывалася ў значэнні блізкім да расейскага общинник, артельщик, таму нічога незвычайнага няма ў яго выкарыстанні ў значэнні ‘ўдзельнік’. У Статуце ВКЛ, як ведама, было і сябраное права. Першае ж ужыванне сябар, у значэнні ‘селянін-супольнік’ фіксуецца яшчэ ў Клімента Смаляціча (XII ст.):

Да скажу ти сущих славы хотящих, иже прилагают домъ к дому, и села к селомъ, изгои же и сябры, и бърти, и пожни, ляда же, и старины, от них же окааный Климъ зело свободен. Нъ за домы, и села, и борти, и пожни, сябръ же и изгои – землю 4 лакти, идеже гроб копати, ему же гробу самовидци мнози.

А каб замяніць лінгвістычны тэрмін член – Ян Станкевіч доўга шукаў беларускі адпаведнік, пакуль не спыніўся на шырока вядомым слове столка: У старой мове беларускай злуча «а» прыраўнальна часта ўжывалі ў значанню злуча «і» дзеля задзіночання асобных столак («членаў») проказі [сказу, – Ю. П.] унутры простых проказяў. (Я некалі спрабаваў ужываць дзельнік, але дарма, бо гэтае слова даўно тарнуецца ў арыфметыцы з іншым значэннем.)

Досвед славянскіх моў паказвае, што нават калі ёсць слова член, то гэта не значыць, што ад яго трэба абавязкова ўтвараць дзеяслоў. У беларускай мове даволі дзеясловаў з іншымі каранямі.

У абстрактным значэнні ідэальна падышоў бы дзеяслоў распадзяляць / распадзяліць і назоўнік распадзел – ужываўся Ластоўскім у артыкуле «Градация»: …распадзел чаго на градусы, на ступені; дзеяслоў – у грэцка-беларускім слоўніку Яна Пятроўскага. Ён жа час ад часу фіксуецца і ў сучаснай мове: Ён распадзяляе свой тэкст на некалькі абзацаў. Ян Максімюк «Словы ў голым полі».

Для анатамічных патрэбаў у тым жа слоўніку Ластоўскага ў артыкулах «Вскрытие» і «Пластать» ёсць цікавы, амаль нікім не заўважаны, дзеяслоў палтаць / распалтаць, утвораны ад слова полць ‘паласа сала, аполец’: Я ўжо чатырох кабаноў распалтаў.

Часам карысна зазірнуць і ў слоўнікі суседзяў, каб убачыць там сваё. Тое ж чэшскае слова rozebrat, напомніла мне, што ў беларускіх вёсках, закалоўшы свіней, потым – разбіраюць: Калі кабана разабралі, расклалі ў тазы, у ночвы, тады прыехала Ніна, малодшая Сцяпанава сястра. Віктар Карамазаў «Дзяльба кабанчыка»; А Нупрэй спаслаўся, што разабраць парсюка ў яго няма часу. Васіль Ткачоў «Вятрак – птушка вольная».

Узнікае пытанне, што ж нам цяпер рабіць, ведаючы ўсё гэта? Пытанне з словам член застаецца адкрытым. І не я яго адкрыў, а моўная практыка. Што б я тут ні напісаў, канчатковыя высновы рабіць не мне, іх зробіць гісторыя, а я магу толькі акрэсліць тое, што падаецца рацыянальным.

Першае: што да слова чалец, то лепш паўстрымацца і зусім яго не ўжываць, хаця б пэўны час, а далей прапаную ўжываць чалец у значэнні ‘начальнік’ ад дзеяслова чоліць.

Другое: калі патрэбен адпаведнік да царкоўнаславянскага слова члѣнъ, то ў кожным разе, лепш а) пакінуць царкоўнаславянізм член, б) вярнуць паланізм члонак / шлунак, в) рэканструяваць усходнеславянскае чалон ці нават чолан (паводле аналогіі з шолам ‘хэлм’) – кожная з трох версіяў лепшая за мутнае слоўца чалец.

Трэцяе: у сацыяльнай сферы добра ўсталявалася слова сябра, яго і варта пільнавацца далей. Можна прыгледзецца да іншых адпаведнікаў слова член у розных значэннях – столка і да т. п.

Чацвертае: не будзе ніякага парушэння нормы, калі ў літаратурнай мове мы перастанем ужываць словы чляніць, расчляняць, на карысць разбіраць, дзяліць, раздзяляць, падзяляць, нікому не зашкодзіць і празрысты, трапны, ці не найлепшы ў гэтым плане, адпаведнік – распадзяляць. Да распалтаць таксама варта прыгледзецца і прымерацца, асабліва ў анатоміі.

Калі мне трапляе на вочы чалец, то часам думаю: ну што яно – мёдам намазанае?! Навошта дарослым людзям, ну рыхтык як тым дзецям, хапацца за ўсё, што «не так, як па-расейску»? А напавер выйшла акурат «па-расейску». Ці задумваемся мы, якія чыннікі робяць слова беларускім? Сам факт адрознення ад суседзяў? Аўтарства «этнічна чыстых беларусаў»? Не! Глупства, пане-дабрадзею! Кожны, у каго ёсць галава на плячах, разумее, што не ў гэтым «беларускасць» слова, а ў тым, каб яно адпавядала тыповым рысам іншых беларускіх слоў – арганічна вырастала з беларускіх каранёў, не парушала законаў беларускай граматыкі, ні ў фармальным, ні ў змястоўным плане. А іначай… а іначай аўчынка вырабу не вартая.

Кожнае такое няўцямнае слова, значэнне якога не ў згодзе з значэннем каранёў і суфіксаў, зняцэньвае гэтыя суфіксы, робіць пустымі гукавымі наклейкамі, а граматыку – пустым гукам. У логіцы ёсць такое правіла, калі дапускаецца адзін абсурд, то дапускаецца ўсякі іншы абсурд. Калі конь пасецца на лапаце, то і на вярбе могуць расці дулі. Калі мы змагаемся з барбарызмамі, маўляў, гэты суфікс не беларускі, а гэты ў беларускай мове ўжываецца ў іншым значэнні, а потым, у адзін цудоўны момант бярэм і плюем і на суфіксы і на іх значэнне, то і ўсё наша папярэдняе змаганне страчвае значэнне. Хто нам паверыць, калі ў нас падвоеная бухгалтэрыя!

P. S. Тут мяне могуць запытацца, а чаму я нічога не напісаў пра слова чэлес? А проста прамаўчаў. Не магу ж я няньчыцца з кожным словам. Людзі маюць розум, мо’ неяк разбяруцца. Sapienti sat!

Вам можа спадабацца