Падступная прастата класікі, або Што значыць «…цягам доўгія часіны»

Рознае

Падступная прастата класікі, або Што значыць «…цягам доўгія часіны»

Яснасць і прастата класікі падступная. Часта мы на аўтамаце паўтараем тое, што насамрэч для нас абсалютна герметычнае. Як тая драпянка ў вершы Якуба Коласа: І такі каток харошы, // Як драпянка за тры грошы… Але не пра яе гаворка.

Ад родных ніў, ад роднай хаты

У панскі двор дзеля красы

Яны, бяздольныя, узяты

Ткаць залатыя паясы.

І цягам доўгія часіны,

Дзявочыя забыўшы сны,

Свае шырокія тканіны

На лад персідскі ткуць яны.

Хто не вучыў на памяць гэты верш Максіма Багдановіча! Хто не рабіў у школе яго падрабязнага разбору! Але ці ўсё нам тут ясна? Ці задаўся хто пытаннем, што значыць выраз цягам доўгія часіны?

Ведаю, што ў наш час слова цягам ужываецца часта, але зусім не ў тым значэнні, у якім ужыта ў Багдановіча і ў якім ужывалі гэтае слова паэтавы сучаснікі. Тут істотна не толькі даць слушны адказ, але і зразумець, а што ж адбываецца з беларускай мовай.

Для гэтага я ўчыніў невялікі соцыялінгвістычны дослед. У суполцы «Роднае слова» правёў апытанне, прапанаваўшы тры альтэрнатыўныя версіі значэння слова цягам у вершы Максіма Багдановіча. І, каб прасцей было арыентавацца, удакладніў версіі праз мову нашых суседзяў.

Пераказваю гэтыя пытанні разам з колькасцю галасоў за кожнае з іх:

1) ‘неадменна, стала, цэлы час’ (=рус. постоянно, пол. ciągle): 25;

2) ‘на працягу, праз’ (=рус. на протяжении, пол. poprzez): 47;

3) ‘гвалтам, сіламоц, праз сілу’ (=рус. насильно, пол. siłą): 5.

Каб не блытаць і не таміць чытача, адразу скажу, што адзіна слушная і традыцыйная версія першая – ‘неадменна, стала, цэлы час’, што адпавядае рускаму постоянно і польскаму ciągle. Гэта нават не падлягае абмеркаванню, сумневу і галасаванню. Як трапна зазначыў адзін з каментатараў Leon Malinowski: «Дзіўна неяк галасаваць за навуковыя факты. Яны ад гэтага навуковейшыя не стануць».

Другая версія ‘на працягу, праз’, якая ў выніку галасавання імгненна ўзнялася да першай – навамоўная і абмыльная. Слова цягам у гэтым значэнні вельмі моднае ў сучасным узусе, аднак у такім значэнні не толькі ў Багдановіча, але і ў ягоных сучаснікаў ніколі не ўжывалася і не адпавядае ні семантыцы, ні граматыцы верша «Слуцкія ткачыхі».

Дзвюх версіяў малавата, каб стварыць інтрыгу ў апытанні, трэба было на гвалт знайсці яшчэ адну, больш-менш праўдападобную. І я прыдумаў яе на хаду (выбачайце за падман!), дапамог slounik.org, дзе мне трапіў на вочы Бядулеў фразеалагізм, зафіксаваны ў Байкова і Некрашэвіча: цягам цягнуць ‘моцна прыцягваць’. Трэцяя версія выйшла нават праўдападобнейшай за другую.

Адным словам, слушны адказ такі:

‘неадменна, стала, цэлы час’ (=рус. постоянно, пол. ciągle).

Сацыяльны склад удзельнікаў апытання варты ўвагі. За навамоўную версію выказаліся пераважна «людзі узусу», асобы зарыентаваныя на сучаснасць, сярод якіх вылучаюцца пісьменнікі і грамадска актыўныя людзі – усяго 47 чалавек. За традыцыйную версію, што мяне вельмі ўсцешыла, выказаліся лінгвістыя, знаўцы мовы і тыя, хто чынна і стала цікавіцца моўнымі пытаннямі – 25 чалавек. За трэцюю выказалася мала – усяго 5 чалавек, я іх назваў бы людзьмі з нетрывіяльным мысленнем, якія крытычна ўспрымаюць традыцыю, але не паддаюцца і масаваму плыву меркаванняў.

Далей будзем абмяркоўваць толькі традыцыйную і навамоўную версіі, якія практыкуюцца ў маўленні.

Як жа і чаму так сталася, што колькасць тых, хто дакладна разумее Багдановічаў радок, удвая меншая за тых, хто не разумее яго, а калі і разумее, то не зусім дакладна. Дарэчы, дэтэктыўную інтрыгу майго апытання адразу ледзь не «сапсаваў» спойлер Антона Брыля, які першы прагаласаваў і першы даў слушны адказ, фактычна, з біяграфічнай падводкай:

«Думаю, ‘несупынна’, як у Насовіча».

Каб удзельнікі апытання ўважліва ўчыталіся ў гэты каментар, то інтрыгі проста не было б.

Так, у Насовіча падаецца толькі адно значэнне:

ЦЯГЪ, -у, сущ. м. мн. 1) Побѣгъ. Цягу даць. 2) Тяжъ. У ворчаковаго коня цяги длинны. 3) Безостановочность. Однымъ цягомъ работаць.

Мала таго, слоўнік Насовіча – гэта агульнавядомы факт – быў настольнай кнігай Максіма Багдановіча. Гэтыя два факты не цяжка было звязаць і даць слушны адказ.

Трэба прызнацца, што ў Насовіча гэтае слова падаецца хоць і слушна, але не зусім карэктна – там усё змешана ў адну кучу: і назоўнік цяг, і прыслоўе цягам, і клішэ адным цягам і фразеалагізм даць цягу. Балазе трэцяе значэнне набліжае нас да Багдановічавага ‘несупынна’. І Антон Брыль звярнуў на гэта ўвагу.

Аднак сіла узусу мацнейшая за відавочныя факты. Сіла узусу мацнейшая за і логіку ды граматыку, бо нягледзячы на заўвагі, што навамоўнае значэнне тут не ў згодзе з граматыкай, большасць такі галасавала за узус, без увагі не толькі на гісторыю мовы (не ўсе яе абавязаны ведаць), але і на сэнс верша. Зрэшты, ні на кога не наракаю, усім удзячны. Я чакаў такіх адказаў і я іх атрымаў. Дзякуй!

Словы цягам ‘неадменна, стала, цэлы час’ і цягам ‘на працягу, праз’ маюць не толькі розныя значэнні, гэта розныя часціны мовы, традыцыйнае цягам прыслоўе, а навамоўнае цягам прыназоўнік. А калі дакладна, то – гэта вытворны прыназоўнік. Пра такога кшталту прыназоўнікі ў беларускай мове ёсць даследаванні: Паўла Шубы і больш разгорнутае Марыі Канюшкевіч. Калі ў Шубы прыназоўніка цягам яшчэ няма, то Канюшкевіч ужо фіксуе яго. Як жа ўзнік гэты прыназоўнік і для чаго ён спатрэбіўся? Урэшце, ці могуць з прыслоўяў утварацца прыназоўнікі?

Змены семантыкі слова цягам можна падзяліць на тры этапы: 1) прыслоўе цягам; 2) фразеалагізм з цягам часу; 3) прыназоўнік цягам.

Каб праілюстраваць моўныя факты, я звярнуўся да рэсурсу Беларускі N-корпус, а дэталі ўдакладняў у Google. Варта заўважыць, корпус не зусім карэктна падае гэтае слова. Не знайшоў я там цягам ні ў якасці прыслоўя, ні ў якасці прыназоўніка, толькі калі запатрабаваў склонавую форму назоўніка цяг, як у Насовіча, тады корпус выдаў мне патрэбныя прыклады. Хоць аналагічнае прыслоўе бягом у корпусе знаходзіцца менавіта як прыслоўе. Але не будзем звяртаць увагі на такія дробныя выдаткі.

ЭТАП ПЕРШЫ: ПРЫСЛОЎЕ

Не трэба думаць, нібыта прыслоўе цягам сустракаецца толькі ў Багдановіча і Насовіча. Гэта далёка не эксклюзіў, не аказіяналізм, а звыклае, хоць і не сама пашыранае слова нашаніўскай пары. Заўважу, аднакаранёвае з польскім ciągle – ад дзеяслова цягнуць / ciągnąć (гэтаксама ад бегчы можа ўтварацца і бягом і бегма). Тое ж цягам мы сустракаем у знакавай для беларускай культуры паэме Якуба Коласа «Новая зямля»:

Глушэц чым далей, то ўсё болей

Дзесь на суку за тоўстай хвояй

Рассеўся важна i балбоча,

А як спявае – плюшчыць вочы,

Тады нiчога ён не чуе;

Але не цягам ён такуе,

А робiць часта перарывы,

Тады ўжо чутак ён надзiва,

Тады замры i стой зацяты;

Пачне спяваць – хоць бi з гарматы.

Ёсць тое ж цягам і ў іншых Коласавых тэкстах:

Ты прывыкла да лёгкага жыцця і ўсю надзею кладзеш на другіх. А хто не надзеецца на сябе, той цягам бывае слабы. Якуб Колас «Дуб i чароціна».

Прыслоўе цягам асабліва падабаў Янка Купала, у вершах паэта яно трапляецца рэгулярна:

Ой, гарэлка, як з крыніцы,

Да нас цягам прыплывае;

І п’е кожны, не журыцца,

Хто які грош толькі мае. («Кепска…»)


 

Аж сам Бог, урэшце, усім так гавора:

«Я вас навучу, як дастаці вады.

Ваду вы мець будзеце цягам навекі;

Збярыцеся разам, хто жыў на зямлі,

І ямы капайце на студні, на рэкі,

А толькі к рабоце усе каб ішлі! («Канюх»)


 

Хоць яе мужык я родны, –

Цягам мучыць звадай;

Ці то годны, ці нягодны, –

Прычапіцца рада. («Благая жонка…»)


 

Цягам так, пад апекай, пад шчырай,

Ні дзе даць, ні ступіць яму шагу,

З кута ў кут, з году ў год, як на вырай,

Пятлёй волен прагнаць голад-смагу. («З песень жыцця»)


 

Ці так цягам, як сягоння,

Цярпець будзем мы бяду?

Ці ж нам горкая нядоля

Напісана на раду? («Ах, ці доўга…»)


 

Гэтак цягам мяне мучыш,

Як душу у пекле чорт;

Гэтак сэрца маё сушыш,

Што аж сам я ссох, як хорт! («Мая доля»)

Не толькі ў вершах, і ў Купалавай драме знаходзім прыслоўе цягам:

Данілка. Вось дурная! Як жаць не будзеш, дык менш работы будзе, а то ўжо і так па самыя вушы мне гэта гаспадарка дадзела: цягам рабі ды рабі! Янка Купала «Раскіданае гняздо».

Паэт так часта звяртаецца да гэтага слова, што міжволі ўзнікае пытанне: хто мог больш паўплываць на Багдановіча, Купала ці Насовіч?

Ведаючы факты з твораў Купалы і Коласа, мы можам больш дакладна зразумець гэтае прыслоўе і ў Францішка Багушэвіча:

Трэці год ужо быў лесніком на графскай пушчы, хадзіў цягам па лесе, па оступах, па градах і ведаю, што мядзведзь ёсць то ёсць, але Бог бараніў спаткацца аж да гэтага года; ды і цяпер не ведаю, ці відзеў я мядзведзя, ці не відзеў. Багушэвіч «Палясоўшчык».

Тут цягам ужыта не таму што па лесе «цягаўся», а таму што стала хадзіў па лесе – увесь час.

Яшчэ ў 1925 г. Уладзімер Дубоўка ў вершы «Над шляхам пыл» ужываў цягам у значэнні ‘неадменна, несупынна’:

Няхай і пыл цярушыцца над намі,

не спыніць ён упартую хаду.

Нас перашкоды цягам спатыкалі,

шляхі да мэты, як вялі, вядуць!

Уяўленне пра слова цягам будзе няпоўнае, калі не ўспомніць аднакаранёвыя ўтварэнні з іншымі значэннямі, некаторыя з іх фіксаваліся яшчэ ў Насовіча ды Байкова і Некрашэвіча:

адным цягам Адным цягам год за годам… // Шлі цярніста, шлі крывава, // З імі моладасць з нягодай, // Як асенняя няслава. Янка Купала «Калека»; Раптам пялёнку нам зняло з вачэй і перад намі – лес, але які: з роўна зрэзаным, як пад шнур, верхам. Быццам нехта заклаў электрычную пілу і адным цягам адцяў, збрыў макушкі і ён стаіць цяпер, ківаючы, як куцобкамі, сваімі голымі стваламі. Мы баяліся ісці праз гэты лес, а іншай дарогі ў нас не было. Масей Сяднёў «І той дзень надыйшоў».

падвойным цягамСлухаць чужое, а думаць сваё – гэта можна. А запісаць такое адразу, падвойным цягам, нельга. А думаў я так… ці, лепш – успомнілася мне, слухаючы, такое. Янка Брыль «Гіпноз».

цягам цягне Беднага Лявона цягам цягне да месца старой гаспадаркі. Не можа забыць. Змітрок Бядуля «Дванаццацігоднікі»; А лес гэткі харошы, гэткі прыгожы, што проста цягам цягне да сябе старога Міхайлу. Зьмітрок Бядуля «Туга старога Міхайлы».

Клішаваны выраз адным цягам можна было б аднесці і да фразеалагізмаў, каб не зроблены паводле той самай матрыцы выраз падвойным цягам. Калі гэта не фразеалагізм і не форма назоўніка, то што гэта? Мяркую, што цягам тут – таксама прыслоўе з абмежаванай спалучальнасцю, зразумець яго можна паводле аналогіі з такімі выразамі як адным махам, адным разам, адным заходамў два заходы). Дарэчы, значэнне яго не такое і далёкае ад цягам у значэнні ‘неадменна’ – і там і там даўнімаецца бесперапыннасць дзеяння. Ад гэтага значэння крыху воддаль стаць таўталагічны выраз цягам цягне.

Адным словам, з якога б боку мы ні падышлі, бачым, што цягам традыцыйна ўжывалася як прыслоўе, з самымі рознымі значэннямі. І вось раптам яно знікае з беларускіх тэкстаў, настае мёртвая зона, зона забыцця. Як жа такое магло здарыцца?

ЭТАП ДРУГІ: ЗОНА ЗАБЫЦЦЯ

Цяжка сказаць, чаму прыслоўе цягам раптам выйшла з ужытку. Думаю, не апошняю прычынай было тое, што ніводзін слоўнік 20-х гг. XX ст. яго не фіксаваў. Хіба толькі ў руска-беларускім слоўніку Максіма Гарэцкага пад рэдакцыяй Яна Станкевіча сустракаем цягам, але і там у зусім іншым (і даволі рэдкім, не асноўным) значэнні з адсылкай да вагам:

цягам см. вагам;

вагам – равномерно, с выдержкой; на вес, по весу.

Затое прыкладна з 30-х гг. XX ст. масава ўжываецца фразеалагізм з цягам часу. Я гавару пра масавае ўжыванне, але не бяруся вызначаць калі і адкуль ён узяўся. У Багушэвіча з цягам часу яшчэ не трапляецца, у Цёткі – яго няма, у Старога Ўласа – таксама… Дый нават руска-беларускі слоўнік Некрашэвіча і Байкова ўсё яшчэ перакладае гэты выраз без кампанента цягам:

с течением времени –  з часамі;

со временем все уладится – пакуль жаніцца – загаіцца.

Можна меркаваць, што ўстойлівы выраз з цягам часу ўзнік як гібрыдная калька рускага с течением времени і на протяжении ці польскага z biegiem czasu / z upływem czasu. Але ў цэлым гэта міжнародная калька, аналагічны выраз ёсць і ў чэшскай мове: během doby. Праўда, некаторыя славянскія мовы ўхіляюцца ад неабавязковага кампаненту тоеснага нашаму цягам, украінская мова больш эканомная: згодом, з часом; сербская – таксама: с временом, касниjе.

Тут я не буду ілюстраваць прыкладамі ўжыванне фразеалагізма з цягам часу – мы ўсе з ім знаёмыя, пакажу толькі як ішло яго разбурэнне і як з гэтага фразеалагізму, як Афіна з галавы Зеўса ці Афрадыта з морскай шумы, узнікаў прыназоўнік цягам.

ЭТАП ТРЭЦІ: ПРЫНАЗОЎНІК

Адразу хачу звярнуць увагу, фразеалагізм з цягам часу складаецца з трох нязменных кампанентаў у нязменнай граматычнай форме, дзе самы эфемерны, самы неабавязковы элемент – цягам, таму я і параўнаў яго з морскаю шумой.

Замена ці страта хоць аднаго кампаненту ці змена склону – сімптом, што адбываецца дэструкцыя ўстойлівага выразу. Парушэнні цэласнасці структуры з цягам часу пачаліся амаль адразу, яшчэ ў мове пісьменнікаў 30-х гг., але гэта былі адносна нешматлікія выпадкі, я б сказаў, аказіяналізмы.

Што цікава, пераменнай у фразеалагізме становіцца семантычна найбольш нагружаны кампанент – час. Спакваля слова час замяняецца яго прыватнымі праявамі – год, дзень, стагоддзе. Затое канстантай робіцца факультатыўны, семантычна амаль пусты кампанент цягам.

На трынаццатым годзе ўжо моцна акрэслена пачалі абуджацца ў Нонны няясныя дзявочыя смуткі і жаданні, і тады вырастала чуласць, але яна пачала прытупляцца з цягам гадоў. Кузьма Чорны «Пачуцці»; Карызнава захапленне, энергія яго і парыванне не толькі не згасалі з цягам дзён, а распаляліся з большай сілай. Міхась Зарэцкі «Вязьмо»;Што ні год, то цішэй… // і ярчэй у ім з цягам гадоў // Выступаюць абрысы // жаданых даўно берагоў. Аркадзь Куляшоў «Ты і я».

Большая дэструкцыя фразеалагізму адбывалася тады, калі панятак часу замяняўся назвай працэсу, які, аднак, адбываўся ў часе:

Але з цягам прамовы хмель ізноў звярнуўся і ўдарыў у галаву, і цяльпукаваты Піхалін мо ўпершыню ў жыцці перакінуўся з настаўніцкага ў чыста аратарскі разгон. Антон Адамовіч «Трывога».

А яшчэ глыбейшая дэструкцыя – калі з устойлівага спалучэння знікаў і прыназоўнік з, хоць панятак часу – стагоддзе – захоўваўся:

Не шмат хто, аднак, яшчэ і цяпер усведамляе, што старая беларуская мова стагоддзямі спаўняла  і важную міжнародную функцыю. Ейнае высокае развіццё ў практычным ужытку цягам стагоддзяў, пры дамінуючай тады на ўсходзе Еўропы культурнай, а ці раз і палітычнай ролі Вялікага Княства, давяло да гэтага, што ў шырокім карыстанні беларуская пісьмовая мова была і далёка за межамі Княства. Вітаўт Тумаш «Дыпламатычная кантраверсія…»; Мусіць, цягам стагоддзяў, з пакалення ў пакаленне ўвайшло тое ў традыцыю. Не толькі Сымон наракаў на ангельскую пагоду, але й самыя жыхары краіны. Гэта было для хлапца невялікай пацехай. Кастусь Акула «Змагарныя дарогі».

Канчатковым разбурэннем фразеалагізму можна лічыць такі стан, дзе ад выразу з цягам часу застаецца толькі кампанент цягам і агульнае ўяўленне працякання дзеяння ў часе:

Гэты літоўскі прафесар музыкі цягам некалькіх паседжанняў даказаў, што фальсіфікуе не Захад, а МЗС СССР. Васіль Быкаў «Доўгая дарога дадому».

Такім парадкам, у 90-я гг. прыназоўнік цягам пачынае ўжывацца масава. Падкрэслю, не ў часы Багдановіча, і нават не ў паваенны час, а толькі ў постсавецкі час. На больш дакладныя высновы, як і ў выпадку фразеалагізму з цягам часу, не прэтэндую, і гавару толькі пра масавае ўжыванне. Цікава было б прасачыць частотнасць і фразеалагізму з цягам часу і прыназоўніка цягам у розныя перыяды іх існавання.

Новы прыназоўнік праточваецца нават у мову аўтараў старога пакалення, якія яшчэ нядаўна яго зусім не ўжывалі, і, само сабою, у мову пісьменнікаў маладзейшай генерацыі, якія ўбачылі ў гэтай новай з’яве альтэрнатыву скалькаванаму з рускай мовы на працягу:

Такіх лістоў цягам стагоддзя было напісана нямала, ды ўсё без аніякага знаку. Васіль Быкаў «Доўгая дарога дадому»; О, не! Збажына мовы вырастае цягам цэлых стагоддзяў. Ніл Гілевіч «Начлег на буслянцы»; Рэдкія ручайкі людзей з усіх бакоў сплываліся да Камароўкі ў тое гаманкое зборышча, якое будзе варушыцца цягам доўгіх гадзін. Іван Кудраўцаў «Разгневаная зямля»; Цягам аднаго дня спачатку лье ледзяны дождж, потым скварыць сонца, потым апускаецца непраглядны туман або вокамгненна ўсходжваецца, пагражаючы сарваць з будынкаў дахі, страшэнная бура. Уладзімір Арлоў «Сны імператара».

Адзін з першых лінгвістых, хто паспрабаваў узаконіць гэты прыназоўнік, быў Зміцер Саўка, які ўлучыў яго ў свой «Расейска-беларускі слоўнік дадатковай лексікі» і сам актыўна ўжываў:

Ён быў на «малалетцы» так званай. І ён нам усім патлумачыў, што гэтая даведка дае магчымасць цягам 24 гадзін пасля вызвалення дабрацца дадому бясплатна. Зміцер Саўка «Я кожны дзень служу беларушчыне»; Вельмі паказальна, што цягам 1930-х гг. тыя ці іншыя правапісныя рэформы адбываюцца практычна ўва ўсіх мовах Савецкага Саюзу. Зміцер Саўка «Правапіс клясычны і афіцыйны»; Тарашкевіца жыве і цягам усіх гэтых гадоў працягвае сваё дасканаленне, працягвае сваё развіццё. Зміцер Саўка «Правапіс клясычны і афіцыйны».

Вельмі грунтоўна і падрабязна значэнні прыназоўніка цягам распісаныя ў слоўніку Марыі Канюшкевіч «Беларускія прыназоўнікі і іх аналагі. Граматыка рэальнага ўжывання» з вызначэннем рускіх адпаведнікаў в продолжение, в течение, во время. На жаль, Марыя Іосіфаўна абмыльна зразумела слова цягам у Багдановічавым вершы. Фактычна, яна прыслоўе праінтэрпрэтавала як прыназоўнік, падагнаўшы пад навамоўныя значэнні слова цягам і стварыўшы для яго асобны семантычны клас з адным-адзіным прыкладам – з верша «Слуцкія ткачыхі». Калі б яна разглядала гэты верш у кантэксце з Купалавымі і Коласавымі вершамі, то такога не адбылося б, усё стала б на свае месцы.

Падобныя інтэрпрэтацыі прапаноўвалі і каментатары апытання ў суполцы «Роднае слова».

Не зусім дакладна тлумачыць клішэ адным цягам і «Фразеалагічны слоўнік школьніка»: ‘не спяшаючыся, але настойліва’. Хоць рускі адпаведнік там падаецца дакладны: одним махом.

Між іншым, не ўсе цягам зводзяцца да альтэрнатывы прыслоўе ці прыназоўнік, ёсць і звычайныя назоўнікі ў форме творнага склону, як і разумеў гэтае слова Насовіч і як трактуе яго Беларускі N-корпус:

Але народ ніколі не заламаўся, не скарыўся драпежнаму ворагу. Ён шукаў падтрымання і надзеі ў народаў Захаду, падпольна каваў зброю, у паўстаннях і рэвалюцыях пробаваў скінуць маскоўскае ярмо. Усё мінулае стагоддзе было несупынным цягам паўстанняў, бунтаў, змоваў супроць ненавіснае Масквы. Язэп Малецкі «Пад знакам Пагоні».

Мушу прызнацца, доўгі час жыў я з пачуццём экзістэнцыйнае віны за стварэнне навамоўнага прыназоўніка цягам, бо ў дзевяностыя гады некалькі разоў ужыў яго самастойна (мне здавалася, упершыню) у навамоўным значэнні як прыназоўнік (і не толькі) – тады я яшчэ не ведаў слушнага значэння цягам у Багдановічавым вершы і не без яго ўплыву пісаў:

Традыцыя творыцца цягам развіцця культуры, нават савецкі шлях, хочам мы таго ці не хочам, стаў часткаю Беларушчыны. «Да традыцыі» (ЛіМ, 1993, 21 траўня); Палеміка вакол слоў пазычанне і запазычанне не сціхае, здаецца, яна зайшла ў тупік, бо ўжо цягам ладнага часу паўтараюцца тыя самыя довады з абодвух бакоў. «Што такое запазычанне?» (Наша слова, 1995, 15 ліст.); Цягам гэтага меркавання мне хацелася б «адсвежыць» яшчэ адно забытае беларускае слова. «Пабіццё и струт» (Наша слова, 1995, 29 ліст.); Іншыя меркаваныя варыянты правапісу будуць разглядацца і разьвязвацца цягам працы над тэкстамі. «Выбіраем тарашкевіцу!» (Свой лад, 2002).

А як выявілася, я быў далёка не першы, хто дазволіў сабе такую інавацыю. Маёй віны тут няма. Пазней, спасцігшы традыцыю, я кінуў гэтую практыку, апошняе адвольнае ўжыванне прыназоўніка цягам у маіх тэкстах было ў 2002 г. А ў слоўнічку «З трасянкі на мову» (2009) ужо не рэкамендаваў яго да ўжывання:

на працягу – праз, пераз (але ня “цягам”).

Калі абстрагавацца ад верша Максім Багдановіча, то перад намі альтэрнатыва:

прыслоўе цягам ‘неадменна, несупынна, стала’;

прыназоўнік цягам ‘на працягу, праз’.

Яны

генетычна ніякім спосабам не звязаныя паміж сабою;

ніколі не сустракаліся ў тэкстах аднаго і таго ж аўтара разам;

і, я перакананы,

не могуць суіснаваць у мове адначасна.

Так, не могуць. Да семантычных апазіцыяў трэба ставіцца сур’ёзна, хоць семантыку нельга ні панюхаць ні памацаць, ані ўбачыць ані пачуць. І трэба рабіць выбар. Выбар паміж

– з аднаго боку, Насовічам, Багушэвічам, Купалам, Коласам, Багдановічам, Дубоўкам;

– з другога боку, Саўкам, Быкавым, Гілевічам, Арловым

(Зрэшты, перакананы, што Быкаў і Гілевіч да гэтай плыні далучыліся толькі ў канцы жыцця, пад уплывам узусу, а то і… дасужых рэдактараў.)

Я стаміўся пераконваць нашу моўную галду, што як лебедзь, рак і шчупак цягне ў розныя бакі. Я не буду нікога пераконваць, толькі скажу, што з гэтай альтэрнатывы я выбіраю першы шэраг: Насовіча, Купалу, Багдановіча… А вы як сабе хочаце. І сумясціць несумяшчальнае – перакананы – нікому не ўдасца.

Як жа магла адбыцца такая падмена? Кажуць, што мовы, якія занепадаюць, перад сваім знікненнем даюць выбух навацыяў. Адкуль жа бяруцца навацыі? Ад няпамяці, ад забыцця… Мы забываемся свае спрадвечныя словы, і лепім, лепім… як пясочных чалавечкаў, – наватворы, якія ідуць ужо не ад уласных глыбінных сэнсаў, а ад суседняй мовы, якую ведаем лепш за сваю…

Навамоўны прыназоўнік цягам узнік нібыта як альтэрнатыва скалькаванаму з рускай мовы на працягу (рус. на протяжении), насамрэч гэта тая самая калька з рускай мовы, толькі больш завуаляваная, нават корань цяг-, як і ў рускім устойлівым выразе, той самы. Раз ужо калькуем, то трэба шчыра прызнаць, што калькуем, навошта, як тая крывадушная дэвотка, сарамяжліва прыхоўваць яўныя калькі, ахвяруючы ўласнымі традыцыйнымі словамі.

Я не баюся ўжываць на працягу. І ўжываю. Мне агіднае гэтае навамоўнае крывадушнае «цягам», бо я ведаю іншае цягам:

…І цягам доўгія часіны…

цягам рабі ды рабі!

POST SCRIPTUM

Узнікае пытанне, а якім жа прыназоўнікам карысталіся нашы продкі, калі не было прыназоўнікаў на працягу і цягам? Усё вельмі проста, адказ быў яшчэ ў тэксце апытання – прыназоўнікам праз. Яго семантыка ў нашаніўскую пару была шмат шырэйшая, чым у наш час. Прыкладам, у вершы Старога Уласа:

Доўга у хаце нашыя брацці

Рукі злажыўшы сядзелі,

Бо, як на згубу, дождж ліў як з лубу,

Ліў праз чатыры нядзелі.

У допісах у «Нашу Ніву» Стары Улас таксама часта карыстаўся праз у значэнні ‘на працягу’:

Нядаўна людзі добрай волі рабілі тэатр на бяднейшых пагарэльцаў, і адбываўся ён у скарбовым свірне праз два вечары. Стары Улас «Карэспандэнцыі»; Ён праз цэлае сваё жыццё сцярог панскае дабро днямі і начамі, цягаўся па судах і сведчыў не раз проці сваіх суседзяў, а за гэта, разумеецца, не быў у іх у ласцы. Стары Улас «Карэспандэнцыі».

Прыназоўнік праз у значэнні ‘на працягу’ сустракаем і ў Цёткі:

І як толькі яны вытрываць могуць столькі пець, бо трэба ведаць, што жаваранкі спяць толькі гадзіны дзве-тры, а рэшта праз увесь час найбольш песнямі забаўляюцца. Цётка «Гутаркі аб птушках»; Праўда, жаваранак з жаваранчыхай, калі ўжо дабяруцца да пары, то праз усё жыццё сваё разам трымаюцца, і ніколі паміж імі нават сваркі не бывае, але з іншымі – суседзямі – то часам так сварацца, ажно чупрыны кураць. Цётка «Гутаркі аб птушках»; А вось селі ў цягнік і праз ноч з Вільні ў Пецярбургу апынуліся. Цётка «У дарозе»; Пад прыпечкам ніколі агонь не гасне, кава праз увесь дзень стаіць гарачая. Цётка «У Кюмеляйна».

І, нарэшце, у Купалы:

Ці ж то гэта, там, праз леты,

      Як умру з надзеяй,

Мае косці ў дзікай злосці

      Вецер не развее? («На жалейцы»)

Над яе магілкай

Праз доўгія дні

Вырас клён і ліпа

Роўнай вышыні. («Нікому»)

Як бы навамоўе ні ўелася ў нашы галовы, а з мовай класікаў трэба лічыцца.