Зноў пра выраз "на мове" ... ды не толькі

Рознае

Зноў пра выраз "на мове" ... ды не толькі

Не затыкайце ратоў незадаволеным

10 лютага 2020 а 13:32

Стась Раманчук

На пазамінулым тыдні разгарнулася бурлівая дыскусія вакол выразу "на мове" (у значэнні "на беларускай мове"). У нейкі момант абмеркаванне выйшла за рамкі першапачатковай тэмы і закранула пытанне, наколькі дапушчальна выстаўляць моўныя заўвагі тым, хто нядаўна далучыўся да беларушчыны.

Допіс у суполцы "Беларуская мова на спажывецкім рынку" (ці не варта ёй пазбыцца першага слова ў назве, як думаеце?) аб студыі татуіроўкі не быў першым ці адзіным, у каментарыях да якога звярнулі ўвагу на тыя ці іншыя моўныя хібы. Гэта і не дзіўна: у суполцы прыводзіцца шмат прыкладаў тыповае "фасаднае беларусізацыі", калі надпісы па-беларуску ўжываюцца выключна "на вокладцы", а часам і ўвогуле гэта беларускае слова ў якасці брэнду-экзатызму (кшталту "магазин "Крама").

Аднак у гэтым выпадку гаворка пайшла пра людзей (уласнікаў студыі), якія сапраўды шырока ўжываюць нашу мову — і ў цэлым наш культурны кантэкст у сваёй дзейнасці.

Пра іх нельга сказаць, што яны пачаткоўцы.

Адсюль і з'явілася розніца ў ацэнках: для адных было тым больш крыўдна, што мова тату-майстроў не пазбаўлена хібаў, для іншых — крыўдна, што нехта выпраўляе беларускамоўных.

Папулярным каментарыем, які пісалі незалежна адно ад другога некалькі разоў, было "нашто чапляцца? І так жа зразумела, пра што гаворка!" (нібы зразумеласць з'яўляецца адзіным крытэрыем выбару моўных сродкаў). Сяргей Запрудскі ўзяўся даводзіць, што выраз "на мове" не толькі цалкам зразумелы ўсім, апрача касманаўтаў з Альфа-Цэнтаўры, але і дапушчальны, нармальны, і бытуе адносна даўно. 
Былі прыведзены прыклады ўжывання выразу "на мове" сябрамі "Майстроўні" з 80-х гадоў і іншымі паважанымі людзьмі. Гэты аргумент, відаць, меў мэтаю персанальна зачапіць кагосьці. Але яго нельга ўспрымаць як сапраўдную "легітымізацыю" для ўжывання гэтага выразу.

Ад таго, што нехта асабіста — хай нават і вельмі паважаны! — ужыў нейкі некарэктны выраз, той не стане больш карэктным.

Між тым, апытанка ў суполцы "Роднае слова" сярод тых, хто актыўна цікавіцца нашай мовай, паказвае, што большасць з удзельнікаў не лічыць выраз "гаварыць на мове" добрым, але выпраўляюць яны іншых толькі часам.

Праз пару дзён да дыскусіі далучыўся Глеб Лабадзенка: "давайце спачатку пераможам, а потым будзем мову ад шурпатасцяў вылізваць". Пафас Глеба накіраваны на тое, што належыць спярша максімальна пашырыць ужыванне беларускае мовы, а тады ўжо займацца "выпраўленнем" любых хібаў. Гэтая пазіцыя журналіста, грамадскага дзеяча і заснавальніка моўных курсаў "Мова Нанова" вядомая даўно, а прадметная дыскусія з ім ускладняецца зноў жа па прычынах асабістых (а не змястоўных): аўтарытэт Глеба, заваяваны плённаю працай, вялікі. Другая ж прычына ў тым, што палемізаваць ён і не збіраецца. Ён імкліва ўрываецца ў дыскусію, яскрава выказвае сваю пазіцыю, каб трыумфальна сабраць лайкі ды маланкава сысці.

Гэта, безумоўна, ягонае права, тым больш, што Глебу трэба ашчаджаць свой час на іншыя справы. Але ў дадзеным выпадку сітуацыя з выразам "на мове" выглядала як "затыканне ратоў" незадаволеным.

Крытыкі выразу "на мове" аказаліся менш актыўнымі за тых, хто іх за такую крытыку крытыкаваў.

Магчыма, гэта падаецца натуральным: умоўных "пачаткоўцаў" трэба абараняць (а інакш у іх "усю ахвоту адаб'юць").

Глеб Лабадзенка прывёў такую метафару: "пакуль што мы асфальтуем дзіркі на пяску, а трэба ўзяць — і заасфальтаваць усю дарогу". Але іншы погляд на сітуацыю такі, што карабель, на якім усім загадваецца веславаць наперад з усяе моцы, пры гэтым забараняючы лапіць узнікаючыя дзіркі ў корпусе, да мэты даплыве наўрад.

Па-другое, умоўныя прыхільнікі дэскрыптыўнага падыходу гатовы "легітымізаваць" любыя новыя выразы, незалежна ад таго, наколькі яны густоўныя, прыгожыя ці карэктныя. Дастаткова або засведчыць шырокі ўжытак "у масах", або "падлавіць" на ім кагосьці з паважаных карыстальнікаў мовы.

Гэткі падыход "хай гавораць абы-што і абы-як, абы гаварылі". І калі Сяргей Запрудскі ці Глеб Лабадзенка могуць не мець зацікаўленасці адносна характару ці наяўнасці моўных змен, іншыя ахвотна выкарыстоўваюць такі падыход для забруджвання нашае мовы "абы-чым".

Шырокай публіцы выдаецца "індульгенцыя" на поўны брак моўнага густу, "моўнага пачуцця" абы яны "гаварылі". Такія людзі могуць казаць і "на мове", і "апынулася, што...", і "цішотка", і "кошты" замест "цэн", і што заўгодна; а спрабаваць выправіць гэта, як выяўляецца, грэх.

Пры гэтым трэба разумець, што гэтая ж публіка, размаўляючы на расейскай, якую ведаюць і "адчуваюць" лепш за беларускую, ніколі не скажа "очутилось, что..." ці "мы снизили стоимости". Пісьменнасць і хараство расейскай мовы не ставіцца пад сумнеў; беларускай жа ў гэтым проста адмаўляецца. "Хай так".

"Адкладванне крытыкі на потым" гэта прыхаванае "адкладванне на ніколі". Бо калі рахмана змоўкнуць, згаджаючыся на абы-што, то ў той гіпатэтычны перыяд у будучыні, калі "мы пераможам", будзе не толькі занадта вялікі аб'ём "шурпатасцяў", а і поўнае адмаўленне таго, што гэта шурпатасці, а не цудоўныя "адметнасці мовы". Калі большасць і не ведала, што яны ўжываюць нешта шурпатае (як не ведае маса ўжывальнікаў "на мове"), а меншасць маўчала, бо ім затыкалі раты, то ў выніку пакаленне, узгадаванае "ў часы перамогі беларусізацыі", будзе свята ўпэўнена, што гэтак і трэба. Тым больш, калі ў нас прапануецца спачатку нешта ўводзіць у слоўнікі з паметамі кшталту "слэнг", потым сцвярджаецца, што ўсе слоўнікі — "смецце ад Крапівы", а потым слэнг і ўсялякі бруд лічаць за норму.

Але сумленны падыход вымагае адразу ўказваць на некарэктнасць або брыдкасць таго ці іншага выразу. Нават тады, калі так пачалі гаварыць масы. Нават тады, калі яго ўжылі тыя ці іншыя паважаныя дзеячы. Нават тады, калі ён адлюстраваны ў слоўніку, і нават пазбаўлены "дыскрэдытуючае" паметы ці даведкі пра сапраўднае паходжанне. Выраз "на мове" (як і шматлікія іншыя, прыведзеныя вышэй і не прыведзеныя) не стане прыгажэйшым толькі таму, што нас змушаюць забыць прэтэнзіі да яго.

Па-трэцяе, высмейванне "крытыкамі крытыкаў" тых, хто быў незадаволены выразам "на мове", базавалася на штучна створаным супрацьпастаўленні "простых шчырых новых беларускамоўных" (якіх трэба выключна хваліць без найдрабнейшых заўваг) ды "выбітных мовазнаўцаў", якія, пры гэтым, нібы нічога не робяць. Вылучыўшы групу вінаватых, выставіўшы іх дурнямі, можна здабыць лёгкія "ачкі" ў палеміцы. Гэта карыкатурызацыя (хаця сярод крытыкаў "на мове" былі і сапраўды выбітныя мовазнаўцы, напрыклад, Юрась Пацюпа), але гэта зусім не аргумент. Хібіць могуць і маглі ўсе мы (нават і некаторыя класікі), але гэта не значыць, што трэба поўнасцю адмовіцца ад культуры мовы.

Выпраўляючы, мы дапамагаем адно аднаму.

Безумоўна, моўныя дыскусіі і выпраўленні не павінны спыніць наш "карабель". Для гэтага варта імкнуцца да карэктнасці і ветлівага, непасрэднага кантакту. Але, падаецца, у дадзеным выпадку рыторыка ў дачыненні да крытыкаў выразу "на мове" была непараўнальна больш здзеклівая і ментарская, чым крытыка самога гэтага выразу.

Падагульняючы, можна сказаць вось што. Усе мы вывучаем нашу мову, а вывучаючы, памыляемся. Гэта нармальна і непазбежна ў нашых варунках. Але панаванне прымату "першага кроку", калі дастаткова толькі пачаць размаўляць па-беларуску, прыводзіць да татальнае непісьменнасці, якую цяжка не заўважыць цяпер. І нельга проста ўзяць і абвясціць непісьменнасць "новай пісьменнасцю".

P.S. Тым часам, у прыватным дыялогу са спадаром Віктарам Цыркуновічам, майстрам татуіроўкі, мы хутка знайшлі паразуменне.

Віктар Цыркуновіч.

А паколькі адным з аргументаў у дыскусіі пра шыльду "Зніжкі за мову" высоўвалася неабходнасць кароткае фразы, нарадзілася нават кампрамісная ідэя: пісаць "Зніжкі за     мову", як робяць цяпер у сацсетках, "пішучы" словы эматыконамі і выявамі.

Вам можа спадабацца