Займаліся яўрэямі ў лясах Беларусі, навязвалі ім калгасы

Рознае

Займаліся яўрэямі ў лясах Беларусі, навязвалі ім калгасы

Нататкі пра пераклады на нямецкую мову твораў Мойшэ Кульбака

21 сьнежня 2019 а 12:14

Вера Дзядок

Калі мы самі не распавядаем сваю гісторыю самі, за нас гэта зробіць нехта іншы.

Так атрымалася з перакладамі на нямецкую мову твораў Мойшэ Кульбака. Пераклад “Панядзелка” выйшаў амаль адначасова з беларускім перакладам – у 2017 годзе.

Вокладка перакладу на нямецкую мову рамана Мойшэ Кульбака “Панядзелак".

Тады ж – “Дзісенскі Чайльд Гарольд".  У іншым выдавецтве – “Зельманцы”.

Вокладка перакладу на нямецкую мову рамана Мойшэ Кульбака “Зельманцы".

Апошняя кніга, выдадзеная ў серыі “Іншая бібліятэка”, суправаджаецца паслямовай Сюзаны Клінгенштайн, гебраісткі з ЗША.

У ёй аўтарка тлумачыць усё габрэйскае блізкасцю да Вільні, а ўсё менскае/ беларускае падае нечым знешнім у дачыненні да габрэйскай культуры і супольнасці.

Тлумачачы тэрмін “літвак” на прыкладзе Мендэле Мойхер Сфорыма з Капыля, яна піша:

“Беларускі габрэй у культурным сэнсе не ўяўляў асобную катэгорыю, таму што Беларусь з пункту гледжання габрэяў не заўсёды была часткай Польска-літоўскай дзяржавы і яе ландшафт і народная культура не засвойваліся габрэямі. Але ў 1920-х гадах Кульбак гэта зменіць”.

Далей яна тлумачыць, што

Смаргонь, роднае мястэчка Кульбака, – гэта каля Вільні, там было шмат габрэяў і быў развіты гарбарска-кушнерскі промысел.

Там падгледжаны побыт, апісаны пазней у "Зельманцах". (І яшчэ там, калі Кульбак быў малы, усё яшчэ дзейнічала мядзведжая акадэмія, пераканана аўтарка.)

У тым, што карані зельманцаў у Смаргоні, яна ўпэўнена настолькі ж, наколькі беларускія чытачы Кульбака ў тым, што "Зельманцы" – гэта пра Менск (а менавіта, раён Ляхаўкі і “Камунаркі”, як кажа распаўсюджанае меркаванне).

Але вось ужо Кульбак у Менску, куды ён вярнуўся пасля Берліна і Вільні, напэўна ж, свядома зрабіўшы такі выбар.

Хуткі ўзлёт менскага часопіса “Штэрн” С. Клінгенштайн тлумачыць тым, што з Масквы даслалі Яшу Бронштайна і Ізі Харыка, якія “больш ахвотна засталіся б у Маскве”.

Тыя сапраўды абодва атрымалі адукацыю ў Маскве, але першы паходзіў з Падляшша, другі – з Зэмбіна. Яны, здаецца, натуральна адчувалі сябе ў тагачасным шматнацыянальным асяроддзі БССР, дзе былі створаны магчымасці для творчасці і інтэлектуальнай працы на ідышы. Да таго ж, як піша Вольф Рубінчык, рэдкалегія “Штэрна” складалася з многіх асобаў, чые функцыі не былі падзелены дакладна. Так што часам цяжка высветліць, хто прымаў тыя ці іншыя рашэнні.

Яшчэ адну арыгінальную інтэрпрэтацыю дае С. Клінгенштайн наконт таго, чаму Кульбак добра прыжыўся ў Інбелкульце:

“там займаліся яўрэямі ў лясах Беларусі, іх прыцягненнем да земляробства і навязваннем ім калгасаў”.

У адрозненне ад З. Клінгенштайн, перакладчыца на нямецкую “Панядзелка” і “Дзісенскага Чайльд Гарольда” Сафі Ліхтэнштайн ведае, што

Інбелкульт – гэта будучая Акадэмія навук.

Не блытаючы сябе і чытачоў размежаваннем габрэяў на літоўскіх і беларускіх, яна кажа, што Кульбак стаў поп-зоркай і ідэнтыфікацыйнай фігурай літоўскіх габрэяў.

Аднак адначасова з гэтым Сафі ў сваёй паслямове да “Панядзелка” піша, што раман поўны знаходак і таямніц. Напэўна, маюцца на ўвазе беларусізмы ў тэксце.

Так, “трасца тваёй матары”  становіцца ў перакладзе “treščina tvoja materi”, пры гэтым мова паходжання слова пазначаецца як “слав.”

Было б не так крыўдна заставацца аб’ектам, а не суб’ектам, калі б з кожнага другога слова не тырчаў той “slaw.” І, нааварот, не гучаў бы “рахманы” ў жартаўлівай назве Рахмонішэc Кафэ, дзе збіраліся габрэі ў Берліне ў час побыту там Кульбака.

З іншага боку, цяжкасці непазбежна ўстануць перад любым, хто паспрабуе патлумачыць іншаземцу, што рабілі беларускія сцягі на пахаванні Кастуся Каліноўскага або чаму нашу краіну трэба называць Беларусь, а не Weißrussland. Хаця па-сапраўднаму крэатыўны варыянт быў бы запазычыць назву з ідыша.

Гучыць прыгожа: Райсн.

Вам можа спадабацца