Жывы ланцуг - самая беларуская форма пратэсту?

Палітыка

Жывы ланцуг - самая беларуская форма пратэсту?

На гэтым тыдні ў Беларусі з’явілася новая форма пратэста - 18 чэрвеня  людзі ў Мінску сталі ў даўжэзны жывы ланцуг, пратэстуючы супраць затрымання патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі.

Агулам, калі разабрацца, масавы жывы ланцуг нелагічна выкарыстоўваць у сітуацыі актыўнай канфрантацыі і ціску на ўладу. Калі пратэстуеш супраць чагосьці, то мусіш згуртаваць свае сілы ў кулак, а не расцягваць іх на вялікіх адлегласцях. Здаецца, у гісторыі няма ніводнага прыклада, каб вялікі жывы ланцуг разганяўся б уладамі, проста таму, што ніхто не будуе ланцугі, калі трэба пратэставаць і дамагацца свайго.

Баюся памыліцца, але, здаецца, стварэнне жывых ланцугоў у сітуацыі актыўнага супрацьстаяння з уладамі - гэта ноў-хаў беларусаў. 

 

Крыху з гісторыі

Жывы ланцуг - гэта не вельмі распаўсюджаная, але вельмі эфектная форма пратэсту ці прыцягнення ўвагі, якую выкарыстоўваюць у свеце ўжо больш за паўстагоддзя.

Першы вядомы маштабны ланцуг прайшоў у 1983 годзе ў Англіі. Такім чынам больш за 50 000 чалавек пратэставалі супраць планаў ЗША размясціць у Заходнім Берліне атамную зброю.

Самай вялікай акцыяй такога кшталту лічыцца “Hands across America” - жывы ланцуг з 6 мільёнаў амерыканцаў, які 25 мая 1986 года працягнуўся ад Ціхага да Атлантычнага акіяна. Акцыя мусіла прыцягнуць увагу да праблемы голаду ў свеце. Суцэльнай, неразрыўнай лініі, канешне, не атрымалася, але агулам яна лічыцца паспяховай проста з прычыны масавасці.

Фота з сайта https://www.pennlive.com/

Вялікая колькасць людзей, становячыся поруч у доўгую чаргу, стварае такую форму дэманстрацыі, якая мае шмат асаблівасцяў у параўнанні са звычайным мітынгам ці шэсцем. Ланцуг ахоплівае большую тэрыторыю пры меншай колькасці людзей; ён не патрабуе ўзгадненняў, бо па-сутнасці гэта проста чарга; жывы ланцуг заўсёды выглядае больш мірна, бо не стварае натоўпу людзей. Пры гэтым у ланцуг можна станавіцца з любой нагоды, абмежаванняў тэмаў няма: французы ў 1997 годзе станавіліся за мір ва ўсім свеце, партугальцы ў 1999 пратэставалі супраць гвалту ў Інданэзіі, у 2008 у Індыі 100 тысяч чалавек сталі ў чаргу супраць грамадзянскай вайны на Шры-Ланцы, а ў 2005 годзе 170 тысяч армян станцавалі ў вялікім карагодзе вакол гары Арагац проста для таго, каб адчуць еднасць.

 

У наш рэгіён новая форма выяўлення грамадскай актыўнасці прыйшла ў 1989 годзе, калі яе вырашылі выкарыстаць балтыйскія народы. Па выніку ў іх атрымаўся адзін з самых яскравых і натхняльных прыкладаў такой акцыі ў гісторыі. 23 жніўня 1989 года 2 мільёны жыхароў Літвы, Латвіі і Эстоніі сталі рука да рукі ад Таліна да Вільні праз Рыгу. Гэта акцыя атрымала назву “Балтыйскі шлях” і ў 2009 годзе была прызнаная ЮНЭСКА феноменам негвалтоўнага супраціву.

У 1990 годзе ўкраінцы паспрабавалі паўтарыць поспех і выбудаваць лінію ад Кіева да Львова. У ёй прыняло ўдзел па розных падліках ад 500 тысяч да 3 мільёнаў чалавек.

Яшчэ раз на постсавецкай прасторы масавы жывы ланцуг збіраўся толькі аднойчы і ў значна больш пагрознай сітуацыі - 1 верасня 2008 года 100 000 грузінаў сталі ў даўжэзную чаргу пад назвай “Спыніце Расію”.

 

Беларускі фармат

У Беларусі фармат жывога ланцуга перыядычна выкарыстоўваўся для звароту ўвагі на праблему палітвязняў, але як масавая падзея быў актуалізаваны ў 2019 годзе, калі ініцыятыва “Свежы вецер” прапанавала стварыць жывы ланцуг для выяўлення нязгоды з магчымымі планамі паглыблення інтэграцыі Беларусі і Расіі і падпісання таямнічай “31 карты”.

Першая акцыя прайшла 7 снежня 2019 года і расцягнулася ад плошчы Незалежнасці да цырка, у ёй прынялі ўдзел некалькі сотняў чалавек. На другі ланцуг 29 снежня з прычыны надвор’я прыйшло ўжо значна менш народу.

Што цікава, рэакцыя сілавікоў на сам ланцуг як на новую форму пратэсту выявілася досыць стрыманай. 7 снежня пасля 30-хвіліннага стаяння людзі адправіліся на дэманстрацыю і махавік рэпрэсій, які раскруцілі ўлады пасля гэтага, закрануў удзельнікаў абодвух мерапрыемстваў. Але пасля акцыі 29 снежня, калі людзі толькі стаялі ўздоўж праспекта, ніякіх наступстваў не было.

Фота з сайта https://nn.by/

Склалася ўражанне, што да новай формы выяўлення грамадзянскай пазіцыі сілавыя органы паставіліся паблажліва. У стандартных міліцэйскіх напрацоўках натоўп народу - вялікі ці малы, арганізаваны ці не - усё адно стварае пагрозу, таму мусіць быць ліквідаваны, а арганізатары пакараныя. Але чарга з людзей у такім фармаце пагрозы не нясе.

У ланцугу людзі не сабраныя ў масу, таму яны не могуць нічога захапіць, нікуды прабіцца і адпаведна не могуць нічога запатрабаваць. Іх лёгка “рассекчы”, “заблакаваць”, “запакаваць” і выкарыстаць іншыя стандартныя міліцэйскія прыёмы. 

Магчыма, менавіта таму акцыя падтрымкі Віктара Бабарыкі 18 чэрвеня прайшла так спакойна. Апроч агульнай разгубленасці, якая відавочна ахапіла “адказных за спакой” у сталіцы, верагодна адыграла сваю ролю яшчэ і ўспрыняцце міліцыяй любых ланцугоў як несур’ёзнай праблемы, той формы пратэсту, якую можна лёгка падавіць у любы момант. Збярыся такая колькасць народу ў адным месцы ў цэнтры Мінска, наступствы былі б зусім іншыя.

Але ў гэтай лёгкасці ёсць і іншы бок, над якім, напэўна, цяпер ламаюць галовы мінскія сілавікі. Наколькі лёгкім і неагрэсіўным выглядае жывы ланцуг, настолькі ж складаным выглядае ягоная ліквідацыя ў выпадку патрэбы. “Рассячэнні” тут бессэнсоўныя, “блакіроўка” немагчымая і нават застаршэнне выглядае малаэфектыўным, бо няма сутыкнення вялікіх масаў людзей, што часцей за ўсё і пужае людзей. Да таго ж, як паказалі падзеі наступнага дня, ланцуг наколькі хутка рассыпаецца, настолькі ж хутка збіраецца зноў.

Фота з сайта https://news.tut.by/

Але асноўнай праблемай ланцуга для сілавікоў выглядае якраз ягоная паталагічная міралюбівасць. Калі раней “забіралі” невялікі пікет, то гэта тлумачылася тым, што прыбіраюць неадэкватных маргіналаў, калі разганялі вялікую дэманстрацыю, то тлумачылі гэта тым, што ліквідоўвалі небяспеку агрэсіўна настроеннага натоўпу, які мог нарабіць бяды. Але як патлумачыць разгон шматкіламетровай чаргі? А галоўнае, як яго арганізаваць?

Вельмі хочацца спадзявацца, што адказу на гэтае пытанне мы не атрымаем. Не карціць ўвайсці ў гісторыю краінай, дзе ўпершыню былі разагнаныя людзі, якія проста стаялі ў чарзе. Што праўда, вельмі доўгай.

Вам можа спадабацца