Усе на каранціне, а мы на футболе. Чым Беларусь здзіўляе цэлы свет

Грамадзтва

Усе на каранціне, а мы на футболе. Чым Беларусь здзіўляе цэлы свет

25 сакавіка 2020 а 10:26

Васіль Герасімчык

21 сакавіка на сайце The New York Times з’явіўся артыкул пра Астравецкую АЭС, аздоблены фотаздымкамі беларускага фатографа Сяргея Гудзіліна.

Аўтары матэрыяла –  Іван Нечэпурэнка і Эндру Хігінс – распавядаюць пра поспехі Расіі на чале з Пуціным у прасоўванні ядзерных тэхналогій, якія з’яўляюцца

“магутным геапалітычным інструментам, які прывязвае не толькі кліенцкія дзяржавы накшталт Беларусі, але таксама і членаў ЕС, такіх як Венгрыя, да даўгатэрміновай залежнасці ад Расатама і, адпаведна, расійскай дзяржавы” .

Здымак Сяргея Гудзіліна.

Але  шараговаму заходняму чытачу гэтая тэма наўрад ці будзе цікавая. Ён можа даведацца, што такая краіна, як Беларусь, ёсць  на карце свету, зусім з іншай нагоды.  

А ўсё таму, што наша краіна застаецца адзінай у Еўропе, дзе працягваюцца спаборніцтвы па футболу і хакею.

А можа і ў цэлым свеце, бо 24 сакавіка быў прыпынены чэмпіянат Аўстраліі па футболу.

Словы Аляксандра Лукашэнка, дзе ён паставіў у адзіны шэраг “поле”, “трактар” і “каранавірус”, выклікалі розгалас у медыяпрасторы не толькі Беларусі.

У замежных публікацыях імя прэзідэнта Беларусі паставілі побач з прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым, які параіў  абараняцца ад вірусаў дымам кветкі пад назваю гармала.

“Трактарная тэрапія” выкарыстоўваецца як уступ да аповеду пра тое, што ў адрозненне ад іншых краін свету, дзе з-за пандэміі адмяняюць масавыя мерапрыемствы, зачыняюць межы і ўводзяць карантын, у Беларусі распачалі чэмпіянат па футболу. І пасля таго, як здаліся туркі, Беларусь стала адзінай у Еўропе краінай, дзе ідзе вялікі футбол.

Каб яшчэ больш здзівіць чытачоў, пішацца пра тое, што адзін з найважнейшых матчаў першага тура паміж Энергетыкам-БДУ і шматразовым колішнім чэмпіёнам БАТЭ, вядомым у Еўропе, сабраў 730 чалавек. Нягледзячы на гэта, выданне Ap News зазначае:

“Вялізны недахоп футбола ў свеце можа зрабіць беларускую лігу прывабнай для тэлетрансляцый, якімі адчайна патрэбна запоўніць час на фоне пустых сетак вяшчання”.

І сапраўды, правы на паказ нашага чэмпіяната набылі каналы з суседніх краін – Украіны і Расіі, якія ўжо ў шматлікіх публікацыях здзіўляюцца не столькі матчам, падчас якіх можна пабачыць і пяць прызначаных пенальці, колькі атмасферы падчас іх, калі на стадыёне спакойна можна пачуць, як заўзятар грае на баяне.

Замежныя выданні задаюцца пытаннем пра тое, як ставяццца самыя футбалісты да таго, што ім даводзіцца гуляць. Адно з албанскіх выданняў звярнулася да легіянера “Дынама Брэст” Эліса Бакая. Той сказаў, што ў Беларусі быццам усё нармальна.

Але, насамрэч, не вельмі, дадае Эліс Бакай. Аб гэтым сведчыць той факт, што звычайна гульні “Дынама Брэст” збіраюць поўны стадыён у амаль дзясятак тысяч заўзятараў. На першай жа гульні прысутнічала ўсяго 3648. 

У той жа час сам Бакай зазначыў, што ён не надта ўсхваляваны тым, як сітуацыя разгортваецца ў Беларусі. Але яго напружвае тое, што адбываецца ў самой Албаніі, дзе засталіся яго бацькі і сястра, а таксама Румыніі, дзе жывуць яго жонка і дачка.

Каб больш аўтарытэтна патлумачыць заходняму чытачу сітуацыю ў Беларусі, выданні The Sun і Fox Sports Australia звярнуліся да асобы, звязанай з Беларуссю і якую пры гэтым у свеце ведаюць.  А менавіта да Аляксандра Глеба, які выступаў за Штутгарт, Арсенал і Барселону. 

Замежныя журналісты не абмінаюць увагай зноў узгадаць А. Лукашэнку, які “лічыць, што “трактарная тэрапія” можа вылечыць смяротны вірус”. І пры гэтым цытуюць Глеба, які мяркуе, што ў яго роднай краіне “нікому няма справы” да каранавіруса. Таму чаму ж у такой сітуацыі футбол не павінен працягвацца? І як пацверджанне, фотаздымак з адзіным у натоўпе заўзятарам, які начапіў медыцынскую маску.

“The Sun” жа большы націск робіць на саркастычную прапанову Глеба прыехаць у Беларусь сусветным зоркам Раналду і Месі, каб згуляць у футбол у адзіным у Еўропе чэмпіянаце, дзе гэта яшчэ можна зрабіць. Навіну перадрукавалі  “The Daily Star” і “Usa Today”.

Аднак у гэтыя дні Беларусь жыве не футболам адзіным. “Прафесійны хакей спыніўся ў большасці краін свету… але не ў Беларусі” – піша адно з выданняў.

 І сапраўды. Я пішу гэтым артыкул, калі яшчэ не пачаўся рашаючы матч за выхад у фінал хакейнага чэмпіяната паміж гродзенскім “Нёманам” і салігорскім “Шахцёрам”. І можна быць упэўненым: ён выкліча ўвагу заўзятараў з усяго свету, якія вымушаныя сядзець па хатах падчас карантыну. Як паказальнік таго, рост колькасці букмекерскіх ставак на беларускія спаборніцтвы.

Колькі ж гэтае акенца ў Беларусь будзе яшчэ прыадчынена? У любым выпадку, тое, як беларусы рэагуюць на сусветную пандэмію, ужо здзіўляе ўвесь свет. Ці апраўданая такая рэакцыя, даведаемся ўжо бліжэйшым часам.

Вам можа спадабацца