Сякера пад лаваю, або Беларускія вадаплавы ў Фёдара Буслаева і яшчэ сёе-тое

Рознае

Сякера пад лаваю, або Беларускія вадаплавы ў Фёдара Буслаева і яшчэ сёе-тое

Неяк трапіла мне ў букінісце перавыданне вядомай кнігі Фёдара Буслаева «Выкладанне айчыннай мовы» (1844). Маю і гістарычную граматыку гэтага аўтара, і літаратуразнаўчыя артыкулы… Не надта часта да яго звяртаюся, а методыка дык і мала мяне цікавіць, аднак каштавала кніга ўсяго 2 руб. Можа, і прыдасца калі… Ажно методыкі ў сучасным разуменні тут і няшмат, затое цікава пагартаць. Чаго там толькі няма – ад вядомых і забытых канцэпцыяў філасофіі мовы ў тагачаснай інтэрпрэтацыі да дыялекталагічных нататак. І што адметна, знайшліся, апрача ўсяго іншага, запісы беларускіх слоў. Калі зважаць на 1844 г., то можна сказаць, што гэта адна самых ранніх фіксацыяў беларускай лексікі, дагэтуль былі вядомыя запісы Андрэя Меера 1786 г., Канстанціна Калайдовіча 1822 г. (у чарнавікох – 1813 г.) ды Яна Чачота 1845 г.

Не ведаю, ці шмат хто ў Беларусі чытаў «Выкладанне айчыннай мовы», але ў бібліяграфічным паказальніку «Беларускае мовазнаўства» (1967) з 1865 па 1965 гг. значацца чатыры пазіцыі Буслаева, а гэтай кнігі няма. Няма спасылак на Буслаева і ў даведніку З. Саўкі ды В. Кіпеля «Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі» (2001), абышлі яго ўвагаю і ўкладаннікі слоўніка «Плытніцтва: тэматычны слоўнік» (2019).

Вокладка тэматычнага слоўніка "Плытніцтва".

А гэта якраз тыя выданні, якія імкнуліся вычарпальна падаць інфармацыю – кожны ў сваім аспекце. Выходзіць, у беларусазнаўстве гэтыя запісы фармальна невядомыя, як той казаў – сякера пад лаваю.

Зразумела, Буслаеў, не сам збіраў беларускія словы, ён рэгулярна спасылаецца на Зарыяна Даленгу-Хадакоўскага, з чаго можна змеркаваць, што матэрыялы ён атрымаў хутчэй за ўсё ад Пятра Бяссонава, які валодаў часткаю архіва Даленгі-Хадакоўскага і ўзычваў ягоныя фальклорныя запісы Буслаеву. З лексікаграфічнай спадчыны Даленгі-Хадакоўскага мала што захавалася, таму матэрыялы, змешчаныя ў Буслаева, каштоўныя і як раннія запісы беларускай лексікі і як драбочкі расцярушанай спадчыны вялікага піянера беларусазнаўства. На жаль, для Буслаева беларушчына была ўсяго толькі часткаю расейскага моўнага абшару, таму ён і падаў беларускія матэрыялы ўперамешку з расейскімі. Прыкладам, сама назва раздзела «Па Волхаву, у ваколіцах Полацка, Смаленска, Ноўгарада Северскага і Гарадка» сведчыць наколькі розныя ў моўным плане абшары ён злучыў у адно цэлае.

Падаваць цалкам запісы Буслаева няма сэнсу, бо ўсе яны ёсць у сеціве, але на некаторыя ўзоры цікава звярнуць увагу.

«По Волхову, в окрестностях Полоцка, Смоленска, Новгорода Северского и Гродка», с. 360–361:

брыль – в Белой и Малой Руси значит шляпа…

ветохъ – месяц на ущербе…

молодзикъ (молодикъ) и новѣцъ – молодой месяц…

мѣжень – самая жаркая часть лета…

наволокъ – мыс…

новожонный – недавно женившийся, польск. nowożeniec…

отава, отаева – трава, выросшая осенью после покоса…

припечекъ – очаг…

усамить – самостоятельным быть или делать самим собою…

хлѣбозоръ, зоряница – сухая молния, которая обещает хорошую погоду…

шишко – черт.

Для беларусазнаўцаў пэўна што будзе цікавая не толькі полацка-смаленска-северская лексіка, але і некаторыя словы, занатаваныя ў Цверскай губерні, землі якой у свой час уваходзілі ў Вялікае Княства Літоўскае.

«В Тверской губернии», с. 363:

кужель – очесанный чистый лен…

литвинъ – овсяная скирда…

лоншакъ – прошлогодний жеребенок…

лонись – прошлого года…

лука – залив…

носъ – острый конец яйца, пушка – тупой.

рогъ – мыс, выдающийся в воду…

суіомъ – общественное собрание, сходка…

суметъ – сугроб…

супрядка – посиделки, на которых прядут…

челядня – большая семья…

щеть – щетка, которою чешут лен…

яснецъ – лед, не покрытый снегом…

А найбольш у гэтых запісах мяне зацікавілі найменні беларускіх вадаплаваў, якія і змяшчаю ніжэй разам з разважаннем Буслаева. У квадратных дужках падаю беларускую транскрыпцыю найменняў з улікам іх традыцыйнага ўжывання ў беларускай мове, бо ёсць падазрэнні, што некаторыя назвы скажоныя, і не толькі за кошт правапісу.

«Корабль, лодка», с. 250–251, 360:

Будучи народом не приморским, славяне более употребляли лодки или лодьи, потому в видовых названиях преимуществует род женский; мужского рода меньше, среднего почти вовсе нет, с 251.

байда́къ [байда́к] – барка, плоскодонное судно, с. 251;

батъ [бат] – тополевая лодка, выдолбленная из одного дерева, с. 251;

берлинка [барлі́нка] – на реке Нарове, с. 251;

вити́мъ [віці́на] – на Немане, с. 251;

дощани́къ [дашчані́к] – судно меньше парома, с настланым полом, с. 251;

дубасъ [дуба́с] – на Западном Буге, с. 251;

комыга [камы́га] – в Волыни и на Западном Буге, с. 251;

коробка [каробка] – род парома, или перевозного судна, на Немане, с. 251;

лайва [ла́йба] – чухонское судно… лотваши под Ригою называют свои барки также, с. 360;

лыжва [лы́жва] – на Днепре и Западн. Буге, с. 251;

насадъ [наса́д] – плоскодонное судно, похожее на струг, старинное слово, с. 251;

павозокъ [па́вазак] – малая лодка, сопровождающая большие, на... Днепре, с. 251;

стругъ [струг] – невысокое судно, без палубы, на судоходных реках, с. 251;

чайка [ча́йка] – маленькая лодка на Дунае, с. 251.

У сеціве ёсць нямала літаратуры пра беларускія вадаплавы і іх гісторыю. Перш-наперш – гэта нарыс Валянціна Грыцкевіча і Адама Мальдзіса «Шляхі вялі праз Беларусь», сцісла апісваюцца вадаплавы ў кнізе «Палессе» і артыкуле Буракоўскай, шмат каштоўнай інфармацыі падае Кіштымаў, пэўныя звесткі можна знайсці ў артыкулах Астаповіча, Рогача, Мягчылы, Канойкі і Трафімчыка. Інфармацыю пра вадаплавы з энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі» (ЭБ) паслядоўна змяшчае «Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал» – практычна ўсе артыкулы ў ЭБ належаць Буракоўскай. Беларуская Вікіпедыя, на жаль, на вадаплавы мала звяртала ўвагі. Апрача артыкула «Човен» блізу нічога не знайшлося. Можа, хоць гэты допіс падахвоціць да скасавання белых плямаў.

Спіс беларускіх кубараў, выяўлены ў Буслаева, невялікі – усяго паўтара дзясятка слоў, ён і блізка не абымае цэлага багацця беларускай вадзяной лексікі. Але, як ні дзіўна, ні ў адной крыніцы, да якой я звяртаўся, гэты спіс не аказаны ў поўным аб’ёме, што вельмі дзіўна. У «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» (ТСБМ) ёсць байдак, барліна, віціна, дашчанік, струг чайка, але няма слоў бат, дубас, камыга (і камяга), каробка (з адпаведным значэннем), лайба, лыжва, насад, павазак. А словы дашчанік, струг хоць і аказаныя, але да іх няма ілюстрацыяў з літаратуры. Да слоў жа байдак і барліна – падаецца адна і тая ж ілюстрацыя з Хв. Шынклера. У «Этнаграфіі Беларусі» дашчанік успамінаецца ў артыкуле «лодка», зусім няма назваў насад, павазак і камыга (хоць ёсць камяга). У слоўніку «Плытніцтва» няма назваў лыжва і павазак, праўда, ёсць лішва, пад якой трэба даўнімаць лыжву, значыць, бракуе толькі павазка.

Вельмі важна, каб слова існавала не як ізаляваны тэрмін, а хоць адзін-два разы ўжывалася ў маўленні. Некаторыя з вадаплаваў шматкроць трапляліся мне ў тэкстах, асабліва часта сустракаліся віціна і чайка, першае – у аўтараў XIX ст., а другое – XX ст. Але калі я пачаў збіраць ілюстрацыі, то фактаў тарнавання слоў камыга, каробка і павазак – не знайшлося зусім. Словы струг і насад – пераважна ў гістарычнай прозе як другасныя ўжыванні, дубас – у старабеларускім тэксце. Што да наймення каробка, то яно мае так шмат іншых значэнняў, што знайсці аднайменны вадаплаў практычна нерэальна, камыга, мабыць, чыста заходнепалеская назва. А вось поўная немень слова павазак, і ў слоўніках і ў тэкстах, прымусіла засумнявацца, ці слушна я яго ўлучыў у спіс беларускіх вадаплаваў, хутчэй за ўсё такой з’явы ў Беларусі не існавала. Цікава параўнаць, што ў рускай Вікіпедыі ёсць паузок, затое няма вадаплава каробка, што сведчыць пра беларускую спецыфіку апошняга.

У буслаеўскім спісе некаторыя назвы вымагаюць каментару. Першае, што кідаецца ў вочы – гэта версія витимъ заміж віціна. Мабыць, тут ці абмыла друку, ці недакладнае расчытванне рукапісу, мажліва, пад уплывам назвы сібірскай ракі Віцім. Дый не дзіва, калі ўлічыць, што віціны выкарыстоўваліся толькі ў Панямонні і не практыкаваліся ў Расіі. Практычна ўва ўсіх беларускіх тэкстах сустракаецца лайба, а не лайва, хоць апошняе запраўды бытавала па-за беларускім абшарам. Аднак гэта не фіна-вугорскае слова, наадварот, яно запазычнана фіна-вугорскімі мовамі з балцкіх. Тым часам віціна (ад дзеяслова віць) мае славянскае паходжанне. І вельмі прыкра, што ў артыкуле Мягчылы яно набыло версію вітына, невядома адкуль узятую.

Вікенці Дмахоўскі. Кляштар у Пажайсце.

Асобна трэба сказаць пра варыяцыю барліна / берліна. Першая з іх падаецца як норма ў ТСБМ, другая – у ЭБ. Яно нават «беларусізавалася» як бярліна (гл. артыкул Буракоўскай). І ўсё ж у слоўніку «Плытніцтва» зазначаецца: «У выглядзе берліна ў беларускіх гаворках гэта слова адзначана адзінкава». У літаратуры таксама традыцыйна панавала версія барліна, таму берліна – відавочная русіфікацыя даўнага беларускага слова з запазычаным коранем (найбольш імаверна ад Berlin). Гэта сістэмнае запазычанне з цвёрдым [б], пасля якога ў моцнай пазіцыі стаяў галосны гук [э]: дубэльт, бэлька, бэра, бэз, а ў слабой пазіцыі – [а]: шабальбон, шабалта́с, банкарт, бакас, барэт, барлёчы. Настойліва ўводзіць у беларускую мову берліна таксама недарэчна, як мяняць традыцыйныя беларускія словы бэз і бэра на рускія дыялектныя беза і бере. А пільна захоўваць фанетычныя дублеты, як гэта апошнім часам увайшло ў моду, мне здаецца, нядобра з самых розных меркаванняў, лепш адразу зрабіць цвёрды выбар на карысць традыцыйнай версіі.

Слова бат сёння, напэўна, больш ведамае, як бот, аднак у «Плытніцтве» пра яго сказана: «У беларускіх гаворках, згодна са звесткамі этнаграфічных крыніц, слова існавала пераважна ў трансфармаваным выглядзе бат». Так што, як і ў дылеме з барлінай, версія з [а] – традыцыйная. Хаця версія бот мае куды больш падстаў для ўжывання, чым берліна. Можна нават сказаць, што бот і бат не версіі аднаго слова, а розныя вадаплавы. Узнікае пытанне, ці можна лічыць назвы камяга і камыга версіямі аднаго слова? Пра апошняе амаль няма звестак у «Плытніцтве», і, як я ўжо пісаў, няма яго ўжыванняў у літаратуры, аднак падобна, што розніца паміж камягай і камыгай была не толькі фанетычная, камыга – адносна вялікая пасудзіна – паўбарка – на Бугу і Мухаўцы, а камяга – досыць прымітыўная версія чоўна ў вадазборы Дняпра. Зрэшты, матэрыялы, аказаныя ў «Плытніцтве», сведчаць, што многія назвы вадаплаваў – тая ж чайка – маглі абазначаць і якасна розныя з’явы. Пра камыгу і камягу ў нас замала звестак, каб рабіць катэгарычныя высновы. Але пры ўкладанні слоўнікаў надалей варта ўлічваць шматзначнасць і гэтых і іншых назваў.

З літаратуры ў літаратуру, з тэксту ў тэкст пераганяюцца спісы гэтых забытых найменняў – у іх ёсць свая магія, свая паэзія. Назвы вадаплаваў – як маленькія творы мастацтва. Іх хочацца паўтараць, як замовы. Але часцяком аўтары тэкстаў ужываюць назвы механічна, слаба ўяўляючы, што стаіць за экзатычнаю гукавою абалонкаю. А часам словы скажаюцца, як тая ж віціна, ці паступова русіфікуюцца, як барліна. У артыкуле Вікіпэдыі «Гарадзенская губэрня» мне трапілі беспрэцэдэнтныя скажэнні найменняў вадаплаваў, можна толькі здагадвацца, што бердзін – гэта барліна, лігіва – гэта лыжва, а габар габара, я ўжо не кажу, што родны склон слова пуд у множным ліку – пудоў, а не пудаў. Такое ўражанне, быццам туды закінулі кепска расчытаны скан. А некрытычна ўзятае берліна ў тарашкевічаўскай Вікіпэдыі – проста нонсэнс. Набудзьце, шаноўныя вікіпедыстыя, слоўнік «Плытніцтва» і прачытайце ўважліва!

Рэшткі карабля, выяўленага на Бярэзіне.

З улікам усяго сказанага я надумаўся напоўніць спіс Буслаева прыкладамі з беларускай літаратуры, той казаў, ажывіць яго, прыўлашчыць, паказаць, што гэта не абстрактны і мёртвы збор слоў без гаспадара і адрасу, а беларуская рэальнасць, не такая далёкая, часам усё яшчэ актуальная. Апрача буслаеўскіх звестак я падаў усе азначэнні, якія ёсць, з ТСБМ, але з іншымі ілюстрацыямі, пераказаў звесткі з кнігі Грыцкевіча і Мальдзіса, іншай літаратуры, але не стаў паўтараць артыкулаў ЭБ, якія ёсць у сеціве, зрабіўшы на іх спасылкі. Таксама не стаў перапісваць азначэнняў і прыкладаў з «Плытніцтва», у гэтым няма сэнсу – слоўнік можна і набыць. «Плытніцтва» паказвае, якія назвы вадаплаваў бытавалі ў народных гаворках, а я пастараўся паказаць іх месца ў мастацкай літаратуры, у кніжным маўленні, што вельмі важна, каб слова мела падставу быць літаратурным. Аўтары «Плытніцтва» не адважыліся пакарыстацца інфармацыяй, аказанай у слоўніку Ластоўскага (Лсл), але і пра яе не варта забывацца. Нягледзячы на ненадзейнасць Лсл, там ёсць вартыя ўвагі факты – дзе мог, я пастараўся іх скарыстаць. З рэестру Буслаева ніжэй я выдаліў непацверджанае і неапісанае павазак, але дадаў як паралель да камыгі слова камяга.

Віцебск, Дзвіна. Карціна Юзафа Пешкі (1805).

Перш, чым звяртацца да кожнай пасудзіны ў прыватнасці, акрэслім агульную карціну вадаплаўства паводле Н. Буракоўскай:

«Асноўнымі тыпамі рачных суднаў у Беларусі XIX ст. былі струг, віціна, байдак, шкут, лайба, барка, бярліна і іншыя. Некаторыя з іх мелі лакальнае значэнне. Напрыклад, стругі, шкуты і лайбы будаваліся на Заходняй Дзвіне, віціны – на Немане, байдакі, бярліны, лыжвы – у басейне Дняпра і Прыпяці, дубасы, баты, галяры – на Заходнім Бугу».

Паводле А. Мальдзіса і В. Грыцкевіча карціна вадаплаўства адрозніваецца толькі некаторымі дэталямі:

«Да пачатку XІX стагоддзя па Прыпяці і яе прытоках звычайна хадзілі толькі малыя судны, шугалеі. Цяпер жа, паводле Контрыма, з’явіліся і вялікія судны з мачтамі – байдакі, лыжвы, дубасы і баркі. Ужываліся таксама малыя судны без мачтаў – чалікі, шугалеі, дубы абіянікі». «Па Нёмане хадзілі віціны, баты, берліны і іншыя судны». «Па Заходняму Бугу хадзілі дубасы, шкуты, лыжвы, камыгі, баркі, галеры».

Канструкцыйныя адметнасці вадаплаваў Н. Буракоўская акрэслівае такім парадкам:

«Сярод суднаў пераважалі пласкадонныя; кругладоннымі былі толькі лыжва, дубас, лодка. Струг, байдак, віціна мелі нос і карму завостраныя, барка, лайба – закругленыя, бярліна – закруглены нос і вертыкальную карму. У байдака і баркі барты былі вертыкальныя або крыху нахіленыя, у іншых суднаў – разгорнутыя. Байдак, шкут, віціна, бярліна, лайба мелі мачту і ветразі. Двухсхільным дахам накрываліся струг, байдак, бярліна, барка, галяр; у віціны і лайбы даху не было. Акрамя таго, віціна і бярліна мелі палубу».

БАЙДА́К ж. – Барка, пласкадонны вадаплаў (Буслаеў); тып рачных і марскіх промыславых суднаў, звычайна з мачтай (ТСБМ).

Выгляд: Байдак меў завостраныя нос і корму, злёгку пашыраныя барты (Палессе).

Грузападымальнасць: Тры – пяць тысяч пудоў і восем – дваццаць рабочых (Грыцкевіч, Мальдзіс).

Хуткасць: Пад ветразямі і па цячэнні яны рабілі да дзесяці вёрст у гадзіну, супраць цячэння, калі судна цягнулі дваццаць – трыццаць бурлакоў, – чатыры вярсты (Грыцкевіч, Мальдзіс).

Вадазбор: Нёман, Прыпяць (Грыцкевіч, Мальдзіс); Днепр, Прыпяць (Палессе); Днепр, Прыпяць (Буракоўская); Нёман (Плытніцтва).

А можа найбольш цікава тое, што ўрочышча паблізу ракі Дзебры, дзе затрымаўся байдак Пятра Першага, мела тады і дагэтуль захавала надзвычай характэрны для захопніка назоў – Грабеж. Юрка Віцьбіч «Плыве з-пад Святое Гары Нёман». З Бярэзіны паднялі фрагменты гандлёвага судна, узрост якога каля 200 гадоў. На думку экспертаў, гэта так званыя байдакі. Іх рабілі без цвікоў, а плавалі яны паміж Беларуссю і Украінай. «Унікальная археалагічная знаходка…» (Агенцтва навінаў).

Выява байдака і казацкай чайкі на ўкраінскіх паштовых марках.

БАТ – 1. Барка (Арол). 2. Таполевая лодка, выдзеўбаныя з аднаго дрэва (Буслаеў).

Грузападымальнасць: Баты, у асноўным прускага паходжання, узнімалі ад дзвюх да пяці тысяч пудоў. Плавалі на іх чатыры – сем чалавек (Грыцкевіч, Мальдзіс).

Вадазбор: Нёман (Грыцкевіч, Мальдзіс); Нёман (Плытніцтва); Нёман (Арол); Буг (Буракоўская).

Каля Лунны праходзіць Нёман; карыстаючы з гэтага, скупшчыкі лесу прыганяюць многа дрэва з Мінскай і другіх губерняў да Лунны і тут яго дастаюць на бераг; строяць гумны, хаты баты (баркі). М. Арол «Лунна».

БАРЛІ́НА ж. – Барка (ТСБМ); аднамачтавае судна, зробленае з дубу (Грыцкевіч, Мальдзіс).

Выгляд: Берліна [мела] закруглены нос, стромую карму (іншая адмена – з завостраным носам і кармой) і разгорнутыя барты (Палессе).

Грузападымальнасць: Умяшчалі яны да чатырох з палавінай тысяч пудоў (Грыцкевіч, Мальдзіс).

Вадазбор: Нараў (Буслаеў); Днепр, Прыпяць (Палессе); Днепр, Прыпяць (Буракоўская); Днепр (Плытніцтва); Нёман (Грыцкевіч, Мальдзіс).

– А мы якраз з работы. На барлінах працавалі, а цяпер едзем дадому. Вось толечкі з Лоева пехам прыйшлі. Цішка Гартны. Шукаючы працы; ругі смешны дзед у дзесяты раз пераказваў, як ён быў у Кралеўцы з барлінамі і як яму, замест шапкі, немец прадаў капялюш. Янка Нёманскі «Рамэа і Джульета на Беларусі»;

ВІЦІ́НА ж. – Крытае судна для перавозкі збожжа па рацэ (ТСБМ).

Грузападымальнасць: З іх найбольшай была віціна. Умяшчала яна да дванаццаці тысяч пудоў (Грыцкевіч, Мальдзіс).

Каманда: На віціне працавалі стырнік (лоцман), канцавы і дванаццаць рабочых (Грыцкевіч, Мальдзіс).

Хуткасць: Пад ветразем рабіла пяць-дзевяць вёрст у гадзіну (вярста – каля 1,06 км) (Грыцкевіч, Мальдзіс).

Вадазбор: Нёман (Буслаеў); Нёман (Буракоўская); Нёман (Плытніцтва).

– О! Не знала, то пазнае, / Яку ваду Нёман мае! / Я ж у лужах купаюся, / Па ніўках рассцілаюся, З віцінамі праплываю, / Літоўскае сэрца маю! Адэля «Матчыха»; Паплыў аж да Рыгі кавалер з віцінай, / Слязмі заліваўся – жагнаўся з дзяўчынай. Генрык Татур «Прадкі»; Калі дзе не ўзяліся чоўны, – душаць яны нашы кроплі, душаць іх і важкія віціны, рэжуць іх і прыткія параходы. Карусь Каганец «Вандроўка кроплі вады»; Як хто хоча быць ў гасціне, / То едзь ў Коўна на віціне, / Ці на плыце, ці на чоўне; Дапытайся толькі ў Коўне… Францішак Багушэвіч. «Сабраўшыся на тры чоўна…»; Як толькі [Таклюся] выйшла замуж, а гэта было на васемнаццатым року яе жыцця, зараз па шлюбе, пан паслаў яе гаспадара на віціну, плыты сплаўляць па Шчары ад Слоніма да Прусаў. Кандрат Лейка. «Таклюся-сухотніца»; Валіць чарадамі / Люд на сплаў, віціны. Якуб Колас «Плытнікі»; Дамы стаялі, як віціны Якуб Колас «Новая зямля»; Герб: у блакітным полі віціна з разгорнутым ветразем на срэбнай вадзе. Атрыманы 3 сакавіка 1620 г. Анатоль Цітоў «Гербы беларускіх местаў».

ДАШЧА́НІК м. – 1. Вадаплаў меншы за паром, з насланым памостам (Буслаеў). 2 Пласкадонная лодка або невялікае рачное судна (ТСБМ).

Вадазбор: [Прыпяць] (Плытніцтва).

Праз роў да іх вёў мост, па якому ішлі пешаходы, ехалі коннікі. Усё ўзбярэжжа Палаты было застаўлена чаўнамі, чайкамі, дашчанікамі, суднамі са спушчанымі вятрыламі. Язэп Дыла «На шляху з варагаў у грэкі»; І магілкі гэтыя, два метры чаўна, ладдзі ці палескага дашчаніка-душагубкі, выглядалі ў параўнанні з крыжамі кволымі і ненадзейнымі. Віктар Казько «Неруш»; Вось чаму ён і любіць човен, дашчанікі-душагубкі, тыя на вадзе сыкаюць злосна, што гадаўё, а човен ляціць, нячутны і вёрткі, як бабёр. Віктар Казько «Неруш».

ДУБА́С м. – Вялікае судна з мачтаю (Грыцкевіч, Мальдзіс, 124); з усечанай кармой (Грыцкевіч, Мальдзіс, 125) – перавозілі тавары (Грыцкевіч, Мальдзіс, 18).

Вадазбор: Буг (Буслаеў); Буг (Буракоўская); Мухавец, Буг (Палессе); Буг, Прыпяць (Грыцкевіч, Мальдзіс); Буг (Плытніцтва).

Мещанин менский Лука Терешкович, торгуесь нашим дубасом бобруйским троцкое половины и нашими пенязьми; а от того нам прибытку дает. И вы бы от нашего дубаса и от его комяги мыта не брали бы. Гр-та Казіміра Ягайлавіча купцу Церашковічу 1480 г.

КАМЫ́ГА ж. – Паўбарка («Плытніцтва»).

Вадазбор: Буг (Буслаеў); Буг (Плытніцтва); Буг (Грыцкевіч, Мальдзіс, 126).

КАМЯ́ГА ж. – Дуб, дубіца (Ластоўскі); лодка, выдзеўбаная з камля дрэва (Прыгодзіч, Ціванова).

Выгляд: Высечаны карытам з двумя латамі на баках (Ластоўскі). Для ўстойлівасці па баках камягі нярэдка мацавалі дадатковыя драўляныя брусы ці пласціны («Плытніцтва»).

Вадазбор: [Дняпро] («Плытніцтва»).

Альгерд не застаўся ў лажніцы. Загадаў сямейнікам ісці ў свае пакоі, а сам распарадзіўся паслаць яму ў бакавой, самай высокай у замку святліцы, якая выходзіла на Дзвіну і адкуль добра нават зараз, пасярод ночы, бачылася асветленая смалякамі царква Дабравешчання, купецкія падвор"і, прыстань, дзе ўлетку заўсёды гайдаліся стругі, вялікія камягі і даўблёнкі, што прыходзілі у Віцьбеск з Рыгі, Любека, Кіева і везлі тавары як з усходніх-Візантыі, Венецыі і Сірыі, так і заходніх краін. Вольга Іпатава «Альгердава дзіда»; Крыніца... А побач з ёй – камяга. Доўгая, вёдзер на дваццаць. З яе пілі не толькі коні ды каровы. Масарэнка Алесь «на бабровых тонях»; Гарадчукі здаўна займаліся суднабудаваннем, умелі зладзіць і вялікую барку, і маленькі човен, і гонкую барліну, і ёмкую камягу. «Горад Боны і Давіда. Альбомная проза» (Дзеяслоў); Я саскочыў у ваду і памяняў лодкі месцамі. Затым вывеў камягу ў чаротавую пратоку і адапхнуў на чыстую паверхню, перадаручаючы ветру. Генадзь Пацыенка «Пакуль куля ляціць».

Камяга.

КАРОБКА ж. – Род парома ці перавознага вадаплава (Буслаеў); плыт, спецыяльна прыстасаваны для лёну, пянькі, льнянога семя (Грыцкевіч, Мальдзіс).

Выгляд: Каробку вязалі з сухіх яловых бярвенняў. Складалася яна з трох звенняў або лавак, на якія клалі тонкія брусы (навоі), а на іх, уздоўж плыта, – тонкія жэрдкі (повязі). Паверх повязей ішлі дробныя калодкі, якія прыкрываліся рагожамі. На рагожы грузілі ўпакаваны кубамі тавар. Капітан каробкі (стырнік) сядзеў на самым высокім месцы плыта. <…> Сядзела яна вельмі неглыбока, таму магла праплыць нават там, дзе судны з большай асадкай звычайна не праходзілі (Грыцкевіч, Мальдзіс).

Грузападымальнасць: Каробка ўзнімала чатыры-пяць тысяч пудоў, абслугоўвала ж яе каманда з пятнаццаці рабочых (Грыцкевіч, Мальдзіс).

Вадазбор: Нёман (Буслаеў); Нёман (Грыцкевіч, Мальдзіс); Нёман (Плытніцтва).

ЛА́ЙБА – барка (Буслаеў); вялікая лодка (Грыцкевіч, Мальдзіс).

Вадазбор: Дзвіна (Ластоўскі); Дзвіна (Буракоўская); Дзвіна, Днепр (Плытніцтва); Нёман (Грыцкевіч, Мальдзіс).

Засначыць лайбы ў Рыгу. Лсл; З левага боку ад прыстані, прытуліўшыся да ўзгорка, стаялі тры старэнькія хацінкі. Некалькі падводаў паражняком чагосьці чакалі. Падводчыкі раз у раз паглядалі на прыгнаныя да берага барліны і лайбы. Цішка Гартны «Шукаючы працы».

Лайба.

ЛЫ́ЖВА ж. – Хадавое кругладоннае судна з дахам, вострым носам, тупой кармой і разгорнутымі бартамі (ЭБ).

Выгляд: Больш лёгкімі суднамі ў параўнанні з байдакамі былі лыжвы. Нос і карму яны мелі завостраныя. У час моцнага ветру на Дняпры лыжвы часта разбіваліся (Грыцкевіч, Мальдзіс).

Вадазбор: Дняпро, Буг (Буслаеў); Мухавец, Буг (Палессе); Буг, Дняпро, Прыпяць (Грыцкевіч, Мальдзіс); Днепр, Прыпяць (Буракоўская).

Менавіта тут, на Піншчыне, гэтыя самаробныя караблі здзіўлялі дасканаласцю і рэдкім умельствам. Разнастайнасць народнай фантазіі – як рабіць гэтыя вялікія і малыя судны – адлюстравалася ў назвах: тут былі шугалеі, байдакі, дубасы, баркі, лыжвы, плавіцы. Вольга Іпатава «Паміж Масквой і Варшавай».

НАСА́Д м., НАСА́ДА ж. – Вялікі карабель, на якім, акрамя тавараў, перавозілі войскі (Трусаў).

Прабіў ты горы каменныя скрозь палавецкую зямлю, зыбаў ты на сабе Святаслаўлевы насады да Кабяковага войска. Максім Гарэцкі «Песня аб Ігаравым паходзе»; – Вось гэта ратнік. – Князь паставіў на светлае поле першую прысадзістую фігурку ў шаломе і з барабанам у руках. – Ідзе ратнік на бітву адно ўперад, назад яму дарогі няма. – “Назад яму дарогі няма”, – міжволі паўтарылася ў князевых думках. – А гэта ладдзя, мяно ёй таксама насада Уладзімер Арлоў «Дзень, калі ўпала страла».

СТРУГ м. – Драўлянае рачное судна (ТСБМ); буйное рачное судна тыпу баркі без ветразя і палубы (ЭБ); невысокі вадаплаў, без палубы, на сплаўных рэках (Буслаеў).

Вадазбор: Днепр (Ластоўскі); Дзвіна (Буракоўская); Дзвіна, Нёман (Плытніцтва).

Гэты стругі засначаны ўжо да перавозкі жыта. Лсл; Цягнуць стругі на лямцы. Лсл; Плывуць стругі, плыты, плыты – // Сасновы звонкі лес, // Шырокі месяц залаты // I берагі ў імгле. Максім Танк «Плывуць стругі»; I ўзялі Яго ахвотна да стругу, і зараз струг быў на месцу, куды яны скіраваліся. Аляксандр Надсан «Евангеля подле Святога Яана»; І з дзесятак стругоў прыплылі па Дзвіне, увайшлі ў вусце Палаты і замкнулі кола. Кастусь Тарасаў «Тры жыцці княгіні Рагнеды»; Віславус стралой узвіўся на княжы струг і паспеў пачуць апошнія, вымаўленыя ўжо неслухмянымі вуснамі словы: «...не аддайце...». Уладзімер Арлоў. «Дзень, калі ўпала страла».

ЧА́ЙКА ж. – 1. Маленькая лодка (Буслаеў); пласкадонная лодка (ТСБМ); дашчаная пласкадонная лодка (ЭБ). 2. Аднамачтавае судна (Грыцкевіч, Мальдзіс); старажытны парусны човен з вёсламі і прымацаванымі ўздоўж надводнага борта пучкамі чароту, які служыў для павелічэння плывучасці і абароны ад стрэлаў праціўніка (ТСБМ).

Грузападымальнасць: Да пяцісот пудоў (Грыцкевіч, Мальдзіс).

Вадазбор: Нёман (ЭБ); Прыпяць (Плытніцтва).

– Шумі, лес, шумі, дуброва! / Шумі жаласней! / Гэй, ты, чаечка ліпова, / Нясіся скарэй! Карусь Каганец «Шумі, лес, шумі, дуброва…»; Носіць вадзяная пустыня на ўлоннях сваіх быстрыя вастраносыя чаўны і лёгкія чайкі-душагубкі. А ў гэтых чаўнах, а ў гэтых чайках шнуруюць ад вёскі да вёскі суровыя, замкнёныя ў сабе сыны Палесся. Якуб Колас «Дрыгва»; Дурната, махлярствы, плыткасьць, хвальшы і завісьць злая – / Вось падводныя каменні, аб што чайка б’ецца. Гальяш Леўчык; Ні чоўна, ні чайкі не стрэціш. Пятрусь Броўка «Плывём параходам каторы ўжо час…».

Да сказанага вышэй трэба дадаць, што апошняе слова – чайка – мела ўсе падставы, стаць у беларускай мове асноўнай назвай лодкі побач з чоўнам (чайка – дашчаная, а човен – выдзеўбаны з камля). У шмат якіх мясцовасцях слова лодка практычна не ўжывалася, ведалі толькі чайка. І творчасць класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа дае для таго падставы. Нават сёння многія яшчэ помняць, што ў іх мясцовасці чайкай называлі лодку. На мой допіс пра чайку станоўча адгукнуліся заступнікі Гарадзенскага, Лідскага, Шчучынскага, Івейскага, і Вiлейскага раёнаў, у той час як заступнікі Давыд-Гарадоцкага і Столінскага раёнаў успаміналі назвы дуб, дубок. Усталяванню чайкі як асноўнага тэрміна перашкодзіла і аманімія з назвай птушкі чайка, хоць у беларускай мове для гэтага былі самыя розныя альтэрнатывы: кі́рля (Лсл), ча́іца (Ссл), кага́рка, марты́н. Апошняе да гэтай пары застаецца ўдалым прэтэндэнтам на літаратурную назву птушкі.

Чайкі. Карціна Вітальда Бялыніцкага-Бірулі.

У якасці дадатку да гэтага допісу хачу змясціць тут першую – нашаніўскую – рэдакцыю верша Якуба Коласа «Плытнікі». Да гэтага верша Колас прыклаў невялічкі слоўнічак плытніцкай лексікі, які не перадрукоўваўся. Ён не быў адзначаны і ў даведніку Саўкі ды Кіпеля, хоць там такія дробныя слоўнічкі старанна фіксаваліся. Слоўнічак і верш Якуба Коласа адметныя тым, што ў іх ці не ўпершыню з’яўляецца легендарнае слова тарнаваць як літаратурнае, якое Ян Станкевіч і Антон Адамовіч пазней узялі на месца «польскага германізму» стасаваць у значэнні ‘ўжываць, выкарыстоўваць’ – адпаведнік рускага применять. Дарэчы, этымалогія слова тарнаваць вельмі заблытаная. У новай рэдакцыі верша тарнаваць чамусьці знікла, заміж яго Колас ужыў гартоліць – таксама аўтэнтычны плытніцкі тэрмін. Радкі, пазней змененыя Коласам, – падкрэсліваюцца.

ПЛЫТНІКІ

Клунак за плячамі,

Кій ў руках хваёвы, –

Валіць чарадамі

Бедны люд вясковы.


 

Босыя іх ногі,

Твар іх загарэлы;

Кажушок убогі,

Чуць прыкрыты целы.


 

Ззаду ледзь ступае,

Хлеб вязе кабыла;

Нокае, гукае

На яе Кірыла…


 

Ярка свеціць сонца,

Ліст не скалыхнецца;

Горача бясконца,

Пот на землю льецца.


 

Срэбрам адлівае,

Як люстэрка Нёман.

З ранку не сціхае

Над вадою гоман.


 

Толькі крыкі чуеш:

– Вазьмі на «барбару»,

– Чаму не тарнуеш?!

– Гад, паб’ю ўсё хару!


 

– Закідай шырыгу!

Папхні прысам ў ліва!

– Варушыся, падла!

– Не спі ў шапку! Жыва!


 

І заднік без толку

Па плыту лятае.

Згубіў ўсю снароўку –

Не ў той бок трымае.


 

Гнецца плыт дугою

Ў бераг яго клоніць;

Быстраю вадою

Як вужаку, ломіць.


 

Вось на мель ўзагналі.

Крык, сярдзіты голас.

Порткі паскідалі,

Ўсе ў вадзе па пояс.


 

Бомы ўсе пабралі.

– Рразам, хлопцы! Рразам!

– Ну, яшчэ! Што сталі?

– Ну, яшчэ прыляжам!»


 

Вецер загуляе –

Хвойнік, лозы гнуцца;

Плытнік спачывае,

Як сабака ў будцы.


 

Гнецца плытнік ў полі,

Мёрзне ён у холад;

Знае ён нядолю,

Знае ён і голад.


 

Што-ж? Бядота гоніць!

Толькі сілы траціш;

Толькі косці ломіць,

Як хваробу схваціш…

*

Эх, ты доля, доля!

Голад ты, бяднота!

Не свая тут воля,

Не свая ахвота!..

1907 г.

Барбара – тоўстая вяроўка з лазы, катораю затрымваюць плыт;

тарнуеш – затрымваеш барбараю плыт, убіваючы на беразе кол, прывязаны да канца барбары;

шырыга – тоўстае доўгае бервяно, каторае з сярэдзіны плыта спускаюць на дно; яно умацована да плыта, упіраецца ў дно і спыняе плыт;

прыс – тонкая жэрдка, катораю ўпіраюцца ў дно і кіруюць плыт,

заднік – памоцнік галоўнага плытніка.

Усё гэта словы, каторых ужываюць плытнікі на Нёмане.

У якасці яшчэ аднаго дадатку прапаную невялікую выбарку вадаплаўскай лексікі, з слоўніка Ластоўскага з ягонымі тлумачэннямі, якая заслугоўвае на ўвагу. Нягледзячы на процьму наватвораў, выдаваных Ластоўскім за шчырыя народныя словы, як тое ж слямга, многае з Лсл пацвярджаецца дыялектамі. Самыя заўвагі аўтара слоўніка каларытныя і запамінальныя. Да артыкула «баржа»: Вялікая веславая лага; барка. На Дзьвіне завуць лайба, на Дняпрэ – струг. Да артыкула «табанить»: Гануля тарнуй!; выкрык плытнікаў на Нёмане, азначаючы каманду – прыбіваць плыт да бераг. І да артыкула «чалить»: Окрык-каманда плытнікаў на Нёмане; Тарнуй, прыбівай да берагу, рас. “причаливай”. Няхай гэта паслужыць матэрыялам для новых росшукаў і роздумаў.

асна́да – прылады вадаплаўскія.

асна́ч – кіраўнік вадаплава; [той], хто прамышляе вадаплаўствам.

ба́гля, ба́гіль – жэрдзь да кіравання стырном.

дра́гля – цаўё стырна, касарга да кіравання стырном.

дуб, дубі́ца, камя́га – човен, высечаны карытам з двумя латамі на баках.

канец – рэйс. Мы тры канцы зрабілі за лета.

карні́к, корнік – кіраўнічы вадаплавам, капітан вадаплаву.

кні́ца – бервяно з каранішчам загнутым каленам да будавання вадаплаваў.

лага́ – баржа.

лыч – вадарэз на самым перадзе кодабу вадаплава.

ма́йка – пакойчык-хатка на ганкох і на стругох (у Падзвінні).

снасць – вяроўка ад 6 да 12 цаляў таўшчыні.

спла́ўны – [суднаходны]. [І рэчак сплаўных многа. Карусь Каганец.]

старнава́ць – звязаць, змацаваць вузлом.

стружок – аднамачтавы вадаплаў.

сты́рнік – той, хто кіруе карном.

стырно – хвост вадаплава, які кіруе яго паваротамі.

тарнава́ць – прыставаць да берагу; грабсці назад. Гануля, тарнуй!

Вам можа спадабацца