Улада і апазіцыя перапісваюць Канстытуцыю

Палітыка

Улада і апазіцыя перапісваюць Канстытуцыю

Першая — каб забяспечыць сваю пераемнасць, другая — каб прыгадаць аб сваім існаванні

10 лютага 2020 а 12:02

Аляксандр Кур’яновіч

На парадку дня — канстытуцыйная рэформа.

Пачынаючы з 2014 года Аляксандр Лукашэнка не раз публічна заяўляў пра неабходнасць перагляду Асноўнага Закона. Летам 2019 года падчас кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк паведаміў, што існуе ажно 17 праектаў новай Канстытуцыі.

Не выклікае сумненняў, што адпаведныя праекты распрацоўваюцца пад эгідай Адміністрацыі прэзідэнта і Канстытуцыйнага Суда.

Аднак грамадству яны пакуль не прад’яўлены.

Існуе і грамадская ініцыятыва па канстытуцыйнай рэформе — "Грамадская канстытуцыйная камісія", якая была створана ў сакавіку 2019 года. Яе ачоліў былы кіраўнік Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб. Ягонымі намеснікамі сталі Анатоль Лябедзька і былы суддзя Канстытуцыйнага Суда Міхаіл Пастухоў.

Міхаіл Пастухоў, Мечыслаў Грыб і Анатоль Лябедзька.

Камісія абвясціла амбітную мэту: стварыць такі праект Канстытуцыі, які дазволіць Беларусі стаць па-сапраўднаму дэмакратычнай краінай, дзе не на паперы, а рэальна будуць дзейнічаць законы і абараняцца правы грамадзянаў.

У параўнанні з дзяржавай рэсурсы камісіі сціплыя. Яе дзейнасць часам асвятляецца недзяржаўнымі СМІ і ў сацыяльнай сетцы Facebook. Тым не менш, члены камісіі дэманструюць аптымізм. Адным з сваіх важных дасягненняў кіраўнікі камісіі лічаць сустрэчу са старшынёй Канстытуцыйнага Суда Беларусі Пятром Міклашэвічам.

А зусім нядаўна на Facebook з’явілася новая суполка пад назвай «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь».

Адміністратар суполкі, вядомы палітык і былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання Аляксандр Дабравольскі выклаў «Праект Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, распрацаваны на базе Канстытуцыі 1994 г. з улікам палажэнняў Малой Канстытуцыі, прынятай Кангрэсам дэмакратычных сіл у 2007 г.». З 217 сяброў суполкі гэты праект прагледзелі 122 чалавекі (на стан 10 лютага).

Паступова набіраюць абароты і дыскусіі вакол праекта што да мовы, выбараў, мясцовага самакіравання і г.д.

Хутчэй за ўсё, гэта не адзіны праект, бо, напрыклад, Міхаіл Пастухоў выступае супраць інстытута прэзідэнцтва і актыўна прапагандуе пераход да парламенцкай формы кіравання дзяржавай.

Калі прыгледзецца да праекта, прапанавага Дабравольскім, то выявіцца, што гэты праект — не што іншае, як Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 15 сакавіка 1994 года з невялікімі зменамі і дапаўненнямі.

Аляксандр Дабравольскі.

Навошта тады такая ініцыятыва?

Выглядае, што амаль за год працы Грамадская канстытуцыйная камісія не здолела выпрацаваць нешта новае і цяпер імкнецца «прадаць» публіцы тую Канстытуцыю, «бацькам» якой у свой час стаў Вярхоўны Савет Беларусі 12 склікання.

Падчас працы Грамадскай канстытуцыйнай камісіі.

Калі навелы і cустракаюцца, дык яны маюць чыста тэхнічны характар, альбо звязаныя з перайменаваннем вышэйшых органаў улад: Вярхоўнага Савет — у Вярхоўную Раду, Канстытуцыйный Суд — у Канстытуцыйны Трыбунал.

Возьмем, напрыклад, раздзел 2 праекта Дабравольскага пад назвай «Рэферэндум» (народнае галасаванне). У параўнанні з Канстытуцыяй 1994 года ў гэтым праекце канкрэтызаваны пытанні, якія забараняецца выносіць на ўсенароднае галасаванне (выбары прэзідэнта і інш.), а колькасць грамадзянаў, якія могуць ініцыяваць рэферэндум, скарацілася да 300 тыс. (у Канстытуцыі 1994 года — не менш 450 тыс.). Аднак навошта аўтары праекта пакінулі норму, якая запісана ў цяперашнім варыянце Асноўнага Закона, паводле якога ініцыяваць рэферэндум могуць не менш 30 тыс. грамадзянаў з кожнай вобласці і г. Мінска? Тады лагічна такую норму і распаўсюдзіць на выбары прэзідэнта. Праўда, пры такім раскладзе подпісы сабраць будзе значна цяжэй нават пры самай дэмакратычнай уладзе.

Таксама выклікае здзіўленне, куды ў праекце Дабравольскага падзелася норма, якая існавала ў Канстытуцыі 1994 года: рашэнні, прынятыя рэферэндумам, могуць быць адменены або зменены толькі шляхам рэферэндуму, калі іншае не будзе вызначана рэферэндумам.

Добра б было і прапісаць параметры, пры выкананні якіх рэферэндум можна лічыць адбытым.

З праекта Дабравольскага не зусім зразумела, аб якім прэзідэнце — «моцным» ці «слабым» — у ім ідзе гаворка. З аднаго боку, прэзідэнту абрэзалі істотныя паўнамоцтвы (ён не мае права прапаноўваць рэферэндумы, не з’яўляецца кіраўніком выканаўчай улады і інш.). З другога, паводле п.3 артыкула 82 праекта прэзідэнт прымае меры па ахове суверэнітэту, нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, аднак з  агаворкай («у парадку, вызначаным Канстытуцыяй і законамі»). Нагадаем, што такая фармулёўка пра меры па ахове суверэнітэту існавала ў Канстытуцыі Беларусі рэдакцыі 1994 г. (п.1. артыкула 100 ). І на пачатку свайго кіравання прэзідэнт Лукашэнка не аднойчы выкарыстоўваў гэты пункт супраць сваіх палітычных праціўнікаў (звальненне галоўнага рэдактара «Народнай газеты» Іосіфа Сярэдзіча ў сакавіку 1995 года; звальненне старшыні Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара ў лістападзе 1996 года).

Выклікае сумненне прапісанае ў праекце Дабравольскага права кожнага грамадзяніна звяртацца ў Канстытуцыйны Трыбунал у выпадку парушэння яго канстытуцыйных правоў і свабодаў. У такім выпадку Высокі суд будзе літаральна завалены скаргамі. З праекта таксама незразумела, ці мае (альбо не мае) права Трыбунал па ўласнай ініцыятыве распачаць вытворчасць па справе.

Да таго ж трэба задаць пытанне, ці ўвогуле патрэбна для Беларусі наяўнасць спецыялізаванага органа — Канстытуцыйнага Суда (Трыбунала). Ці не больш мэтазгоднай для Беларусі была б амерыканская сістэма канстытуцыйнага кантролю, дзе Канстытуцыйны Суд адсутнічае?

Напрыклад, Канстытуцыйны Суд у кастрычніку 1994 года скасаваў пастанову Мінгарвыканкама ад 19 мая, паводле якой ў сталічныя прафесійна-тэхнічныя вучылішчы прымаліся толькі выпускнікі сталічных школ альбо найбліжэйшых населеных пунктаў. Аднак такое пытанне — узровень пракуратуры.

У праекце Дабравольскага прапісана новая пасада — Упаўнаважанага па правах чалавека (раздзел 8). Імкненне ўвесці такую пасаду бярэ свой пачатак яшчэ са студзеня 1993 года, калі з адпаведнымі прапановамі выступілі Генадзь Карпенка і Віктар Ганчар. 18 чэрвеня 1996 года Вярхоўны Савет Беларусі 13 склікання нават унёс гэтае пытанне ў павестку дня.

Але функцыя такога ўпаўнаважанага часам бывае чыста бутафорскай. Пагатоў, па якой шкале можна ацаніць патрабаванні да гэтай службовай асобы (вопыт праваабарончай дзейнасці і высокія маральныя якасці)? На наш погляд, абараніць правы чалавека можна толькі з дапамогай якаснай працы судоў і пракуратуры.

Гэта, натуральна, не ўвесь спіс заўваг да праекта Аляксандра Дабравольскага. Галоўная слабасць праекта — механічнае перапісванне розных канстытуцыйных нормаў, а таксама фактычна поўнае запазычанне тэкста першапачатковай рэдакцыі Канстытуцыі Беларусі 15 сакавіка 1994 года.

Падвядзём вынікі. Улада вядзе працу над новым праектам Канстытуцыі ў атмасферы строгай сакрэтнасці. Мэта праекту ясная — забяспечыць транзіт улады “ў правільным кірунку”. Таму палітычныя праціўнікі не павінны нічога ведаць пра гэтую працу.

На апазіцыйных праектах Канстытуцыі ляжыць пячатка адсутнасці рэальнага палітычнага досведу і ўсведамлення бягучых дзяржаўных патрэб. Таму яны кіруюцца ўзорамі ў выглядзе Канстытуцыі 15 сакавіка 1994 года, а таксама замежным досведам, у першую чаргу польскім, дзе Канстытуцыйны Суд акурат мае назву Канстытуцыйны Трыбунал, і існуе пасада Упаўнаважанага па правах чалавека (Rzecznik Praw Obywatelskich).

Стварыць якасна новы праект Канстытуцыі апазіцыі пакуль не па сілах.

Вам можа спадабацца