Свабода, роўнасць, педафілія! або Хто нясе адказнасць за легітымізацыю сэксуальных злачынстваў

Грамадзтва

Свабода, роўнасць, педафілія! або Хто нясе адказнасць за легітымізацыю сэксуальных злачынстваў

15 красавіка 2020 а 15:40

Пётра Рудкоўскі

Кардынал Пэл і іншыя ахвяры медыйнага прэсінгу

«Кардынал Джордж Пэл, якога абвінавачвалі ў дзеяннях распуснага характару ў дачыненні непаўналетніх, апраўданы». У англамоўных краінах  гэтая навіна на некалькі дзён нават зацьміла тэму Covid19, пасля таго, як 7 красавіка Вярхоўны суд Аўстраліі галасамі 7:0 пастанавіў, што абвінавачанні супраць каталіцкага іерарха беспадстаўныя.

Да апраўдальнага вердыкту 78-гадоваму кардыналу давялося 13 месяцаў правесці ў турме.

Кардынал Джордж Пэл.

Апошнія 3 месяцы ён сядзеў у турме для асабліва небяспечных злачынцаў: серыйных забойцаў, тэрарыстаў, мафіёзных босаў.

На якой падставе кардынал Пэл быў асуджаны і правёў у зняволенні 404 дні?

Спакойны, аргументаваны і пакрокавы аналіз абвінавачання можна пачытаць  тут (на англійскай мове).

Калі коратка: у 1996 годзе Джордж Пэл, які на той час быў арцыбіскупам Мельбурнскай архідыяцэзіі, нібыта “ажыццяўляў сэксуальныя дзеяннні распуснага характару” ў дачыненні двух 13-гадовых хлопцаў.

Хоць тое, што справа Пэла шыта белымі ніткамі, было адпачатна зразумела многім, Ватыкан і Канферэнцыя каталіцкага епіскапату Аўстраліі не каментавалі працэсу, каб ніякім чынам не ўплываць на яго ход.

У гэтым выпадку складана растлумачыць факт зняволення нявіннага чалавека на такі доўгі тэрмін іначай, чым эфектам медыйнага прэсінгу.

Леваліберальныя СМІ спачатку стварылі Пэлу імідж цвердалобага кансерватара (хоць гэта вялікая нацяжка), а пазней – збачэнца-педафіла (што папросту хлусня).

Кардынал Пэл – далёка не першая ахвяра медыйнай атакі на каталіцкі клер.

У траўні 2011 тэлебачанне Ірландыі (Raidió Teilifís Éireann, RTÉ) выпусціла фільм «Місіянер-гвалтаўнік» (Mission to Prey). У ім сцвярджалася, што ірландскі святар Кевін Рэйнальдс падчас свайго побыту ў Кеніі згвалціў мясцовую дзяўчыну-падлетка па імені Венеранда. Тая зацяжарыла і нарадзіла дачку.

Венеранда Мудзі.

У перадачы выступіла таксама сама Венеранда і яе дачка.

Але ў гэтай гісторыі была адна важная дэталь. Яшчэ да выпуску перадачы Рэйнальдс заявіў журналістам RTÉ, што гатоў прайсці тэст на ДНК, каб абвергнуць паклёп. Гэтая прапанова была адкінута і перадача выйшла. Пасля яе выхаду Рэйнальдс быў адхілены касцёльнымі ўладамі ад святарскіх функцыяў і пазбаўлены жытла.

Кевін Рэйнальдс.

Тэст на ДНК усё ж быў зроблены. Дзве асобныя і незалежныя экспертызы паказалі, што Рэйнальдс не з'яўляецца бацькам дзіцяці. RTÉ публічна выбачылася перад ксяндзом.

На той час назбіраўся багаты фактаграфічны матэрыял з выпадкамі беспадстаўнага абвінавачання святароў у сэксуальнай распусце ў дачыненні непаўналетніх, і ў лістападзе 2011 годзе выйшла кніга пад назвай «Ксяндзы – ахвяры паклёпу: факты, фабрыкацыі, аповеды».

Рост паклёпніцкіх абвінавачанняў і стварэнне асацыяцыі «касцёл-педафілія» – гэта трывожны сігнал. Увязванне педафіліі з Каталіцкай царквой замінае пабачыць рэальны маштаб праблемы, а таксама выявіць яе вытокі.

Дзеці становяцца ахвярамі сэксуальнага гвалту ў самых розных абшарах і ўстановах. Каталіцкая царква з'яўляецца адным з такіх абшараў. І да той пары, пакуль гэта праблема хоць у мінімальнай ступені прысутнічае ўнутры гэтай інстытуцыі, неабходны рашучыя крокі па яе выкараненню.

Але няпраўда, што Каталіцкая царква з'яўляецца галоўным абшарам гэтай праблемы.

Няпраўда, што працэнт злачынстваў на сэксуальнай глебе ў каталіцкіх структурах большы, чым у іншых асобна ўзятых свецкіх структурах, якія маюць дачыненне з дзецьмі (Галівуд, BBC, міратворчыя місіі ААН і г.д.).

У далейшай частцы я засяроджуся на вытоках педафіліі – педафілізму, грамадска-культурнай плыні, якая легітымізуе сэксуальныя дзеянні датычна непаўналетніх. 

Першы выток педафілізму: тэарэтыкі сэксуальнай рэвалюцыі

Сэксуальная рэвалюцыя, што выбухнула ў 1960-ыя гады, стала магчымай перадусім дзякуючы тэорыям, якія апраўдвалі і стымулявалі «разбурэнне сэксуальных табу». Асноўнымі аўтарытэтамі для гэтага руху былі Вільгельм Райх і Альфрэд Кінсі.

Выява Кінсі на вокладцы часопіса "Time".

«Цяжка пераацаніць уплыў Вільгельма Райха на сэксуальную этыку, на інтэлектуалаў і – апасродкавана – усеагульную культуру» – піша Джэфры Эскаф'е ў кнізе Сэксуальная рэвалюцыя.

Райх выказваў меркаванне, што сэксуальнае вызваленне павінна ісці разам з сацыяльным.

У 1950 годзе ў ЗША ён заснаваў «Даследчы цэнтр дзіцячай арганомікі” (Orgonomic Infant Research Center). Ёсць сведчанні, што пад маркай даследаванняў дзеці там сістэматычна станавіліся ахвярамі сэксуальнага гвалту[1].

Альфрэд Кінсі – гэта яшчэ адна ікона сэксуальнай рэвалюцыі.

У 1948 годзе выйшла яго кніга «Сэксуальныя паводзіны самца чалавека ». На старонках 175-180 можна знайсці такія назіранні:

«Узрост: 5 месяцаў. Колькасць аргазмаў: 3. Час стымуляцыі: ?»

«Узрост: 11 месяцаў. Колькасць аргазмаў: 10. Час стымуляцыі: 1 гадзіна».

Якім чынам Кінсі даведваўся, што немаўляты спазнаюць аргазм? Кінсі адказваў: дзеці плакалі, а плач ды слёзы – гэта, маўляў, індыкатар аргазму. Дзеля справядівасці адзначым, што выкарыстоўваліся і іншыя «паказнікі» аргазму, напр. стогны.

Навуковая вартасць такіх дадзеных сумнеўная. Ёсць меркаванне, што за ўвесь час сваёй (псеўда)навуковай дзейнасці ахвярамі эксперыментаў Кінсі і яго каманды сталі сотні дзяцей[2].

У 1980 годзе ў ЗША выйшла кніга Тома О'Кэрала «Педафілія: радыкальны выпадак», у якой аўтар выступіў за прызнанне нармальнымі сэксуальных зносін дарослых з дзецьмі і падзяліўся ўласным досведам такіх стасункаў.

Другі выток педафілізму: эмансіпацыйная адукацыя

«Акадэмічныя» даследаванні Вільгельма Райха і Альфрэда Кінсі даволі хутка займелі працяг у фільмаграфіі і папулярнай літаратуры.

З 1971 года ў Нямеччыне пачаў выходзіць кінасерыял пад назвай «Рапарт аб школьніцах – аб чым дарослыя нават не падазраюць». Гэта быў лёгкапарнаграфічны фільм, які паказваў паўсюднасць і непазбежнасць сэксуальных прыгодаў сярод падлеткаў ва ўзросце ад 14 гадоў, не толькі паміж равеснікамі, але таксама з дарослымі.

Сумным помнікам эмансіпацыйнай адукацыі з'яўляецца Адэнвальдская школа, што знаходзіцца ў федэральнай зямлі Гесэн у Нямеччыне.

Як пазней аказалася, з 1966 да 1991 года ў школе квітнела педафілія. Як мінімум восем настаўнікаў, на чале з шматгадовым дырэктарам школы Геральдам Бекерам сістэматычна ангажаваліся ў сэксуальныя зносіны з вучнямі. 132 дзяцей і падлеткаў сталі ахвярамі педафіліі. Чатыры з іх скончылі жыццё самагубствам. СМІ шмат гадоў маўчалі пра злачынствы, і толькі ў 1999 годзе газета «Frankfurter Rundschau» перарвала маўчанне.

Трэці выток педафілізму: новыя левыя

У 60-ыя гады пачалася ідэалагічная пераарыентацыя шэрагу левых рухаў: фокус з працоўнага класу пераносіцца на жанчын, сэксуальныя меншасці, імігрантаў, былыя калоніі і г.д.

У 1977 годзе група французскіх інтэлектуалаў накіроўвае ў парламент петыцыю з заклікам легалізаваць сэксуальныя зносіны паміж дарослымі і непаўналетнімі, калі тыя адбываюцца па ўзаемнай згодзе. Сярод падпісантаў – Мішэль Фуко, Жан-Поль Сартр, Жак Дэрыда, Луі Альтусэр, Раланд Барт, Сімоне дэ Бавуар, Жыль Дэлёз, Фелікс Гватары, Жан-Франсуа Лётар, г.зн. персоны, якія да сённяшняга дня лічыцца інтэлектуальнымі аўтарытэтамі.

Нешта падобнае адбывалася і ў іншых краінах. У чэрвені 1979 года Нідэрландская асацыяцыя за сэксуальную рэформу, Нідэрландская асацыяцыя за інтэграцыю гомасэксуалаў, Сацыялістычная партыя за мір ды шэраг іншых арганізацый накіроўваюць петыцыю ў парламент і Міністэрства юстыцыі з заклікам легалізаваць сэкс паміж непаўналетнімі і дарослымі.

У 1979 годзе левая газета «Liberation» публікуе зварот 63 інтэлектуалаў, палітыкаў і дзеячаў культуры ў падтрымку Жэрара Р., які абвінавачваўся ў сэксуальных зносінах з дзяўчынкамі ва ўзросце ад 6 да 12.

Чацвёрты выток педафілізму: гомасэксуальныя рухі

Адразу скажам, што эмпірычныя даследаванні не пацвярджаюць існавання сузалежнасці паміж гомасэксуальнасцю і педафіліяй. Але ідэалагічна-палітычны альянс паміж педафільскімі і гомасэксуальнымі рухамі – адбыты факт.

Выхад згаданай вышэй кнігі О'Кэрала «Педафілія: радыкальны выпадак» тагачасныя гомасэксуальныя медыя-асяродкі ўспрынялі пазітыўна. У прыватнасці, брытанская газета «Gay News», амерыканскія часопісы «The Advocate ды Christopher Street», а таксама згаданы вышэй «The Journal of Homosexuality» апублікавалі ўхвальныя рэцэнзіі.

Ці разлічыліся эмансіпацыйныя рухі са сваім мінулым?

Для актывістаў пасляваенных эмансіпацыйных рухаў педафілы сталі яшчэ адной групай прыгнечаных, за чые правы трэба змагацца.

Сённяшнія сімпатыкі гэтай плыні па-рознаму рэагуюць на гэты факт. Найчасцейшыя стратэгіі такія:

а) эмацыйная контратакаАх, чарговая порцыя гамафобнай лухты!»);

б) перавод тэмы на ўяўнага апанентаЗайміцеся лепш злачынствамі святароў / правых рухаў / медыкаў ...!»);

в) аргумент «не ўсе»Не ўсе левыя, не ўсе гомасэксуалы падтрымлівалі педафілаў»);

г) аргумент «больш ужо не» («Эмансіпацыйныя рухі рассталіся з педафіламі і больш ужо іх не падтрымліваюць»;

д) аргумент «такія былі часы» («У сямідзясятыя і васьмідзясятыя быў іншы культурны клімат, педафілія не ўспрымалася так негатыўна, як зараз»).

Апошнія тры стратэгіі, у адрозненне ад першых дзвюх, могуць быць легітымнымі ў рамках рацыянальнай дыскусіі. Праблема, аднак, у тым, што, як на дадзены момант, ёсць сур'ёзныя сумневы наконт (г). Гэтыя рухі надалей функцыянуюць у той самай парадыгме, у якой у свой час развіваўся педафільскі дыскурс і фармавалася культура салідарнасці паміж педафіламі і іншымі сэксуальнымі меншасцямі.

Нават калі прыняць аргумент «больш ужо не» за добрую манету, то застаецца праблема тэарэтычнай глебы. Педафільскі дыскурс культываваўся ў парадыгме прыгнятальніка-прыгнечанага, згодна з якой прыгнятальнік канструюе і навязвае такую рэчаіснасць, дзе прыгнечаны вымушаны існаваць як маргінал або злачынца. «Пакуты дзяцей», «няздольнасць непаўналетніх ацаніць наступствы сэксуальных зносін з дарослымі», «сэксуальнае рабства» – усё гэта, маўляў, сацыяльныя канструкты, створаныя прыгнятальнікамі дзеля апраўдання сваёй «педафобіі».

Тое, што сённяшнія эмансіпацыйныя рухі – прынамсі дэкларатыўна – не надаюць педафілам статус «прыгнечаных», не дужа абнадзейвае. Да той пары, пакуль ідэя аб'ектыўнай праўды падменена піетэтам «праўды прыгнечаных», дзверы для педафілаў застаюцца шырока адкрытымі.

Сярод каталіцкіх святароў, а нават біскупаў былі (і, магчыма, надалей ёсць) сэксуальныя злачынцы. За гэтыя злачынствы мусіць быць справядлівае пакаранне.

Але Каталіцкая царква ніколі не прасоўвала і не апраўдвала педафілію. Эмансіпацыйныя ідэолагі – так, прасоўвалі і апраўдвалі. Кожны артыкул у падтрымку педафіліі, кожны подпіс пад петыцыяй, кожнае «акадэмічнае» даследаванне, скіраванае на нармалізацыю педафіліі, быў магутным сігналам для злачынцаў.

Пара выявіць карані праблемы. А паказныя працэсы супраць абраных па ідэалагічных крытэрах «казлоў адпушчэння» – гэта блізкарукая і неадказная палітыка.

 

[1]    Turner, Christopher (2011). Adventures in the Orgasmatron, Farrar, Straus and Giroux. С. 314–319.

[2]    Падрабязней можна пра гэта даведацца з кнігі Judith A. Reisman. (2003). Kinsey: Crimes & Consequences. The Institute for Media Education Inc. І з фільма «Кінзі і яго педафілы», даступнага на YouTube.

.

Сачыце за дзейнасцю выдавецтва і газэты ARCHE ў TELEGRAM
ДАЛУЧАЙЦЕСЯ!


Больш беларускіх навінаў на нашым канале на ЯНДЭКС ДЗЭН
ПАДПІСВАЙЦЕСЯ!

Вам можа спадабацца