Загаварыць “па-опсаўску”: сем правілаў

Рознае

Загаварыць “па-опсаўску”: сем правілаў

Сем правілаў, як гаварыць на такой беларускай мове, на якой яшчэ паўстагоддзя таму гаварылі на літоўскай мяжы ля Опсы.

Опса – вёска на Браслаўшчыне, недалёка ад сутыку дзяржаўных межаў цяперашніх Беларусі, Літвы і Латвіі. Вёска разлеглася на беразе аднайменнага возера, а назва звязаная з латышскім apse “асіна”.

Экспедыцыі ў канцы 1950-х паказалі, што шмат хто з мясцовых старых яшчэ на той час разумеў па-літоўску, а іх бацькі і дзяды, па іх словах, збольшага так і размаўлялі. Опсаўская літоўская гаворка тут існавала асобна ад літоўскага моўнага абшару на захад ад яе і захавала шмат архаізмаў.

Але не менш цікавая тутэйшая беларуская гаворка ў тым яе выглядзе, як яе фіксавалі яшчэ ў канцы 1970-х. Яна фармавалася тут зусім позна і ўвабрала многія чыста літоўскія рысы.

Каб не загрувашчваць успрымання, падаем ніжэй толькі беларускія прыклады, без літоўскіх аналагаў – хто па-літоўску ўмее, той пазнае, а хто не ўмее, таму толькі абцяжарыла б.

І. Нязвыкла для нашага вуха гучаць назоўнікі жаночага роду ў давальным склоне (адказваюць на пытанне “каму”):

“У хляве загарадка авечкай” (літаратурная норма: авечцы, для авечкі)

Сястрой многа гадоў” (сястры)

“Сабіраіць траву каровай” (карове, для каровы)

“Расказаў сваей дачкой і жонкай” (сваёй дачцы і жонцы)

“Пастаўлю катлы свінёй” (свінні, для свінні)

ІІ. Па-асабліваму гучаць і назоўнікі жаночага роду ў месным склоне (адказваюць на пытанне “дзе”):

“Хадзіла па сцежкі” (па сцежцы)

“Праходзім рэчку па кладкі” (па кладцы)

“Пасядзём на палянкі” (на палянцы)

“Стаіць на нагі” (на назе)

“У нас у вёскі” (у вёсцы)

ІІІ. У опсаўскай беларускай гаворцы зусім не ўжываўся множны лік, калі гаварылі пра дзеянне трэцяй асобы (ідуць, бяруць, ядуць). Замест гэтага ўжываўся адзінкавы лік – і для аднаго, і для многіх:

“Бурбалкі ідзець уверх” (літаратурная норма: ідуць)

“Апенкі расцець кучамі” (растуць)

“Ногі баліць” (баляць)

“Куры ходзіць” (ходзяць)

“Праз бокі вылезіць грошы” (вылезуць)

IV. Большасць прыметнікаў маюць націск на склад па-за коранем (не чорны, а чарны́, чарнога, чарны́м):

“Ён нізкога росту” (нізкага)

Веснавы́я дні” (вясновыя)

Сільны́ вецер”, “слабы́ конь”, “слізкí лядок”, “гразнáя дарога”.

V. Зваротныя дзеясловы (брацца) пад Опсай ужываліся так, што зваротная часціца -ся (-ца) пазначала такое дзеянне, якое звернутае “на сябе” (брацца – браць сабе, для сябе):

Прынясціся бульбы” (прынесці сабе)

Купілася сукенку” (купіла сабе)

“Яны ўзялася грошы” (узяла сабе)

Павялася кароў” (павяла з сабой)

“Я прыдумалася” (прыдумала сабе)

VI. Актыўна выкарыстоўваліся дзеепрыметнікі мінулага часу – тыпу быўшы, хадзіўшы (мэта гэтага – не замяніць простых формаў прошлага часу, быў-хадзіў, але раздзяліць два планы, папярэдні і наступны за ім, або аддалены і бліжэйшы, або нават менш праўдзівы і праўдзівы):

“Я ўсяго відзеўшы” (відзела)

“Яна ўжо кончыўшы работу” (кончыла)

“Мальцы прышоўшы і сідзіць” (прыйшлі і сядзяць)

“Ён быў прыехаўшы” (прыехаў)

“Каб сказаўшы, я не была б паехаўшы” (Каб сказала, я не паехала б)

VII. У словазлучэннях прыналежнасці парадак слоў адрозны, чым мы прывыкшы (не “штаны брата”, а “брата штаны”):

Евы мужыка немцы застрэлілі” (мужыка Евы)

Агаты хлеб ад пажара” (хлеб Агаты, Агацін хлеб)

* * *

З часу, калі былі зафіксаваныя такія асаблівасці беларускай гаворкі ля Опсы (найперш гэта з вёскі Ёдлавічы, што ля “бярозавага” возера Бяржонка), мінула больш чым сорак гадоў. Тыя старыя, ад каго гэта ўсё пачута, даўно памёршы; састараўшы ўжо і тыя, хто на той час быў моладдзю.

Дык жа, менш чым за стагоддзе моўная сітуацыя ў тых краях зведала моцны зрух: ад літоўшчыны праз злітоўшчаную беларушчыну і напрасткі да лексічнай русіфікацыі. Згодна па-руску яшчэ, мусіць, не чірікают, але рускай лексікі, трэба думаць, паўней поўнага.

Такога, як ля Опсы, было па ўсіх нашых абшарах, адно што расцягнута ў часе – і тое не раўнамерна, дзе раней, а дзе і пазней. Вось жа, каму рупіць справядлівасць (довад рэдактара адной беларускай газеты), тыя падымаюць беларускую мову пасярод рускай нахлыні. Але ці ж не справядліва кранацца таксама і глыбейшых пластоў, няхай яны і больш пакрытыя пылам часу?

Матэрыялы пра опсаўскую гаворку ўзятыя з часопіса Baltistica (XV, 1979, стар. 52-65).